Александрыя зьбірае сяброў

штогадовае сьвяткаваньне Купальля ў Шклоўскім раёне From Wikipedia, the free encyclopedia

Александрыя зьбірае сяброў
Remove ads

«Александрыя зьбірае сяброў» — штогадовае сьвяткаваньне Купальля, якое ладзілі ў Александрыі (Шклоўскі раён) ад 2010 году[4].

Хуткія факты Гады, Краіна ...

Зручнасьці даезду на месца сьвята спрыяла блізкасьць чыгунанчай станцыі «Копысь» (Аршанскі раён) у суседняй вёсцы, якая знаходзілася на чыгуначнай лініі ВоршаМагілёў. Па гэтай лініі таксама хадзілі наўпроставыя цягнікі з Берасьця і Полацку, што спрашчала прыезд Беларускай чыгункай наведнікаў зь іншых вобласьцяў Беларусі. Таксама ў дзень сьвяткаваньня хадзілі дадатковыя цягнікі з Воршы і Магілёва да Копысі і назад. Сярод іншага, з Магілёва і Шклова ў Александрыю хадзілі дадатковыя сьвяточныя аўтобусы[5].

Сьвята суправаджалі Александрыйскім кірмашом, у якім бралі ўдзел рамесьнікі ад кожнага раёну Магілёўскай вобласьці, а таксама ад кожнай з 6 вобласьцяў Беларусі і ад суседніх краінаў. Сярод іншага, рамесьнікі праводзілі майстар-клясы пляценьня купальскага вянка[6]. Праграму сьвята пачыналі апоўдні на малой пляцоўцы з канцэрта, які доўжыўся да 20:00. Тамсама а 15:00 урачыста пачыналі сьвяткаваць Купальле. А 17:00 да беларускіх выканаўцаў далучаліся замежныя госьці, якія выступалі да 18:30. А 21:00 на асноўнай пляцоўцы пачыналі галоўны канцэрт, на які прадавалі квіткі для сядзячых месцаў і які доўжыўся да 23:35. Затым адбываўся 5-хвілінны фаервэрк, пасьля якога моладзевая дыскатэка працягвалася да 3:00 ночы[7]. Ад 2012 году сьвята штораз наведвалі звыш 50 000 чалавек[8].

Remove ads

Мінуўшчына

19 чэрвеня 2010 году ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёну правялі першае сьвята «Александрыя зьбірае сяброў» з удзелам ансамбляў народнай песьні ад дамоў культуры некалькіх раёнаў Магілёўскай вобласьці. На сьвяткаваньні прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка[9]. Сярод іншага, на сьвята завіталі госьці з Воршы і Менску. Агулам у сьвяткаваньні ўзялі ўдзел больш як 3000 чалавек. Мерапрыемства ўлучала кірмаш «Горад майстроў», частаваньне звычаёвымі напоямі і стравамі беларускай кухні, выступленьне народных гуртоў і канцэрт беларускіх эстрадных выканаўцаў, фаервэрк і лазэрны паказ[10]. На галоўнай сцэне cьпявала Алёна Ланская. Рэжысэрам сьвята быў мастацкі кіраўнік «Менскканцэрту» ў канцэртнай залі «Верхні горад» Аляксандар Вавілаў[11].

6 ліпеня 2011 году сьвята прайшло 2-і раз з гала-канцэртам «Купальле над Дняпром». Адпаведна на сьвяткаваньне прыехалі ўдзельнікі з Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай вобласьцяў Беларусі, а таксама з Кіеўскай вобласьці Ўкраіны і Смаленскай вобласьці Расеі. Сьвята ўлучала кірмаш рамесных падворкаў з гульнямі і конкурсамі, а таксама продажам хатняй жыўнасьці і выязным гандлем ежай. Адначасна сцэне выступалі самадзейныя гурты Магілёўскай вобласьці. Таксама ўдзень прапановалі язду на конях, прагляды ў паходным кінатэатры і паказ скачкоў парашутыстаў. На вечаровым гала-канцэрце зайгралі народны аркестар імя Леаніда Іванова і ансамблі Магілёўскай вобласьці «Медуніца», «Сувэнір», «Вясёлка», «Рунь» і «Юнацтва». Уначы ладзілі купальскія карагоды ля вогнішчаў і спуск вянкоў і сьвечак на ваду. У сьвяткаваньні 2011 году ўзялі ўдзел каля 15 000 чалавек[12].

Улетку 2012 году сьвята сабрала каля 50 000 чалавек з усіх 6 вобласьцяў Беларусі. Навінкай стала абрадавая праграма «Купальская казка». Горад майстроў на беразе Дняпра атрымаў выгляд сонца, промні якога ўтварылі вуліцы рамесьнікаў. Удзень выступалі вандроўныя музыкі, тэатральныя акторы і цыркавыя артысты. Міністар культуры Беларусі Павал Латушка адзначыў міжнародны размах сьвяткаваньня Купальля: «У ім удзельнічаюць калектывы і майстры зь Беларусі, Расеі, Украіны. Фактычна мы будуем мост традыцыяў, тых, што ідуць з глыбіні вякоў і адраджаюцца сёньня. Наш абавязак перад будучымі пакаленнямі — захаваць, разьвіць і памножыць, перадаць іх сваім дзецям». Расейскі сьпявак Аляксандар Малінін заўважыў наконт сьвята: «Прыемна бачыць, што ў вашай краіне шануюць свае традыцыі, мову, культуру»[13]. Сярод іншага, зладзілі кніжны кірмаш, прадставілі павільён Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і правялі паседжаньне Асацыяцыі гандлёва-прамысловых палатаў краінаў Прыдняпроўя[14]. Увечары 8 ліпеня 2012 году тэлеканал «Беларусь 1» зладзіў паказ сьвяточнага гала-канцэрта ў Александрыі «Славянскі карагод на купальскім сьвяце»[15].

Улетку 2013 году «Александрыя зьбірае сяброў» зладзіла горад майстроў з удзелам каля 150 творцаў[16]. На сьвяце дзейнічалі «выспы» марозіва, льну, квасу і піва. Таксама зладзілі міжнародны керамічны пленэр «Арт-жыжаль», выставу «Археалягічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя», экскурсіі на цеплаходзе з Магілёва. Глядзельная заля гала-канцэрта зьмясьціла 2500 чалавек. На ім выступілі ансамблі Магілёўскай, Гарадзенскай і Віцебскай вобласьцяў, госьці з Расеі і Ўкраіны, у тым ліку Аляксандар Буйноў і Вера Брэжнева адпаведна. Сярод беларускіх выканаўцаў былі ансамбль «Сябры» і народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, Іна Афанасьева і Іскуі Абалян, а таксама опэрная сьпявачка Ніна Шарубіна. Удзел у сьвяце ўзялі 62 000 чалавек[17].

Улетку 2014 году александрыйскае Купальле наведалі гандлёвыя прадстаўнікі 28 амбасадаў у Беларусі. На канцэрце выступілі ўкраінская сьпявачка Настасься Прыходзька, расейскі гурт «Іванушкі Інтэрнэшнл» і расейская сьпявачка Надзея Бабкіна[18]. Упершыню прайшоў «Вялікі Александрыйскі кірмаш», на які запрасілі прадстаўнікоў Расеі і Ўкраіны зь Ніжагародзкага і Сарочынскага кірмашоў (Палтаўская вобласьць) адпаведна[19]. Таксама зладзілі пленэр драўлянай скульптуры, выступленьні пілётаў і канцэрт 25 гарманістаў з усіх раёнаў Магілёўскай вобласьці. Сваю творчасьць на кірмашы прадставілі больш 1500 народных рамесьнікаў зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Сьвята наведалі амаль 100 000 чалавек[20]. Сярод іншага, прадставілі слуцкі пояс[21].

Улетку 2015 году на сьвяце паставілі мюзыкл «Папараць-кветка»[22] рэжысэра Максіма Сокала. Таксама прадставілі «Купальскі пояс Магілёўшчыны» даўжынёй 35 м, які ткалі з сакавіка прадстаўнікі кожнага раёну вобласьці з адлюстраваньнем мясцовых узораў. Сярод іншага, зладзілі выступленьне выхаванцаў конна-спартовай школы і ансамблю песьні і танцу «Медуніца» Магілёўскай абласной філярмоніі. Уначы па Дняпры запусьцілі вогненныя плыты[23].

У ліпені 2016 году на пляцоўцы «Нацыянальныя прысмакі» прапаноўвалі стравы беларускай, расейскай і ўкраінскай кухні. На «Каравайнай сялібе» можна было пакаштаваць выпечку з купальскай сымболікай. У павільёне «Друкарскi двор XVI стагодзьдзя» з адпаведнікам станка Францішка Скарыны можна было сваімі рукамі зрабіць афорт старонкі зь Бібліі Скарыны. Той станок вырабілі да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня ў наступным годзе[24]. Сьвята наведалі 100 000 чалавек. Сярод больш як 500 рамесьнікаў на кірмашы ўпершыню гандлявалі майстры зь Летувы — скульптар па дрэве Гінтаўт Аксьцінас і майстрыха па пісанках Аўдроня Лампіцкеня[25]. На сьвяце зладзілі экскурсію «Александрыйская вандроўка» па творчых пляцоўках беларускай кнігі, нацыянальнай кухні і музыкі. На пляцоўцы «Гульбішча» разьмясьцілі звыш 50 забаваў ад кожнага раёну Магілёўскай вобласьці[26].

У ліпені 2017 году зладзілі цыркавы паказ «Купальскі сон» з удзелам звыш 1000 артыстаў ад цыркаў 7 краінаў — Беларусі, Латвіі, Летувы, Польшчы, Расеі, Украны і Эстоніі[27]. Другі раз госьцем сьвята стаў гісторык Уладзімер Ліхадзедаў, які ўзнавіў друкарскі станок Скарыны паводле кніжных гравюраў. Сярод гасьцей, якія паспрабавалі стварыць старонку Бібліі Скарыны на станку быў намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко. На гала-канцэрце выступілі беларускі гумарыст Яўген Крыжаноўскі, расейскі сьпявак Стас П'еха і ўкраінская сьпявачка Ірына Білык[28].

У ліпені 2018 году зладзілі прэм'еру мюзыклу «Малая радзіма». На сьвяце прадставілі дні культуры Ўкраіны з «Сарочынскі кірмашом» (Палтаўская вобласьць) пры ўдзеле ганчароў і кавалёў, а таксама з конным тэатрам «Кіеўская Русь». Таксама працавалі рамесьнікі з Чарнігаўскай і Івана-Франкоўскай вобласьцяў. Гандлёвыя лаўкі расьцягнуліся на 1 км. Для прыёму больш як 110 000 наведнікаў запусьцілі 18 дадатковых чыгуначных рэйсаў у кірунку станцыі «Копысь». Сярод іншага, на сьвяце ладзілі майстар-клясы па мылаварэньні[29]. На кірмашы працавала 850 рамесьнікаў зь 7 краінаў, у тым ліку зь Нямеччыны[30]. Арганізатарамі сьвята выступалі Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі аблвыканкам і Шклоўскі раённы выканаўчы камітэт. Удзень «Менскі трактарны завод» зладзіў выставу «Зроблена ў Беларусі». Кірмаш «Купальскія дзівосы» складаўся са стылізаваных вуліцаў уздоўжы Дняпра. Міжнародную вуліцу занялі замежныя рамесьнікі і музыкі. Беларускую вуліцу складалі падворкі кожнай вобласьці краіны. Прыдняпроўская вуліца складалася з выставаў раёнаў Магілёўшчыны. Новымі пляцоўкамі былі «Кірмашовыя забавы», «Рысталішча» для конных спаборніцтваў і «Зона актыўнага адпачынку» для стральбы з лука, бадмінтону, вэляспорту, гімнастыкі, карфболу, лёгкай атлетыкі і пэтанку. Больш як 80 прадпрыемстваў гандлю разьмясьцілі на сьвяце 139 гандлёвых кропак працягласьцю звыш 1 км. Прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня прапаноўвалі 3000 пасадачных месцаў. Уначы дыскатэка прайшла на «Сьвяточнай плошчы»[3]. Урэшце, у праграме сьвята былі конкурс купальскага адзеньня «Купаліш і Купалінка» і кірмаш аграсядзібаў з усіх вобласьцяў Беларусі, а на пляцоўках агулам выступіла каля 1500 артыстаў. У афішы гала-канцэрту былі беларускія артысты Алёна Ланская і Аляксандар Саладуха, а таксама заснаваны ў Гомлі гурт «Сіняя птушка». Ад Украіны выступілі Алег Віньнік, Іван Бобул, Ціна Караль, Таісія Павалій і Мікалай Гнацюк. Ад Расеі былі гурт «Бліскучыя» і Сяргей Трафімаў[31].

У ліпені 2019 году на 10-е юбілейнае сьвята «Александрыя зьбірае сяброў» запрасілі каля 2000 артыстаў і рамесьнікаў зь 7 краінаў. Магілёўская булачна-кандытарская кампанія «Домачай» прадставіла на сьвяткаваньні «Александрыйскі святочны» квас. Магілёўскае і Віцебскае аддзяленьні Беларускай чыгункі дадаткова арганізавалі 21 цягнік для падвозу наведнікаў сьвята. Для кіроўцаў прадугледзелі магчымасьць паставіць намёт каля самахода на часовай стаянцы. Аснову гала-канцэрта склалі 20 песьняў альбома «Куточак Беларусі» Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай, якая была салісткай гурта «Аўра». На музычнай сцэне ў суправаджэньні музыкаў гурта «Аўра» выступілі Анатоль Ярмоленка, Аляксандар Саладуха, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян, гурт «Дразды» і Вольга Сацюк. Ад Расеі выступіў Леў Лешчанка, а ад Украіны — Ціна Караль[32], якая выканала з Быкавай калыханку на 2-х мовах[33]. Кіраўнік Магілёўскай абласной філярмоніі Дзяніс Шаблінскі адзначыў, што для народных гуртоў працавалі яшчэ 2 пляцоўкі. На моладзевай дыскатэцы, якую да 3-й гадзіны ночы вялі дыджэі Магілёва, зайгралі гурты «Лепрыконсы» і «Нутэкі»[32]. Гандлёвыя вуліцы сьвята расьцягнуліся на 1,5 км, бо лік іх удзельнікаў вырас да 110 прадпрыемстваў. Старшынёй арганізацыйнага камітэту сьвята быў намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка[34].

2020-я гады

Thumb
Дрэва жыцьця на 16-м сьвяце ў 2025 годзе

У ліпені 2020 году на сьвяце «Александрыя зьбірае сяброў» прапанавалі майстар-клясы пляценьня вянкоў з палявых кветак, а кавалі паказвалі, як вырабіць кальчугу. На кірмашы рамесьнікі шырока прапаноўвалі драўляны посуд ад лыжак да салатніцаў. Таксама праходзілі спаборніцтвы ў сілавым уздыме і на найлепшы народны строй[35]. На 2-і дзень сьвята выступіў ансамбль «Песьняры» і адбыўся канцэрт ансамблю «Медуніца» Магілёўскай абласной філярмоніі[19]. На александрыйскае Купальле завітала каля 60 000 чалавек. Улетку 2021 году на сьвята запрасілі больш як 60 рамесьнікаў з Расеі і Ўкраіны[36]. Беларускія ткачыхі на станках XVIII стагодзьдзя працялі майстар-клясы вырабу ручнікоў з узорамі і вышыўкай. Агулам сьвята сабрала больш як 800 рамесьнікаў[19]. Магілёўскі абласны тэатар лялек паказаў спэктакль на дзіцячай пляцоўцы. Сярод іншага, працаваў цырк шапіто, а Дзяржаўная аўтамабільная інспэкцыя МУС Беларусі прадставіла выставу з нагоды юбілею. Начную дыскатэку прысьвяцілі музыцы 1980—1990-х гадоў[37].

У ліпені 2022 году на сьвяце працавала 135 гандлёвых кропак. Выставу беларускай сельгастэхнікі дапоўнілі самаходамі «Джылі» беларускай вытворчасьці «Белджы»[38]. Улетку 2023 году ў сьвяткаваньне дадалі паказ моды і магчымасьць народных сьпеваў пад караоке[39].

У ліпені 2024 году на сьвята ў Александрыю запрасілі ювэліраў з Азэрбайджану і Ўзбэкістану, а таксама прадстаўнікоў каля 20 рэгіёнаў Расеі[40]. Сьвята наведалі больш як 96 000 чалавек. На мерапрыемствах прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў 30 замежных дзяржаваў[41].

Remove ads

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads