двухбаковыя міжнародныя дачыненьні між Беларусьсю і Іранам From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуска-іранскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні між Беларусьсю і Іранам.
Беларусь |
Іран |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Беларусі ў Іране |
Амбасада Ірану ў Беларусі |
Амбасадары | |
Зьміцер Кальцоў | Алірэза Санеі |
На 2023 год Амбасада Беларусі ў Іране месьцілася на поўнач ад Тэгерану ў мікрараёне Зафаранье (ваколіца Таджрыш, Шэміранcкая акруга) па завулку Азара, д. 1. Амбасада працавала зь нядзелі па чацьвер а 9:00—13:00 і 14:00—18:00[1]. Консульскі збор за выдачу беларускай візы складаў 60 эўра[2].
Амбасада Ірану ў Беларусі знаходзілася ў Цэнтральным раёне Менску па Старавіленскім тракце, д. 41А[3]. Афармленьне турыстычнай візы каштавала 15 эўра[4].
У 2021 годзе беларуса-іранскі гандаль павялічыўся да больш як 30 млн даляраў, зь якіх каля 20 млн $ складаў увоз у Беларусь. Разам з тым, у 2015—2019 гады перад каронавіруснай пандэміяй узаемны гандаль перавышаў 40 млн $, хоць пасьля дасягненьня 150 млн $ у 2017 годзе ўстойліва памяншаўся[5]. Па выніках 2022 год двухбаковы гандаль патроіўся да 100 млн даляраў[6].
14 ліпеня 1995 году прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і Ірану падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні і супрацоўніцтве ў галіне культуры, навукі, адукацыі, спорту і турызму. У 2003 годзе Дні культуры Беларусі ў Іране, у рамках якіх зладзілі прагляд беларускіх фільмаў. Таксама выступілі беларускія сьпевакі Ўладзімер Громаў і Якаў Навуменка. У 2005, 2010 і 2011 гадох прайшлі Дні культуры Ірану ў Беларусі, падчас якіх Беларусь наведалі каля 100 іранскіх дзеячоў культуры: майстры дываноў, акторы, танцоры, краўцы народных строяў, каліграфы і майстры пантамімы. 16 чэрвеня 2019 году ўзнагародзілі пераможцаў 1-га беларуска-іранскага конкурсу мастацкіх перакладаў «Літаратурны мост», якія атрымалі магчымасьць наведаць Беларусь. Агулам 30 іранскіх студэнтаў пераклалі вершы беларускіх пісьменьнікаў[7].
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях Беларусі і Міністэрства навукі, дасьледаваньняў і тэхналёгіяў Ірану заключылі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў навукова-тэхнічнай супрацы. На пачатак 2020 году ва ўнівэрсытэтах Беларусі навучалася каля 1000 іранскіх студэнтаў[8].
18 сакавіка 1993 году ўрады Беларусі і Ірану ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. 8 сакавіка 1998 году адчынілася Амбасада Беларусі ў Іране[9]. 20 верасьня 1996 годзе Кабінэт міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 621 «Аб адкрыцьці Гандлёвага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Іран», якое адкрылі 23 траўня 1997 году. 5 сьнежня 1997 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 1608 «Аб пераўтварэньні Гандлёвага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Іран у Амбасаду Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Іран»[10].
8 сакавіка 1998 году Амбасаду Беларусі ў Іране адчынілі ў ходзе першага візыту прэзыдэнта Беларусі Алякандра Лукашэнкі ў Іран. У лютым 2001 году запрацавала Амбасада Ірану ў Беларусі. У 2004 годзе першы візыт у Беларусі ажыцьцявіў прэзыдэнт Ірану Махамад Хатамі. У 2006 годзе А. Лукашэнка паўторна наведаў Іран. У 2007 годзе Беларусь наведваў іранскі прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэжад[9].
16 красавіка 2014 году А. Лукашэнка сустрэўся са старшынём Сходу ісламскай рады Ірану Алі Ларыджані[11]. У лютым і жніўні 2017 году старшыня Савету Рэспублікі Нацсходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч правёў афіцыйныя візыты ў Іран. 6—8 верасьня 2018 году Беларусь паўторна наведаў старшыня Сходу ісламскай рады Ірану Алі Ларыджані. 5 жніўня 2021 году ў Тэгеране старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ўладзімер Андрэйчанка сустрэўся зь іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі і старшынём Сходу ісламскай рады Махамадам-Багерам Галібафам[9].
26—27 кастрычніка 2022 году міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Іран з афіцыйным візытам, дзе правёў перамовы зь іранскім міністрам замежных справаў Хасэйнам Абдалахіянам[12]. 22—23 лістапада 2022 году старшыня ўраду Беларусі Раман Галоўчанка наведаў Іран, дзе сустрэўся зь 1-м намесьнікам прэзыдэнта Ірану[13]. 12—13 сакавіка 2023 году ў Тэгеране А. Лукашэнка правёў перамовы зь іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі. Па выніках гэтага візыту падпісалі 8 пагадненьняў[14]. 31 ліпеня 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін ажыцьцявіў афіцыйны візыт у Іран, дзе сустрэўся зь міністрам абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Ірану Махамада Ашціяні. У ходзе візыту міністры падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы[15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.