Хведар Ільяшэвіч
беларускі паэт, журналіст, гісторык, філёзаф From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Хведар Ільяшэвіч (17 лютага 1910, Вільня — 7 лістапада 1948, Ватэнштэц, Нямеччына) — беларускі паэт, журналіст, гісторык, магістар філязофіі за дысэртацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні» (1936), беларускі палітычны дзяяч. Меў сястру Ніну і старэйшага брата Міколу. Падчас Першай сусьветнай вайны сям’я падалася ў бежанцы.

Remove ads
Жыцьцяпіс
Скончыў Віленскую беларускую гімназію, гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У гімназіі браты вучыліся разам з Натальляй Арсеньневай, Алесем Салагубам, выкладалі Максім Гарэцкі, Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі ды іншыя. Выкладчык беларускай мовы ў Віленскай беларускай гімназіі. Актыўны ўдзельнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады, хадзіў па беларускіх вёсках, распаўсюджваў рэвалюцыйную літаратуру, ідэі беларускасьці. За гэтую дзейнасьць у 1927 годзе быў пасаджаны польскімі ўладамі ў турму Лукішкі. Пасьля турэмнага пакараньня працягваў працаваць на ніве нацыянальнага адраджэньня, адначасова навучаючыся на гістарычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. З 1934 году настаўнічаў у Віленскай беларускай гімназіі[1]. У 1936 скончыў унівэрсытэт, абараніў дысэртацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)», атрымаў званьне магістра філязофіі. Вершы друкаваліся ў «Студэнцкай думцы», «Беларускай ніве», «Крыніцы». Аўтар зборнікаў вершаў: «Веснапесьні» (1922), «Зорным шляхам» (1932) і «Захварбаваныя вершы» (1936), кнігі пра літаратурную творчасьць Ядвігіна Ш., а таксама шматлікіх апавяданьняў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій і перакладаў.
Ажаніўся, Надзя і Хведар жылі ў Вільні, дзе нарадзіліся двое дзяцей. Працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў родную мову, літаратуру, гісторыю.

Не прыняў савецкага таталітарнага рэжыму, што запанаваў у Заходняй Беларусі з 1939 году, добра памятаючы трагічныя лёсы А.Салагуба, У.Жылкі, Ф.Аляхновіча, асабіста ведаў арыштаваных пасьля далучэньня 1939 А.Луцкевіча, У.Самойлу, М.Краўцова, Н.Арсеньневу, Р.Шырму. Сам ён ня быў арыштаваны савецкай уладай, да пачатку вайны працаваў у Вілнскай беларускай гімназіі, пасьля пераехаў у Беласток (сям’я жыла ў Тапалянах). Ад гэтага часу пачынаецца абвінавачаньне паэта ў супрацоўніцтве зь немцамі. Пад час вайны старшыня Беларускага аб’яднаньня ў Беластоку, быў адным з арганізатараў беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Рэдактар штотыднёвіка «Новая дарога», дзе зьяўляюцца яго артыкулы пра Міхася Забэйду-Суміцкага, Францішка Аляхновіча, Ул. Жылку і іншых беларускіх дзеячоў культуры. Падпісваў свае артыкулы крыптанімам М. Д.. У кастрычніку 1943 году прыцягнуў да супрацоўніцтва прыбылага з Магілёўшчыны Масея Сяднёва.
Летам 1943 у Беластоку выкладаў на трохтыднёвых пэдагагічных курсах для беларускіх настаўнікаў.
Сябра Замежнага Сэктару ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі.
У 1944 годзе Ільяшэвіч плянаваў выдаць у Беластоку лепшыя творы беларускай літаратуры ў сэрыі «Беларуская Народная Бібліятэчка», пераклады сусьветнай клясыкі ў сэрыі «Бібліятэка перакладу». Але з-за наступу Чырвонай арміі летам 1944 году гэта не ажыцьцявілася, і Ільяшэвіч выехаў у Нямеччыну. Сям’я засталася ў Польшчы, Надзею Ільляшэвіч па першым часе выклікалі энкавэдысты, дапытваліся, дзе знаходзіцца муж. Пазьней яна зь дзецьмі пераехала ў Шчэцін, дзе і цяпер жыве дачка Ільляшэвіча Марыля Марліч. Хведар Ільляшэвіч апынуўся ў Ватэнштэце (ангельская зона акупацыі), дзе зноў распачаў працу па аб’яднаньні суайчыньнікаў, што жылі ў лягеры перамешчаных асобаў. У беларускім лягеры была свая царква, пачатковая школа, гімназія, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, мужчынскі і жаночы скаўтынг, рататарнае выдавецьва, мэдыцынскі цэнтар.
У Бэрліне выдаў 7 кніжак з сэрыі «Народная Бібліятэчка»:
- Юрка Віцьбіч «Нацыянальныя сьвятыні»
- Юрка Віцьбіч «Вяліскія паўстанцы»
- Уладзімір Глыбінны «Смаленшчына — адвечная беларуская зямля»
- Музыка Арцём (Вацлаў Ластоўскі) «Прыгоды Панаса і Тараса»
- Лявон Радзіміч «Адам і Ева», «Чабор»
- Мікола Шчаглоў (Мікалай Шчаглоў-Куліковіч) «Беларуская музычная культура»
- зборнік «Дудар», з апавяданьнямі Ластоўскага, Гарэцкага, Савіцкай А, Ядвігіна Ш., А.Падгорнага, С.Палескага.
Шэсьць кніг было надрукавана на газэтнай паперы.
Працаваў у часопісе «Шляхам жыцьця» (1946—1948), рэдагаваў бюлетэнь «Апошнія весткі», іншыя беларускія выданьні.
Загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў Ватэнштэце. Пахаваны ў Галенсдорфе паблізу Браўншвэйга.
У 2000 годзе, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму, у Маладэчне пабачылі сьвет асобнай кніжкай выбраныя «Творы» Хведара Ільяшэвіча.
Remove ads
Бібліяграфія
- Х. І. Вясеньнія матывы. // Студэнская думка : часопіс. — 1925. — № 2 (3). — С. 19.
- Хвёдар Ільяшэвіч. Цэлую зімачку буду чакаць... (Верш). // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 3 (10). — С. 16—18.
- Хведар Ільяшэвіч. Веснапесьні. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1929. — 71 с.
- Хв. Ільяшэвіч. *** Вучуся холаду ў сьцен... Жаданьне. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 1 (11). — С. 23, 24.
- Хведар Ільяшэвіч. Зорным шляхам. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1932. — 64 с.
- Хведар Ільяшэвіч. На турэмнай глебе. (Верш) // Родныя гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, верасень—кастрычнік. — № 6. — С. 42.
- Хведар Ільяшэвіч. Гмахі плывуць у блакітныя змрокі. (Верш). // Шлях моладзі : месячная часопісь беларускай моладзі. — кастрычнік 1932. — № 10 (45). — С. 9, 10.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 8 красавіка. — № 8. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 29 красавіка. — № 9. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 13 траўня. — № 10. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 27 траўня. — № 11. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 24 чэрвеня. — № 13. — С. 3—6.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 8 ліпеня. — № 14. — С. 3—6.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыцьце і літаратурная творчасьць. — Вільня: Таварыства беларускай асьветы, 1933. — 37 с.
- Хведар Ільляшэвіч. «Казка», «Яшчэ аб восені», «Я ізноў» (вершы) // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 23, 24—.
- Х. І. Мастацкая выстаўка Пётры Сергіевіча. // Родны край : часопіс. — 1936, 11 студзеня. — № 1 (89). — С. 2—3.
- М. Дальны. «У вагоне» (апавяданьне) // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 25—29.
- Хведар Ільяшэвіч. Захварбаваныя вершы. — Вільня: Друк, вытворча-гандлёвы кааператыв, 1936. — 30 с.
- Хведар Ільяшэвіч. Творы: «Веснапесьні»; «Захварбаваныя вершы»; Вершы другой паловы 30-х гадоў; Эміграцыйныя вершы; Проза. / Падрыхтоўка тэкста й ўкладаньне Міхася Казлоўскага ; прадмова А. Ліса; Афармленьне мастака Акуліка А.. — Маладзечна: Цэнтар грамадзкіх ініцыятываў, 2000. — 60 с. — (Паэзія Віленскага краю). — 299 ас.
- Хведар Ільяшэвіч. Выбранае / укладаньне Натальлі Гардзіенкі, Ціхана Чарнякевіча, Лявона Юрэвіча; агульнае рэдагаваньне, камэнтары, паказьнік Натальлі Гардзіенкі. — Менск: Кнігазбор, 2021. — 260 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; Спадчына: агледзіны. Кн. 43). — 99 ас. — ISBN 978-985-883-024-3
На летувіскай мове
- Chviedar Illijaševič. Tiek dainų. Rudens poema. (па-беларуску: Так шмат песень… Восеньскі верш.) (лет.) // Vertė Ona Miciūtė, Juozas Kėkštas; redaktorius ir leidėjas Zigmas Prantkelevičius. Pagalbininkai: Prantkelevičius, Zigmas (1912-1967); Karosas, Jonas (1912-1975). Piūvis (па-беларуску: Разрэз) : dailės ir literatūros vienrartinis leidinys (па-беларуску: літаратурна-мастацкае аднаразовае выданьне). — Vilnius: «Patria», 1938. — С. 15, 16.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads

