Галоўчын
вёска ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Гало́ўчын[2] — вёска ў Беларусі, на рацэ Вабічы. Цэнтар сельсавету Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 511 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на паўночны ўсход ад Бялынічаў, за 26 км ад чыгуначнай станцыі Магілёў; на шашы Магілёў — Круглае.
Галоўчын — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя рэзыдэнцыя князёў Галоўчынскіх, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся мураваны комплекс кляштару дамініканаў, помнік аріхтэктуры XVII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

Некаторыя дасьледнікі атаясамліваюць Галоўчын з старажытным горадам Галацічаск, які ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 1071 годам. Аднак гэтая вэрсія не пацьвярджаецца археалягічнымі дасьледаваньнямі. Упершыню Галоўчын упамінаецца ў канцы XV ст. 3 1501 году ім валодала жонка вялікага князя Аляксандра Алена, пазьней — князі Галоўчынскія, Патоцкія, Пацы. У 1567 годзе Галоўчын — цэнтар маёнтку ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва. У 1573 годзе тут заснавалі касьцёл. Пад 1583 годам паселішча ўпамінаецца ў Баркулабаўскай хроніцы як сяло, з пачатку XVII ст. — мястэчка.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Галоўчына ліцьвінамі: паводле мэтрыкі Ліпскага ўнівэрсытэту, Dnus Jaroslaus Jaroslaides lituanus de Holowczin (1568 год)[4].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у жніўні 1654 году абаронцы Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам вялікім Янушам Радзівілам злучыліся ў Галоўчыне з войскам гетмана польнага Вінцэнта Корвін-Гасеўскага. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 3 ліпеня 1708 году каля мястэчка адбыўся бой паміж расейскімі і швэдзкімі войскамі, які скончыўся ўпэўненай перамогай апошніх[5]. У 1654 і 1708 гадох захопнікі (расейцы) зруйнавалі Галоўчын. На 1728 год у мястэчку было 107 двароў, дзеялі млын і сукнавальня.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Галоўчын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1785 годзе тут было 116 двароў, 2 царквы, млын, сукнавальня. Празь мястэчка праходзіў Віленскі паштовы тракт.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а ў 1833 годзе мясцовы касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У другой палове XIX ст. гэтыя будынкі зруйнавалі. На 1848 год у Галоўчыне было 106 двароў, 2 драўляныя і 1 мураваная цэрквы, працаваў бровар (8 работнікаў), на 1880 год — 123 двары. Апрача земляробства, жыхары займаліся кушнерскім, кравецкім, шавецкім, кавальскім, стальмашным, сталярным і бандарным промысламі; штогод праводзіліся 2 кірмашы. У 1883 годзе адкрылася расейская школа школа. На 1909 год — 201 двор; непадалёк існавалі аднайменныя фальварак і сядзіба.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Галоўчын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
- Старая графіка Галоўчына
- Плян бітвы пад Галоўчынам, 1708 г.
- Панарама і плян, XVIII ст.
- Касьцёл дамініканаў, 1839 г.
- Праект перабудовы касьцёла, 1839 г.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Галоўчын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Галоўчын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавету Бялыніцкага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. У 1928 годзе дзеяла сыраробная майстэрня. У 1930-я гады пачатковую школу пераўтварылі ў 7-гадовую, дзеялі фэльчарска-акушэрскі пункт, вэтэрынарная лячэбніца, пошта, клюб. На 1926 год у вёсцы было 290 двароў, на 1940 год — 248. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году Галоўчын знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1952—1956 гадох літаратурны гурток мясцовай школы выпускаў рукапісны часопіс «Залаты ранак». На 1970 год у Галоўчыне быў 261 двор, на 1992 год — 293, на 1996 год — 280, на 2002 год — 246. У 2000-я гады Галоўчын атрымаў афіцыйны статус аграгарадку.
- Мястэчка на старых здымках
- Замчышча, да 1918 г.
- Царква, 1918 г.
- Царква, 1946 г.[6]
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVIII стагодзьдзе: 1785 год — 891 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1827 год — 658 чал.; 1860 год — 941 чал., зь іх 498 хрысьціянаў і 443 юдэі; 1861 год — 1402 чал.; 1897 год — 1254 чал.
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 1603 чал. у мястэчку Галоўчыне, 2 чал. у двары Галоўчыне; 1926 год — 1,7 тыс. чал.; 1940 год — 1019 чал.; 1959 год — 811 чал.; 1970 год — 676 чал.; 1992 год — 672 чал.[7]; 1996 год — 674 чал.[8]
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 601 чал.[9]; 2007 год — 504 чал.[10]; 2010 год — 511 чал.[1]
Інфраструктура
У Галоўчыне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка.
Remove ads
Забудова
Плян
Праект плянаваньня і забудовы распрацавалі ў 1980 годзе. Аснову крыжападобнага пляну скаладаюць 2 узаемна пэрпэндыкулярныя вуліцы: першая мэрыдыянальнай арыентацыі зьяўляецца часткай дарогі Круглае — Магілёў, другая — часткай дарогі Бялынічы — Шклоў. У месцы іх перакрыжаваньня знаходзіцца грамадзкі цэнтар. Забудова пераважна драўляная, двухбаковая, шчальная. На вуліцы Садовай збудаваныя 1-павярховыя мураваныя дамы.
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
? | Верхняя Спасаўшчына вуліца |
? | Гараншчына вуліца |
? | Дубаўшчына вуліца |
? | Ніжняя Спасаўшчына вуліца |
? | Паліеўская вуліца |
? | Чабатаршчына вуліца[11] |
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
- Гарадзішча
Страчаная спадчына
- Касьцёл і кляштар дамініканаў (XVII ст.)
- Сынагога
- Царква Прачыстай Багародзіцы (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)
- Царква Сьвятой Тройцы (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)
Галерэя
- Краявіды Галоўчына
- Гарадзішча. Руіны
- Рэшткі замка
- Мэмарыяльны камень на месцы бою 1708 г.
- Новая Траецкая царква
Асобы
- Рыгор Аксэльрод (1900—1972) — савецкі вынаходнік
- Лявон Галынец (1858—1896) — доктар мэдыцыны
- Еўдакім Магілеўчык (1890—1947) — генэрал-маёр
- Захар Магілеўчык (1895—1975) — беларускі савецкі навуковец
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads