Ельск
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ельск — места ў Беларусі, на рацэ Млынку. Адміністрацыйны цэнтар Ельскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9046 чалавек[1]. Знаходзіцца за 177 км на паўднёвы захад ад Гомелю. Чыгуначная станцыя на лініі Каленкавічы — Оўруч. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Мазыром, Нароўляй, Оўручам.
Ельск, або Каралін, — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятой Тройцы, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XIX ст.
Remove ads
Назва
Паводле папулярнага меркаваньня, у аснове тапоніму Ельск найменьне дрэва — елка[2]. Аднак гэтую вэрсію крытыкуюць з тае прычыны, што елка здаўна ўтварала лясы толькі паблізу паўночных ускраінаў Палесься, і ў наш час места атачае хваёвы лес. Апроч таго, суфікс -ск, як правіла, не фармаваў геаграфічныя найменьні ад пазначэньняў розных расьлінаў, дрэваў. Звычайна назвы населеных пунктаў на -ск утвараліся ад найменьняў водных аб’ектаў — рэк, азёраў, на берагах якіх узьнікалі адпаведныя паселішчы. Таму больш абгрунтаваным выглядае, што тапонім Ельск пайшоў ад назвы зьніклай да нашага часу рэчкі. Тым часам гідронім, імаверна, меў фінска-вугорскае паходжаньне[3].
Паводле Аляксандра Ельскага, у даўнія часы Ельск быў цэнтрам тэрыторыі, падуладнай «вараскім» князям. Нашчадкі гэтых валадароў — выхадцаў зь зямлі прыбалтыйска-палабскіх ці паморскіх славянаў называліся «князямі Ельскімі»[4]. Ад назвы мястэчка ўтварылася прозьвішча шляхецкага роду Ельскіх (іхны родавы герб «Пелеш» — у аснове сучаснага гербу Ельску). Тапонім Каралін узьнік у канцы XVIII стагодзьдзя і паходзіць, відаць, ад імя ўладальніка паселішча — Караля. Тым часам паводле народнага паданьня, у аднаго з Аскеркаў нарадзілася дачка Караліна, у гонар якой нібыта і пераназвалі населены пункт.
5 лютага 1931 году мястэчка Каралін афіцыйна перайменавалі ў Ельск. Існуюць зьвесткі, што раней, яшчэ па перайменьні паселішча расейскімі ўладамі ў Мікалаеў у 1915 годзе, местачкоўцы зьвярталіся з просьбай вярнуць яму назву Ельск[3].
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Ельск упамінаецца ў XVI стагодзьдзі як вёска ў складзе Мазырскага павету, уладаньне францускіх эмігрантаў Спадаў[5]. У канцы XVII стагодзьдзя паселішча перайшло да Аскеркаў.
У канцы XVIII стагодзьдзя назву Ельску зьмянілі на Каралін. Пад 1784 годам гэтае мястэчка ўпамінаецца ў зьвязку з увядзеньнем грашовага збору для праезду празь яго[5]. У 1775 годзе на сродкі Казімера Аскеркі ў Караліне збудавалі драўляную царкву Сьвятой Тройцы, будынак якой складаўся з сыстэмы зрубаў (пастаўленых на крыжы) і шатровай званіцы над уваходам; апроч таго, у мястэчку дзеялі касьцёл і юдэйскі малітоўны дом.
Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Каралін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Міхалкаўскай воласьці Мазырскага павету. На 1795 год тут было 24 двары. У 1842 годзе ўладальнікі маёнтку Горваты збудавалі новы будынак царквы, у ёй захоўваўся абраз Божай Маці. Празь мястэчка праходзіў тракт з Рагачова ў Валынь, дзеяла паштовая станцыя (8 экіпажаў).
На 1886 год у Караліне або Ельску (значыцца пад абедзьвюма назвамі) было 44 двары, працавалі вінны завод, тры крамы, школа; дзеяла царква. У 1873 годзе адкрылася чыгуначная станцыя на лініі Жлобін — Оўруч. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 45 двароў, царква, капліца, юдэйскі малітоўны дом, расейская народная вучэльня, паштовая станцыя, 9 крамаў, карчма. На 1908 год — 167 двароў. У 1915 годзе расейскія ўлады перайменавалі паселішча ў Мікалаеў, але назва не прыжылася.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым — сьнежні 1918 году мястэчка займалі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты час местачкоўцы зьвярнуліся з просьбай вярнуць паселішчу назву Ельск.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Каралін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. На 1921 год тут было 400 двароў, станцыя, цагельня, кравецкая, шавецка-футравая і дрэваапрацоўчая майстэрні, лесапільня, паравы млын з крупарушкай. У 1924 годзе Каралін стаў цэнтрам раёну. 5 лютага 1931 году назву мястэчка зьмянілі на Ельск. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
У Другую сусьветную вайну з 23 жніўня 1941 да 11 студзеня 1944 году Ельск знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1953 годзе каля мястэчка атрымалі першы прыток нафты ў колькасьці 16,5 тон і 945 м³ газу. У 1954 годзе Ельск увайшоў у склад Гомельскай вобласьці. 5 ліпеня 1971 году паселішча атрымала статус места.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XIX стагодзьдзе: 1858 год — 300 чал.; 1866 год — 422 чал.[6]; 1897 год — 600 чал.[7]
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 910 чал.; 1917 год — 1132 чал. у мястэчку Караліне, 273 чал. у маёнтку Караліне, 61 чал. на чыгуначнай станцыі Караліне; 1938 год — 3878 чал.; 1954 год — 4,8 тыс. чал.; 1970 год — 6,5 тыс. чал.; 1971 год — 6,7 тыс. чал.; 1992 год — 10,6 тыс. чал.[8]; 1994 год — 11,1 тыс. чал.; 1997 год — 11,2 тыс. чал.[9]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 10,1 тыс. чал.; 2006 год — 9,8 тыс. чал.; 2008 год — 9,6 тыс. чал.; 2009 год — 9725 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 9262 чал.[11]; 2017 год — 9084 чал.[12]; 2018 год — 9046 чал.[1]
Адукацыя
У Ельску працуюць 3 сярэднія, музычная і спартовая школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.
Культура
Дзеюць кінатэатар, дом культуры, бібліятэкі.
Мас-мэдыя
Выдаецца раённая газэта «Народны голас».
Забудова
Паводле генэральнага пляну ва ўсходняй частцы Ельску ўтварыўся мікрараён, забудаваны 3—5-павярховымі жылымі дамамі. У паўднёвай і заходняй частках места разьмяшчаецца 1-павярховая індывідуальная забудова. Прамысловая зона знаходзіцца ў паўночным сэктары.
Эканоміка
Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці.
- Ельская мэблевая фабрыка
- КДУП «Ельскі кансэрвавы завод»
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Дзее Ельскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў мескім гатэлі[13].
Славутасьці
- Царква Сьвятой Тройцы (1769—1780)
- Могілкі юдэйскія
Страчаная спадчына
- Касьцёл
Асобы
- Мікалай Анцукевіч (1882—1971) — пэдагог і філёзаф
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads