Буэнас-Айрэс
сталіца Аргентыны From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Буэ́нас-А́йрэс (па-гішпанску: Buenos Aires; Cuidad de la Santísima Trinidad y Puerto de Nuestra Señora de Santa María de los Buenos Aires — «Горад Прысьвятое Тройцы й Порт Нашае Панны Марыі Добрых Вятроў») — сталіца й найбуйнейшы горад Аргентыны, другі па велічыні мэгаполіс у Паўднёвай Амэрыцы, пасьля Сан-Паўлу[2]. Горад разьмешчаны на заходнім беразе вусьця ракі Рыё-дэ-ля-Плята, на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы паўднёваамэрыканскага кантынэнта. Аглямэрацыя Вялікі Буэнас-Айрэс, якая таксама ўключае ў сябе некалькі раёнаў у аднайменным рэгіёне, уяўляе сабой трэцюю паводле велічыні аглямэрацыю ў Лацінскай Амэрыцы, маючы 13 млн чалавек[3].
Буэнас-Айрэс не зьяўляецца часткай правінцыі Буэнас-Айрэс, а таксама горад ня ёсьць сталіцай правінцыі, і, нават аўтаномнай акругі. У 1880 годзе, пасьля дзесяцігодзьдзяў палітычнай барацьбы, Буэнас-Айрэс быў фэдэралізаваны й выведзены з правінцыі Буэнас-Айрэс. Межы гораду былі пашыраны, дзякуючы ўключэньню ў ягоны склад гарадоў Бэльграна й Флёрэс, абодва зь якіх цяпер зьяўляюцца навакольлямі гораду. Згодна з канстытуцыйнай папраўкай ад 1994 году гораду была прадастаўлена аўтаномія, і, такім чынам, ягоная афіцыйная назва зьмянілася на аўтаномны горад Буэнас-Айрэс (гішп. Ciudad Autónoma de Buenos Aires). У 1996 годзе грамадзяне гораду ўпершыню абралі сабе кіраўніка ўраду, бо раней мэр прызначаўся непасрэдна прэзыдэнтам рэспублікі.
Буэнас-Айрэс лічыцца адным з сусьветных гарадоў, згодна з дасьледаваньнямі, які праводзіў унівэрсытэт Лафбара ў 2008 годзе[4]. Людзі з Буэнас-Айрэсу называюць сябе «porteños», што ў перакладзе з гішпанскай азначае «людзі порта»[5]. Буэнас-Айрэс зьяўляецца прывабным месцам для адпачынку турыстаў[6] і вядомы сваім эўрапейскім архітэктурным стылем і багатым культурным жыцьцём[7][8].
Remove ads
Гісторыя
Каляніяльныя часы
Гішпанскі мараплаўца Хуан Дыяс дэ Саліс быў першым эўрапейцам, які дасягнуў берагоў Рыё-дэ-ля-Плята ў 1516 годзе. Ягоная экспэдыцыя была перапыненая, калі ён быў забіты падчас нападу мясцовага племені чаруа ў месцы, дзе сёньня месьціцца Ўругвай. Буэнас-Айрэс быў заснаваны 2 лютага 1536 году пад назвай Сьюдад-дэ-Нуэстра-Сэніёра-Санта-Марыя-дэль-Буэна-Айрэ[9] (у літаральным сэнсе «Горад Маці Божай Сьвятой Марыі Добрых Вятроў») у гонар заступніцаы вострава Сардыніі, падчас гішпанскай экспэдыцыі, ачоленай Пэдрам дэ Мэндосам. Гэты пасёлак заснаваны Мэндосам знаходзіўся ў тым месцы, дзе сёньня месьціцца раён Сан-Тэльма ў Буэнас-Айрэсе, на поўдні ад цэнтру гораду. З-за нападаў карэнных народаў пасяленцы былі вымушаны бегчы й у 1541 годзе пасяленьне было спустошана. Другое й сталае пасяленьне было заснавана ў 1580 годзе Хуанам дэ Гараем, які прыбыў на ветразных караблях уніз па рацэ Парана з Асунсьёну, які цяпер зьяўляецца сталіцай Парагваю. Ён назваў пасёлак «Сантысіма Трынідад».

З самых першых дзён Буэнас-Айрэс залежыў перш за ўсё ад гандлю. На працягу большай часткі XVII і XVIII стагодзьдзяў гішпанскія караблі, якія накіроўваліся ў горад, часьцяком зьяўляліся аб’ектам нападу з боку піратаў, таму каляніяльныя ўлады распрацавалі складаную сыстэму, дзе судны разам з вайсковай падтрымкай накіроўваліся ў Цэнтральную Амэрыку, перасякаючы зямлю, падыходзілі да Лімы ў Пэру, а потым тавары праходзілі праз гарады цэнтральнай часткі віцэ-каралеўства. З-за гэтага перавозка прадукцыі займала вельмі шмат часу, пакуль яна прыбывала ў Буэнас-Айрэс, а падаткі на транспарт зрабілі іхні кошт вельмі высокім. Гэтая схема расчаравала многіх гандляроў, з-за чаго ў горадзе пачала разьвіваецца кантрабанда. Гэта таксама выклікала глыбокае абурэньне пасяленцаў да гішпанскіх уладаў[9].
Паступова гішпанскі кароль Карл III палегчыў гандлёвыя абмежаваньні й, нарэшце, уканцы XVIII стагодзьдзя Буэнас-Айрэс быў аб’яўлены адкрытым портам. Захоп Парта Бэла сіламі брытанскага флёту паказаў неабходнасьць умацаваньня Атлянтычнага маршруту, што падарвала манаполію Лімы на гандаль з Буэнас-Айрэсам. Згодна з каралеўскай пастановай ад адзінай амэрыканскай калёніі віцэ-каралеўства Пэру была аддзелены паўднёвы рэгіён, які стаў віцэ-каралеўствам Рыё-дэ-ля-Плята, са сталіцай у горадзе Буэнас-Айрэс. Тым ня менш, нягледзячы на такія дзеяньні каралеўскага ўрада, многія жыхары гораду пранікліся ідэямі францускай рэвалюцыі, становячыся яшчэ больш перакананымі ў неабходнасьці незалежнасьці ад Гішпаніі.
Вайна за незалежнасьць

Падчас брытанскага ўварваньня ў Рыё-дэ-ля-Плята брытанскія войскі атакавалі Буэнас-Айрэс два разы. У 1806 годзе брытанцы пасьпяхова высадзіліся ў Буэнас-Айрэсе, але дапаможнае гішпанскае войска, што прыйшло з Монтэвідэо, на чале з Сант’яга дэ Ліньесам здолела выгнаць агрэсараў. У кароткі пэрыяд брытанскага панаваньня віцэ-кароль Рафаэль Сабрамонтэ зьбег у Кордабу й прызначыў гэты горад у якасьці сталіцы віцэ-каралеўства. Аднак Буэнас-Айрэс зноўку стаў сталіцай пасьля свайго вызваленьня, а Сабрамонтэ быў скінуты са сваёй пасады. Сант’яга дэ Ліньес быў абраны ў якасьці новага віцэ-караля й адразу пачаў умацоўваць горад з-за магчымага новага нападу брытанцаў, які й быў зроблены ў 1807 годзе. Мілітарызацыя гораду прывяла да зьменаў у грамадзтве, што спрыяла сацыяльнаму становішчу крэолаў. Спроба гандляра Мартына дэ Альцага выдаліць Ліньеса й замяніць яго хунтай пацярпела паразу ад войскаў крэолаў. Аднак, у 1810 годзе тое ж самае войска падтрымала новую рэвалюцыйную спробу й пасьпяхова скінула новага віцэ-караля Бальтасара Ідальга дэ Сыснэраса. Гэтая падзея вядомая як Травеньская рэвалюцыя, якая ў цяперашні час адзначаецца як нацыянальнае сьвята. З гэтай падзеі пачалася аргентынская вайна за незалежнасьць, калі паўстанцкія войскі змагаліся супраць раялістаў з рознай ступеньню посьпеху. Фармальная незалежнасьць ад Гішпаніі была абвешчана ў 1816 годзе кангрэсам Тукумана. Жыхары Буэнас-Айрэсу здолелі вытрымаць барацьбу за незалежнасьць, не падпадаючы зноўку пад уладу раялістаў.

Гістарычна склалася так, што Буэнас-Айрэс быў самым лібэральным і свабодным месцам у Аргентыне, у той час як многія з правінцыяў, асабліва на паўночным захадзе, выступалі за больш кансэрватыўны каталіцкі падыход да палітычных і сацыяльных пытаньняў. Вялікая частка ўнутранай напружанасьці ў гісторыі Аргентыны XIX стагодзьдзя пачыналася з канфліктаў сталіцы й правінцыяў, якія па розных пытаньнях мелі розныя пункты гледжаньня. На працягу некалькіх месяцаў адразу ж пасьля рэвалюцыі 25 траўня ў Буэнас-Айрэсе паўстанцкі ўрад накіраваў шэраг ваенных пасланьнікаў у правінцыі з мэтай атрыманьня іхнага адабрэньня. Многія з гэтых місій скончыліся жорсткімі сутыкненьнямі, што прывяло да значнай напружанасьці ў адносінах паміж сталіцай і правінцыямі. У XIX стагодзьдзі горад быў двойчы блякаваны вайкова-марскімі сіламі — першы раз францускім флётам з 1838 па 1840 гады, а потым і сумеснай ангельска-францускай экспэдыцыяй з 1845 па 1848 гады. Абедзьве блякады ня здолелі прымусіць горад да здачы, таму замежныя дзяржавы ў канчатковым выніку спынілі агрэсіўныя дзяньні супраць гораду.
Сучаснасьць

На працягу большай часткі XIX стагодзьдзя палітычны статус гораду заставаўся нявырашанай тэмай. Горад быў сталіцай правінцыі Буэнас-Айрэс, а таксама паміж 1853 і 1860 гадамі ён быў сталіцай асобнай дзяржавы штату Буэнас-Айрэсу. Гэтае пытаньне вырашалася на полі бою, пакуль канчаткова не было вырашана ў 1880 годзе, калі гораду быў дадзены статус фэдэральнай адзінкі. Ён таксама стаў рэзыдэнцыяй ураду, а ягоны мэр з гэтага часу прызначаўся прэзыдэнтам Аргентыны.
У дадатак да багацьцяў, атрыманых дзякуючы гарадзкой мытні й выкарыстаньню ўрадлівых земляў, у горадзе разьвівалася чыгуначная сыстэма ў другой палове XIX стагодзьдзя, а таксама павялічылася колькасьць прадпрыемстваў і заводаў. Горад стаў месцам прыбыцьця шматлікіх імігрантаў з Эўропы, у прыватнасьці, з Італіі й Гішпаніі. З 1880 па 1930 гады Буэнас-Айрэс стаў шматнацыянальным горадам. Напачатку XX стагодзьдзя быў адчынены сусьветна вядомы опэрны тэатар «Калён», а горад да таго ж стаў рэгіянальным цэнтрам радыё, тэлебачаньня, кінаіндустрыі й тэатру. Асноўныя вуліцы гораду былі пабудаваныя ў тыя гады й у першыя дзесяцігодзьдзі XX стагодзьдзя Буэнас-Айрэс меў высотныя сучасныя будынкі й мэтрапалітэн. Наступны будаўнічы бум праходзіў з 1945 па 1980 гады, які значна зьмяніў цэнтар і вялікую частку гораду.
Буэнас-Айрэс таксама прыцягваў мігрантаў і з правінцыяў Аргентыны й суседніх краінаў, з-за чаго вакол прамысловых раёнаў пачалі расьці шматлікія трушчобы на працягу 1930-х гадоў, што прывяло да павелічэньня сацыяльных праблемаў і сацыяльных кантрастаў. Гэтыя працоўныя сталі палітычнай базай пашырэньня пэранізму, які ўзьнік у Буэнас-Айрэсе ў ходзе дэманстрацыяў ад 17 кастрычніка 1945 году на плошчы Пляса-дэ-Маё[10]. Аднак, 16 чэрвеня 1955 году пэраністы, знаходзячыся на гэты момант ужо ля ўлады, бамбавалі пляц, калі там зноўку праводзіліся страйкі, у выніку чаго загінула 364 грамадзянскія асобы. Праз тры месяцы пасьля таго ваенны ўрад зьмясьціў з пасады прэзыдэнта Хуана Пэрона. У 1970-х гадох горад пацярпеў ад баявых дзеяньняў паміж левымі рэвалюцыйнымі рухамі й правымі ваенізаванымі групоўкамі пры падтрымцы Ізабэлі Пэрон, якая стала прэзыдэнтам Аргентыны ў 1974 годзе пасьля сьмерці свайго мужа Хуана Пэрона. У выніку вайсковага перавароту ў сакавіку 1976 году на чале з генэралам Хорхэ Відэля ў краіне ўсталявалася жорсткая ваенная дыктатура[11].
Горад двойчы наведваў папа рымскі Ян Павал II: у 1982 годзе, калі распачалася вайна за Фолклэндзкія астравы й у 1987 годзе, у якім прыняла ўдзел значная колькасьць жыхароў гораду. Вяртаньне да дэмакратыі ў 1983 годзе супала з культурным адраджэньнем, а з 1990-х гадоў і эканамічным адраджэньнем, асабліва ў сфэры будаўніцтва й фінансавым сэктары. 17 сакавіка 1992 году ля амбасады Ізраілю выбухнула бомба, забіўшы 29 чалавек і параніўшы 242. Другі выбух быў зьдзейсьнены 18 ліпеня 1994 году, зьнішчыўшы будынак, які зьмяшчаў некалькі габрэйскіх арганізацыяў, забіўшы пры гэтым 85 чалавек і параніўшы многіх іншых. Гэтыя інцыдэнты паклалі пачатак ісламскага тэрарызму ў Паўднёвай Амэрыцы.
Пасьля пагадненьня 1993 году ў аргентынскую канстытуцыю былі ўнесены папраўкі, які надавалі Буэнас-Айрэсу статус аўтаноміі й скасоўвалі, сярод іншага, права прэзыдэнта на прызначэньне мэра гораду. 30 чэрвеня 1996 году выбаршчыкі Буэнас-Айрэсу абралі свайго першага мэра.
XXI стагодзьдзе

У 1996 годзе, пасьля рэформы канстытуцыі Аргентыны ў 1994 годзе, у горадзе прайшлі першыя выбары мэра ў адпаведнасьці з новымі законамі. Пераможцам і першым мэрам, такім чынам, стаў Фэрнанда дэ ля Руа, які пазьней займаў пасаду прэзыдэнта Аргентыны з 1999 па 2001 гады.
Пераемнік дэ ля Руа, Анібаль Ібара, двойчы перамог на ўсеагульных выбарах, але быў зьняты з пасады 6 сакавіка 2006 году ў выніку пажару ў начным клюбе «República Cromagnon». Тым часам пасаду заняў Хорхэ Тэлерман, які выконваў абавязкі мэра. На выбарах 2007 году Маўрысіё Макры з партыі Рэспубліканская прапанова перамог у другім туры галасаваньня й заняў пасаду галавы Буэнас-Айрэсу 9 сьнежня 2007 году. У 2011 годзе Макры пераабраны на пасаду кіраўніка гораду, а намесьніцай мэра стала Марыя Эўхэнія Відаль.
Выбары 2015 году сталі першымі, на якіх у горадзе выкарыстоўвалася электронная сыстэма галасаваньня, падобная да той, што выкарыстоўваецца ў правінцыі Сальта. На гэтых выбарах, якія адбыліся 5 ліпеня 2015 году, Макры ня браў удзел, бо пастанавіў сабе высоўвацца на пасаду прэзыдэнта, а ягонае месца ў якасьці кандыдата на пасаду мэра ад партыі заняў Арасіё Радрыгес Лярэта, які ў выніку ў другім туры быў абраны на пасаду. 5 сьнежня 2023 году Хорхэ Макры быў прыведзены да прысягі ў якасьці новага мэра места[12].
Remove ads
Геаграфія
Буэнас-Айрэс разьмяшчаецца на адлегласьці 275 км ад Атлянтычнага акіяна ў добра абароненай бухце заліва Ля-Плята, на левым беразе ракі Матанца-Рыачуэлё. Сталіца знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Аргентыны, на раўніннай мясцовасьці, у субтрапічным прыродным поясе з субтрапічным мусонным кліматам. Натуральная расьліннасьць навакольляў гораду прадстаўлена тыповымі для лугавых стэпаў і саванаў пародамі дрэваў і травы. У склад вялікага Буэнас-Айрэсу ўваходзяць 18 прадмесьцяў, агульная плошча складае 3646 км².
Буэнас-Айрэс знаходзіцца ў рэгіёне пампасы, якія ўваходзяць у экалягічны запаведнік Буэнас-Айрэсу. З горадам суседнічаюць аэрапорт імя Хорхэ Нэйбэры, які быў пабудаваны на мэліяраваных землях уздоўж узьбярэжжа Ля-Плята — эстуарыя, утворанага пры зьліцьці рэк Уругвай і Парана[13].
У гэты рэгіён уваходзяць розныя землі й лягуны. У іхны лік уваходзяць Мальданада, Вэга, Мэдрана, Кільданьес і Ўайт. У 1908 годзе пачаліся працы па зьмене рэчышчаў дробных рэк з мэтай выправіць сытуацыю са штогадовымі паводкамі гораду. Ужо ў 1919 годзе кірунак плыні большасьці рэк быў зьменены. Характэрна, што на месцы ракі Мальданада ў 1954 годзе была пабудавана вуліца.
Клімат
Буэнас-Айрэс мае вільготны субтрапічны клімат з чатырма выразна выяўленымі сэзонамі й сярэдняй гадавой тэмпэратура 17,7 °C. Самым цёплым месяцам зьяўляецца студзень пры сярэднядзённай 25,1 °C. Вялікую частку часу тэмпэратура вагаецца ў межах 28—31 °C удзень і 16—21 °C ноччу. Цеплавыя хвалі з Бразыліі могуць павысіць тэмпэратуру вышэй за 35 °C. Горад падлягае халодным франтам, якія прыносяць кароткія пэрыяды прыемнага надвор’я, асабліва сьвежымі начамі. Адносная вільготнасьць зьяўляецца ўмерана высокай (64—70%) у летні пэрыяд. Самая высокая тэмпэратура за ўсю гісторыю склала 43,3 °C, яна была зафіксавана 29 студзеня 1957 году[14]. Вясна (зь верасьня па лістапад) й восень (з сакавіка па травень), як правіла, зьяўляюцца мяккімі, зь сярэднімі тэмпэратурамі каля 17 °C і частымі навальніцамі, асабліва ў пэрыяд вясны.
Зіма мерная, аднак у прадмесьцях часьцяком назіраецца мароз з траўня па верасень у адрозьненьне ад цэнтру Буэнас-Айрэсу, дзе мароз бывае толькі некалькі разоў на сэзон. Адносная вільготнасьць паветра складае ў сярэднім 70%, што азначае, што горад схілены да існаваньня цяжкіх туманаў у асеньне-зімовы пэрыяд[15]. Ліпень зьяўляецца самым халодным месяцам, зь сярэдняй тэмпэратурай 10,9 °C. Халодныя франты, якія прыходзяць з Антарктыды назіраюцца амаль кожны год, і ў спалучэньні з высокай вільготнасьцю зімой, мароз адчуваецца нашмат халадней. Горад атрымлівае каля 1242,6 мм ападкаў на год. Дажджы назіраюцца ў любы час году, а град не зьяўляюцца чымсьці незвычайным.
Remove ads
Агульныя зьвесткі
Фінансавы, гандлёвы, навуковы й культурны цэнтар краю. Мае НДІ, бібліятэкі, 3 унівэрсытэты (найстарэйшы быў заснаваны ў 1821 годзе). На поўначы й захадзе трушчобы, у якіх жыве каля 800 тысячаў чалавек. Таксама ў горадзе ёсьць музэі, мастацкія галерэі, самы вялікі тэатар сьвету El Teatro Colón (каля 3,5 тысячы месцаў).

Дэмаграфія
Паводле перапісу насельніцтва 2010 году, у горадзе пражывала 2 891 082 чалавекі[17]. Насельніцтва Вялікага Буэнас-Айрэсу, паводле зьвестак з таго ж перапісу насельніцтва, складала 13 147 638 чалавек[18]. Шчыльнасьць насельніцтва ў Буэнас-Айрэсе складала 13 680 жыхароў на квадратны кілямэтар, але ў прадмесьцях гэты паказьнік значна меншы, маючы блізу 2400/км²[19].

Насельніцтва места з 1947 году зьнізілася з блізу 3 мільёнаў чалавек празь нізкую нараджальнасьць і павольную міграцыю ў прадмесьці. Аднак з таго часу колькасьць насельніцтва навакольных раёнаў павялічылася больш чым у пяць разоў, то бок прыблізна да 10 мільёнаў[17]. Перапіс насельніцтва 2001 году выявіў адносна старое насельніцтва, бо толькі 17% жыхароў былі маладзейшыя за пятнаццаць гадоў і 22% старэйшыя за шэсьцьдзясят гадоў, што робіць узроставую структуру насельніцтва аргентынскай сталіцы падобнай да большасьці эўрапейскіх гарадоў. Таксама горад паводле гэтай статыстыкі больш старэйшы за астатнюю частку краіны[20]. Дзьве траціны жыхароў гораду жывуць у шматкватэрных дамах ды 30% маюць аднасямейныя дамы[21]. Калі вымяраць узровень беднасьці ў горадзе паводле прыбыткаў, тады ў 2007 годзе ўзровень беднасьці ў горадзе складаў 8,4%, а разам з мэтраполіяй — 20,6%[22]. Іншыя дасьледаваньні выявілі, што 4 мільёны чалавек у Вялікім Буэнас-Айрэсе жывуць у беднасьці[23].
У 2001 годзе 1,2 мільёнаў жыхароў гораду былі занятыя ў сфэры паслуг, асабліва ў сацыяльных службах (25%), гандлі й турызьме (20%), а таксама ў сфэрах бізнэс- і фінансавых паслугаў (17%). Не зважаючы на тое, што места грае ролю сталіцы Аргентыны, у дзяржаўным кіраваньні працавала толькі 6% насельніцтва. У вытворчасьці па-ранейшаму было занятае 10%[21].
Этнічная прыналежнасьць

Большасьць жыхароў места маюць эўрапейскае паходжаньне, пераважна з андалюзійскага, галісійскага, астурыйскага й басконскага рэгіёнаў Гішпаніі, а таксама італьянскіх рэгіёнаў Калябрыя, Лігурыя, П’емонт, Лямбардыя, Сыцылія й Кампанія[24]. Неабмежаваныя хвалі эўрапейскіх імігрантаў у Аргентыну, якія пачаліся ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя, значна павялічылі насельніцтва краіны, нават прывялі да таго, што колькасьць жыхароў патроілася паміж 1887 і 1915 гадамі, то бок з 500 тысяч да 1,5 мільёнаў чалавек[25].
Сярод іншых значных эўрапейскіх групаў вылучаюцца жыхары з францускім, партугальскім, нямецкім, ірляндзкім, нарвэскім, польскім, швэдзкім, грэкім, чэскім, альбанскім, харвацкім, славенскім, нідэрляндзкім ды іншымі паходжаньнем. У 1980-х і 1990-х гадах адбылася невялікая хваля іміграцыі з Румыніі і Ўкраіны[26]. Габрэйская суполка ў Вялікім Буэнас-Айрэсе налічвае блізу 250 тысяч чалавек і ёсьць найбуйнейшай у краіне. Горад таксама займае восьмае месца ў сьвеце паводле колькасьці габрэяў[27]. Большасьць зь іх маюць паўночнае, заходняе, цэнтральнае й усходнеэўрапейскае ашкенаскае паходжаньне поруч з значнай сэфардзкай меншасьцю, якая перадусім прадстаўленыя сырыйскімі й лібанскімі габрэямі[28].
Большая частка ўсходнеазіяцкай іміграцыі ў Буэнас-Айрэс паходзіць з Кітаю. Кітайская іміграцыя ёсьць чацьвертай паводле велічыні ў краіне, прычым пераважная большасьць зь іх жыве ў Буэнас-Айрэсе й ягоным сталічным рэгіёне[29]. У 1980-х гадах большасьць зь іх паходзіла з Тайваню, але з 1990-х гадоў большасьць кітайцаў прыбывае ў краіну з мацерыковай часткі[29]. Мацярыковыя кітайцы, якія прыехалі з Фуцзяня, у асноўным адкрывалі супэрмаркеты ва ўсім горадзе й прадмесьцях. Японскія імігранты перадусім паходзяць з прэфэктуры Акінава. Карэйская іміграцыя пачалася пасьля падзелу Карэі. Яны пераважна селяцца ў Флёрэсе й Онсэ[30]. Паводле перапісу насельніцтва 2010 году, у горадзе 15 764 чалавекі назвалі сябе афрааргентынцамі[31].
Рэлігія

На пачатку ХХ стагодзьдзя Буэнас-Айрэс быў другім паводле велічыні каталіцкім горадам у сьвеце пасьля Парыжу[32][33]. Хрысьціянства дагэтуль ёсьць найбольш распаўсюджанай рэлігіяй у горадзе[34]. Апытаньне CONICET 2019 году аб рэлігійных перакананьнях і поглядах выявіла, што жыхары сталічнай аглямэрацыі падзяляліся на каталікоў (56,4%), былі нерэлігійнымі (26,2%) ці пратэстантамі (15%)[34]. У Буэнас-Айрэсе таксама пражывае найбуйнейшая юдэйская суполка ў Лацінскай Амэрыцы й другая паводле велічыні ў Заходнім паўшар’і пасьля ЗША[35][36]. Гэтая супольнасьць гістарычна характарызавалася высокім узроўнем арганізаванасьці й уплывам на культурную гісторыю гораду[37].
Буэнас-Айрэс ёсьць рэзыдэнцыяй рымска-каталіцкага мітрапаліта. Адзін з былых мітрапалітаў кардынал Хорхэ Бэргольлё 13 сакавіка 2013 году быў абраны на пасад папы пад імём Францішка. У горадзе таксама жывуць праваслаўныя, усходнія католікі, будысты й розныя іншыя рэлігійныя меншасьці[38].
Remove ads
Эканоміка
Буэнас-Айрэс ёсьць фінансавым, прамысловым і камэрцыйным цэнтрам Аргентыны. Эканоміка ўласна гораду, вымераная паводле валавога геаграфічнага прадукту з папраўкай на парытэт пакупніцкай здольнасьці, у 2020 годзе складала 102,7 млрд даляраў ЗША[39] і амаль сягала чвэрці эканомікі ўсёй Аргентыны[40]. Паводле аднаго з часта цытаваных дасьледаваньняў агулам аглямэрацыя на 2005 год утварала 13-ю паводле велічыні эканоміку сярод гарадоў сьвету[41]. Індэкс чалавечага разьвіцьця Буэнас-Айрэсу таксама застаецца высокім паводле міжнародных стандартаў[42].

Сфэра паслуг гораду разнастайная й добра разьвітая на міжнародны ўзровень і фармуе 76% эканомікі гораду[43]. У той жа час для ўсёй Аргентыны гэты паказьнік складае 59%. Асабліва важную ролю ў экспарце паслуг унутры краіны й за мяжу адыгрывае рэкляма. Аднак найбуйнейшым ёсьць фінансавы сэктар і сфэра продажу нерухомасьці, якія ўдзьвюх робяць унёсак у 31% ад эканомікі гораду. Буэнас-Айрэс мае асаблівую значнасьць для банкаўскай сыстэмы краіны, бо на сталіцу прыпадае амаль палова ўсіх банкаўскіх дэпазытаў і крэдытаваньня ў краіне[43]. Дзеля турызму ліцэнзавана амаль 300 гатэляў і яшчэ каля 300 хостэлаў і пансіёнаў тыпу «начлег і сьняданак», пры гэтым амаль палова дасяжных нумароў прыпадала на ўстановы чатырохзоркавай катэгорыі або большай выгоды[44].

Важнай застаецца прамысловая вытворчасьць, якая забясьпечвае 16% гарадзкога ВУП. Яна сканцэнтраваная пераважна ў паўднёвай частцы Буэнас-Айрэсу. Моц прамысловасьць палягае ў аднолькавай ступені на высокую мясцовую пакупніцкую здольнасьць і вялікую прапанову кваліфікаванай рабочай сілы, гэтак і блізкасьцю да магутнага сельскагаспадарчага й прамысловага пасу беспасярэдне па-за межамі гораду. Будаўнічая актыўнасьць у Буэнас-Айрэсе гістарычна была адным з самых дакладных паказьнікаў агульнанацыянальнага эканамічнага стану, а з 2006 году гэты сэктар будуе досыць шмат жыльля[43]. У аглямэрацыі перапрацоўваюцца або вырабляюцца мясныя, малочныя, збожжавыя, тытунёвыя, ваўняныя й скураныя вырабы. Сярод іншых вядучых галінаў — аўтамабілебудаваньне, нафтаперапрацоўка, мэталаапрацоўка, машынабудаваньне, а таксама вытворчасьць тэкстылю, хімічнай прадукцыі, адзеньня й напояў.
Гарадзкі бюджэт на прапанову мэра Макры ў 2011 годзе прадугледжваў 6 млрд даляраў ЗША прыбыткаў і 6,3 млрд даляраў ЗША выдаткаў. Асноўная частка прыбыткаў места (61%) фармуецца за кошт мясцовых падаткаў на прыбытак і прырост капіталу, тады як фэдэральныя паступленьні складаюць толькі 11% ад бюджэту. Падаткі на нерухомасьць дадаюць у скарбніцу 9% прыбыткаў, падаткі на транспартныя сродкі — 6 %. Іншыя крыніцы паступленьняў улучаюць плацяжы за карыстаньне паслугамі, штрафы й прыбытак ад азартных гульняў. На адукацыю горад накіроўвае 26% бюджэту, на ахову здароўя выдаткоўваюцца 22%, на грамадзкія паслугі й інфраструктуру вылучаюцца 17% сродкаў, на сацыяльнае забесьпячэньне й культуру надаецца 16%, на адміністрацыйныя выдаткі сыходзіць 12%, і 4% прыпадаюць на праваахоўную дзейнасьць. Буэнас-Айрэс мае нізкі паказьнік запазычанасьці, і ейнае абслугоўваньне патрабуе менш за 3% бюджэту[45].
Турызм

Паводле зьвестак Сусьветнай рады па падарожжах і турызьме[46], турыстычная плыня ў сталіцу Аргентыны павялічваецца з 2002 году. У апытаньні, зладжаным турыстычным часопісам Travel + Leisure у 2008 годзе, наведвальнікі назвалі Буэнас-Айрэс другім найбольш пажаданым горадам для падарожжаў пасьля Флярэнцыі ў Італіі. У 2008 годзе горад наведалі, паводле ацэнак, каля 2,5 мільёнаў турыстаў[47]. Буэнас-Айрэс ёсьць міжнародным цэнтрам вельмі актыўнага й разнастайнага начнога жыцьця, якія ўлучаюць забавы ў барах, танцавальных пляцоўках і начных клюбах, якія працуюць па апоўначы[48][49][50].

Наведвальнікам даступныя шматлікія варыянты адпачынку, напрыклад наведваньне танга-шоў, паездка на эстансію ў правінцыі Буэнас-Айрэс або каштаваньне традыцыйнай стравы асада. У апошні час зьявіліся новыя турыстычныя маршруты, прысьвечаныя знакамітым аргентынцам, як то Карлясу Гардэлю, Эве Пэрон або Хорхэ Люісу Борхэсу. Да 2011 году, дзякуючы спрыяльнаму абменнаму курсу аргентынскага пэса, гандлёвыя цэнтры Альта-Палерма, Пасэо-Алькорта, Патыё-Бульрыч, Абаста ды Галерэі Пасыфіка сталі долсыць прывабнымі для турыстаў. У наш час абменны курс, наадварот, негатыўна паўплываў на турызм, асабліва на колькасьць пакупак, якія робяць замежнікі. Фактычна шэраг вядомых спажывецкіх брэндаў, як то Burberry і Louis Vuitton, пакінулі краіну праз валютныя й імпартныя абмежаваньні. У горадзе ладзяцца музычныя фэстывалі, як то Кільмэс-Рок, Крымфільдс і фэстываль джазу Буэнас-Айрэсу.

Найбольш папулярныя турыстычныя мясьціны знаходзяцца ў гістарычным цэнтры места, у прыватнасьці ў раёнах Мансэрат і Сан-Тэльма. Буэнас-Айрэс быў закладзены вакол Пляса-дэ-Маё, які быў адміністрацыйным цэнтрам каляніяльнага часу. На ўсход ад пляца месьціца Каса-Расада — афіцыйная рэзыдэнцыя выканаўчай улады Аргентыны. На поўнач ад яе месьціцца катэдра, які стаіць тут яшчэ з каляніяльных часоў, а таксама будынак Банка аргентынскай нацыі, узьведзены на надзеле зямлі, што першапачаткова належыў Хуану дэ Гараю. Сярод іншых важных каляніяльных установаў вылучаецца Кабільда на захад ад пляца, які быў адрэстаўраваны падчас будаўніцтва Авэніда-дэ-Маё. На поўдні месьціцца будынак Нацыянальнага кангрэсу, дзе сёньня працуе Нацыянальная акадэмія гісторыі. Нарэшце, на паўночным захадзе разьмешчаная ратуша.
Агулам Буэнас-Айрэс прапануе розныя тыпы разьмяшчэньня ў горадзе, ад раскошных пяцізоркавых гатэляў у цэнтры гораду да бюджэтных гатэляў у прадмесьцях. Пры гэтым гарадзкая транспартная сыстэма забясьпечвае лёгкі й танны доступ да цэнтру. Гасьцёўні высокай катэгорыі, як правіла, маюць найвышэйшыя паказьнікі запаўняльнасьці. Большасьць гатэляў разьмешчаная ў цэнтральнай частцы гораду, у беспасярэдняй блізкасьці галоўных турыстычных славутасьцяў.
Remove ads
Гарады-сябры
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
