Марка Рубіё
амэрыканскі заканадаўца і дыплямат From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Марка Антоніё Рубіё (нар. 1971, Маямі, штат Флорыда, ЗША) — амэрыканскі палітык, праўнік і дыплямат.
72-і дзяржаўны сакратар ЗША ад 2025 году. Адначасна дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША ад 1 траўня 2025 году і архівіст ЗША ад 16 лютага 2025 году. Таксама быў апошнім кіраўніком Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША ад 3 лютага да закрыцьця 29 жніўня 2025 году. Былы сэнатар ЗША ад Флорыды (2011—2025). У 2020—2021 гадох быў старшынёй Камітэту выведкі Сэнату ЗША, а ў 2019—2021 гадох — і старшынёй Камітэту малой занятасьці Сэнату. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Флорыды (2000—2008), дзе ў 2006—2008 гадох быў прамоўцам. Былы сябар Заходне-Маямскай гарадзкой камісіі (1998—2000). Доктар права (1996).
Remove ads
Жыцьцяпіс
Быў 2-м сынам і трэцім з чатырох дзяцей у сям'і кубінцаў, якія пераехалі ў ЗША ў 1956 годзе. Меў старэйшых брата Марыё і сястру Барбару, а таксама малодшую сястру Вэроніку, якая выйшла замуж за пуэрта-рыканскага актора Карляса Понсэ (нар. 1972). Хоць сям'я належала да Рымска-каталіцкай царквы, ад 8 да 11 гадоў разам зь сям'ёй наведваў мармонскую царкву Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён ў Лас-Вэгасе (штат Нэвада), дзе бацька працаваў бармэнам у гасьцініцы. У 1984 годзе атрымаў першае прычасьце ў каталіцкай царкве, пасьля чаго сям'я вярнулася назад у Маямі (штат Флорыда) праз год. Пазьней прайшоў мірапамазаньне.

У 1989 годзе скончыў Паўднёва-Маямскую сярэднюю школу. Адзін год наведваў Таркійскі каледж у штаце Мізуры на футбольную стыпэндыю. Затым перайшоў у Санта-Фэйскі грамадзкі каледж у Гейнзвіле (штат Флорыда). Пазьней перавёўся ў Фларыдзкі ўнівэрсытэт тамсама, дзе ў 1993 годзе атрымаў ступеню бакаляўра мастацтва ў паліталёгіі. У 1996 годзе атрымаў ступеню доктара права з пахвалой у школе права Маямскага ўнівэрсытэту.
Падчас дактарантуры стажаваўся ў дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ЗША Іліаны Рос-Лейтэнэн (нар. 1952) з Рэспубліканскай партыі. У 1996 годзе працаваў у прэзыдэнцкай кампаніі сэнатара-рэспубліканца Боба Доўла (1923—2021). У 1998 годзе пабраўся шлюбам з Джэнэт Дусдэбэс, чые бацькі былі перасяленцамі з Калюмбіі.
Палата прадстаўнікоў Флорыды
25 студзеня 2000 году перамог на адмысловых выбарах у 111-й акрузе Палаты прадстаўнікоў Флорыды ад Маямі зь 72 % галасоў як прадстаўнік Рэспубліканскай партыі. Выступаў за паніжэньне падаткаў і дашкольную адукацыю. Перавыбіраўся на 4 тэрміны ў лістападзе 2000 году, у 2002-м, 2004-м з 66 % галасоў і ў 2006 годзе. Заканадаўчая сэсія доўжылася 60 дзён на год, таму палову году да 2014 году працаваў праўнікам у Маямі на кантору, якая вяла справы землекарыстаньня. У сьнежні 2000 году правадыр рэспубліканскай большасьці ў Палаце прадстаўнікоў Майкл Фасана прызначыў Рубіё адным з 2-х кіраўнікоў большасьці. У 2001 годзе правёў пераразьмеркаваньне акругаў да наступных выбараў у Флорыдзе на 5 краёў. У сьнежні 2002 году прамоўца Палаты прадстаўнікоў Джоні Бэрд прызначыў Рубіё правадыром большасьці. Быў суаўтарам законапраекту аб усталяваньні платы за навучаньне для дзяцей незаконных перасяленцаў. Пры канцы 2001 году дапамог адхіліць рэспубліканскі законапраект наконт справаздачнасьці каледжаў пра замежных студэнтаў. У 2001—2002 гадох запытаў 145 млн даляраў мэтавага выдаткоўваньня на ахову здароўя.

13 верасьня 2005 годзе абраўся першым амэрыканскім кубінцам на пасадзе прамоўцы Палаты прадстаўнікоў Флорыды. У лістападзе 2006 году яго прывялі да прысягі. У 2006 годзе выдаў кнігу «10 інавацыйных ідэяў для будучыні Флорыды» на падставе прапановаў ад грамадзянаў, сустрэтых у падарожжах па штаце. Сярод тых ідэяў 24 укаранілі ў заканадаўства, у тым ліку шматгадовы ўлік самаходаў і пашырэньне прафэсійных курсаў у сярэдніх школах. Таксама ў 2006 годзе пад яго старшыньствам распрацавалі закон пра абмежаваньне паўнамоцтваў ураду на адбор прыватнай уласнасьці. Наняў 18 памагатых Джэба Буша, які пакінуў пасаду губэрнатара Флорыды ў студзені 2007 году. У 2007 годзе Вярхоўны суд Флорыды стаў на бок Рубіё, які быў супраць угоды наконт пашырэньня азартных гульняў новым губэрнатарам Чарльзам Крыстам на землях індзейцаў семінолаў. Правёў закон, які абмежаваў указ губэрнатара Крыста аб стварэньні стандартаў наконт выкідаў самаходаў і жытла. Замест гэтага прапанаваў прасоўваць біяпаліва ў выглядзе этанолю і сонечныя панэлі дзеля энэргаашчаднасьці. У згодзе з прапановай губэрнатара Крыста правёў закон аб падваеньні вызваленьня ад падатку на нерухомасьць зь 25 да 50 тыс. даляраў, што скарачала падаткі на 33 млрд даляраў. У выніку старшыня арганізацыі «Амэрыканцы за падатковую рэформу» Гровэр Нордквіст назваў Рубіё «найбольш пра-падаткаплатніцкім заканадаўчым правадыром у краіне». У 2008 годзе пераканаў аднапартыйцаў пераняць прыклад арганізацыі «Дзіцячая прастора Гарлему» ў мясцовасьці Лібэрці Сіці (Маямі), каб павысіць пісьменнасьць нэгрыцянскіх хлопцаў.
У 2008 годзе перайшоў працаваць дацэнтам у Фларыдзкі міжнародны ўнівэрсытэт, дзе выкладаў заканадаўчы працэс.
Сэнатар ЗША

2 лістапада 2010 году на выбарах у Сэнат ЗША ад Флорыды, дзе стаў адным з 2-х лацінаамэрыканскіх сэнатараў. У 2011 годзе прызначыў кіраўніком свайго апарату Сэзара Конду, які раней быў дарадцам віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Чэйні. Галасаваў супрац Закону 2011 году аб кіраваньні бюджэтам, які прадугледжваў скарачэньне выдаткаў, у тым ліку на абарону. У 2012 годзе галасаваў супраць пастановаў аб фіскальным абрыве, які павышаў падаткі і паніжаў выдаткі, бо гэта пагражала звальненьнямі на малых прадпрыемствах. У 2013 годзе быў у складзе 2-партыйнай групе васьмі сэнатараў, якая распрацавала законапраект аб бясьпецы мяжы, гаспадарчай магчымасьці і асучасьніваньні перасяленьня. Законапраект прадугледжваў допуск да грамадзянства для незаконных перасяленцаў за пакрыцьцё нявыплачаных падаткаў. Але Палата прадстаўнікоў ЗША яго не разгледзела. У красавіку 2013 году галасаваў супраць пашырэньня Нацыянальнай сыстэмы імгненнай праверкі крымінальнага мінулага (НСІПКМ) пры набыцьці зброі, бо не палічыў, што тое дапаможа лавіць злачынцаў. Таксама галасаваў супраць абнародаваньня справаздачы Камітэту выведкі Сэнату ЗША аб катаваньнях ЦРУ, каб утаіць ад зламысьнікаў спосабы допыту. Пасьля набыцьця рэспубліканцамі большасьці ў Сэнаце ў лістападзе 2014 году на прапанову Рубіё з Закону аб даступнай мэдыцыне выключылі дзяржаўнае пакрыцьцё страхаўнікам за страты пры абароне пацыентаў. Ад студзеня 2011 па люты 2015 году прапусьціў 8 % галасаваньняў у Сэнаце. Ад 27 кастрычніка 2014 па 26 кастрычніка 2015 году браў удзел у 74 % галасаваньняў. У 2015 годзе адсутнічаў пры 35 % галасаваньняў. 17 траўня 2016 году ўразрэз з рэспубліканскай большасьцю падтрымаў запыт прэзыдэнта Барака Абамы на 2 млрд даляраў для супрацьдзеяньня вірусу Зіка. На той час на Флорыду прыпадала 20 % выпадкаў заражэньня вірусам у ЗША.
8 лістапада 2016 году перавыбраўся зь 52 % галасоў. 23 студзеня 2017 году падтрымаў вылучэньне Рэкса Тылерсана на пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША прэзыдэнтам Дональдам Трампам. 13 ліпеня 2020 году ўрад Кітаю забараніў Рубіё наведваць краіну, бо той асудзіў парушэньні правоў чалавека ў Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне. 7 студзеня 2021 году прагаласаваў за засьведчаньне падліку галасоў Выбарчай калегіяй ЗША на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША 2020 году. У студзені 2021 году стаў аўтарам Закону аб папярэджаньні прымусовай працы ўйгураў.
У лютым 2021 году галасаваў за апраўданьне Дональда Трампа наконт абвінавачаньня ў падбухторваньні да штурму Капітоліюму 6 студзеня. 28 траўня 2021 году галасаваў супраць стварэньня камісіі наконт 6 студзеня. У 2022 годзе перавыбраўся паўторна зь 57 % галасоў. Браў удзел у такіх 5 камітэтах Сэнату ЗША, як:
- Камітэт асыгнаваньняў;
- Камітэт малых занятасьці і прадпрымальніцтва;
- Асобны камітэт выведкі;
- Камітэт замежных справаў;
- Адмысловы камітэт старэньня.
Дзяржаўны сакратар ЗША
20 студзеня 2025 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў Рубіё на пасаду дзяржаўнага сакратара. Празь некалькі гадзінаў Сэнат ЗША падтрымаў вылучэньне 99 галасамі са 100, бо сотым быў сам былы сэнатар Рубіё. 21 студзеня віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэймз Вэнс прывёў Рубіё да прысягі. У выніку Рубіё стаў першым лацінаамэрыканцам і першым прадстаўніком Флорыды на пасадзе дзяржсакратара ЗША. У першы ж дзень на пасадзе сустрэўся зь міністрамі замежных справаў Чатырохбаковага дыялёгу наконт бясьпекі (Аўстраліі, Індыі і Японіі), каб супрацьстаяць уплыву Кітаю. 22 студзеня загадаў супрацоўнікам Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША спыніць разгляд заявак на пашпарт за пазнакай плоці Х для трансвэстытаў. 24 студзеня замарозіў замежную дапамогу на 90 дзён ад 28 студзеня. Адначасна першы замежны візыт ажыцьцявіў у Панаму, каб вярнуць Панамскі канал і скараціць незаконнае перасяленьне. У лютым 2025 году дамовіўся з прызыдэнтам Сальвадору Наібам Букеле наконт прыёму высланых з ЗША замежных злачынцаў. Іх меў прыняць Асяродак утрыманьня тэрарыстаў. 16 лютага адначасна заняў пасаду архівіста ЗША. 18 лютага ў Рыядзе (Саудаўская Арабія) сустрэўся з расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым, каб дамовіцца пра мірныя перамовы наконт расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У лютым таксама абвясьціў, што за цэнзуру закрыюць Офіс супрацьдзеяньня замежнаму інфармацыйнаму маніпуляваньню і ўмяшаньню, што ажыцьцявілі ў красавіку. 2 сакавіка 2025 году абнародаваў заяву аб накіраваньні Ізраілю зброі на 4 млрд даляраў. 14 сакавіка выслаў з краіны паўднёва-афрыканскага амбасадара Эбрагіма Расула, назваўшы яго «палітыкам, які раскручвае расавыя матывы і ненавідзіць Амэрыку». 20 сакавіка 2025 году Марка Рубіё абвясьціў пра закрыцьцё 83 % праграмаў Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (АМР ЗША) для спраўнага кіраваньня астатняй 1000 праграмаў. АМР ЗША налічвала 10 000 супрацоўнікаў[1].

1 траўня 2025 году стаў першым лацінаамэрыканцам на пасадзе дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы ЗША. Стаў першым, хто спалучыў гэтую пасаду з пасадай дзяржсакратара з часоў Гэнры Кісынджэра ў 1975 годзе. У чэрвені 2025 году ўвёў забарону на ўезд для 4-х судзьдзяў Міжнароднага крымінальнага суду (Нідэрлянды) за ордэр на арышт ізраільскага прэм'ера Біньяміна Нэтаньягу і яго міністра абароны Ёава Галанта. 27 чэрвеня 2025 году зладзіў падпісаньне мірнага пагадненьня між Дэмакратычнай Рэспублікай Конга (ДРК) і Руандай. Пагадненьне прадугледжвала вывад войска Руанды з усходу ДРК і пачатак гандлёвай супрацы празь 90 дзён. 29 жніўня 2025 году паведаміў пра закрыцьцё Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША, створанага ў 1961 годзе. У выніку са студзеня 2025 году ўдалося ашчадзіць звыш 20 млрд даляраў[1].
Remove ads
Асабістае жыцьцё
Пражываў з жонкай і 4-ма дзецьмі ў Заходнім Маямі. Хадзіў да царквы Маленькай Кветкі ў Корал Гэйблз.
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads