Група дваццаці
Штогадовая міжнародная нарада з удзелам урадаў 19 найбольшых дзяржаваў і Эўрапейскага Зьвязу, заснаваная ў сьнежні 1999 году. From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Гру́па дваццаці́»[2] («Вялікая дваццатка», «В20»[3], анг. G20) — штогадовая міжнародная нарада з удзелам урадаў 19 найбольшых дзяржаваў і Эўрапейскага Зьвязу, заснаваная ў сьнежні 1999 году. 19-ю дзяржавамі-ўдзельніцамі «Групы дваццаці» зьяўляюцца:
- 7 дзяржаваў Азіі — Інданэзія, Індыя, Кітай, Паўднёвая Карэя, Саудаўская Арабія, Турэччына і Японія;
- 1 дзяржава Акіяніі — Аўстралія;
- 1 дзяржава Афрыкі — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка;
- 2 дзяржавы Паўднёвай Амэрыкі — Аргентына і Бразылія;
- 3 дзяржавы Паўночнай Амэрыкі — ЗША, Канада і Мэксыка;
- 5 дзяржаваў Эўропы — Вялікабрытанія, Італія, Нямеччына, Расея і Францыя[4].
Урад-старшыня «Групы дваццаці» праводзіць нараду ў сваёй дзяржаве, вызначае парадак дня нарады і зьмяняецца штогод. Пагатоў урад-старшыня супрацоўнічае ў тройцы з папярэдім і наступным урадамі-старшынямі для забесьпячэньня пераемнасьці і згоды між удзельнікамі. Таксама да ўдзелу запрашаюць прадстаўнікоў прынамсі 3-х міжнародных арганізацыяў: Арганізацыя аб’яднаных нацыяў (Нью-Ёрк, ЗША), Міжнародны валютны фонд (Вашынгтон, ЗША) і Сусьветны банк (Вашынгтон). Цягам году праходзіць звыш 50 сустрэчаў (штотыдзень па сустрэчы) міністраў скарбу, амбасадараў па адмысловых даручэньнях, старшыняў галоўных банкаў і кіраўнікоў 19 дзяржаваў і Эўрапейскага Зьвязу. Пры канцы адбываецца сход кіраўнікоў дзяржаваў, якія зацьвярджаюць супольную дэклярацыю аб палітыцы на год. Праца нарады падзяляецца на 2 складнікі:
- сустрэчы міністраў скарбу, старшыняў галоўных банкаў і іх намесьнікаў наконт 7 справаў — 1) грашовай палітыкі, 2) дзяржаўнага скарбу, 3) валютных курсаў, 4) укладаньняў у інфраструктуру, 5) фінансавага рэгуляваньня, 6) фінансавага ўключэньня, 7) міжнароднага падаткаабкладаньня;
- сустрэчы амбасадараў па адмысловых даручэньнях і адпаведных міністраў наконт 6 галіновых справаў — 1) палітычны ўдзел, 2) процідзеяньне карупцыі, 3) разьвіцьцё, 4) гандаль, 5) энэргетыка, 6) стаць[5].
Урад Гішпаніі зьяўляецца пастаянным госьцем сустрэчаў. Запрашэньне на сход кіраўнікоў дзяржаваў атрымліваюць таксама ўрады-старшыні прынамсі 2-х рэгіянальных міжнародных арганізацыяў: Афрыканскі зьвяз (Адыс-Абэба, Этыёпія) і Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі (Джакарта, Інданэзія). Таксама ўрад-старшыня «Групы дваццаці» на свой выбар запрашае прадстаўнікоў 2-х дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў[6].
Remove ads
Мінуўшчына
26 верасьня 1999 году міністры скарбу і старшыні галоўных банкаў «Групы сямі» запрасілі на першую сустрэчу «Групы дваццаці» 15-16 сьнежня ў Бэрліне (Нямеччына) сваіх калегаў з Эўрапейскага Зьвязу і 12 іншых буйных дзяржаваў: Аргентына, Аўстралія, Бразылія, Інданэзія, Індыя, Кітай, Мэксыка, Паўднёвая Афрыка, Паўднёвая Карэя, Расея, Саудаўская Арабія і Турэччына. Прычынай паслужыла патрэба ў пераадоленьні наступстваў Азіяцкага фінансавага крызісу 1997 году[1]. 15 лістапада 2008 году ў Вашынгтоне (ЗША) адбылася першая сустрэча «Групы дваццаці» на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. У 2009—2010 гадах кіраўнікі дзяржаваў «Групы дваццаці» зьбіраліся на нараду двойчы на год.
19 чэрвеня 2012 г. на сустрэчы ў Лос-Кабасе (штат Паўднёвая Ніжняя Каліфорнія, Мэксыка) «Група дваццаці» ўхваліла вылучэньне звыш $450 млрд у Міжнародны валютны фонд на пераадоленьне гаспадарчых забурэньняў[7]. У 2017 годзе на ўдзельнікаў «Групы дваццаці» прыпадала 85% сукупнага прадукту сьвету, 66% насельніцтва Зямлі, 75% міжнароднага гандлю і 80% укладаньняў у сьвеце[8].
Сьпіс нарадаў
Remove ads
Крытыка
22 чэрвеня 2010 году міністар замежных справаў Нарвэгіі Ёнас Сьцёрэ ў інтэрвію нямецкаму часопісу заявіў: «„Група дваццаці“ ёсьць самапрызначанай групай. … Мы больш не жывем у XIX стагодзьдзі, калі вялікія дзяржавы сустракаліся і перакройвалі мапу сьвету. Нікому не патрэбны новы Венскі кангрэс». Ёнас Сьцёрэ падкрэсьліў: «Паўднёвая Афрыка ёсьць часткай, але не прадстаўніком Афрыкі. Саудаўская Арабія ёсьць часткай, але не прадстаўніком арабскага сьвету. Тады чаму Эўрапейскі Зьвяз прадстаўлены ў дадатак да 4 асобных дзяржаваў-удзельніцаў ЭЗ і 2-х іншых у якасьці назіральнікаў? Гэта непрымальна». Таксама ён удакладніў: «Гэта будзе абазначаць далейшае паўзучае абясцэньваньне адказных сусьветных арганізацыяў, калі рашэньні прыкладам Сусьветнай арганізацыі здароўя або Сусьветнай гандлёвай арганізацыі будуць дзейсна прымацца „Г20“». Сьцёрэ заўважыў: «малая, самапрызначаная група супраць астатняга сьвету — астатніх 170 або 171 дзяржавы. У такім сьвятле „Група дваццаці“ для міжнароднай супрацы ёсьць адным з найбольшых адкатаў з часоў Другой сусьветнай вайны»[11].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads