Белпошта

дзяржаўны пастаўнік паштовых паслугаў у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Белпошта
Remove ads

«Белпо́шта» — беларускае дзяржаўнае прадпрыемства паштовай сувязі, утворанае ў верасьні 1995 году.

Хуткія факты Тып, Дэвіз ...

Займае паноўнае становішча на рынку паштовых паслуг краіны[3]. На 2010 год улучала 6 абласных падразьдзяленьняў, вузлы паштовай сувязі ў 117 раённых цэнтрах з 118 і 3744 аддзяленьні, амаль 3000 зь якіх знаходзіліся ў вёсках. Між імі курсавалі каля 1300 міжабласных, міжраённых і ўнутрыгарадзкіх паштовых самаходаў. Агульная колькасьць працаўнікоў складала каля 30 тысячаў чалавек[4]. Штогод дастаўляе каля 300 мільёнаў лістоў[5]. На 2011 год штодзень перасылала 650 тыс. лістоў і 10 тыс. пасылак, прымала 500 тыс. плацяжоў і 23,5 тыс. грашовых пераводаў, распаўсюджвала 1,2 млн асобнікаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі[6]. На 2012 год дзель справавой перапіскі ў адпраўленьнях складала 2/3[7].

Remove ads

Паслугі

Thumb
Тэрмінал чаргі ў аддзяленьні «Белпошты» з інтэрфэйсам на беларускай мове (2025 год)

Прадпрыемства ажыцьцяўляе прыём, апрацоўку, перавозку, дастаўку і ўручэньне ўнутрыкраёвых і міжнародных адпраўленьняў паштовак, лістоў, бандэроляў, пасылак, пакетаў і мяшкоў з друкаванымі выданьнямі, у тым ліку з паведамленьнем аб уручэньні і аплачаным адказам. Таксама ажыцьцяўляецца продаж і гашэньне знакаў паштовай аплаты, продаж міжнародных адказных купонаў і пасылачных скрыняў, прыём падпіскі, дастаўка пэрыядычных выданьняў і пэнсіяў, пераадрасаваньне выпісаных выданьняў, паштовая рэкляма і лічбавая сувязь (сеціўны гандаль, тэлеграма, тэлефанаваньне, факс, электронная пошта). Суправаджальныя паслугі ўлучаюць упакоўваньне, аздабленьне і захоўваньне адпраўленьняў, праверку складу пасылкі паводле вопісу, захоўваньне даверанасьцяў на атрыманьне адпраўленьняў, запаўненьне адраса і вопіса да адпраўленьня, пісьмовае паведамленьне аб зьмене адраса, захоўваньні, дасылцы і вяртаньні адпраўленьня, рамонт і даваньне ў карыстаньне паштовых скрыняў.

Remove ads

Гісторыя

Thumb
Паштовая скрыня «Белпошты»

20 верасьня 1995 году стварылі дзяржаўнае аб’яднаньне «Белпошта»[8]. У 1996 годзе ўкаранілі дастаўку факсімільных паведамленьняў з пунктаў Бюрофакс, а таксама паштовую рэкляму, ксэракапіяваньне і продаж газэтаў праз паштовыя аддзяленьні. У 1997 годзе ўвялі дастаўку кветак і падарункаў. У 1998 годзе ўкаранілі навагодняе віншаваньне. У 1999 годзе пашырылі страхаваньне праз аддзяленьні. У 2000 годзе пачалі ўжываньне пісьмовай карэспандэнцыі першай клясы і камэрцыйнай карэспандэнцыі з аплачаным адказам. Пачалася распрацоўка электроннага гандлю ў Сеціве[9].

У 2001 годзе сталі аказваць банкаўскія паслугі ў паселішчах, дзе адсутнічалі аддзяленьні «Беларусбанку». У 2002-м пачалі прадаваць блянкі строгай справаздачнасьці прадпрыемстваў Беларусі. У 2003 годзе наладзілі электронныя грашовыя пераводы па Беларусі і ўкаранілі прыём электроннай аплаты сотавай сувязі. 15 сьнежня 2003 году зацьвердзілі Закон Беларусі «Аб паштовай сувязі», што вызначыў «Белпошту» ў якасьці краёвага пастаўніка паштовых паслугаў. У студзені 2004 году раённыя вузлы паштовай сувязі перайшлі на безбалянсавы бухгальтарскі ўлік. 7 ліпеня 2004 году міністар сувязі Беларусі Ўладзімер Ганчарэнка падпісаў Загад № 190, якім даччыныя прадпрыемствы «Белпошты» пераўтварылі ў філіі, якімі былі Берасьцейская, Віцебская, Гарадзенская, Гомельская, Магілёўская і Менская, аўтабаза і вузел спэцыяльнай сувязі. 1 жніўня 2004 году «Белпошту» пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства. У філіях і раённых вузлах паштовай сувязі ўвялі адзінае апраграмаваньне, што дазволіла аўтаматызаваць разьлік заробкаў і ўлік паказьнікаў, а таксама скласьці адзіны плян рахункаў і бухгальтарскія праводкі. Прадпрыемства стала ўпаўнаважаным прадаўцом сотавых паслугаў ад пастаўнікоў «Мабільныя тэлесыстэмы», «Вэлком» і «Белсел». Адкрылі абмен міжнароднымі грашовымі пераводамі і наладзілі абслугоўваньне па банкаўскіх картках. Пачалі пастаянны нагляд за якасьцю міжнароднай службы сумесна зь Міжнародным бюро Сусьветнага паштовага зьвязу (Швайцарыя). У 2005 годзе стварылі сетку аплатна-даведкавых тэрміналаў. Распрацавалі сеткавае апраграмаваньне для паштовых касавых тэрміналаў, што дазволіла аплачваць жыльлёвыя паслугі, электраэнэргію, тэлефонную стацыянарную і сотавую сувязь у паштовым аддзяленьні. Распрацавалі фірмовую ўпакоўку з гофракардону, што дазволіла ўпакоўваць паштовыя адпраўленьні без сургучу і шпагату[9].

У 2006 годзе распрацавалі імгненную інтэрнэт-аплату. У 2006 годзе раённыя цэнтры падлучылі да сеткі імгненнай аплаты паслугаў. Пачалі дастаўку замежных пасылак на дом, а таксама ўручэньне пошты ў офісе паводле заяўкі адпраўніка. У 2007 годзе ў паштовых аддзяленьнях увялі афармленьне пазыкаў ад «Белгазпрамбанку» і «Прыёрбанку». Таксама ўкаранілі ўручэньне гібрыднай пошты. Стварылі сетку сачэньня за паштовымі адпраўленьнямі празь Сеціва. У 2008 годзе скончылі аўтаматызацыю паштовых аддзяленьняў. «Белпошта» стала паўнапраўных сябрам аб'яднаньня «Пошта Эўропы» (Бэльгія). У 2009 годзе ўтварылі сетку перасоўных паштовых аддзяленьняў на самаходах для вёсак. Па маршрутах паштовай сеткі ў Беларусі хадзіла каля 1300 самаходаў. У 2009 годзе «Белпошта» атрымала ўзнагароду «Залатая літара» у намінацыі «Распаўсюджваньне друку». У 2010 годзе ўвялі каталёжны гандаль таварамі беларускіх вытворцаў[9]. На 2010 год прадпрыемства налічвала 30 тыс. супрацоўнікаў.

У 2011 року Белпошта прызнана Сусьветным паштовым саюзам адной з найлепшых паштовых службаў у сьвеце па ўзроўні разьвіцьця паштовых паслуг, заняўшы другое месца. У 2012 годзе прадпрыемствам прапанавалі абслугоўваньне ў цэнтрах «Бізнэс-пошта». Укаранілі ўручэньне газэтаў і лістоў паштовым кур’ерам у пазначаны час у дзень прыёму заяўкі. У 2013 годзе закупілі лістасартавальную машыну, каб сартаваць лісты да даставачнага ўчастка. Таксама ўвялі паслугу кароткага паведамленьня адпраўніку ў дзень атрыманьня ліста адрасатам. Сярод іншага, увялі перасылку буйнагабарытных адпраўленьняў для прадпрыемстваў. Укаранілі правядзеньне апытаньняў паштальёнамі. У 2013 годзе «Белпошта» атрымала залаты мэдаль на Сусьветнай выставе паштовых марак у Тайляндзе за «Каталёг паштовых марак Рэспублікі Беларусь. 2008-2012». У 2014 годзе пашырылі атрыманьне пэнсіі на ўсе аддзяленьні. Увялі доступ да Агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы (ААІС). Укаранілі перасылку дамовы і накладной з афармленьнем і вяртаньнем падпісанымі. Таксама ўвялі абанэмэнт «Паштовы кур’ер кожны дзень» для прадпрыемстваў. У 2015 годзе на ўчастку авіяпошты пры лётнішчы «Менск» адчынілі міжнародны паштовы абмен. Стварылі інтэрнэт-краму беларускіх тавараў з дастаўкай паводле месцазнаходжаньня. Узьнікла магчымасьць аплачанай дастаўкі ўвечары. У Менскім паштамце ўсталявалі першую прыладу самаафармленьня лістоў. Пры лётнішчы «Менск» адчынілі склад міжнароднай пошты. У Беларусі дзейнічала 949 аплатна-даведкавых тэрміналаў (АДТ), зь іх 186 у Менску, якія дазвалялі аплачваць паслугі гатоўкай і банкаўскай карткай. Вэб-бачына «Белпошты» дазваляла падпісацца на газэты анлайн і выклікаць паштовага кур’ера на дом[10].

У 2016 годзе адчынілі 5 гарадзкіх і адно сельскае паштовае аддзяленьне, а таксама 4 гарадзкія паштовы пункты. У паштовых аддзяленьнях усталявалі 41 прыладу самаадпраўкі заказных пасылак вагой да 2-х кг па Беларусі. Укаранілі дастаўку кур’ерам тавараў вагой да 7 кг па абласных цэнтрах за 3 гадзіны. Таксама ўвялі бесканвэртнае адпраўленьне і бязадрасную рассылку рэклямы на пэўнай вуліцы або ў пэўным квартале. Пачалі дастаўляць тавары поштай сумесна зь беларускімі інтэрнэт-крамамі. Уласная інтэрнэт-крама прадавала тавары ад 210 мясцовых вытворцаў. Таксама адкрылі абмен тэрміновымі грашовымі пераводамі з «Укрпоштай». Увялі грашовы перавод між аплатнымі карткамі «Майстаркард» і «Маэстра» ад банкаў Беларусі. У 2017 годзе ўкаранілі дастаўку пакупак на дом з крамаў паштовымі кур’ерамі па Беларусі. Уласная інтэрнэт-крама пашырыла замовы на Казахстан, Расею і Ўкраіну. У 2018 годзе адчынілі 3 гарадзкія і перасоўнае паштовае аддзяленьне, па гарадзкім і сельскім паштовым пункце, а таксама падразьдзяленьне «Бізнэс-пошта». Увялі 20 кругласодневых паштаматаў для міжнародных адпраўленьняў. У аддзяленьнях усталявалі 24 тэрміналы электроннай чаргі. Таксама ўвялі аплату жыльлёвых паслугаў па кодзе хуткага адказу (ХА-код). Замовы ва ўласнай інтэрнэт-краме пышырылі на тавары ад 285 беларускіх вытворцаў зь іх афармленьнем з ЗША, 8 краінаў Эўразьвязу і 4-х краінаў Азіі. У 34-х аддзяленьнях адчынілі кабінкі для прымеркі замоўленых тавараў. Сярод іншага, падпісалі пагадненьні аб паветранай перавозцы пошты з «Каралеўскім лётніцкім таварыствам» (Нідэрлянды) і «Паштовымі лініямі» (Расея), а таксама пратаколы аб супрацы ў складзкой справе з «Брэмінай груп» (Ворша) і «Яндэкс Маркетам» (Расея). У 2019 годзе адчынілі 2 гарадзкія і сельскае паштовае аддзяленьне, а таксама 2 паштовыя пункты і адно бізнэс-падразьдзяленьне. У 2019 годзе замовы ва ўласнай інтэрнэт-краме пашырылі на Канаду, Эгіпет, на 7 краінаў Азіі, у тым ліку на Індыю і Кітай, а таксама на 9 краінаў Эўропы. На 2019 год «Белпошта» дастаўляла тавары з 7900 інтэрнэт-крамаў. У Маладэчанскім і Мядзельскім раёнах увялі прыём заявак ад вяскоўцаў на лекі ад «Менскай Фармацыі». У Аршанскім раёне паштальёнаў аснасьцілі мабільнымі прыладамі для аказаньня паштовых паслугаў на даму анлайн. У паштовых аддзяленьнях пачалі адкрываць укладныя рахункі ў «Беларусбанку», афармляць аплатныя карткі і выдаваць пазыкі на картку[10].

11 чэрвеня 2020 году запрацавала паштовае аддзяленьне ў індустрыяльным парку «Вялікі Камень» (Смалявіцкі раён). 17 чэрвеня ў Астрашыцкім Гарадку (Менскі раён) адчынілі дзіцячы аздараўленчы летнік «Сяброўства» каля вадасховішча Вяча. 3 студзеня 2021 году запрацавала Нацыянальная паштовая электронная сыстэма (НПЭС) для электроннага ліставаньня. 10 чэрвеня 2021 году заключылі пагадненьне аб дастаўцы тавараў з расейскай інтэрнэт-крамы «Азон». У лютым 2024 году мабільны дастасунак «Белпошты» пад «Андроід» і «айОС» займеў магчымасьць анлайн-афармленьня пасылак[11].

Кіраўнікі

  1. Васіль Бакаеў (4—22 сьнежня 1995)
  2. Георгі Ігнатовіч (3 студзеня 1996 — 2 студзеня 2003)
  3. Аляксандар Худалей (13 студзеня 2003 — 21 ліпеня 2005)
  4. Аляксандра Чарняк (8 лістапада 2005 — 3 сакавіка 2009)
  5. Юры Комар (9 сакавіка 2009 — 31 жніўня 2011)
  6. Ірына Саксонава (1 верасьня 2011 — 30 жніўня 2016)
  7. Уладзімер Матусевіч (19 сьнежня 2016 — 21 жніўня 2019)
  8. Сьвятлана Юркевіч (ад 16 верасьня 2019 году)[12]
Remove ads

Крыніцы

Глядзіце таксама

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads