Руднае (Гомельская вобласьць)
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Руднае[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Да ліквідацыі ўваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага

Упершыню вёска згаданая ў судовым акце ад 6 красавіка 1590 году. Гэта пратэст пана кіеўскага падкаморага Шчаснага Харлінскага на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, які наслаў быў нібыта некалькі соцень (!) падданых сваіх брагінскіх на чале з ураднікам Кірыянам Вайніловічам на вёскі Руднае, Храпкаў, Навасёлкі, Багушы, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, а яны людзей зьбілі і скалечылі, каморы і іншыя будынкі пашкодзілі, начыньне рознае, худобу з быдлам пазабіралі і да ключа Брагінскага адвялі[2]. Ад таго часу і да парэформавага пэрыяду ўжо ў Расейскай імпэрыі Навасёлкі належалі тым уладальнікам, што і Хвойнікі з Астраглядамі, г. зн. пасьля Харлінскіх, — Абрамовічу, Бжазоўскім, Шуйскім і Прозарам[3].
У 1637 годзе М. Абрамовіч за плату ў 12 000 злотых перадаў фальварак і сяло Руднае ды сёлы Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстаньне зямяніну Стэфану Воўку[4].

Згодна з інвэнтаром 1721 году, калі абцяжараны даўгамі Хвойніцкі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму, у вёсцы Руднае было 7 двароў, зь якіх выбіралася 33[a] злотых чыншу, ачковага 9 зл., а таксама рознага дзякла жытам, грэчкай і інш. Зазначана, што руднаўцы выконвалі тыя ж павіннасьці, што і валоцкія сяляне, г. зн. адпрацоўвалі паншчыну ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да сьв. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масьцілі, з падводамі езьдзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Прозьвішчы жыхароў, паводле таксама і рэвізіі 1716 г., — Назаранка, Атрошка (Атрошчанка), Лук'яненка, Брухавецкі, Мікалайчык[5].
У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году сказана, што вёска Руднае (Rudno) ў складзе Хвойніцкай воласьці належала князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[6]. У 1754 годзе з 13 двароў (×6 — прыкладна 78 жыхароў) вёскі Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 2 злотых і паўгроша, «na milicję» (пераважна дзеля барацьбы з гайдамакамі) 8 злотых і 2 грошы[7].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Руднае — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[8]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вёска Руднае згаданая сярод уладаньняў пана Людвіка[b] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай[9], спадчыннай іх уладальніцы. Тады тут налічвалася 25 двароў з 85 душамі мужчынскага і 101 душой жаночага полу сялянаў[10].
У дакумэнце, пазначаным 15 сакавіка 1812 году, запісана, што фальварак Руднае з усімі прылегласьцямі, які належаў пані Людвіцы з князёў Шуйскіх, жонцы абознага Караля, Прозаравай, аддадзены ў трохгадовую арэнду шляхцічу Ваўжынцу Балашэвічу за штогадовую выплату 900 рублёў серабром[11].
Інвэнтар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтку 1844 году засьведчыў прыналежнасьць Руднага з 35 сем’ямі ў складзе аднайменнага фальварку пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[12]. «Список населённых мест Минской губернии на 1857 год» паказвае, што 247 жыхароў Руднага абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Міхайлаўскай царквы ў сяле Стралічаў, 3 мужчыны і 4 жанчыны належалі да парафіі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[13].
У парэформавы пэрыяд Руднае адміністрацыйна належала да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 120 гаспадароў зь сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Руднаўскага сельскага таварыства, 1 аднадворац, прыпісаны да воласьці[14].
Паводле перапісу 1897 году, у Рудным — 82 двары, 525 жыхароў, капліца, хлебазапасны магазын. На 1909 год у вёсцы было 96 двароў, 592 жыхары, побач — аднадворны хутар з 26 жыхарамі[15].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Руднае, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[16].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Руднаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 35 і 49 вучняў[17].
Вёска Руднае ліквідаваная ў 2013 годзе[18].
Remove ads
Асобы
- Віктар Жаўняк (нар. 1938) — беларускі архітэктар.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads