Лугавая Вірня
вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Лугава́я Ві́рня[1] — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі.
На 2022 год уваходзіла ў Сьвятоўскі сельсавет. Месьцілася за 6 км на ўсход ад Жлобіна і чыгуначнай станцыі Жлобін на лініі Бабруйск—Гомель, а таксама на 92 км на поўнач ад Гомля. На ўсходзе межавала зь лесам. На поўдні пралягаў мэліярацыйны канал. Побач праходзіла аўтадарога Бабруйск—Гомель. На 2004 год знаходзілася ў складзе «Бабоўскага» саўгасу. Дзейнічалі малочны завод і акушэрска-фэльчарскі пункт. Пляніроўка складалася зь 2-х крывалеінейных і шчыльна між сабой пастаўленых вуліцаў, блізкіх да шыротнай араентацыі. Двухбаковая забудова пераважна складалася з драўляных сядзібаў[2].
Remove ads
Насельніцтва
Мінуўшчына
У ХІХ стагодзьдзі Лугавая Вірня ўпершыню згадвалася ў пісьмовых крыніцах у якасьці вёскі Стараруднянскай воласьці Рагачоўскага павету Магілёўскай губэрні. Праз Лугавую Вірню праходзіла паштовая дарога з Гомля ў Жлобін. У 1850 годзе запрацавала сукнавальня. У 1880 годзе заснавалі хлебазапасную краму і царкву Пакрова Багародзіцы. У 1886 годзе адчынілі царкоўна-прыходзкую школу. Паводле перапісу насельніцтва 1897 году ў Лугавой Вірні дзейнічалі вадзяны млын і заезны дом. У чэрвені 1905 году вяскоўцы не дапусьцілі станавога прыстава да апісаньня сваёй маёмасьці на карысьць памешчыцы Башмачэнкавай у ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. На 1909 год Лугавая Вірня налічвала 630 дзесяцінаў зямлі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лугавая Вірня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году вёска абвяшчалася часткай Беларускай ССР. 26 красавіка 1919 году трапіла ў склад Гомельскай губэрні Расейскай СФСР. У сакавіку 1924 году ў ходзе ўзбуйненьня Беларускай ССР яе вярнулі ў склад БССР. Ад 17 ліпеня 1924 году ў складзе Рагачоўскага раёну Бабруйскай акругі. 20 жніўня 1924 году ўвашла ў Бабоўскі сельсавет. У 1929 годзе стварылі калектыўную гаспадарку «Лугавая кветка»[2]. Ад 20 лютага 1938 году ў Гомельскай вобласьці.
Пры канцы лютага 1944 году нямецкія захопнікі сагналі ўсіх вяскоўцаў Лугавой Вірні ў стацыянарны лягер у Жлобіне. Затым у таварных вагонах цягніка давезьлі да чыгуначнай станцыі Халоднікі (цяпер Каленкавіцкі раён), адкуль пешшу гналі 20 км па ральлі і балоце ў Азарыцкія лягеры сьмерці (тагачасны Даманавіцкі раён)[3]. 24 лютага 1944 году Чырвоная армія заняла Лугавую Вірню, а ў ліпені расьмясьціла ў вёсцы палявы шпіталь. За час Нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў нямецкія захопнікі забілі 67 вяскоўцаў і спалілі 48 двароў. Яшчэ 85 вяскоўцаў загінула на фронце[2].
17 жніўня 1962 году Лугавую Вірню перадалі ў Шапілаўскі сельсавет[4]. 4 студзеня 2002 году Гомельскі абласны Савет дэпутатаў ухваліў Рашэньне № 145 «Аб зьмяненьні межаў Шапілаўскага і Сьвятоўскага сельскіх Саветаў дэпутатаў Жлобінскага раёну», паводле якога Лугавую Вірню перадалі ў Сьвятоўскі сельсавет.
Remove ads
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads