Гісторыя Лепеля

From Wikipedia, the free encyclopedia

Гісторыя Лепеля
Remove ads

Лепель — даўняе места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Сьвятога Казімера і драўляная царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, помнікі архітэктуры XIX ст. Побач з касьцёлам у 2010 годзе паставілі першы ў Беларусі помнік канцлеру Льву Сапегу. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная ў стылі клясыцызму царква Сьвятога Спаса, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Thumb
Плян места, 1798
Thumb
Мапа Новага Лепеля, XVII ст.
Remove ads

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Герб Лепеля, 1850[1]

Першы пісьмовы ўпамін пра Лепель датуецца 1439 годам. У гэты час на высьпе Лепельскага возера існавалі вёска і маёнтак Стары Лепель, якія Міхал Жыгімонтавіч падараваў Віцебскаму рымска-каталіцкаму касьцёлу. У 1503 годзе вялікі князь Аляксандар зацьвердзіў за Віцебскім касьцёлам дарунак Міхала Жыгімонтавіча, дадаўшы да яго Баравенскае войтаўства і вёскі Машчоны ды Соржыцу. У 1541 годзе з згоды Папы Рымскага вялікі князь Жыгімонт Стары далучыў Лепельскі маёнтак да Віленскай катэдры. У Інфлянцкую вайну (1558—1582) на тэрыторыі маёнтку збудавалі драўляны замак[2].

У 1563 годзе побач з замкам на высьпе заснавалі места Лепель, пры якім працаваў гандлёвы порт. Таго ж году Віленская капітула, ня будучы ў стане бараніць маёмасьць ад несупынных нападаў суседняй Маскоўскага дзяржавы, аддала маёнтак у валоданьне вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту з умовай, што калі ён захоча назаўсёды пакінуць гэтую маёмасьць сабе, то мусіць даць капітуле іншую маёмасьць той самай вартасьці. Аднак насуперак дамоўленасьці ў 1568 годзе Жыгімонт Аўгуст аддаў Лепель у пажыцьцёвае карыстаньне кашталяну смаленскаму Юрыю Зяновічу, а па ягонай сьмерці — ваяводу полацкаму Мікалаю Дарагастайскаму. У 1579 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вярнуў лепельскую маёмасьць Віленскай рымска-каталіцкай катэдры.

Thumb
Лепель: царква і касьцёл, 1866

На 1580 год у месьце Лепелі было 300 дамоў, якія стаялі на высьпе і на заходнім беразе возера (цяпер гэта вёска Стары Лепель)[3]. 19 траўня 1586 году маёнтак Лепле набыў Леў Сапега. За 3 км ад Старога Лепеля, у вёсцы Белае, ён заснаваў мястэчка Белы Лепель або Новы Лепель, куды неўзабаве перамясьціўся гандлёвы цэнтар. Апроч таго, у мястэчку збудавалі замак, царкву і касьцёл. У 1609 годзе Леў Сапега перадаў Стары Лепель і Новы Лепель Віленскаму кляштару бэрнардынак, які дзейнічаў пры касьцёле Сьвятога Міхала.

У 1772—1776 гадох у зьвязку зь першым падзелам Рэчы Паспалітай Лепель стаў сталіцай Полацкага ваяводзтва. У месьце адбываліся паседжаньні земскага і гродзкага судоў[3].

Remove ads

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лепель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкай, з 1802 году — Віцебскай губэрні. У 1797—1805 гадох вялося будаваньне Бярэзінскай воднай сыстэмы, дырэкцыя якой разьмясьцілася ў Лепелі (у 1833—1839 гадох тут працаваў калега і сябар Адама Міцкевіча Ян Чачот). У 1804 годзе адбылося зацьвярджэньне першага пляну забудовы места. У вайну 1812 году Лепель панёс вялікія страты: войскі, што праходзілі празь места, спалілі яго.

Thumb
Сытуацыйны плян будаваньня царквы

У 1821 годзе ў Лепелі адкрылася аптэка, у 1830 годзе — 4-клясная вучэльня. У 1833 годзе места моцна пацярпела ад пажару. У 1835 годзе складзены генэральны плян Лепеля, згодна зь якім места падзялялася на цэнтар і 26 кварталаў (у 1860 годзе гэты плян скарэктавалі, падзяліўшы Лепель на 30 кварталаў і 4 плошчы). У 1841—1844 гадох тут збудавалі мураваны праваслаўны сабор, у 1857—1876 гадох — касьцёл Сьвятога Казімера. 9 верасьня 1852 году места атрымала герб: «у чырвоным полі Пагоня»[4]. На 1864 год у месьце было 38 мураваных і 562 драўляныя дамы (паводле зьвестак на 1897 год — 10 мураваных і 800 драўляных); дзейнічалі 3 царквы, касьцёл, капліца, 4 сынагогі; працавалі піваварны і гарбарны заводы, 2 цагельні.

У 1893 годзе ў Лепелі адкрылася мэтэастанцыя, у 1902 годзе — настаўніцкая бібліятэка. У пачатку ХХ ст. у месьце было 772 будынкі, дзейнічалі 12 дробных прадпрыемстваў, друкарня, 7 навучальных установаў, у тым ліку жаночая Марыінскач вучэльня; штогод праводзіліся 4 кірмашы. Паводле зьвестак за 1913 год, з 7 тысячаў жыхароў Лепеля палову, або 4 тысячы, складалі жыды, якія трымалі ўвесь гандаль; улады закансэрвавалі будынкі і абсталяваньне Бярэзінскай воднай сыстэмы, аднак існаваў пэрсанал абслугі на чале з інжынэрамі. У Першую сусьветную вайну 15 сакавіка — 28 верасьня 1918 году Лепель займалі нямецкія войскі.

Remove ads

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лепель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала Лепель разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З кастрычніку 1919 да 14 траўня 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай.

У 1924 годзе Лепель вярнуўся ў БССР, дзе стаў цэнтрам раёну (у 1935—1938 гадох — цэнтар акругі). У 1925 годзе тут адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 26 жніўня 1944 году Лепель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

7 сакавіка 1963 году Лепель атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. 19 красавіка 2010 году яго ўзнагародзілі вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны»[5]. 11 верасьня 2010 году ў цэнтры Лепеля ўрачыста адкрылі помнік дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага — Льву Сапегу (нягледзячы на пратэсты Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)[6].

Галерэя

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads