Арон Касьцялянскі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Арон Касьцялянскі
Remove ads

Аро́н Касьцяля́нскі (на ідышы: ארון קאסטיאליאנסקי) (1891, Бабруйск — 17 верасьня 1934,Масква) — беларускі, габрэйскі мастак, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч. Варыянты прозьвішча: Касталянскі; Кастэлянскі; Кашталянскі. Крыптанімы: А. К.; К.

Хуткія факты Дата нараджэньня, Месца нараджэньня ...
Thumb
Габрэйскія пісьменьнікі, мастакі, іх сем’і на адпачынку ў Лагойску. Стаяць (справа налева): Ізі Харык, Арон Касьцялянскі з сынам Саламонам, Меер Аксэльрод, Шая Гальдштэйн, Мэндэль Гальдштэйн, Мэндэль Горшман. Сядзяць (справа налева): Шмуэль Персаў, Зэлік Аксэльрод, Дора Касталянская й дачка Рахіль.
Remove ads

Біяграфія

Арон нарадзіўся ў сям’і бабруйскага купца 1-й гільдыі (капітал — 30 000 руб.) Бенцыён Гешэль Мардухаў Касьцялянскага, што з канца дзевятнаццатага стагодзьдзя гандляваў тканінамі ў Бабруйску й жыў у доме Марголіна на Радзіёнаўскай вуліцы[1][2]. Пасьля пажару 1902 года пабудаваў вялікі мураваны дом на Мураўёўскай вуліцы (суч. Сацыялістычная вуліца, 79)(53°08′01.86″ пн. ш. 29°13′37.85″ у. д.), у якім разьмяшчалася крама тканін (мануфактуры) і кватэры[3][4]. У 1908 годзе Гешэль Касьцялянскі разам з кампаньёнам Абрамам Тыкціным адчыняюць тартак на рацэ Бярэзіне. Прадпрыемства было абсталяванае паравой машынай — лякамабілем на 14 конскіх сіл. Там працавала 12 працоўных. Выпрацаваныя дошкі па чыгунцы адпраўляюцца на поўдзень, ва ўкраінскія месты[5][6][7].

Юны Арон вучыўся у хэдары, затым у гімназіі й нарэшце — у 1910-я вучыўся Кіеўскай мастацкай вучэльні. Быў прызваны ў войска ў 1914 годзе й служыў у Рызе да 1918-га. Быў паранены й некалькі месяцаў правёў у шпіталі. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году Арон быў абраны ў Савет салдацкіх дэпутатаў. Далей жыў у Бабруйску з 1918 году. Удзельнік выставы «Рэвалюцыйнае мастацтва» у Бабруйску ў 1919 году. У Менску з 1921 году выкладаў у мастацкай студыі ў клюбе імя КІМа, дзе вучылася чалавек 15 моладзі. Ён прымае актыўны ўдзел у арганізацыі й рабоце Саюзу працаўнікоў мастацтваў (Працмастацтва). Працаваў у габрэйскіх сэктарах Белдзяржмузэя й Інбелкульта. Сакратар Камісіі па вывучэньні мастацтва габрэйскага адзьдзела Інстытута беларускай культуры (1927). Уваходзіў у выставачныя камітэты па арганізацыі Ўсебеларускіх выстаў.

Як сакратар Саюзу працаўнікоў мастацтваў (Працмастацтва),[8] Арон Касьцялянскі стаяў ля вытокаў стварэньня Саюзу мастакоў Беларусі у 1933 годзе, быў ускладзе камісіі па стварэньні й быў абраны сакратаром аргкамітэта па стварэньню Саюзу мастакоў Беларусі, а старшынёй аргкамітэта быў абраны Павал Гаўрыленка[9].

З канца 1920-х мастака сталі мучыць моцныя галаўныя болі, калі яны сталі невыносныя, Касьцялянскага павезьлі да вядомага нейрахірурга Бурдэнка ў Маскву на кансультацыю. Дыягнаставалі пухліну мозгу. Пасьля першай апэрацыі Арон Касьцялянскі страціў зрок на адно вока. Мастак памёр 17 верасьня 1934 году й пахаваны на могілках, тэрытарыяльна бліжэйшага да шпіталя, Данскога манастыра. Памёр Арон Рыгоравіч аплаканы роднымі й вядома яго месца пахаваньня і невядома, як склаўся б яго лёс усяго трыма гадамі пазьней.

Remove ads

Творчасьць

Thumb
«Сынагога ў Нароўлі», 1927 г. (Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь)

Арон Касьцялянскі ў 1920-я быў патрыётам беларускага габрэйства, шанаваў матчыну мову ідыш, прасіў кіраўніцтва Віцебскага тэхнікума арганізаваць асобнае аддзяленьне, бо большасьць яго вучняў былі габрэямі. Як сакратар габрэйскай сэкцыі Інбелкульту ў, пачатку 1920-х езьдзіў кожнае лета са сваім сябрам мастаком Меерам Аксэльродам у экспэдыцыі для замалёвак сынагог у навакольлі Менску — у Слуцак, Сьмілавічы, Лагойск. Мастакі жылі ў хатах мясцовых жыхароў, каб глыбей увайсьці ў народнае асяродзьдзе. На першай Усебеларускай мастацкай выставе экспанаваліся жывапісныя палотны Касьцялянскага, тыповыя для габрэйскага мастака: эцюды з цыклу «Мястэчка», у тым ліку, карціну «Сынагога ў Нароўлі» 1923 года — выяву старой драўлянай пабудовы XVIII стагодзьдзя, у 1936-м разбуранай.

Адзін зь ініцыятараў па стварэньня й намесьнік старшыні «Усебеларускага абʼяднаньня мастакоў» у 1927 годзе[10]. У 1930 годзе Арон Касьцялянскі, Меер Аксэльрод, Абрам Бразэр, Майсей Горшман, Аляксандар Грубэ, Леў Зэвін, Вячаслаў Руцай выйшлі з «УАМ» і ўтварылі Рэвалюцыйнае абʼяднаньне мастакоў Беларусі (РАМБ). Чальцы аб’яднаньня «РАМБ» прынялі ўдзел у 4-й Усебеларускай мастацкай выставе[11].

Рамантычны пэрыяд творчасьці Касьцялянскага й яго пошукі габрэйскай своеасаблівасьці скончыліся ў 1931-м. Дзейнасьць членаў РАМБа крытыкуецца за «скочваньне на рэйкі буржуазнага мастацтва» і «недаацэнку рэалістычных традыцый рускага мастацтва XIX стагодзьдзя». У сьнежні 1931-га году ў Менску прайшла партыйная канфэрэнцыя, на якой мастакі прызналі свае памылкі й заявілі пра гатоўнасьць перабудавацца ў бок актуалізацыі зьместу й перагляду фармальных пазыцый. Партыя бальшавікоў патрабавала ад мастака выяў калектывізацыі й індустрыялізацыі, стварэньня «Магнітабуду мастацтва»[12], партрэтаў ударнікаў, арганічнай сувязі з рабочай клясай і служэньня ідэям пралетарыяту, выкананьня сваімі карцінамі пяцігодкі ў чатыры гады[13][14]. Аб’яднаньне спыніла сваё існаваньне ў 1932-м, пасьля адмены ўсялякіх мастацкіх таварыстваў у сувязі з пастановай ЦК УсеКП(б) ад 23 красавіка 1932 году[15][16][17].

Ён удзельнічаў ва ўсіх «Усебеларускіх мастацкіх выставах». У каталёгах выстаў згадваюцца каля 50 яго твораў. Усё гэта незваротна страчана ў гады вайны. У Нацыянальным мастацкім музэі захоўваюцца тры творы: «Сынагога ў Нароўлі» (1923), «Піянэры» (1927), «Швачка» (1931) і партрэт, напісаны Меерам Аксэльродам на пачатку 1930-х.

Яго артыкулы пра мастакоў і беларускае мастацтва друкаваліся ў часопісах שטערן, Узвышша, Мастацтва і рэвалюцыя, газэтах ЛіМ, Звязда і іншых. Часопіс שטערן у 1927 годзе надрукаваў яго нарыс пра мастака Юдэля Пэна. Па прапанове Уладзімер Дубоўка, весьці рубрыку пра мастацтва, зьявіўся артыкул у трэцім нумары беларускага часопіса «Узвышша» за 1929 год «Шляхі выяўленчага мастацтва БССР»[18] ў адказ на выхад у тым жа годзе «Правадыра па беларускаму мастацтву БДМ»[19] Міколы Шчакаціхіна й Вацлава Ластоўскага. У пачатку 1930-х ён працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук, дасьледаваў творчасьць мастакоў, сваіх сучасьнікаў: Юдэля Пэна, Міхася Філіповіча і іншых[20].

У 1932-м у маскоўскім выдавецтве выйшла кніга «Выяўленчае мастацтва БССР» з прадмовай Ільлі Гурскага й ўступным артыкулам Арона Касьцялянскага. Яе можна разглядаць, як спробу рэабілітавацца перад уладай, прызнаць усе памылкі й стаць на новыя рэйкі сацыялістычнага рэалізму. Кніга сёньня каштоўна тым, што дазваляе атрымаць уражаньне па шматлікіх чорна-белых рэпрадукцыях пра беларускае мастацтва 1920-х, якое амаль цалкам страчанае. Касьцялянскі застаўся, на пачатку 1930-х, адным зь нешматлікіх ацалелых беларускіх мастацкіх крытыкаў былога Інстытута беларускай культуры|Інбелкульту. Пра беларускае мастацтва, прымеркаваныя да дэкады беларускага мастацтва ў Маскве 1940 году, пісалі ўжо маскоўскія дасьледчыкі[21]. У 1947 годзе падчас барацьбы з касмапалітызмам імя мастака, які сфармуляваў галоўныя пастуляты савецкай беларускай мастацкай ідэалёгіі, быў канчаткова дыскрэдытаваны, як мастак — забыты.

Remove ads

Сямʼя

  • У 1920 годзе, у 29-гадовым узросьце, шлюб з Дорай Саламонаўнай Штэрн. Сын Саламон і дачка Рахіль, унук Міхаіл.
  • Брат Міхаіл уступіў у партыю бальшавікоў. Потым стаў вядомым дзеячам камуністычнай партыі. У 30-я гады ўзначаліў партыйную школу пры ЦК Кампартыі Украіны. Потым пражываў ва Ўсходне-Казахстанская вобласьці ў сяле Вяліканарым Вяліканарымскага раёну. Працаваў сакратаром у Вяліканарымскім райкаме КП(б) Казахстану. Арыштаваны 11 червеня 1938 году, УHКУС па Вайсковай Казахскай акрузе. Асуджаны адмысловай нарадай пры НКУС СССР, ад 19 жніўня 1940 году, да пазбаўленьня волі тэрмінам на 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 17 лістапада 1956 году[22][23].

Выставы

  • 1925 — Менск. 15 кастрычніка — 15 лістапада 1925 году. «Першая Ўсебеларуская мастацкая выстава». Удзельнічалі 74 мастака, экспанавана 1115 твораў.
Касталянск, Арон Рыгоравіч. (Менск, Чырвонаармейская 9, кв. 8). Нар. ў Бабруйску ў 1891 г.

286. Портрат артыста Н. — Алей. 287. Францышак Скарына, першы беларускі друкар. Алей.

Эцюды з цыклю «Мястэчка» — алей: 288. Яўрэй; 289. Субота; 290. Местачковы жыхар; 291. Дэяўчынка; 292. Яўрэй-земляроб; 293. Пасьля хваробы; 294. Хлопчык з казой.[24][25]
Арон Касталянскі. Менск. 150. Піонеры. — Алей. 151. Мястэчка. — Алей. 152. Яўрэй. — Алей. 153. Столяр. — Алей. 154. Партрэт дзяўчыны. — Алей. 155. Сінагога ў Нароўлі. — Алей.[26][27]
  • 1927 — Масква. Зь 7 лістапада да 18 сьнежня 1927 году. Юбілейная выстава мастацтва народаў СССР. Арганізавана Дзяржаўнай Акадэміяй мастацкіх навук, Усебеларускім аб’яднаньнем мастакоў у адзначэньне дзесяцігадовага юбілею Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Выяўленчае мастацтва, тэатар, кіно — у памяшканьні Вхутэмаса (вул. Мясьніцкая, 21) № 326. Стары скрой. Палатно, алей. 3 327. Дзяўчынка ў ложка. Палатно, алей. №328. Дзьве дзяўчынкі. Палатно, алей.[28][29][30][31].
« Посьпехі беларускага мастацтва.

18-га сьнежня ў Маскве зачынілася выстаўка вобразнага й тэатральнага мастацтваў нацыянальнасьцяў СССР. Перад зачыненьнем выстаўкі спэцыяльная камісія ў складзе прэзыдэнта Дзяржаўнай Акадэміі Мастацкіх Навук прафэсара Пятра Когана(ru) й выдатнейшых мастацтвазнаўцаў Масквы вызначыла прэміі за больш удалыя экспанаты. За лепшыя экспанаты беларускага адзьдзелу вызначаны ганаровыя дыплёмы наступным арганізацыям: Усебеларускаму аб'яднаньню мастакоў, БДТ 1, БДТ 2, Беларускаму габрэйскаму тэатру й Віцебскаму мастацкаму тэхнікуму. З паасобных удзельнікаў выстаўкі атрымалі дыплёмы: па вобразным мастацтве – Міхась Філіповіч і Арон Касьцялянскі, па графіцы – Саламон Юдовін і Абрам Бразэр. Апроч таго, выставачны камітэт пры Дзяржаўнай Акадэміі Мастацкіх Навук пастанавіў зьмясьціць, у адным з буйнейшых пэрыядычных выданьняў БССР, свой водгук аб беларускім мастацтве, а таксама здымкі экспазыцыі цэлай залі, паасобных работ, выступленьне хору й інш.[32]

»
  • 1929 — Менск. «Трэцяя Ўсебеларуская мастацкая выстава». Адкрыта з 3 па 25 студзеня 1929 году у Менску, у памяшканьні Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Удзельнічалі 62 прафэсійныя мастакі, экспанаваны 582 творы прафэсійных мастакоў.
Кашталянскі Арон. (Менск, в. Кастрычніка, 15) — № 42. Местачковая сям’я. Алей; № 43. Галава. Алей; № 44. Алькаголік. Алей; № 45. Дзяўчынкі. Алей; № 46. Краявід. Алей; 47. Адпачынак на сенажаці (У Беларускім Дзяржаўным Музэі, № 23). — Алей. 48; 49; 50; 51. — Малюнкі. Акварэля. №№ 52; 53. — Рысункі. Аловак.[33]
  • 1930 — Менск, з 29 жніўня 1930 году. Усебеларуская выстаўка карцін, графікі, культуры, архітэктуры «10 год мастацтва БССР» у памяшканьні Дзяржаўнага культурна-гістарычнага музэя, адначасова зь Першай Усебеларускай выстаўкай сельскай гаспадаркі й прамысловасьці на былой Камароўскай пустцы[34][35]. Разьдзелы выстаўкі: а) жывапіс, скульптура, графіка; б) кніжная графіка; в) архітэктура. У выставе прынялі ўдзел прафэсійныя і самадзейныя мастакі, навучэнцы Віцебскага мастацкага тэхнікума і Гомельскай працоўнай студыі, архітэктары. Удзельнічала 46 прафэсійных мастакоў, экспанаваны 294 творы прафэсійнага выяўленчага мастацтва[36][30].
  • 1931 — Менск, 7 лістапада. «4-ая Ўсебеларуская мастацкая выстаўка». Адкрыта 7 лістапада 1931 г. у Менску, у памяшканьнях клюба прафсаюзаў, клюба навуковых супрацоўнікаў і Беларускага дзяржаўнага тэатра.
Кастэлянскі А. Р. Рэвалюцыйная арганізацыя мастакоў Беларусі (РОМБ). Менская філія — № 29. Паседжаньне актыву. Алей.; № 30. Портрэт ударніка ф-кі «Кастрычнік» т. Гарэліка. Алей.; № 31. Портрэт ударніцы ф-кі «Кастрычнік» т. Чартовай. Алей.; № 32. Портрэт ударніка будаўніка т. Дворкіна. Алей[37].
  • 1932 — Менск. «5-ая Ўсебеларуская мастацкая выстаўка», прысьвечаная 15-й гадавіне вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Удзельнічала 39 мастакоў, экспанаваны 392 творы.
    Касталянскі А. Г. — № 69. Ударная брыгада на заводзе Варашылава. Алей; № 70. Лепшы ўдарнік заводу Варашылава т. Гляйпэнгауз. Алей; № 71. Мэханічны цэх завода Варашылава. Эцюд. Алей; № 72. На будоўле. Эцюд. Алей; № 73. Калгасны базар. Эдюд. Алей; № 74. Стары Менск. Эцюд. Алей.[38][39][40][41]
  • 1933 — Менск. Перасоўная выстава беларускіх мастакоў. Адкрыта ў кастрычніку 1933 г. у буйных працоўных цэнтрах, калгасах і саўгасах Беларусі. Арганізавана Саюзам савецкіх мастакоў БССР. На выставе прадстаўлены жывапіс, графіка і скульптура.[42][43][44]
  • 1934 — Менск. «Мастакі БССР за 15 гадоў». Юбілейная мастацкая выстава. Адкрыта 14 лютага 1934 г. у Менску, у памяшканьні Дома селяніна. На выставе прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, самадзейнае мастацтва, афармленьне вуліц, плошчаў і будынкаў да сьвят. Удзельнічала каля 60 мастакоў зь Менска, Віцебска, Гомеля, Масквы[45][46][47][48][44].
  • 2013 — Менск. Выстаўка «Родам зь мястэчка» была адкрыта ў Нацыянальным мастацкім музэі з 24 жніўня да 30 верасьня. Экспазыцыя была прысьвечана юбілейным датам знакамітых ураджэнцаў Беларусі, вядомых палітычных дзеячаў Ізраілю — 90-годзьдзю прэзыдэнта Ізраіля Шымона Перэса й сьвяткаваньню 100-годзьдзя з дня нараджэньня прэм’ер-міністра краіны Менахема Бэгіна.

Былі прадстаўлена 50 твораў жывапісу й графікі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музэя. Самыя раньнія творы Ізраіля Крупеня й Іўе Дашкевіча. Далей, акрамя Майсея Сьляпяна, належнае месца займаюць і творы іншых знакамітых «акадэмістаў»: Юдэля Пэна, Янкеля Кругера, Льва Альпяровіча. Пэрыяд 1920—1930-х гг. прадстаўлены творамі Абрама Бразэра, Меера Аксэльрода, Арона Касьцялянскага, Монаса Манасзона, Саламона Юдовіна, Льва Зэвіна, Ісаака Мільчына й Ільлі Эйдэльмана. Пасьляваенны пэрыяд прадстаўлены жывапісам Ізраіля Басава, Натана Воранава, Абрама Заборава, Ісаака Бароўскага, Барыса Няпомняшчага[49][50][51].

Remove ads

Бібліяграфія

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads