Домачай
булачна-кандытарскае прадпрыемства Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Домачай» — дзяржаўнае булачна-кандытарскае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1927 годзе ў якасьці «Магілёўскага хлебакамбінату».
На 2025 год быў адным зь вядучых у Беларусі і найбольшым у Магілёўскай вобласьці вытворцам хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Улучаў 3 хлебазаводы ў Магілёве, а таксаа ў Быхаве, Касьцюковічах і Мсьціславе. Асобныя падразьдзяленьні працавалі ў Бабруйску, Горках і Крычаве. Вырабляў хлеб, булкі, караваі і пірагі, а таксама такія ласункі, як пернікі, аўсянае печыва, слодычы, тарты, пірожныя і крэкеры. Сярод іншага, выпускаў функцыянальную ежу, у тым ліку сухія сьняданкі ў выглядзе кукурузных палачак і сухары. Урэшце, вырабляў пітную ваду, квас, безалькагольныя напоі, слоеныя мучныя вырабы, солад, «Домачаеўскі» напой з вузкалістага скрыпню і фэрмэнтаваныя пшанічныя вырабы[5].
Remove ads
Фірмовыя крамы і падарожніцтва
На 2025 год «Домачай» меў 19 уласных гандлёвых кропак, зь іх 11 у Магілёве:
- 3 фірмовыя крамы — 2 у Магілёве, у тым ліку краму зьніжак, і адну ў Менску па праспэкце Незалежнасьці ў «Першым нацыянальным гандлёвым доме» каля станцыі мэтро «Ўсход»;
- 13 гандлёвых павільёнаў — 8 у Магілёве, у тым ліку на Менскім рынку і аўтавакзале, 4 у Мсьціславе і адзін у Прапойску;
- 3 аўталаўкі — у Магілёве пры Палацы гімнастыкі, Чавусах і Шклове[6].
На вытворчасьцях «Домачаю» ладзілі гастранамічна-прамысловае падарожніцтва для школьнікаў у суправаджэньні дарослых і студэнтаў. Экскурсіі працягласьцю 40—50 хвілінаў ладзілі з аўторка да пятніцы ад 9:00 да 10:30. Пры гэтым наведваньне вытворчага цэху з азнаямленьем з вытворчасьцю хлебабулачных вырабаў і каштаваньнем выпечкі займала 20—25 хвілінаў. Прымаліся экскурсійныя групы ад 10 чалавек. Акрамя знаёмства з гісторыяй хлебапячэньня і прадпрыемства, экскурсанты атрымлівалі наборы сьвежай выпечкі. Цана экскурсіі складала 25 рублёў (8,5 даляры) з чалавека[7]. У 2025 годзе вытворчасьці прадпрыемства наведвалі да 1000 прамысловых падарожнікаў[8].
Сярод іншага, «Домачаю» належаў выхаваўча-аздараўленчы летнік «Зара» на беразе вадасховішча Рудзея ў Чавускім раёне (Гарбавічы). Летнік меў 2 спальныя карпусы на 215 дзяцей з душавымі пакоямі на кожным паверсе. Сталовая прапаноўвала 5-разовае харчаваньне. Летнік працаваў у 5 зьменаў па 15 дзён. Даезд ажыцьцяўляўся дызэль-цягніком па лініі Беларускай чыгункі «Магілёў — Крычаў» да станцыі «Раста» і аўтобусам ад Магілёўскага аўтавакзала ў бок Чавусаў да прыпынку «Раста»[9].
Remove ads
Вырабы
На 2025 год «Домачай» вырабляў:
- 24 найменьні подавага хлеба вагой ад 250 грамаў да 2,2 кг, у тым ліку бездражджавы і бяз цукру, цалкам жытні і пшанічны[10];
- 16 найменьняў формавага хлеба вагой ад 300 да 900 грамаў, у тым ліку з вотруб’ем і бездражджавы, цалкам жытні і пшанічны[11];
- 22 найменьні булачных вырабаў вагой ад 75 да 500 грамаў, сярод якіх былі багеты, батоны, пірагі, ражкі, сайкі і хлябцы, у тым ліку з вотруб’ем і бяз цукру[12];
- 5 найменьняў караваяў вагой ад аднаго кіляграму[13];
- 14 найменьняў тартоў, у тым ліку бананавы, кіеўскі, чайны, шакалядны і шпінатны[14];
- 10 найменьняў пірожных, у тым ліку бульбачку, кошык, трубачку з крэмам, бісквітнае і «Напалеон»[15];
- 30 найменьняў печыва, у тым ліку імбірнае, з вотруб’ем, кураб’е, шчарбет, кекс, каўрыжку, аўсянае і сочнік[16];
- 9 найменьняў сухароў і 5 найменьняў сушак[17];
- 17 найменьняў пернікаў, у тым ліку шакалядныя, імбірныя, какосавыя і малочныя[18];
- 25 найменьняў заедак, у тым ліку італьянскія абаранкі таралі, хлебныя палачкі грысіні і сухарыкі красьціні[19];
- 5 найменьняў кукурузных і рысавых палачак[20];
- фэрмэнтаваны вузкалісты скрыпень, жытні солад, панірованыя сухары, квас «Амсьціслаўская смаката», газаваную ваду і пітную ваду[21].
Remove ads
Мінуўшчына
29 чэрвеня 1927 году Народны камісарыят харчовай прамысловасьці Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 391 аб утварэньні «Магілёўскага хлебакамбінату». У 1930 годзе прадпрыемства перайшло ў падпарадкаваньне Беларускага дзяржаўнага трэсту хлебапякарнай прамысловасьці (Белхлебтрэсту). У 1932 годзе ўвялі ў дзеяньне Магілёўскі хлебазавод № 1 па Быхаўскай вуліцы, дом 159. У 1939 годзе мэханізаваную пякарню перабудавалі ў Маглёўскі хлебазавод № 2 па Першамайскай вуліцы, дом 135. У 1940 годзе «Магілёўскі хлебакамбінат» перадалі Магілёўскаму абласному трэсту хлебапячэньня (Беларуская ССР)[22].
У ліпені 1944 году хлебакамбінат аднавіў працу ў падпарадкаваньні Магілёўскага аблтрэсту «Белгалоўхлебу». 31 сьнежня 1947 годзе ўрадавая камісія выдала заключэньне аб сканчэньні адновы хлебазаводу № 2. У сьнежні 1950 году «Магілёўскі хлебакамбінат» перайшоў у падпарадкаваньне «Белгалоўхлебтрэсту» Міністэрства харчовай прамысловасьці Беларускай ССР. У 1964 годзе здалі ў карыстаньне Магілёўскі хлебазавод № 3. 10 лістапада 1965 году Ўправа побытавага абслугоўваньня і мясцовай прамысловасьці Магілёўскага прамысловага аблвыканкаму ўхваліла Загад № 831, якім падпарадкавала сабе хлебакамбінат. 19 жніўня 1966 году Магілёўскі аблвыканкам ухваліў Рашэньне № 508, якім падпарадкаваў хлебакамбінат Управе харчовай прамысловасьці[22].
19 жніўня 1971 году Ўправа харчовай прамысловасьці Магілёўскага аблвыканкаму выдала Загад № 68, якім перайменавала прадпрыемства ў «Магілёўскі хлеба-кандытарскі камбінат». У той самы дзень Загадам па камбінаце яго пераўтварылі ў кандытарска-харчовы цэх. 10 красавіка 1972 году Міністэрства харчовай прамысловасьці Беларускай ССР выдала Загад № 75, паводле якога прадпрыемства перадалі Магілёўскаму абласному вытворчаму аб’яднаньню хлебапякарнай прамысловасьці («Магілёўхлебпрам»). 1 красавіка 1976 году Мінхарчпрам БССР выдаў Загад № 311 «Аб удасканаленьні кіраваньня харчовай прамысловасьцю БССР». Паводле гэтага Загаду прадпрыемства перайменавалі ў «Магілёўскі хлебазавод» без праўнай самастойнасьці. 6 сьнежня 1985 году «Магілёўхлебпрам» падпарадкавалі Міністэрству хлебапрадуктаў Беларускай ССР[22].
18 чэрвеня 2001 году «Магілёўхлебпрам» пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства. 27 студзеня 2014 году прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства «Домачай»[22]. У красавіку 2014 году на Горацкім хлебазаводзе «Домачаю» запусьцілі вытворчасьць вафляў «Магілёўскі пачастунак» па 700 кг за зьмену[23]. 4 красавіка 2022 году на Горацкім хлебазаводзе асвоілі вытворчасьць пшанічнага соладу, распрацоўку якой вёў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт харчовых і хімічных тэхналёгіяў у Магілёве. На 2022 год «Домачай» меў 3 заводы ў Магілёве і 7 падразьдзяленьняў у раёнах Магілёўскай вобласьці. На прадпрыемстве працавала каля 2000 чалавек[24].
8 жніўня 2023 году на Мсьціслаўскім хлебазаводзе пачалі разьліў «Амсьціслаўскай» пітной вады[25]. За 2023 год «Домачай» выпусьціў каля 16 000 т хлебабулачных вырабаў. За содні выпускалі да 45 т вырабаў[26]. У 2024 годзе «Домачай» пачаў пастаўкі замарожаных вырабаў у Расею, Нямеччыну і ЗША[27]. У 2025 годзе за мяжу пастаўлялі звыш 100 т выпечкі штомесяц. На прадпрыемстве працавала каля 1500 чалавек[28].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads