Split Before, Together Now

музычны альбом 2007 году From Wikipedia, the free encyclopedia

Split Before, Together Now
Remove ads

Split Before, Together Now (з анг. — «паасобку раней, зараз разам») — сумесны альбом беларускіх рок-гуртоў «Hair Peace Salon» і «Jitters», выдадзены з ініцыятывы лэйблу «West Records» 25 кастрычніка 2007 году. Дыск складаецца з двух самотнікаў: «Gipsy» («Hair Peace Salon») і «Pick Me Up» («Jitters»). Канцэптуальны спліт азнаменаваў распад «Jitters» і пераход яе франтмэна Канстанціна Кармана ў шэрагі стылістычна блізкага «Hair Peace Salon», што знайшло сваё адлюстраваньне ў назве й афармленьні CD. Жывая прэзэнтацыя зборніка прайшла 18 лістапада 2007 году ў Менску, а ў падтрымку альбому на вядучы сынгл «Hover» быў зьняты кліп. Музычная актыўнасьць вакол кружэлкі прынесла «Hair Peace Salon» намінацыю ў катэгорыі «Прарыў году» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007», а сам рэліз трапіў у паўсотню лепшых па продажах альбомаў на мясцовым рынку за год. Беларускамоўны кавэр на песьню з спліту «Gipsy» пасьля быў адабраны для кампіляцыі «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New».

Хуткія факты Складанка Hair Peace Salon, Jitters, Храналёгія Hair Peace Salon, Jitters ...
Remove ads

Гісторыя

Пад канец вясны 2006 году два гурты «Hair Peace Salon» і «Jitters» вырашылі абяднацца на адной кружэлцы[1]. Увосень 2006 году «Jitters» прадставілі самотнік «Pick Me Up», у той час як «Hair Peace Salon» рыхтаваў максі-сынгл на 5 песень, але, таму што паўнавартаснага альбому з такой колькасьці трэкаў не атрымаецца, сяброўскія гурты рашылі зрабіць спліт[1]. Паводле Артура Лучкова, бубнача «Hair Peace Salon», у яго ўжо было назапашана матэрыялу, якога б хапіла на сольны альбом, але калектыў яшчэ «не пасьпеў для альбому»[2]. Ужо напачатку вясны 2007 году ў размове з «БелГазетай» антрэпрэнэр Ян Бусел усклаў «вялікія надзеі» на будучы самотнік «Hair Peace Salon»[3].

Пасьля спроб «Hair Peace Salon» некалькі кварталаў пайграць разам з сэсійнымі клявішнікамі, у тым ліку на сцэне падчас фэстывалю «Акустыка вясны» ў сакавіку 2007 году, у сувязі з паўгадовай замежнай камандзіроўкай Канстанціна Кармана пад канец 2007 году колькасьць афіцыйных удзельнікаў гурту павялічылася[4]. Канстанцін прыпыніў існаваньне свайго гурту «Jitters» і быў запрошаны граць у «Hair Peace Salon» на пастаяннай аснове[5]. Экс-лідэр «Jitters» быў вельмі задаволены тым, што цяпер грае сумесную музыку[6]. Прыкметна, што ён з бас-гітарыста й вакаліста стаў клявішнікам і вакалістам «Hair Peace Salon», таму што ў гурце ўжо быў свой бас-гітарыст, а ў знаёмага хлопцам па сумесных выступах артысту падчас камандзіроўкі ў Шатляндыю як раз быў куплены сынтэзатар «Roland JP-8000(en)», што й стала матэрыяльнай падставай адказаць станоўча на прапанову калег зьмяніць профіль[7][8].

Гурт «Jitters» у свой час запісаў і зьвёў свае песьні на гуказапісвальнай студыі ў Баранавічах на працягу ўсяго 2 месяцаў, а «Hair Peace Salon» вырашыў запісвацца сам, каб паэкспэрымэнтаваць, пашукаць сваё гучаньне, таму ўвесь працэс запісу заняў значна больш[9]. Канцэртны бум «Hair Peace Salon» 2007 году дазволіў адпрацаваць выкананьне новых песень, якія ўвойдуць на самотнік «Gipsy», а потым і на спліт[10][11]. Тая міні-кружэлка выйшла 28 кастрычніка 2007 году й распаўсюджвалася праз кантакты з музыкамі[12].

За гэты час «Jitters» пасьпеў прэзэнтаваць сваю кружэлку, даць справаздачу перад слухачамі й разьбегчыся па ўсім сьвеце, але ідэя спліту ня зьнікла й трансфармавалася ў канцэптуальны CD[13]. «Дыск уяўляе сабою невялікую гісторыю двух дружалюбных калектываў, якія раней былі самі па сабе, потым аб’ядналіся», — узгадваў пра сяброўства абодвух гуртоў для «XLAM.BY» Канстанцін Карман[13].

25 кастрычніка 2007 году для прасоўваньня новага супрацоўніцтва на лэйблу «West Records» быў выдадзены сумесны альбом-складанка пад назвай Split Before, Together Now[14]. Алег Вяль, лідэр «Hair Peace Salon», распавёў Алене Скарабагатавай з Tuzin.fm, што асноўнай думкай яго песень зьяўляецца духоўны пошук чалавеку, а на тое ж пытаньне, пра што іх частка дыску, франтмэн «Jitters» Канстанцін Карман агучыў, што яго трэкі ўвасабляюць незадаволенасьць тым, што маеш зараз[15].

З гэтага часу гурты афіцыйна сталі абяднаны[16]. «Мы вырашылі часова „замарозіць“ праект „Jitters“, — паведамляў айчыннаму парталу альтэрнатыўнай музыкі «XLAM.BY» Канстанцін Карман напярэдадні прэзэнтацыі сумеснага альбому, — а паколькі з „Hair Peace Salon“ мы даўно знаёмыя й сябруем, то для аб’яднаньня не было ніякіх перашкодаў. Мы й раней „абменьваліся“ музыкамі. Цяпер у HPS будзе два галасы»[17].

Складанка была прэзэнтавана 18 лістапада 2007 году ў менскім клюбе «Гудвін» пры падтрымцы гуртоў «Open Space», «The Blackmail» і іншых артыстаў, і, як падкрэсьліла Алена «Aresha» Сабалеўская з музычнага парталу LiveSound.by, гэта быў прыгожы канцэрт, бязь лішніх людзей і музыкі «ня ў тэму»[18].

Remove ads

Прыём крытыкаў

«Нягледзячы на багацьце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — сустракаў выхад складанкі музычны партал LiveSound.by[19]. Сяргей Будкін, музычны крытык Будзьма Беларусамі!, з вышыні агляду альбому «Hair Peace Salon» «Gentleman» выказваў сум, што «выдатныя творы» «Hover», «Gipsy» не знайшлі свае месца на той кружэлцы[20].

«Беларусы адчайна дзяруць гітары й горла: атрымліваецца брыт-рок з галавакружнымі перапляценьнямі гармоніяў а-ля „The Mars Volta“, тэхнічнымі гітарнымі арпэджыё а-ля „Muse“ і нэўратычна-пачуцьцёвымі інтанацыямі а-ля „Travis“», — пісала пра частку дыску «Hair Peace Salon» журналіст Таццяна Заміроўская з штотыднёвіку «БелГазета», разгортваючы думку, што мэлёдыі гурту неверагодным чынам нагадваюць альбом «Radiohead» 2007 году «In Rainbows», які выйшаў пасьля таго, як матэрыял дадзенага дыску быў запісаны[21]. Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты» падзяліла думку пра музычны лад калегі, у сваёй рэцэнзіі адбіў надрыўны вакал, дэпрэсіўна сьветлыя мэлёдыі й разумныя мінорныя эмоцыі[1].

Музыку «Jitters» у рэцэнзіі альбому Split Before, Together Now Тацяна Заміроўская з «БелГазеты» апісала словамі: «назойлівая, аўтэнтычная й па-блюзаваму шалапутная — у ёй прысутнічае неўтаймаваная танцавальнасьць, як у „Gomez“ і „Happy Mondays“, і начыста адсутнічаюць пафасныя рэфлексіі»[21]. Гарэзнасьць і танцавальнасьць гітарнага року «Jitters» ацаніла й Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты», на старонках якой яна параўнала музыку абодвух гуртоў з творчасьцю «Travis», «Radiohead», «Muse», «Blur» ды «Coldplay»[1].

Remove ads

Аздабленьне CD

Першапачатковая ідэя вокладкі, якая адлюстроўвае канцэпцыю дыску (чорны й белы чаравікі, зьвязаныя разам), прыйшла да Канстанціна Кармана й Яўгена Вяля, першага бубнача «Jitters», узгадваў для «XLAM.BY» Алег Вяль[13]. Музыкі казалі Алене Скарабагатавай, журналісту Tuzin.fm, што ў іх было шмат задумак вокладкі, але розныя боты, забарсаныя разам — найбольш цікавае рашэньне: «мы як тыя боты — розныя, але зьвязаныя паміж сабою шнуркамі».[15] Удзельнікі доўга шукалі абутак, які б падышоў для здымкаў, заглядаліся на боты менчукоў, а потым зайшлі ў аддзел дзіцячага абутку й зразумелі: гэта тое, што трэба[22]. Аказалася, што ў крамах нельга фатаграфаваць, і таму ім з Слэпам давялося арандаваць дзіцячыя чаравікі ў сэканд-хэндзе на Ждановічах[13]. Як ацаніла выбар вокладкі Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты», гуртам падышоў гэты малюнак, бо яны захавалі ў сабе гумарную беспасярэднасьць і душэўную дабрыню[1]. «У выніку атрымалася такая вось мілая вокладка, якая вельмі ўсім даспадобы», — падвёў вынік Задзіночаньню беларускіх студэнтаў Алег Вяль[23].

Узнагароды й намінацыі. Камэрцыйны посьпех

Першая песьня складанкі «Hover» стала пераможным гімнам «Hair Peace Salon», які дазволіў як пасьпяхова прайсьці адборачныя этапы, так і ўзяць першы прыз (запіс на прафэсійнай музычнай студыі) конкурсу «ИдиНаРок» у 2007 годзе[24][25]. З праграмай, з большага складзенай зь песень з спліту, музыкі небеспасьпяхова ўдзельнічалі й у іншых музычных конкурсах, такіх як «Музычны плэй-оф» (паўфіналісты)[10][15], «Рок-спарынг» (уладальнікі прызу на запіс на студыі)[11], «Залатая акустыка» (пераможцы)[26][27]. «Нам вельмі прыемна, што слухачы абралі менавіта нас пераможцамі гэтага конкурсу, — успамінаў пэрыпэтыі спаборніцтва для Tuzin.fm лідэр «Hair Peace Salon» Алег Вяль і разгортваў думку далей: — „Акустыка“ мела посьпех у гледачоў. Але мы ня цешымся на гэты конт. Перамагаць, вядома, прыемна, але асабіста я гатовы да ўсяго»[28].

Дзякуючы плыце й канцэртна-спаборніцкай дзейнасьці на базе песень зь яе гурт «Hair Peace Salon» атрымаў намінацыю ў катэгорыі «Прарыў году» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007» у лютым 2008 году[29][30]. Паводле ацэнкі Хартыі’97, дыск трапіў у топ-50 кружэлак па продажы за свой год[31]. У цэлым аўдыёматэрыял увайшоў у ратацыю радыёстанцыяў, узмацніў прысутнасьць рокераў у інфармацыйнай прасторы[32][33]. Сяргей Ясючэня, дырэктар «West Records», аргумэнтуючы пашырэньне каталёгу кампаніі выпушчаным дыскам напрыканцы 2007 году, адзначыў, што яго лэйбл стараецца «адсочваць музычныя тэндэнцыі»[34].

Remove ads

Сьпіс кампазыцыяў

Больш інфармацыі №, Назва ...
Remove ads

Удзельнікі

Hair Peace Salon:

  • Алег Вяль — вядучы вакал, гітары.
  • Канстанцін Карман — бэк-вакал, сынтэзатар.
  • Максім «Gandibober» Дзэвічэнскі — бас.
  • Артур Лучкоў — бубны.

Jitters:

  • Канстанцін Карман — вядучы вакал, бас.
  • Іван Барзенка — гітары, бэк-вакал, клявішыя.
  • Сяргей Кандраценка — гітары.
  • Павал Кудрын — бубны.

Запрошаныя музыкі:

  • Іван Барзенка — клявішыя (1, 2).
  • Вольга Малько — клявішыя (3, 5).
  • Андрэй Козік — клявішыя (4).

Вытворчасьць:

  • Валянцін Барысевіч, студыя «HWNL» — зьвядзеньне, мастэрынг (1, 2, 3, 4, 5).
  • Вячаслаў Банкевіч — запіс і зьвядзеньне (6, 7, 8, 9, 10).
  • Slap — дызайн вокладкі.
Remove ads

Кліпы

Увосень 2007 году, падчас здымак перадачы «Музыкальный плей-офф», да ўдзельнікаў «Hair Peace Salon» ад уражанага выступам гурту рэжысэру Анатоля Вечара паступіла прапанова творчага супрацоўніцтва[35]. Ужо ў пачатку 2008 году франтмэн гурту Алег Вяль паведаміў Tuzin.fm пра пляны зьняць кліп: «Цяпер мы ўпэўніліся, што нам тое неабходна. У лютым пачнем працу й возьмем для відэаўвасабленьня абавязкова нешта з новага»[11]. Афіцыйнае відэа да аднайменнага вядучага сынглу «Hover», у якім быў прадстаўлены новы выгляд гурта цяпер разам з Канстанцінам Карманам, было зьнята ў лютым 2008 году, і гатовы ролік неўзабаве быў паказаны па тэлебачаньні ў праграме каналу ЛАД «Pro движение+»[35]. X у аглядзе кліпу, які нагадаў фільм «Сайлент Хіл», для «LiveSound.by» адзначыў цікавую рэжысэрска-апэратарскую працу, разам з тым указаў і на недахопы ў акторскай гульні[36].

Remove ads

Кавэр-вэрсіі

Для складанкі Будзьма беларусамі! і Эўрапейскага радыё для Беларусі «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New» гурт «Hair Peace Salon» у 2009 годзе перасьпяваў трэк «Gipsy», які прысьвячаўся ўрсарам[37], на беларускай мове як «Цянькі»[38]. Алег Вяль, лідэр «Hair Peace Salon», у свой час распавядаў Алене Скарабагатавай з Tuzin.fm, што ангельскае слова «Gipsy» перакладаецца як «цыганы» і сьпеў у духоўным сэнсе таксама апісвае стан бадзяньня па жыцьці[15].

Аўтарам мастацкага перакладу лірыкі выступіў Віталь Воранаў, беларускі літаратар; «Гэтаму твору ўжо тры гады, і некаторыя фрагмэнты тэксту нас ужо не задавальняюць. Віталь пры перакладзе напісаў тэкст наноў», — зьвярталі ўвагу да сумеснай працы музыкі[39]. «Абеларушваньне небеларускамоўных тэкстаў беларускіх гуртоў — гэта выдатная школа дасканаленьня», — тлумачыў свой падыход да працы паэт і дадаваў, што вынікі беларусізацыі дазваляюць музыкам больш грацыёзна ўлівацца ў айчынны кантэкст[39].

У выніку экспэрт Tuzin.fm Ігар Назаранка адзначаў, што яму больш пасуе слухаць песьню па-беларуску[40]. Яму ж тураваў Сяргей Будкін, штатны экспэрт Experty.by, які ў 2012 годзе зь цеплынёй успомніў пра «досыць удалыя экспэрымэнты музыкаў зь беларускай мовай» на прыкладзе гэтай жа песьні[41]. «Віталь зрабіў вельмі ўдалую інтэрпрэтацыю арыгінальнага тэксту, — казаў Канстанцін Карман, вакаліст-клявішнік у сьпеве й дадаваў: — Зьявілася адчуваньне таго, што „зразумелы“ тэкст больш дасканала перадае сапраўдную атмасфэру песьні»[42]. Іншаму экспэрту Tuzin.fm Севярыну Квяткоўскаму[прыбраць шаблён] «Цянькі» нагадалі творы польскага рок-гурту «Czerwone Gitary» й Пола Макартні, апрацаваныя ў сучаснай брыт-поп стылістыцы[43].

Сьпеў «Цянькі» трапіў у гіт-парад Tuzin.fm, але спыніўся ў перадфінальнай частцы мэгатуру-2010[44].

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads