Кустаўніца

From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Ку́стаўніца[1] — былая вёска ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Міхалкаўскага сельсавету.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Кустаўніца і Міткаўшчына ў рэестры падымнага 1670 г.
Дабрынь, Кустаўніца і Міткаўшчына ў паборы 1683 г.
Thumb
Kustownica і Michałki на мапе апошняй трэці XVIII ст.[2]
Жыхары Кустаўніцы ў мэтрычным запісе Юравіцкага касьцёлу 1769 г.

Вялікае Княства Літоўскае ў Рэчы Паспалітай

Найранейшыя пакуль згадкі пра паселішча сустрэтыя ў рэестрах двайнога і трайнога падымнага Мазырскага павету 1670 году. У першым выпадку пан Ян Міткевіч з аднаго дыму ў Кустаўніцы выплачваў 1 злоты, а пан Марушэўскі 3 злотыя з 3 дымоў. У другім пан Барташ Язерскі плаціў падатак з 4 дымоў у Кустаўніцы і Міткаўшчыне. Яшчэ ішла выплата з 3 дымоў у тых жа Кустаўніцы і Міткаўшчыне, але з-за абрэзанага аркуша справы імя ўладальніка не чытаецца. Наступныя зьвесткі пазначаныя 1683-м годам, калі ў Мазырскім павеце выбіралася пагалоўнае[a]. Паводле крыніцы, пан Міхал Чыжэўскі за сябе і жонку, г. зн. за шляхту, выплачваў 4 злотых і 1 грош, за 8 сваіх падданых «простага стану» зь вёсак Дабрынь, Кустаўніца і Міткаўшчына – яшчэ 8 зл. Пан Ян Піатроўскі таксама за сябе і жонку выплачваў 4 зл. і 2 зл. за 2 сялянаў з Кустаўніцы[3][b].

У дакумэнце пад назвай «Akt popisu powiatu Mozyrskiego» 1765 году названая «okolica Kustownicka», у якой жылі шляхецкія радзіны — Шыраі, Сапліцы, Абрамовічы, Зубрыцкія, Сёгоўскія...[c][4]. Падобна, сялянаў у Кустаўніцы ўжо не было.

У мэтрычных кнігах Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ёсьць запіс, датаваны 17-м сакавіка 1769 году, што да хросту ўніяцкім сьвятаром зь вёскі Міхалкі Іосіфам Рудніцкім немаўляці Юзафа Цыпрыяна, сына шляхетных Яна і Барбары Сапліцаў зь вёскі Кустаўніцы Бабіцкай парафіі[d]; кумамі — Антоні Зубрыцкі і Феліцыяна Асецкая[5].

Пазначаная Кустаўніца і на мапе Мазырскага павету, складзенай, імаверна, у апошняй трэці-чвэрці XVIII ст.[e]

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Thumb
Сямейства Адама Стравінскага ў Кустаўніцы. 1795 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Кустаўніца апынулася ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні.

Паводле шляхецкай рэвізіі 1795 году, дзедзічнымі, г. зн. спадчыннымі, землямі ў Кустаўніцы валодалі Томаш, сын Рамана, Віславух, Адам, сын Станіслава, Стравінскі[g], Вікенці, сын Паўла, Крупскі, Пётар, сын Томаша, Стахоўскі, Міхал, сын Даніэля, Віславух, Канстанцін, сын Тэадора, Піатроўскі, Міхал, сын Юзафа, Шырай, Антоні, сын Яна, Ракіцкі, Пляцыда, дачка Антонія Мархулевіча, Радзееўская, Станіслаў, сын Тэадора, Піатроўскі, Феліцыян, сын Ігнацыя, Збароўскі, Ян, сын Пятра, Сапліца, Юзаф, сын Адама, Садкоўскі, Геранім, сын Тэадора, Стахоўскі, Аляксандар, сын Антонія, Шырай, Юзаф, сын Рамана, Віславух, Міхал, сын Паўла, Ведніч, Феліцыян, сын Антонія, Абрамовіч, Мікалай, сын Яна, Кунцэвіч, Ігнацы, сын Базыля, Лазінскі, Ігнацы, сын Андрэя, Гарбатоўскі, Ян, сын Яна, Ракіцкі, Ян, сын Шымона, Бярнацкі[8].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што дваране і аднадворцы аколіцы Кустаўніца, якіх агулам налічвалася 351 асоба, былі вернымі парафіяльнага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Кімбараўцы[9].

Thumb
Кустаўніца, Міхалкі, Барбароў на мапе Шубэрта-Тучкова з праўкамі 1860-х гг.

Ад парэформавага пэрыяду Кустаўніца адміністрацыйна належала да Міхалкаўскай воласьці.

У крыніцы пад назвай «Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г.» сказана, што Кустаўніца на той час зьяўлялася цэнтрам аднайменнага сельскага таварыства, і што жылі ў ёй 52 мужчынскія душы зь ліку былых аднадворцаў і 7 вольных хлебаробаў. Прыпісаныя да названага таварыства таксама 6 вольных хлебаробаў зь вёскі Ясеншчына, 15 аднадворцаў з засьценку Міцькі, 17 аднадворцаў з Тварычаўкі, 10 аднадворцаў і 1 вольны хлебароб зь вёскі Пянькі. Усе тыя людзі належалі да Галоўчыцкай рыма-каталіцкай парафіі[10].

На 1909 год у аколіцы Кустаўніца — 119 двароў з 331 жыхаром[11].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Кустаўніца ў складзе Міхалкаўскай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[12].

У 1924—1926 гадох — цэнтар Кустаўніцкага сельсавету, у 1926—1937 гг. — Кустаўніцкага нацыянальнага польскага сельсавету[13].

У дакумэнце пад назвай «Сьпісак нацыянальных сельскіх і местачковых Саветаў (1929 г.)» зазначана, што ў Кустаўніцкім польскім сельсавеце агулам налічвалася 697 жыхароў, зь якіх беларусаў было 17 чалавек, «палякаў», як здаўна называлі каталікоў, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасьці, — 658 чалавек, людзей іншых нацыянальнасьцяў — 22 чалавекі[14].

Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Кустаўніцы было 107 двароў з 356 жыхарамі. У ліпені 1943 году акупанты спалілі 120 дамоў тут і ў вёсцы Ляхаўцы[15].

Скасавана 24 мая 1978 года, жыхары перасяліліся ў пасёлак Крынічны[16].

Remove ads

Асобы

  • Адам Стравінскі — прадзед Хведара Стравінскага, артыста Марыінскага тэатру ў Пецярбургу, прапрадзед Ігара Стравінскага, сусьветнавядомага кампазытара
  • Мечыслаў Збароўскі (1895 — ?) — удзельнік Першай[h] і Другой сусьветных войнаў. 9 сьнежня 1937 г. арыштаваны па абвінавачваньню ў шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Польшчы. 11.XII.38 рэабілітаваны, 13.XII.38 вызвалены з-пад варты[17][i]; генэрал[18]
  • Пётар Ракіцкі (1903 — 1977) — беларускі генэтык, акадэмік Акадэміі навук БССР (1967), доктар біялягічных навук (1940), прафэсар (1940). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1973)
Remove ads

Заўвагі

  1. Тут вялося не пра габрэяў.
  2. Існуе няслушнае ўяўленьне, нібы паселішча ад пачатку было выключна шляхецкім і каталіцкім. Не, на той час у шляхты яшчэ былі нешматлікія падданыя зь сялянаў. А першапасяленцам Кустаўніцы не зьяўляўся чалавек з радзіны Робакаў, бо яны жылі ў Нараеўшчыне, згадкі пра якую зьявіліся значна пазьней, як пра Кустаўніцу.
  3. Пакуль няма магчымасьці прывесьці поўны сьпіс.
  4. Пэўна, мелася на ўвазе рыма-каталіцкая парафія, бо Міхалкі істотна бліжэй да Кустаўніцы, чым Бабічы. За тое сьведчаць і два імя, атрыманыя дзіцям пры хросьце.
  5. На гэтай мапе паказаны Багуславец, які вядомы зь візыты Алексіцкай царквы 1778 г., але яшчэ і ў візыце 1787 г. гэта – мястэчка «nowozaprowadzone»[6].
  6. У 1843 г. названы пры хросьце ўнука Хведара ў мэтрычнай кнізе Алексіцкай царквы, у 1849 г. — падчас свайго пахаваньня ў кнізе Астраглядаўскага касьцёлу[7].
  7. Разам зь ім жылі жонка Уршуля, дачка Антонія Асецкага, сын Ігнацы[f], дачка Марыя і жончына маці Феліцыяна, дачка Пятра, Асецкая.
  8. Узнагароджаны чатырма Георгіеўскімі крыжамі, якіх на савецкім фотаздымку, зразумела, няма.
  9. У тэксьце даведкі памылкова названы Вячаславам.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads