Слабада (Хвойніцкі раён)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Слабада́[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету.

Хуткія факты
Remove ads

Назва

У назве гэтага паселішча на працягу яго існаваньня адзіным нязьменным элемэнтам заставаліся ўзаемазамяняльныя Слабада і Слабодка, бо ўжываліся як асобна, так і ў спалучэньні зь іншымі імёнамі. У крыніцах, аднак, сустракаюцца розныя найменьні — Слабодка Персец, Персец, Слабодка Перстава, Перстава Слабада, Слабада Перст[a], Слабада або Слабодка Лісец[b], Лісец, Слабодка Кажушкаўская[c].

Гісторыя

Расейская імпэрыя

Thumb
Слабодка Перставая ў мэтрыцы Тульгавіцкай царквы. 1823 г.

Самая раньняя згадка пра паселішча ў ваколіцах сяла Кажушкі[d], вядомая зь сялянскай рэвізіі 1816 году, калі маёнтак Нароўля А. фон Гольста, у складзе якога фальварак Кажушкі з аднайменным сялом і іншымі прылегласьцямі, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром Ігнацый Горват. У рэвізіі 1816 году названая Слабодка Персец[3]. У мэтрычнай кнізе Тульгавіцкай Сьвята-Георгіеўскай царквы 1823 году двойчы згаданыя жыхары Слабодкі Перставай. Прозьвішчы — Папок[e], Гайдамаха, Грыц[h][9].

У 1825 годзе гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігнацыя (†1820) дасталася сыну Даніэлю Горвату[10].

Thumb
Персец на мапе Ф. Шубэрта 1832 г.[i]
Thumb
Слабада Лісец на мапе А. Фіцінгофа 1846 г.
Thumb
Слабада Перставая ў запісе 1848 г. Конан Мароз.
Thumb
1854 г. Конан Мароз – жахар Кажушак.
Thumb
Двары Тульгавічы, Кажушкі і Слабада Перст у сьпісе Юравіцкай парафіі на 1857 г.
Thumb
Слаб. Лісец на мапе Шубэрта-Тучкова з дапрацоўкамі 1860-х гг.
Thumb
Лісец на мапе І. Стрэльбіцкага 1871 г.

Больш пэўна вёска лякалізаваная ў выданьні «Специальная карта Западной части Российской Империи, составленная и гравированная в 1/420000 долю настоящей величины[j] при Военно-Топографическом Депо, во время управления генерал квартирмейстера Нейдгарта под руководством генерал-лейтенанта Шуберта», якое выйшла ў 1832 годзе, хоць праца працягвалася Ф. Ф. Шубэртам да 1840 г. На мапе на паўднёвы ўсход ад Кажушак — Персец[k]. Названая Слабада Переца і ў рэвізіі 1834 году, калі Кажушкаўскім фальваркам працягваў валодаць Д. Горват[11]. На тапаграфічнай мапе Менскай губэрні, выдадзенай у 1846 годзе паводле здымкі генэрала-маёра А. К. Фіцінгофа, на тым самым месцы пазначаная Слабада Лісец[l]. Але ў кліравой ведамасьці Тульгавіцкай царквы за 1847 год сказана, што ў 1 і 1/4 двара[m] Слабады Перставай жылі 5 мужчын і 9 жанчын[12]. І ў астатніх дзьвюх згадках пра паселішча ў мэтрыцы Тульгавіцкай царквы 1848 году, жнівеньскай і кастрычніцкай, названая Слабада Перставая. Першы запіс зроблены ў сувязі з нараджэньнем і хростам Акіліны, дачкі сялянаў Конана Амяльянавага і Ганны Анапрэевай Марозаў[n]. Выканалі дзею сьвятар Васіль Плышэўскі зь дзячком Антонам Нямшэвічам[14].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 6 жыхароў Слабады Перст зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, але сярод паселішчаў і верных прыходу Тульгавіцкай царквы Слабада і яе жыхары не названыя[o][15].

У парэформавы пэрыяд вёска адміністрацыйна належала да Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету.

Thumb
Слабодка Кажушкаўская ў касьцёльнай мэтрыцы 1862 г.

Найбольш раньняя пакуль зьвестка пра назву Слабодка Кажушкаўская сустрэтая ў мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. 11 траўня 1862 году[p] ахрышчана, народжаная па-за шлюбам трыма днямі раней, Вікторыя, дачка аднадворкі[q] Мар'яны Піатроўскай. Выканаў дзею вікары Хвойніцкай філіі Астраглядаўскай парафіі ксёндз Лукаш Пюро[16] з закону братоў-прапаведнікаў (дамініканаў).

У 1871 годзе пабачыла сьвет падрыхтаваная І. А. Стрэльбіцкім «Специальная карта Европейской России» — самая дакладная за ўсё XIX ст.[r] На ёй пазначаны Лісец. Зьвесткі пра жыхароў вёскі мазырскіх мяшчанаў Валасевічаў, сялянаў Юравіцкай воласьці Дудоўскіх, Куліцкіх (жонкі з Маеўскіх, Сакалоўскіх) ёсьць у мэтрыках Астраглядаўскага касьцёлу 1876 года. Назва, што праўда, перайначаная тут на Слаботку (Слоботка)[17], але найменьне Лісец ня ўжытае ні разу.

На 1909 год у вёсцы Слабодка Кажушкаўская было 9 двароў з 74 жыхарамі, у аднадворным фальварку тае ж назвы — 15 жыхароў[18].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Слабада ў складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[19].

Thumb
Сл. Лісец на мапе РККА 1926 г.
Thumb
Сл. Лісец на мапе генштабу РККА Беларусі і Літвы 1935 г.
Thumb
Слабада нежылая[s] на мапе 2001 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасьля другога ўзбуйнення БССР з 8 сьнежня 1926 году Кажушкаўскі (Кажушкінскі) сельсавет — у Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі. З 8 ліпеня 1931 году Кажушкі і Слабодка ў складзе Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Слабодцы было 27 двароў з 84 жыхарамі. У траўні 1943 году акупанты спалілі вёску, загубілі чатырох чалавек[20]. 6 вяскоўцаў загінулі на франтах і прапалі безь вестак[21].

З 8 студзеня 1954 году Слабада — у Гомельскай вобласьці.

Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхароў Слабады ў колькасьці 20 сем'яў перасялілі ў чыстыя рэгіёны [22][23]. Да 8 студзеня 1987 году вёска ўваходзіла ў склад Кажушкаўскага сельсавету[24], да 28 лістапада 1991 году — у Тульгавіцкім сельсавеце, да 1 сьнежня 2009 году — у Дварышчанскім сельсавеце. Ліквідаваная ў 2010 годзе[25].

Remove ads

Заўвагі

  1. Імаверна, так калісьці называлася ўрочышча, імя якога зь цягам часу было перанесенае на слабаду. Або (яшчэ задоўга да заснаваньня слабады) Перст — мянушка першапасяленца? Яшчэ вядома, што ў старабеларускай мове слова «персьць» (персть) азначала «зямля»[2]. У кожным выпадку, гэтая назва нададзеная тутэйшымі жыхарамі, а іншыя, Персец і Лісец, створаныя перапісчыкамі рэвізскіх душ і ўкладальнікамі мапаў, для якіх мясцовая тапанімія — чужая.
  2. Такія назвы вядомыя выключна з мапаў, дзе першае слова падавалася ў скарочаным выглядзе — Слоб. (рас.), Сл.
  3. Апошняя форма дазваляла зарыентаваць людзей у аддаленых месцах, бо ж сяло Кажушкі старадаўняе і больш вядомае па абодва бакі Прыпяці. Апе аснова назвы — Слабодка.
  4. Зразумела, акрамя фальварку Кажушкі і вёскі Ламачы.
  5. Пракоп Іванаў Папок у 1802 г., калі Кажушкаўскім фальваркам з прылегласьцямі валодаў пан Пётар Грахольскі, запісаны як жыхар сяла Кажушкі[4], хоць слабада магла ўжо існаваць.
  6. На 1817 г. запісаны ўсё яшчэ ў Кажушках[5]. У 1832 г. у ягонай дачкі Анастасіі Іванавай Гайдамачанкавай, жыхаркі Перставай Слабады, па-за шлюбам нарадзіўся і ахрышчаны сын[6].
  7. Ва ўзросьце 55 г. памёр у Слабадзе Перставай пана Даніэля Горвата ў 1831 г.[7].
  8. Некаторы час у царкоўных кнігах выселеныя ў Слабаду людзі маглі запісвацца жыхарамі Кажушак, як у 1810 г.: Іван Андрэеў Гайдамашка[f], Тарас Іванаў Папок[g], Мікалай Гарасімаў Папок, Якім Дзям'янаў Грыц[8].
  9. Значак на мапе сьведчыць, што паселішча мела ад 5 да 20 двароў. У гэтым выпадку — бліжэй да 5.
  10. У 1 дзюйме 10 вёрст.
  11. Калі б не запіс у рэвізіі 1816 г., зьявілася б думка, што менавіта Ф. Шубэрт альбо ягоныя супрацоўнікі стварылі гэткую форму назвы.
  12. Усе наступныя картографы прынялі Лісец, г. зн. проста перапісвалі памылковую назву ў А. Фіцінгофа. А яна яшчэ больш аддаленая ад арыгіналу, чым Персец. Калі ў апошняй можна распазнаць Перст, дык у назве Лісец — аніяк.
  13. Так запісана ў крыніцы. Як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе не вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
  14. У 1854 г. Конан Амяльянаў Мароз выступаў кумам як жыхар Кажушак[13]
  15. Праваслаўныя вяскоўцы былі пераселеныя ў Кажушкі, адкуль раней трапілі ў Слабодку. Тут жа пазьней зьявіўся фальварак і людзі каталіцкага веравызнаньня.
  16. Першы вядомы выпадак пражываньня ў Слабодцы парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу да таго, як у 1865 г. расейскія ўлады ліквідавалі Юравіцкую парафію.
  17. За кума выступіў і аднадворац Фелікс Піатроўскі. На тэрыторыі Беларусі, паводле закону ад 19.10.1831 г., да аднадворцаў залічвалі незацьверджаную ў правах расейскага дваранства шляхту, якая жыла ў сельскай мясцовасьці. У 1868 г. аднадворцы былі запісаныя ў сяляне або ў мяшчане.
  18. Інфармацыя з гэтай мапы перавыдавалася да 1930-х гг. уключна.
  19. Калі гэтая невялічкая вёска існавала, дык пад назвай, звыклай для яе жыхароў, увагу картографаў не прыцягвала. Але ўрэшце здарылася.
Remove ads

Крыніцы

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads