Навасёлкі (Хвойніцкі раён)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Навасёлкі[1] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Навасёлкі ўваходзяць у склад Судкоўскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае


Ці не ўпершыню паселішча згаданае ў лісьце караля Жыгімонта Старога ад 3 сакавіка 1532 году[b], якім маёнткі нябожчыка пана Сямёна Палазовіча перадаваліся яго зяцю князю Дзьмітрыю Відэніцкаму (Любецкаму)[6]:
Воеводе киевъскому, державцы свислоцкому пану Андрею Якубовичу Немировича. Жаловалъ нам дворянинъ нашъ княз Дмитреи Романовичъ Виденецкии о томъ, што жъ которые именя мелъ державца речицкии тесть его, небожчикъ панъ Семенъ Полозовичъ наимя Ухобное, Углядковичи, Белыи Берегъ, Виточов, Мартиновичи, Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки а двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ. И тые деи онъ вси именя свои держалъ за даниною и листы отца нашого Казимера, короля, и брата нашого Александра, королеи ихъ милости и нашими... и приказуемъ тобе, ажо бы еси тых именеи со всимъ с тымъ князю Дмитру поступилъ...
6 кастрычніка 1541 году паміж князем Аляксандрам Міхайлавічам Вішнявецкім, дзедзічам Брагінскіх добраў, і князем Дзмітрыем Раманавічам Відэніцкім, уладальнікам добраў Астраглядавіцкіх, было дасягнута пагадненьне, згодна зь якім, першы саступіў грунт для вёскі Навасёлкі, наўзамен чаго атрымаў грунты для вёсак Веляцін і Мікулічы[7].
У ходзе адміністрацыйнай рэформы 1565–1566 гадоў была вызначана мяжа Кіеўскага павету на ўчастку, дзе знаходзілася Брагінская воласьць: «… Мозырскою границою до Брагиньское границы, а Брагиньскою границою до Днепра, по левои стороне пущаючи волость Речицкую, до Любеча…_… а Словешнею доловъ ажъ до Припети, по правои стороне поветъ Киевъскии, а по левои Мозырскии, а черезъ реку Припеть, оставуючи полеве Речицу со всими границами, а поправу Брягинь со всим поветомъ Киевским ажъ до Днепра…»[8]. Навасёлкі — у Кіеўскім павеце і намінальна[c] ў Брагінскай воласьці.
Увогуле, ад свайго заснаваньня і да парэформавага пэрыяду ўжо ў Расейскай імпэрыі Навасёлкі належалі тым уладальнікам, што і Хвойнікі з Астраглядамі, г. зн. пасьля Любецкіх, — Харлінскім, Абрамовічу, Бжазоўскім, Шуйскім і Прозарам[10].

26 верасьня 1568 году ў Кіеўскім замкавым судзе актыкаваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, харунжага кіеўскага, з нагоды адабраньня грунту вёскі Навасёлкі і прылучэньня да ўгодзьдзяў вёскі Кажушкі біскупа кіеўскага Мікалая Паца[11]. Дачка князя Дзьмітрыя і Фенны Палазовічаўны Любецкіх, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, якая пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з вышэйзгаданым Шчасным Харлінскім гербу Бонча, у сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники[d], Остроглядовичи, Новоселки…»[12].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (у тым ліку Навасёлкі) было далучана да Кароны Польскай[13].
Карона Каралеўства Польскага
7 днём верасьня 1572 году датаваны ліст біскупа кіеўскага Мікалая Паца вознаму, у якім той паведаміў, што загадаў падданым сваім кажушкаўскім, каб да вострава Замошша, прыналежнага да вёскі Навасёлкі, «nie wdzierali się». 3 жніўня 1578 году біскуп М. Пац зьвярнуўся да пана Шчаснага Харлінскага, абы той забараніў свайму ўрадніку і падданым навасёлкаўскім чыніць крыўды яго кажушкаўцам і забірацца ў іх грунты. 26 днём лютага 1579 году пазначана разьмежаваньне ўгодзьдзяў вёсак Кажушкі біскупа М. Паца і Навасёлкі пана Ш. Харлінскага, выкананае «przez sędziow obranych»[11]. 6 красавіка 1590 году ў Кіеўскі гродзкі суд накіраваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, які наслаў быў некалькі соцень падданых сваіх брагінскіх на чале з ураднікам Кірыянам Вайніловічам на вёскі Навасёлкі, Храпкаў, Багушы і Руднае, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, а яны людзей зьбілі і скалечылі, каморы і іншыя будынкі пашкодзілі, начыньне рознае, худобу з быдлам пазабіралі і да ключа Брагінскага адвялі[14]. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводзтва, у дакумэнце ад 22 чэрвеня 1600 году засьведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як разьмежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісьцьвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваньнем старых памежных знакаў. Крыху раней, 20 чэрвеня 1600 году, Ш. Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны: двор Астраглядавічы з «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Навасёлкі, Дворышча, Вялікі Бор і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку зь сямі пляцаў у Кіеве[15].
Пры разьмежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 гадоў мястэчка і вёску Хвойнікі, сяло Навасёлкі і іншыя пана Мікалая Харлінскага, а таксама сёлы Брагінскай воласці за ракой Сычоўкай паны камісары згодна засьведчылі прыналежнымі да ваяводзтва Кіеўскага[16].

7 чэрвеня 1623 году датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Навасёлкі, Лаханію, Стралічаў, Малішаў[e][17]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добры Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[18], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе з 8 дымоў вёсак Дворышча і Навасёлкі, якія былі ў заставе ў пана Зыгмунта Копэця, выплачвалася па 3 злотых[19]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[f] нарэшце засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. У пераліку вёсак названыя і Навасёлкі[20]. 16 красавіка 1637 году М. Абрамовіч за плату ў 12 000 злотых перадаў фальварак і сяло Руднае ды сёлы Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстаньне зямяніну Стэфану Воўку[21].

Паводле інвэнтару Хвойніцкага маёнтку 1698 году, перададзенага ў кіраваньне пана зыгмунта Шукшты, у вёсцы Навасёлкі, налічвалася 15 двароў, зь якіх было выбрана 97 злотых і 15 грошаў чыншу, даніны мядовай 19 з паловай бельцаў, а таксама рознага дзякла жытам, грэчкай і інш. Прычым, двое сялянаў, якія плацілі па 10 злотых і па 1 бельцу, уцеклі, а яшчэ адзін плацельшчык 5 зл. і 1 бельца памёр. Зазначана, што навасёлкаўцы выконвалі тыя ж павіннасьці, што і валоцкія сяляне, г. зн. адпрацоўвалі паншчыну ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да сьв. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масьцілі, з падводамі езьдзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Згодна таксама з рэвізіяй 1716 г. і інвэнтаром 1721 г., прозьвішчы вяскоўцаў — Сацура, Гатчанка, Пінчук, Мікуленка, Гунчанка, Цярэшка, Хвошчанка (Хвешчанка, Хвішчанка), Барун, Лешчанка, Кот, Улай, Пастушэнка, Ключанец, Басёнак[22].
У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году сказана, што вёска Навасёлкі ў складзе Хвойніцкай воласьці належала князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[23]. У 1754 годзе з 26 двароў (×6 — прыкладна 156 жыхароў) вёскі Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 4 злотых і 1 грош, «na milicję» (пераважна на супрацьдзеяньне гайдамакам) 16 злотых і 4 грошы[24].
13 і 15 лістапада 1773 году, паводле актаў Оўруцкага гродзкага суда, узнавіліся памежныя канфлікты што да ўгодзьдзяў вёсак Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх (апякуноў Людвікі Шуйскай), старостаў ніжынскіх, і Кажушкі Нараўлянскага маёнтку войскага мазырскага Яна Мікалая, сына Рафала, Аскеркі. Пачаліся яны з пасечанага і папаленага хвойніцкага (навасёлкаўскага) лесу. 28 лютага 1778 году ў оўруцкія кнігі было нават занесена разьмежаваньне часоў біскупа М. Паца і харунжага Ш. Харлінскага (1579 г.). 8 лютага, 19 красавіка і 30 чэрвеня 1787 году датаваныя судовыя абвінавачваньні сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі Яна Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, у тым, што насланыя ім кажушкаўцы навасёлкаўцаў зьбілі-скалечылі, зьнішчылі межы, пакапалі капцы ды новыя, выгодныя для сябе насыпалі. 23 лютага 1793 году ў Оўруцкім гродзе «przez ugodę wieczystą» была зацьверджана мапа пазначанай капцамі мяжы паміж вёскамі Навасёлкі абозных Прозараў і Кажушкі стражніка Аскеркі[25].
Расейская імпэрыя
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Навасёлкі — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[26]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вёска Навасёлкі згаданая сярод уладаньняў пана Людвіка[g] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай[27], спадчыннай іх уладальніцы. Паводле сьведчаньня шляхціча-эканома Андрэя Дабранскага, тады тут было 46 аседлых двароў, а разам зь 5 сем'ямі неаседлымі налічвалася 190 душ мужчынскага і 179 душ жаночага полу сялянаў[28].
30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста[h]. Грунты хвойніцкіх Навасёлак у тым дакуменце ў чарговы раз разьмяжоўваліся з угодзьдзямі прылегласьці Barborowszczyzny Кажушак, а таксама Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[29].
Інвэнтар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтку 1844 году засьведчыў прыналежнасьць Навасёлак з 68 сем’ямі ў складзе фальварку Дэлістаў пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[30]. У энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што ў 1850 годзе ў вёсцы было 68 двароў, 494 жыхары. «Список населённых мест Минской губернии на 1857 год» паказвае, што 443 жыхары Навасёлак абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Міхайлаўскай царквы ў сяле Стралічаў[31].
У парэформавы пэрыяд Навасёлкі адміністрацыйна належалі да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 218 гаспадароў зь сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Навасёлкаўскага сельскага таварыства[32].
Паводле перапісу 1897 году, у Навасёлках — 135 двароў, 819 жыхароў, капліца, школа граматы і хлебазапасны магазын. На 1909 год у вёсцы было 155 двароў, 913 жыхароў[33].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Навасёлкі, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[34].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Навасёлкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 63 і 122 вучні[35].
1 сьнежня 2009 году сельсавет, у склад якога ўваходзяць Навасёлкі, перайменаваны з Дварышчанскага ў Судкоўскі[36].
Remove ads
Насельніцтва
- 1999 год — 168 чалавек
- 2010 год — 99 чалавек
- 2021 год — 26 двароў, 38 жыхароў[37]
Заўвагі
- Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[2].
- М. К. Любаўскі ў свой час памылкова атаясаміў сяло з Навасёлкамі Іпскай нядзелі[a] Мазырскай воласьці[3], аддадзенымі каралём у трыманьне пісару Федку Сьвятошу ў 1514 г.[4], а каля 1535 г. — князю Уладзімеру Пуціўльскаму. Тады як нашыя Навасёлкі месьціліся на тэрыторыі Брагінскай воласьці. Памылка была запазычана С. В. Марцэлевым[5].
- Астраглядавічы і Хвойнікі, зь якімі Навасёлкі непарыўна зьвязаныя, вылучаныя з Брагінскай воласьці яшчэ ў 1504 г.[9]
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads