музычны альбом From Wikipedia, the free encyclopedia
Gentleman (з анг. — «джэнтльмэн») — першы студыйны альбом беларускага інды-рок і паўэр-поп гурту «Hair Peace Salon», выпушчаны 21 сакавіка 2012 году. Кампакт-дыск зьмяшчае 10 трэкаў, запісаных у пэрыяд 2009—2012 гадоў. Усе песьні былі напісаны Алегам Вялем і Канстанцінам Карманам.
Gentleman | ||
---|---|---|
Музычны альбом «Hair Peace Salon» | ||
Выдадзены | 21 сакавіка 2012 году | |
Запісаны | 2009—2012 | |
Жанр | паўэр-поп, інды-рок, брыт-поп[1] | |
Працягласьць | 41:11 | |
Храналёгія «Hair Peace Salon» | ||
Split Before, Together Now (2007) |
Gentleman (2012) |
|
Прафэсійны агляд | ||
Напрыканцы 2009 году падчас прэзэнтацыі кліпу «In Tune» на «Experty.by» было абвешчана, што гурт «Hair Peace Salon» пасьля пературбацыяў у складзе пачаў працу над новым альбомам[6]. Вясной 2010 году ў інтэрвію кітайскаму часопісу «我爱摇滚乐» (па-беларуску: «Я люблю рок-н-рол») удзельнікі гурту патлумачылі свой падыход да грунтоўнай працы: «Да нядаўняга моманту мы проста не лічылі патрэбным запісваць паўнафарматную кружэлку, але цяпер упарта працуем у гэтым кірунку»[7][8].
Першы сынгл з будучага альбому пад назвай «Happy for a While» (па-беларуску: «Шчасліў на імгненьне») быў выпушчаны спачатку на кітайскім рынку з асаблівай для рэгіёну вокладкай 5 красавіка 2010 году[9]. Рэліз свайго новага EP на радзіме ж гурт вырашыў прымеркаваць да Дню касманаўтыкі, бо, як паясьнілі выбар даты для «Tuzin.fm» музыкі, «нашы новыя песьні якраз аб’ядноўвае адвечнае імкненьне чалавеку да новага, да заваяваньня нязьведаных абшараў»[10]. «Мэта такіх падарожжаў — гэта доўгачаканае імгненьне шчасьця, пасьля якога зноў трэба рухацца наперад, каб пасьпець больш, хоць часу ўсё менш…» — пісаў пра «Happy for a While» «Ultra-Music»[11].
Сынгл зьмясьціў дзьве новыя песьні «Happy for a While» і «Out of Time», і яго можна было бясплатна спампаваць з сайту гурту[12]. Выпуск азнаменаваў музычны зрух гурту ад мэлянхоліі брытанскага року ў бок паўэр-попу[13], і, як увесну паведаміў «Experty.by» вакаліст-клявішнік Канстанцін Карман, суцэльны музычны альбом павінен быў выйсьці ўжо наступнай восеньню[14]. Бубнач Уладзімер Агаян падчас працы над новымі фанаграмамі выказаў думку, што магчыма ў запісу будуць прымаць удзел і запрошаныя музыкі, таму што ўчатырох «не заўсёды атрымліваецца рэалізаваць усе задумкі»[14].
Песьні з сынглу, як і зьменены дрэс-код музыкаў, былі прадстаўлены 10 красавіка ў клюбе «Broadway» у рамках прэм’ернага шоў пры падтрымцы «Drum Ecstasy», «Кассиопеи», «The Stampletons» ды іншых артыстаў[15][16]. Карэспандэнт «Ultra-Music» Андрэй Пятакоў стаў сьведкам новага вобразу гурту, акрэсьленага «піжамнай чацвёркай», а таксама адным з першых пачуў сьвежы рэмікс, які трапіць на тэматычны самотнік да альбому восеньню[17]. Шырокай публіцы новыя аблічча і больш жвавыя сьвежыя творы былі прадстаўлены ў чэрвені падчас удзелу ў музычным шоу каналу «Сталічнае тэлебачаньне» «Зорны рынг»[18].
Другі сынгл з альбому «Rolz’n’Rulz» (па-беларуску: «Ролі і правілы»), у якім пяецца пра прыродазнаўчыя й надуманыя ўмоўнасьці, якія абмяжоўваюць або надзяляюць людзей правамі, быў выдадзены 15 верасьня 2010 году[19]. Рэцэнзент «Experty.by» Антон Серанкоў учуў у сьпеве больш рок-н-ролавых матываў, чым зыходна задуманых паўэр-попаўскіх, і заключыў: «Гэта страшна бадзёрая, заразьліва радасная песьня з яснай мэлёдыяй і энэргічнымі гітарамі, зробленая наколькі проста, настолькі й са шчырым энтузіязмам»[20]. Крытык «ej.by» Зьміцер Падбярзскі, які прыйшоў да высновы, што музыкі вельмі моцна пераасэнсавалі паняцьце рок-н-ролу ў сваім сынгле, напісаў: «„Rolz’n’Rulz“ — адна з тых песень, у якіх гурт з гэтак няпростай назвай цалкам пераканаўча дэманструе сваё ўменьне выразна арганізаваць музычны матэрыял і ці ледзь не ў першую чаргу — вакальныя партыі й падаць яго адпаведным чынам»[21].
Выпуск сынглу быў падтрыманы экспэрымэнтальным самотнікам «HPS Remixed» (па-беларуску: «HPS у апрацоўцы»), на які трапілі 6 песень зь дзьвюх апошніх сынглаў у транс, драм-н-бэйс, даўнтэмпа ды іншых стылёвых апрацоўках ад шэрагу дыджэяў менскай электроннай сцэны[22], да якіх зьвярнуліся ў выніку пройгрышу ў конкурсу «Bonobo»[23]. Як успаміналі музыкі для «Kyky.org», слухачы дасьледавалі старонку гурту на «Last.fm», выявілі «заскробленыя»[lower-alpha 1] біркі й сталі пісаць лісты й пытацца пра рэміксы[24]. «Гітарныя партыі ў „Hair Peace Salon“ мне прыйшліся даспадобы, таму я пайшоў на экспэрымэнт з ламанымі рытмамі. Атрымаўся дынамічны рэмікс, які вельмі розьніцца па канцэпцыі ад арыгіналу», — казаў аўтар аднаго з рэміксаў DJ Rog[25]. «Супрацоўніцтва атрымалася цікавым, — апавёў „Tuzin.fm“ Алег Вяль, лідэр гурту. — Вобразнае бачаньне гэтых людзей аказалася вельмі блізкім нашаму»[25].
HPS Remixed | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
№ | Назва | Аўтар(ы) | Працягласьць | ||||||
1. | «Rolz'n'Rulz (GRAF Trance Mix)» | DJ GRAF | 6:39 | ||||||
2. | «Happy For A While (GRAF Breakbeat Mix)» | DJ GRAF | 4:07 | ||||||
3. | «Happy For A While (DJ ROG Drum'n'Bass Mix)» | DJ ROG | 4:54 | ||||||
4. | «Happy For A While (WORLD GOVERNMENT Time Mix)» | DJ WORLD GOVERNMENT | 5:42 | ||||||
5. | «Out Of Time (GRAF Downtempo Mix)» | DJ GRAF | 3:49 | ||||||
6. | «Happy For A While (WORLD GOVERNMENT Continuum Mix)» | DJ WORLD GOVERNMENT | 7:02 |
Віктар Сямашка, вядучы падкасту «Кракатук» на «Беларускім Радыё Рацыя», у сваёй перадачы агучыў, што дыджэйскія вэрсіі выйшлі лепшымі за арыгіналы[26].
У прэс-рэлізе ў падтрымку сынглу й EP для «Experty.by» гурт адзначыў, што праца над маючым адбыцца дэбютным альбомам будзе завершана да пачатку зімы 2010 году[27]. Гурт невылазна засеў у студыі дзеля запісу альбому[28]. Як прызналіся ўдзельнікі 3 сьнежня 2010 году падчас он-лайн-канцэрту на самым вялікім беларускім партале «TUT.BY», дзе яны выканалі ў тым ліку некалькі песень з апошніх сынглаў, важная праца над алічбаваньнем твораў у студыі гуказапісу вымусіла моцна скараціць колькасьць жывых выступаў[29].
У інтэрнэт-этэры музыкі абвясьцілі, што на дыск плянуецца ўключыць 11 кампазыцыяў, і тэмы высакароднасьці, шчодрасьці, сілы духу, прагі да жыцьця з крыхай дзівацтваў і самаіроніі павінны прайсьці празь яго чырвонай ніткай[30]. Таксама быў агучаны й удакладнёны графік запісу матэрыялу да кружэлкі цягам да восені 2011 году, згодна зь якім праца ішла яшчэ год[29][31].
18 сакавіка 2012 году гурт зрабіў афіцыйны анонс свайго паўнафарматнага альбому Gentleman у кароткім анімацыйным відэа[32]. Музычныя творы за апошнія тры гады былі аб’яднаны ў альбом Gentleman, і гэты рэліз пачаў быць даступны на афіцыйным сайце гурту з 21 сакавіка 2012 году бясплатна з магчымасьцю заплаціць столькі, колькі вы захочаце, для прыхільнікаў[33]. Вакаліст Канстанцін Карман у камэнтары «Tuzin.fm» у дзень выпуску альбому заявіў, што «на гэтым дыску няма прахадных песень. Альбом выйшаў разнастайным, але пры тым ён мае агульны настрой і не зацягнуты»[34].
Варта адзначыць, што, нягледзячы на папярэднюю аб’яву, толькі 10 трэкаў зьявіліся ў фінальнай вэрсіі[35]. Лідэр гурту Алег Вяль патлумачыў гэтае рашэньне ў камэнтары для «Experty.by»:
Першапачаткова 11 песень былі заплянаваны для альбому; пасьля завяршэньня запісу й падчас спроб сфармаваць гарманічны сьпіс кампазыцыяў аказалася, што адзін са сьпеваў зусім не ўліваецца ў агульную канву – яго прыйшлося выдаліць.
Арыгінальны тэкст (рас.)
Изначально в альбоме планировалось наличие 11 песен, после завершения записи и попыток сформировать гармоничный трек-лист оказалось, что одна из них ну совсем не ложится в общую канву – пришлось убрать[33].
|
||
Першы канцэрт у падтрымку альбому прайшоў у Віцебску 31 сакавіка ў клюбе «Чердачок»[34]. Зыход сталага барабаншчыку Ўладзімера Агаяна значна сапсаваў далейшыя гастрольныя пляны[36]. Музыкі гурту, якія засталіся, нават адыгралі адзін з рэдкіх канцэртаў утрох[37]. З улікам гэтых абставін пампэзнае шоу ў падтрымку выхаду самотніку было адкладзена да 11 кастрычніка 2012 году[38][39]. У гэты дзень гурт «Hair Peace Salon» зрабіў прэзэнтацыю свайго альбому Gentleman у адным з самых папулярных канцэртных залаў Менску — клюбе «RE:PUBLIC»[40][41]. Падчас сольнага выступу музыкі выканалі песьні з альбому, некаторыя старыя хіты, сьпелі дуэт і пару кавэраў сваіх песень на беларускай мове, а таксама афіцыйна прадставілі свайго новага бубнача Аляксандра Сьцепановіча грамадзкасьці[42][43]. Крытыкі ацанілі вялікі восеньскі канцэрт, які атрымаўся хатнім, без адменнай разынкі, «на чацвёрачку», у той час як Ірэна Катвіцкая, мастацкі кіраўнік фолк-гуртоў «Akana-NHS(be)», «Kazalpin» і іншых, адзначыла праз «Будзьма беларусамі!» элегантнасьць, вытанчанасьць і чысьціню выкананай джэнтльмэнамі праграмы[44].
Падчас наступнай паловы году было дадзена больш дадатковых канцэртаў у падтрымку матэрыялу новага альбому[45]. Паўакустычную вэрсію сваёй праграмы Gentleman музыкі падрыхтавалі спэцыяльна для Бабруйску[46][47]. «Мы зрабілі акустычную праграму выключна для канцэртаў, для слухачоў, — тлумачыў „Эўрапейскаму радыё для Беларусі“ гітарыст Алег Вяль[48] і дадаваў на „Ultra-Music“: — Ды і нам самім цікава па-іншаму граць трэкі, якія ў электронным выкананьні трохі надакучылі»[49]. У далейшым альбом Gentleman у акустыцы паслухалі й менчукі[50][51]. Паміж гэтым былі й сольныя рокавыя імпрэзы[52][53]. Гурт «Clover Club» стаў напарнікам па канцэрту ў сакавіку 2013 году[54][55].
У тым жа месяцы гурт у трэці раз адыграў на штогадовым фэстывалю «Акустыка вясны»[56][57][58]. Як казалі музыкі, яны сутыкнуліся з патрэбай «максымальна кампактна дабірацца да невялікіх гарадкоў», таму перапрацавалі свае песьні[59]. У красавіку 2013 году «Hair Peace Salon» стаў гэдлайнерам на прэзэнтацыі складанкі мясцовых гуртоў «ССК-2» ў Слуцку[60][61]. Скончыўся тур у падтрымку альбома маёвым канцэртам у Кіеву[62][63].
На думку крытыкаў Марыі Калесьнікавай з «Эўрапейскага радыё для Беларусі» і Зьмітра Падбярэскага з «ej.by» і «Experty.by», афармленьне альбому заслугоўвае асобных радкоў[5][64]. Разам з заканчэньнем працы над музычным бокам плыты ў канцы 2011 году гурт пачаў шукаць «сапраўднага мастака», які б намаляваў вокладку[65]. Такім чынам, на пярэдняй вокладцы й у буклеце CD дыску былі выкарыстаны малюнкі Сяргея Балянка, беларускага мастака[66]. Музыкі «Hair Peace Salon» былі ўражаны яго аквафортэ, якія яны знайшлі ў мастацкай галерэі[33]. Са згоды гравюрысту яго некалькі працаў былі набыты й ужыты для аздабленьня вокладкі й іншых старонак буклету CD, а таксама для анімаванага відэа да анонсу альбому[33].
Альбом атрымаў у асноўным станоўчую крытыку. «Tuzin.fm» ахарактарызаваў CD наступнымі словамі: «10 дыхтоўных трэкаў. Нічога лішняга. „Gentleman“ з шэрагу тых сёлетніх альбомаў, якімі можна безумоўна ганарыцца»[67]. У рэцэнзіі «Эўрапейскага радыё» запіс называўся як «добрая, грунтоўная, прадуманая й гожая праца. Ну й асобны рэспэкт афармленьню»[5]. На думку калумністу сайту «Будзьма беларусамі!» Сяргея Будкіна, «яны маюць усё, што трэба: выдатныя галасы, неблагую лірыку, хвацкі гук, бездакорнае выкананьне, пісьменную падачу»[2]. Зьміцер Падбярэскі, адзін са штатных экспэртаў парталу «Experty.by», заўважыў, што «гэты калектыў і знаходзіцца якраз ці не за ўсіх бліжэй да стандартнай эўрапейскай традыцыі сумяшчэньня рокавага інструмэнтарыя з дастаткова папсовай мэлёдыкай»[3][64]. Яго калегу Алегу Клімаву, які адзначыў, што «„Rolz’n’Rulz“ чапляе», спадабалася большая энэргічнасьць і агрэсіўнасьць, а таксама й мэлядычнасьць[3]. Іншы рэцэнзэнт «Experty.by» Зьміцер Безкаравайны пахваліў у альбоме «мэлядычныя й мэлянхалічныя песьні, прыгожыя гітары й распазнавальны высокі вакал Алега Вялю»[3]. Марыя Калесьнікава, пазаштатны аўтар праекту «Experty.by», назвала альбом «спружынай, якая пры выпростваньні не робіць больна, а лагодзіць» і акцэнтавала ўвагу на «шматгалосьсе, што часам прымушае ўспомніць лівэрпульскую чацьвёрку, надае гучаньню паветранасьць і адчуваньне буйнога мазку»[68], а Сяргей Будкін палічыў, што «прыемна чуць цэльны выпеставаны альбом, у якім ставяць не на адну-дзьве канкрэтныя песьні, а адразу на ўсе трэкі»[69]. Юрась Ускоў з «Нашай Нівы» падсумаваў ацэнкі айчынных экспэртаў: «Дэбютнага альбому ад „Hair Peace Salon“ чакалі некалькі гадоў, вынік не расчараваў: выдатны брыт-рок, чыё студыйнае ўвасабленьне апынулася ня горшым за канцэртнае»[70]. Станоўчую адзнаку дыску даў і расейскі журналіст Аляксандр Філімонаў: «Ласы я да ўсялякай брытаншчыны й гітаршчыны з мэлянхалічным вакалам і мінорнымі мэлёдыямі, таму й ня змог прайсьці міма»[71].
У той жа час аглядальнікі адзначылі адсутнасьць яркасьці і арыгінальнасьці, таму што запіс чуўся як звычайны альбом брытанскай хвалі. На погляд аглядальніка «ej.by» і «Experty.by» Зьмітра Падбярэскага, музыка альбому выглядае недарэчна на фоне вокладкі на аснове твораў Сяргея Балянка, «мастака насамрэч арыгінальнага, парадаксальнага». Уладальнік музычнага партала «Experty.by» Зьміцер Безкаравайны ў сваёй рэцэнзіі напісаў: «Атрымаўся дыхтоўны альбом, які гучыць занадта прадказальна». Таксама журналісты паставілі на від бруднаваты гук, што разабраць большасьць тэкстаў на слых практычна нерэальна, ды пэўную недаказанасьць у песьнях[3].
У аглядзе ад «Tuzin.fm» па выніках 2012 году альбом быў адзначаны як «вельмі слаўная праца, дзе адчуваецца індывідуальнасьць»[72]. Раней кружэлка ўжо адзначалася сайтам у артыкуле «Топ-5 беларускай музыкі гэтай вясны»[73]. Дыск таксама падзяліў месцы з шостага па дзявятае ў рэйтынгу дзесяці лепшых альбомаў, выдадзеных за першае паўгодзьдзе 2012 году па вэрсіі парталу «Experty.by»[74], быў адзначаны ў асабістых рэйтынгах ад Аляксандра Філімонава, рэдактару «Lenta.ru»[71], Сяргея Будкіна, рэдактару «Tuzin.fm»[69], Машы Калесьнікавай, рэдактару «Эўрапейскага радыё для Беларусі»[5]. Алег Клімаў як калумніст «Советской Белоруссии» напісаў пра плыту ў артыкуле пра найбольш годныя для папаўненьня асабістых фанатэкаў айчынныя альбомы за першыя сем месяцаў 2012 году[75]. Першы трэк плыты «Borderline» быў выбраны ў топ лепшых сучасных беларускіх песень парталам «Lenta.ru»[76]. Таксама за альбом гурт атрымаў намінацыю ў катэгорыі «Дэбют году» на першай прафэсійнай музычнай прэміі Беларусі ў галіне року, інды й альтэрнатывы «Rock Profi»[77].
№ | Назва | Словы | Музыка | Працягласьць |
---|---|---|---|---|
1. | «Borderline» | Алег Вяль, Канстанцін Карман | Алег Вяль | 4:09 |
2. | «Gentleman» | Канстанцін Карман | Канстанцін Карман | 4:47 |
3. | «Face to Face» | Канстанцін Карман | Канстанцін Карман | 3:57 |
4. | «Happy for a While» | Алег Вяль | Алег Вяль | 4:06 |
5. | «Out of Time» | Алег Вяль | Алег Вяль | 3:17 |
6. | «Rolz’n'Rulz» | Алег Вяль, Канстанцін Карман | Алег Вяль | 3:55 |
7. | «Criminal» | Алег Вяль | Алег Вяль | 3:36 |
8. | «Dotted» | Канстанцін Карман | Канстанцін Карман | 4:29 |
9. | «Someone Better» | Алег Вяль | Алег Вяль | 4:28 |
10. | «Stand the Love» | Канстанцін Карман | Канстанцін Карман | 4:27 |
Вытворчасьць:
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.