Ламачы (Гомельская вобласьць)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Ламачы́[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Ламачы ў Цешкаўскім прыходзе. 1778 г.
Thumb
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

Найранейшая пакуль згадка сустрэтая ў мэтрычных кнігах уніяцкай Цешкаўскай Раства-Багародзіцкай царквы. Датаваная яна 28-м сьнежня 1772 году[a], але датычыцца не самога паселішча, а людзей, ад прозьвішча якіх і паходзіць яго назва. Першыя — Купрэй і Марыя, потым Якаў, Хведар, Якім, Мікалай, Сямён Ламачы. 12 лютага 1778 году ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Цешкаўскай царквы, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, сказана, што ў вёсцы Ламачы было 11 хат[2]. Нарэшце, 15 красавіка 1778 году сказана пра хрост сына Івана і Марыны Ламачоў, кумоў Мартына Бычкоўскага і Пелагею Ламачову[b] «ze wsi Łomaczow»[4]. На той час Ламачы, як і суседнія Кажушкі, належалі да маёнтку Нароўля Яна Мікалая Аскеркі, войскага мазырскага.

Расейская імпэрыя

Ад часоў другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ламачы — у Рэчыцкай акрузе Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[5]. Пасьля арышту «за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году, Яна Мікалая Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, Кажушкі з адзінай прылегласьцю, вёскай Ламачы, былі забраныя ў «казённое ведомство»[6]. Тады яны выступалі нібыта асобным маёнткам, у якім налічвалася 379 душ[7]. Надалей добры былі падзеленыя — Кажушкі сталіся ўласнасьцю пана Пятра, сына Міхала, Грахольскага, а Ламачы, як і амаль увесь Нараўлянскі маёнтак, — уласнасьцю былога пасла Расеі ў Рэчы Паспалітай графа Якава Яфімавіча Сівэрса, пра што паасобку сьведчаць мэтрычныя кнігі Тульгавіцкай і Цешкаўскай цэркваў.

Thumb
1808 г. Памінкі ламачоўцаў у Цешкаўскай царкве.
Thumb
Герб Побуг роду Горватаў.

30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста[c]. Wieś Kożuszki у тым дакумэнце выступала, як attinencya Barborowszczyzny, а яе ўгодзьдзі разьмяжоўваліся з грунтамі хвойніцкіх Навасёлак, Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[8]. Ламачы, такім чынам, ізноў належалі таму самаму ўладальніку, што і Кажушкі.

1 верасьня 1816 году маёнтак Нароўля А. фон Гольста, у складзе якога і вёска Ламачы, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром Ігнацый Горват. У 1825 годзе гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігнацыя (†1820) дасталася сыну Даніэлю Горвату[9].

Thumb
Ламачы, Канатоп, Кажушкі і Тульгавічы на мапе А. Фіцінгофа 1846 г.

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 43 жыхары вёскі Ламачы заставаліся прыхаджанамі Цешкаўскай Раства-Багародзіцкай царквы[10].

У парэформавы пэрыяд вёска належала да Юравіцкай воласьці. Каля 1864 году маёнткам Нароўля (і фальваркам Кажушкі з Ламачамі) завалодаў Артур, сын Даніэля, Горват[9]. Згодна з кліравой ведамасьцю Цешкаўскай царквы за 1869 год, у 5 і 1/4 двара[d] вёскі Ламачы жылі прыхаджане зь ліку тутэйшых сялянаў — 21 мужчына і 22 жанчыны, а яшчэ і салдат з жонкай[11].

На пачатак 1870 году ў Ламачах — 15 душ зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Кажушкаўскага сельскага таварыства[12]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год Ламачы названыя ў прыходзе Тульгавіцкай Сьвята-Георгіеўскай царквы[13].

Паводле перапісу 1897 году, у Ламачах — 16 двароў, 113 жыхароў[3]. 20 ліпеня 1898 году Артур Горват перадаў права валоданьня маёнткам Нароўля з фальваркам Кажушкі і з Ламачамі сыну Эдварду[9]. У 1909 годзе у вёсцы налічваўся 21 двор, а ў ім — 127 жыхароў[14].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Ламачы ў складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[15].

Thumb
Кажушкі і Ламачы на мапе 1924-26 гадоў.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 сьнежня 1926 году Ламачы — у Тульгавіцкім сельсавеце Юравіцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваныя калгасы «Чырваная Прыпяць» і «Чырвонамайск», працавалі 2 кузьні[3]. З 8 ліпеня 1931 году вёска далучана да Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі і прапалі бязь вестак 22 вяскоўцы, 6 чалавек загінулі пад акупацыяй[16].

З 8 студзеня 1954 году Ламачы — у Гомельскай вобласьці. У вёсцы, згодна зь перапісам 1959 году, налічвалася 177 жыхароў. Уваходзіла ў склад калгасу імя А. А. Жданава з цэнтрам у вёсцы Тульгавічы[3].

Remove ads

Асобы

Аркадзь Кандрусевіч — беларускі пісьменьнік

Заўвагі

  1. На Генэральнай мапе «Беларускія землі ў канцы XVIІІ ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі аскеркаўскія Ламачы, як вёска ў Мазырскім павеце Менскага ваяводзтва Вялікага княства Літоўскага, што адпавядала б рэальнасьці, не пазначаныя. Адпаведна, у паказальніку да мапы паселішча адсутнае. І ўсё з даволі прыкрай прычыны: зьвестку пра Ламачы, знойдзеную ў крыніцы, укладальнікі памылкова дапасавалі да езуіцкага Ломыша, які пад такой сваёй назвай у XVIII ст. яшчэ ня згадваўся.
  2. Менавіта так: форма прозьвішча Ломач — позьняя, падобна як Козел, Бойдак, Бордак, таму і назву паселішча людзі спрадвеку вымаўлялі — Ламачы, ня Ломачы, як пісаў С. В. Марцэлеў[3]. Даўняя вясковая традыцыя...
  3. Тут выкарыстана копія гранічнага дакумэнту, перааформленая ў Мазыры 13 сьнежня 1809 г., імаверна, для А. фон Гольста, бо разьмежаваньне праводзілася, калі маёнткам валодаў Я. Сівэрс; засьведчана подпісам менскага віцэ-губэрнатара С. Бэнэволенскага.
  4. Так запісана ў крыніцы. Але, як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе не вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads