Багуславец
вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Багусла́вец (з 24 чэрвеня 1977 году, г. зн. праз 200 гадоў па заснаваньні паселішча, — Грачы́хіна[2][b]) — вёска ў Беларусі, у міжрэччы Тур’і і доплыву Віці Рабца, пакуль апошні не ператварыўся ў балота. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіцца за 15 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікі.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае


Найранейшая пісьмовая зьвестка пра мястэчка Багуславец у добрах пана Багуслава Аскеркі, харунжага мазырскага, сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. У візытацыі, выкананай 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, удакладнена, што nowozaprowadzone (новазаснаванае) мястэчка Багуславец мела 6 двароў[3]. Згаданая villa Bogusławiec таксама ў лацінамоўных мэтрычных кнігах Юравіцкага касьцёлу ў сувязі з хростам у верасьні 1789 году дзяцей сужэнства Мацея, ротмістра Віленскага ваяводзтва, і Катарыны з Прыбыткоўскіх Кулешаў. Цікава, што кумамі выступілі Караль Прозар, вялікі абозны літоўскі, і Марыяна Аскерчанка, Фларэнцы Аскерка (сын Багуслава), уладальнік маёнткаў Барысаўшчына і Новы Двор, да якога належаў Багуславец, і Людвіка з князёў Шуйскіх Прозар, уладальніца маёнткаў Хвойнікі і Астраглядавічы. Але ў першым з двух запісаў вікарыя Юравіцкага канвэнту ордэна братоў прапаведнікаў (дамініканаў) Яна Казіцкага сказана, што нараджэньне і хрост немаўляці ех аqua алексіцкім уніяцкім сьвятаром Яанам Транцэвічам адбыліся яшчэ 6 красавіка 1787 году[4]. На 1792 год тут згаданая капліца Юравіцкага парафіяльнага касьцёлу[5].
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Багуславец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе адміністрацыйна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні[6]. На 1796 год у валоданьні мазырскага земскага судзьдзі Фларыяна Аскеркі былі «сельцо Алексичи и двор, местечко Богуслав, село Борисовщина, деревня Туновщизна»; працягвала існаваць і капліца Юравіцкай каталіцкай парафіі[7].

Далей у розных крыніцах пад такой назвай выступалі мястэчка, у якім у 1834 годзе зь пяці двароў, у якіх жылі 14 мужчын і 15 жанчын, тры належалі рамесьнікам: кавалю, медніку і токару[8], засьценак, калі былую фальваркавую зямлю памерам у валоку, раней трыманую Кулешамі, паны Аскеркі яшчэ да 1811 году падаравалі дзьвюм шляхецкім сем’ям — Бялецкім і Харэўскім[9], і вёска (пасьля таго як мястэчка ня спраўдзілася) у маёнтку Новы Двор. Сам маёнтак пасьлядоўна належаў панам Аскеркам, Вінчам, Сушчынскім.
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 24 жыхары вёскі Багуславец абодвух полаў былі прыхаджанамі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай царквы, а 10 жыхароў мястэчка альбо засьценку Багуславец зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[10].
У парэформавы пэрыяд засьценак (на 1866 год — 4 двары, 12 жыхароў, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[11]), паводле сьпісаў землеўладальнікаў Менскай губэрні 1889, 1911 гадоў, быў уласнасьцю мяшчанаў Галубовічаў[12], што паходзілі зь ліку «разабранай» шляхты. У вёсцы жылі малазямельныя і безьзямельныя сяляне, якія працавалі ў Новым Двары. Паселішча месьцілася ў Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павета Менскай губэрні.
Паводле перапісу 1897 году, налічвалася 10 двароў, 55 жыхароў[1]. На 1909 год 14 двароў з 47 жыхарамі[13].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Багуславец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР[14]. Тым часам Багуславец у складзе Юравіцкай воласьці ўлучылі ў часова створаную 15 чэрвеня Палескую губэрню з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Ўкраінскай Дзяржавы»[15] гетмана Паўла Скарападзкага.

1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
8 сьнежня 1926 году Рэчыцкі павет быў вернуты БССР. На 1927 год у Багуслаўцы налічвалася 28 двароў 136 жыхароў[16]. У 1930 годзе тут ужо 23 двары, 109 жыхароў. У 1931 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас.
За часамі Другой сусьветнай вайны ў лістападзе 1943 году прыкладна за тры-чатыры кіламетры ад Багуслаўцу, у баі каля паваротаў на Тунеўшчыну і Глінішча, загінуў будучы Герой Савецкага Саюза старшына Мікіта Грачыхін. 28 вяскоўцаў не вярнуліся з франтоў. Паводле перапісу 1959 году, у паселішчы 176 жыхароў. У складзе калгасу «Бальшавіцкая перамога» з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Княжыца[c].
11 чэрвеня 1977 году[17] вёска Багуславец, а раней фальварак, названы ў гонар даўняга ўладальніка маёнткаў Алексічы і Вадовічы пана Багуслава Леапольда Аскеркі, харунжага мазырскага, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету БССР была перайменаваная ў Грачыхіна[d].
Remove ads
Насельніцтва
- 2021 год — 11 гаспадарак, 24 жыхары[18]
Забудова
Плян Багуслаўца складаецца з простай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[19].
Заўвагі
- Не ў XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
- Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапаніміі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі Беларусі (расейскага этнацыду беларусаў)
- У С. В. Марцэлева названая Слабажанка, хоць перайменаваньне здарылася толькі ў 1964 годзе[1].
- Адбылося гэта амаль праз трыццаць чатыры гады пасьля пагібелі М. А. Грачыхіна. Раней імя гераічнага старшыны нададзена вуліцы ў вёсцы Тунеўшчына; да таго ж на ёй і пры павароце да вёскі з трасы Хвойнікі – Юравічы (Каленкавічы, Мазыр) усталяваныя абэліскі. Ці ёсьць іншыя прыклады падобнага гіпэрушанаваньня памяці аднаго чалавека ў сельскай мясцовасьці?!
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads