Шанхай
места ў Кітаі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Шанха́й (па-кітайску: 上海市) — найбуйнейшы горад Кітаю й адзін з самых буйных гарадоў сьвету, разьмешчаны ў дэльце ракі Янцзы. Адзін з чатырох гарадоў цэнтральнага падначаленьня КНР, важны фінансавы й культурны цэнтар краіны, а таксама найбуйнейшы ў сьвеце марскі порт. Да пачатку XX стагодзьдзя Шанхай пераўтварыўся з маленькага рыбацкага мястэчка ў найважнейшы горад Кітаю й адзін зь вядучых сусьветных фінансавых цэнтраў. Акрамя гэтага горад стаў цэнтрам масавай культуры, інтэлектуальных спрэчак і палітычных інтрыгаў у рэспубліканскім Кітаі. Пасьля перамогі КПК у грамадзянскай вайне ў 1949 годзе ўрад абклаў Шанхай высокімі падаткамі, буржуазія падвергнулася перасьледам, і ягоные былое багацьце хутка сышло на не.
Remove ads
Пасьля таго як улады ў 1992 годзе санкцыянавалі аднаўленьне рынкавага разьвіцьця эканомікі Шанхаю, ён хутка абыйшоў Шэньчжэнь і Гуанчжоў, у якіх пачыналіся рынкавыя рэформы ў Кітаі. У пачатку XXI стагодзьдзя Шанхай прэтэндуе на то, каб вярнуць сабе званьне гораду сусьветнага ўзроўню й стаць асноўным эканамічным цэнтрам Усходняй Азіі.
Remove ads
Гісторыя

Падчас панаваньня дынастыі Сун Шанхай быў павышаны ў статусе зь вёскі ў гандлёвы горад у 1074 годзе, а ў 1172 годзе ля горада дзеля стабілізацыі берагавой лініі акіяна была пабудавана другая марская сьцяна, якая дапаўняла сыстэму з раней узьведзеных дамбаў[1]. Падчас панаваньня дынастыі Юань з 1292 году да 1927 году, калі паселішча афіцыйна стала горадам, тэрыторыя Шанхаю была пазначана як цэнтральнае месца прэфэктуры Сангджанг[2].
Дзьве важныя падзеі садзейнічалі разьвіцьцю Шанхаю падчас панаваньня дынастыі Мін. Гарадзкая сьцяна была пабудавана ў першы раз у 1554 годзе для абароны гораду ад набегаў японскіх піратаў. Яна вымяралася вышынёй 10 мэтраў і была 5 км у акружнасьці[3]. У часы панаваньня Ванлі Шанхай атрымаў важны псыхалягічны імпульс ад узьвядзеньня ў горадзе даоскага храму Чэнхуанмяо ў 1602 годзе. Гэтая ўзнагарода, як правіла, рабілася толькі для месцаў са статусам гораду — сталіцаў прэфэктураў, а ня проста павятовым гарадам, якім быў Шанхай. Гэтая падзея, верагодна, адлюстроўвае важнае эканамічнае значэньне гораду, у адрозьненьне ад ягонага нізкага палітычнага статусу[3].

У часы панаваньня дынастыі Цын, Шанхай стаў адным з найбольш важных марскіх партоў у рэгіёне дэльты Янцзы, у выніку чаго адбыліся дзьве важныя палітычныя зьмены: па-першае, імпэратар Кансі ў 1684 годзе адмяніў папярэднія забароны дынастыі Мін, якія дзейнічалі з 1525 году, на выхад суднаў у акіян. Па-другое, у 1732 годзе імпэратар Юнчжэн перанес мытню ў правінцыю Цзянсу й ейную сталіцу горад Шанхай, і надаў яму эксклюзіўныя правы на кантроль над зьнешнім гандлем. У выніку гэтых двух важных рашэньняў да 1735 году Шанхай стаў асноўным гандлёвым портам усёй ніжняй вобласьці ракі Янцзы, нягледзячы на ўсё яшчэ нізкі адміністрацыйны ўзровень у палітычнай герархіі[4].
Міжнародная ўвага да Шанхаю ўзрасла ў XIX стагодзьдзі з-за ягонага эканамічнага й гандлёвага патэнцыялу. У часы Першай опіюмнай вайны ў 1839—1842 гадох брытанскія войскі часова захапілі горад. Вайна скончылася ў 1842 годзе ў выніку падпісаньня Нанкінскай дамовы, паводле якой Кітай абавязваўся адчыніць для міжнароднага гандлю свае асноўныя порты, у сьпіс якіх увайшоў і Шанхай. Разам з тым з Брытаніяй была падпісана яшчэ адна асобная Хумэнская дамова ў 1843 годзе, якая дазволіла брытанцам займацца гандлем на кітайскай зямлі. Праз год пабодная дамова была падпісана й з ЗША, якая атрымала назоў Вансяская дамова. У выніку Брытанія, Францыя й Злучаныя Штаты Амэрыкі атрымалі значныя саступкі й па-за сьценамі горада, якім па-ранейшаму кіравалі кітайцы.
У 1855 годзе горад быў захоплены паўстанцамі з таварыства малых шабляў, але быў вернуты пад імпэратарскую ўладу ў лютым 1855 году[5]. У 1854 годзе быў створаны Шанхайскі муніцыпальны савет дзеля кіраваньня замежнымі паселішчамі. У пэрыяд з 1860 па 1862 гады тайпінскія паўстанцы двойчы напалі на Шанхай і зьнішчылі ўсходнія й паўднёвыя прыгарады горада, але ня здолелі захапіць яго самаго[6]. У 1863 годзе брытанскае паселішча на поўдзень ад ракі Суджоў і амэрыканскае паселішча на поўначы ўзьядналіся з мэтай фармаваньня Шанхайскага інтэрнацыянальнага паселішча. Францускае паселішча адмовіліся ад Шанхайскага гарадзкога савета й захавала сваю канцэсію на поўдні й паўднёвым захадзе.

Грамадзяне многіх краінаў з усіх кантынэнтаў прыехаў у Шанхай, каб жыць і працаваць на працягу наступных дзесяцігодзьдзяў. Тыя, хто жылі ў горадзе працягу доўгага часу — некалькі пакаленьняў — называлі сябе «шанхайлэндцы». У 1920-х і 1930-х гадох амаль 20 тысячаў расейцаў пераехала сюды, большая частка якіх былі прадстаўнікамі белага руху падчас грамадзянскай вайны ў Расеі. Расейцы ў Шанхаі на той час складалі другую па велічыні замежную супольнасьць. Да 1932 году Шанхай стаў пятым у сьвеце горадам паводле велічыні й быў домам для 70 тысячаў замежнікаў. У 1930-х гадох 30 тысячаў габрэйскіх уцекачоў з Эўропы прыбылі ў горад[7].
Кітайска-японская вайна скончылася падпісаньнем сіманасэскай дамовай, якая дала магчымасьць Японіі стаць яшчэ адной замежнай дзяржавай у сфэры эканомікі Шанхаю. Японцы пабудавалі завод у горадзе, які неўзабаве былі скапіяваны іншымі замежнымі дзяржавамі. Шанхай быў тады самым важным фінансавым цэнтрам на Далёкім Усходзе, у выніку чаго горад атрымаў мянушку «Вялікія Атэны Кітаю»[8].
Падчас кіраваньня гэтай тэрыторыяй Кітайскай рэспублікай ў 1911—1949 гадох, палітычны статус Шанхаю, нарэшце, быў павышаны да статусу муніцыпалітэту ад 14 ліпеня 1927 году. Нягледзячы на тое, што тэрыторыі замежных канцэсіяў не былі ўключаны ў сфэру іхняга кантролю, новы кітайскі муніцыпалітэт меў плошчу ў 828,8 км², у тым ліку ў ягоны склад уваходзілі сучасныя раёны Баошан, Янгпу, Жабэй, Нансі й Пудун. 28 студзеня 1932 году японскія войскі высадзіліся ў гораде й захапілі яго, нягледзячы на кітайскі супраціў, які быў скончаны ў траўні таго ж году. У выніку бітвы за Шанхай у 1937 годзе кітайскія гарадзкія зоны былі акупаваны японскімі жаўнерамі ў той час, калі міжнародная зона й француская канцэсія заставаліся вольнымі. Аднак і гэтыя тэрыторыі таксама былі акупаваныя 8 сьнежня 1941 году й заставаліся пад кантролем Японіі да ейнай капітуляцыі ў 1945 годзе. Падчас акупацыі назіраліся шматлікія вайсковыя злачынствы[9].
Remove ads
Геаграфія

Шанхай разьмешчаны ў дэльце ракі Янцзы на ўсходнім узьбярэжжы Кітая на прыкладна роўнай адлегласьці ад Пэкіна й Ганконга. Муніцыпалітэт у цэлым складаецца з паўвострава паміж Янцзы й Ханчжоў Бэй, а таксама шэрагу дробных астравоў. Гарадзкі муніцыпалітэт мяжуе на поўначы й захадзе з правінцыямі Цзянсу, на поўдні з правінцыяй Чжэцзян, а на ўсходзе з Усходне-кітайскім морам. Уласна горад дзеліцца напалову ракой Хуанпу, якая зьяўляецца адным з прытокаў Янцзы. Гістарычны цэнтар горада, раён Пусі, разьмешчаны на заходнім беразе Хуанпу, у той час як нядаўна распрацаваны раён Пудонг, які зьмяшчае цэнтральны фінансавы рэгіён, быў пабудаваны на ўсходнім беразе.
Пераважная большасьць гарадзкой плошчы зьяўляецца плоскай па тыпу ляндшафта, за выключэньнем некалькіх пагоркаў у паўднёва-заходнім рэгіёне, зь сярэдняй вышынёй 4 мэтры[10]. Разьмяшчэньне горада на плоскай алювіяльнай раўніне азначае, што новыя хмарачосы павінны быць пабудаваны з глыбокім бэтонным мурам, каб спыніць іхняе апусканьне ў мяккі грунт. Самая высокая кропка знаходзіцца на высьпе Дадзінсян і мае 103 мэтраў у вышыню[10]. У горадзе месьцяцца шмат рэк, каналаў і азёр, ён, таксама, вядомы сваімі багатымі воднымі рэсурсамі як частка вадазборнага басэйна Тайху[11].
Клімат
Шанхай мае вільготны субтрапічны клімат, згодна з кліматычнай клясыфікацыяй Кёпэна, і мае чатыры розных сэзонаў. Зімы халодныя й вільготныя, у гэты пэрыяд назіраюцца халодныя паўночна-заходнія вятры з Сыбіры, якія могуць стаць чыньнікам паніжэньня тэмпэратуры ніжэй за нуль, аднак у большасьці дзён зімы назіраюцца толькі адзін альбо два сьнегапады. Лета гарачае й вільготнае, у сярэднім каля 8 дзён трымаецца тэмпэратура, вышэйшая за 35 °C; у гэты сэзон магчымы выпадковыя ліўні альбо навальніцы. Горад таксама ўспрымальны да тайфунаў у летні пэрыяд і напачатку восені, ні адзін зь якіх у апошнія гады не прынёс значных стратаў[12]. Самы прыемны сэзон ёсьць вясна, хоць яна часьцяком бывае зьменлівай і дажджлівай, і восень, якая, як правіла, зьяўляецца сонечнай і сухой. Горад у сярэднім мае тэмпэратуру 4,2 °C у студзені й 27,9 °C у ліпені, гадавы паказчык складае 16,1 °C. Шанхай атрымоўвае ў сярэднім 1878 гадзінаў сонечнага сьвятла ў год, самая высокая тэмпэратура за ўсю гісторыю складала 40,2 °C, а самая нізкая была роўная -12,1 °C[13].
Remove ads
Эканоміка

Шанхай зьяўляецца камэрцыйным і фінансавым цэнтрам мацерыковага Кітая й займае пятае месца ў сьпісе глябальных фінансавых цэнтраў за 2011 год[14]. Гэта быў самы вялікі й квітнеючы горад на Далёкім Усходзе ў 1930-х гадох, і ягонае хуткае паўторнае разьвіцьцё пачалося ў 1990-х гадох[15]. Прыкладам гэтага можа служыць раён Пудун, які стаў пілётнай тэрыторыяй інтэграваных эканамічных рэформаў. Да канца 2009 году ў горадзе налічвалася 787 фінансавых інстытутаў, 710 зь якіх былі з замежнымі інвэстыцыямі[16]. У 2009 годзе Шанхайская фондавая біржа займала трэцяе месца сярод біржаў сьвету па аб'ёму гандлю й шосты радок з пункту гледжаньня агульнай капіталізацыі пералічаных кампаніяў. А па аб'ёмах таргоў такіх тавараў як каўчук, медзь і цынк Шанхайская біржа ф’ючэрсаў займала першае месца ў сьвеце[17].
У апошнія два дзесяцігодзьдзі Шанхай зьяўляецца адным з самых хутка разьвіваючыхся гарадоў сьвету. З 1992 году Шанхай меў двухзначны паказчык росту амаль кожны год, за выключэньнем пэрыяду глябальнага эканамічнага спаду 2008 і 2009 гадоў[18]. У 2010 годзе агульным аб'ём СУП Шанхаю ўзрос да 1,687 трыльёнаў юаняў ($256,3 мільёнаў), а СУП на душу насельніцтва склаў 76 тысячаў юаняў ($ 11540)[19]. Трыма найбуйнейшымі галінамі сфэры паслугаў у эканоміцы горада ёсьць фінансавыя паслугі, розьнічны гандаль і нерухомасьць. Вытворчасьць й сельская гаспадарка склала 39,9 адсотка й 0,7 адсотка ад агульнага аб'ёму адпаведна. Сярэдні гадавы прыбытак жыхароў Шанхаю, на выснове першых трох кварталаў 2009 году склаў 21871 юаняў[20]. Разьмешчаны ў самым сэрцы дэльты ракі Янцзы, Шанхай мае ажыўлены порт. Шанхай імкнецца стаць міжнародным цэнтрам суднаходства ў найбліжэйшай будучыні[21].
Шанхай зьяўляецца адным з асноўных прамысловых цэнтраў Кітая, гуляючы адну з галоўных роляў у цяжкай прамысловасьці Кітая. Вялікая колькасьць прамысловых зонаў, у тым ліку Шанхайскай зоны эканамічнага й тэхналягічнага разьвіцьця й іншых, зьяўляецца асновай другаснага сэктара эканомікі Шанхаю. На цяжкія галіны прыпадае 78% СУП прамысловасьці ў 2009 годзе. Найбуйнейшы сталеліцейны завод Кітая Baosteel Group і суднабудаўнічы завод Jiangnan, адзін з найстарэйшых суднабудаўнікоў Кітая, разьмешчаны ў Шанхаі[22]. Аўтавытворчасьць зьяўляецца яшчэ адной важнай галіной. Shanghai Automotive Industry Corporation («SAIC») зьяўляецца адным з трох найбуйнейшых аўтамабільных карпарацыяў у Кітаі. Кампанія мае стратэгічнае партнэрства з Volkswagen і General Motors[23].
Remove ads
Транспарт
У Шанхаі маецца разгалінаваная сыстэма грамадзкага транспарту, якая ўлучае мэтро, лініі гарадзкіх аўтобусаў, паромы й таксі. Ува ўсіх памянёных сыстэмах можна скарыстацца картку грамадзкага транспарту Шанхаю[24].

Сыстэма хуткага транспарту гораду, як то Шанхайскі мэтрапалітэн, улучае лініі мэтро й лёгкага мэтро. Яны лучаць між сабою кожны з асноўных раёнаў места, а таксама сягаюць суседніх прадмесьцяў[25]. На 2021 год налічвалася 19 лініяў мэтро, за выключэньнем шанхайскага цягніка маглеў і Цзіньшанскай чыгункі, на якіх месьцяцца 515 станцыаў, а дзейныя лінія агулам сягаюць 803 км, што робіць шанхайскую сетку найдаўжэйшай у сьвеце[26]. 8 сакавіка 2019 году мясцовае мэтро ўсталявала рэкорд штодзённай колькасьці пасажыраў, калі ім скарысталася 13,3 мільёнаў чалавек[27]. Сярэдні тарыф вагаецца ад 3 да 9 юанаў у залежнасьці ад адлегласьці падарожжа[28].

Адкрыты ў 2004 годзе, Шанхайскі маглеў ёсьць першым і найхутчэйшым камэрцыйным высакахуткасным маглевам у сьвеце з максымальнай хуткасьцю руху 430 км/г[29]. Цягнік можа праехаць 30-кілямэтровы адрэзак шляху паміж станцыяй Ланян і міжнародным аэрапортам Пудун за 7 хвілінаў 20 сэкундаў[30], у той час як цягнік мэтрапалітэну робіць гэты шлях за 32 хвіліны[31], а аўтам гэтая дарога зойме 30 хвілінаў. Квіток у адзін бок каштуе 50 або 40 юаняў, у залежнасьці ад наяўнасьці авіяквітка або карты грамадзкага транспарту. Кошт білету туды й назад каштуе 80 юаняў, а VIP-білеты каштуюць удвая больш за стандартны тарыф[32].

Першая трамвайная лінія пачала эксплюатавацца ў 1908 годзе. Калісьці трамваі былі шалёна папулярныя ў Шанхаі на пачатку XX стагодзьдзя. Да 1925 году налічвалася 328 трамваяў і 14 маршрутаў, якія сумесна эксплюатаваліся кітайскімі, францускімі й брытанскімі кампаніямі[33]. У 1949 годзе ўсе яны былі нацыяналізаваныя пасьля прыходу да ўлады камуністычнай партыі. З 1960-х гадоў многія трамвайныя лініі былі альбо дэмантаваныя, альбо замененыя на тралейбусныя або аўтобусныя маршруты[34]. Апошняя трамвайная лінія была закрытая ў 1975 годзе[35]. Шанхай аднавіў трамвайную сетку ў 2010 годзе, пабудаваўшы сучасную сыстэму з гумовымі коламі ў раёне Чжанцзян ва Ўсходнім Шанхаі[36]. У 2018 годзе ў раёне Сунцзян пачаў працаваць трамвай на сталёвых колах[37]. Шанхай мае самую шырокую ў сьвеце аўтобусную сетку, а таксама найстарэйшую ў сьвеце бесьперапынна дзейную тралейбусную сыстэму з 1575 лініямі агульнай працягласьцю 8997 км на 2019 год[26]. Сыстэма кіруецца некалькімі кампаніямі[38]. Праезд у аўтобусе звычайна каштуе 2 юані[39]. У Шанхаі таксама ёсьць тры сыстэмы хуткага аўтобуснага транспарту, а менавіта сыстэма аўтобуснага транспарту сярэдняй ёмістасьці Yan’an Road, Fengpu Express і Nantuan Express.
На 2019 год у Шанхаі працавала ў агульнай складанасьці 40 тысяч таксовак[26]. Базавы тарыф на таксі складае 14 юані, які ахоплівае першыя 3 км і ўлучае паліўны збор. Кожны дадатковы кілямэтар каштуе 2,7 юані[40].
Дарогі й аўтатрасы

Шанхай уважаецца буйным вузлом сеткі хуткасных дарогаў Кітаю. Многія нацыянальныя хуткасныя магістралі, якія маюць прэфікс G, цягнуцца праз Шанхай або заканчваюцца ў ім, у тым ліку хуткасныя аўтадарогі Пэкін—Шанхай, Шэньян—Хайкоў, Шанхай—Сіянь ды многія іншыя[41]. Маюцца таксама мноства гарадзкіх хуткасных дарогаў з прэфіксам S[41]. На 2019 год у Шанхаі было ў агульнай складанасьці 12 мастоў і 14 тунэляў, якія перасякаюць раку Хуанпу[42]. Сетка хуткасных дарог у цэнтры гораду складаецца з надземнай дарогі Поўнач—Поўдзень, надземнай дарогі Яньань і ўнутранай колцавай дарогі. Іншыя колцавыя дарогі ў Шанхаі ўлучаюць Сярэднюю колцавую дарогу, Вонкавую колцавую хуткасную аўтастраду й Шанхайскую колцавую хуткасную аўтастраду.

Наяўнасьць роварных дарогаў ёсьць звычайнай зьявай у Шанхаі. Яны аддзяляюць нематарызаваны рух ад аўтамабільнага. Аднак на некаторых галоўных дарогах, у тым ліку на ўсіх хуткасных, рух ровараў і матацыклаў забаронены. У апошнія гады папулярнасьць ровараў аднавілася дзякуючы зьяўленьню вялікай колькасьці сыстэмаў абмену роварамі на грунце распрацоўцы й укараненьню мабільных дадаткаў[43][44]. На сьнежань 2018 году сыстэмы сумеснага выкарыстаньня ровараў мелі ў сярэднім 1,15 мільёнаў карыстальнікаў штодня ў горадзе[45].
У горадзе хутка расьце прыватнае валоданьне аўтамабілямі. Гэтак у 2019 годзе ў горадзе налічвалася блізу 3,4 мільёнаў прыватных самаходаў, што было на 12,5% больш чым у леташнім годзе[26]. Стаіць забарона на рух без нумарнога знака на новых прыватных аўтамабілях, а такія знакі прадаюцца на штомесячных аўкцыёнах нумароў. Блізу 9500 нумарных знакаў выстаўляюцца на аўкцыён кожны месяц, а сярэдняя цана ў 2019 годзе сягала 89 тысяч юаняў[46]. Згодна з распрацаванымі ў чэрвені 2016 году правіламі карыстаньня гарадзкім транспартным сродкам, браць удзел у аўкцыёне могуць толькі жыхары, зарэгістраваныя ў горадзе й тыя, хто рабіў выплаты ў сацыяльны страхавальны фонд або адлічаў падаходны падатак у Шанхаі больш за тры гады запар. Такая палітыка ставіла за мэту абмежаваньне росту аўтамабільнага руху й памяншэньне колькасьці коркаў[47]. Грамадзкі транспарт, роварная інфраструктура й пешаходныя зоны агулам дазваляюць жыць у горадзе без аўтамабіля[48][49][50]. Нумарныя знакі для электрамабіляў або гібрыдных транспартных сродкаў, якія падлучаюцца да сеткі, цалкам дармовыя[51].
Паветраны й марскі транспарт

Шанхай ёсьць адным з найбуйнейшых вузлоў паветранага транспарту ў Азіі[52]. У горадзе ёсьць два камэрцыйныя аэрапорты, як то шанхайскі міжнародны аэрапорт Пудун і шанхайскі міжнародны аэрапорт Хунцяо[53]. Пудун уважаецца галоўным міжнародным аэрапортам, у той час з Хунцяо выконваюцца перадусім унутраныя рэйсы з абмежаванымі міжнароднымі рэйсамі на кароткія адлегласьці. У 2018 годзе аэрапорт Пудун абслужыў 74,0 мільёны пасажыраў і апрацаваў 3,8 мільёнаў тон грузаў, што робіць яго дзевятым паводле колькасьці пасажыраў і трэцім паводле аб’ёму грузаў аэрапортам у сьвеце[54]. У тым жа годзе міжнародны аэрапорт Хунцяо абслужыў 43,6 мільёны пасажыраў, што робіць яго 19-м аэрапортам паводле колькасьці пасажыраў[54].

З моманту сваёй працы Шанхайскі порт хутка пашырыўся й стаў найбуйнейшым портам Кітаю[55]. У 2005 годзе быў пабудаваны новы порт Яншань, які здольны прымаць вялікія кантэйнэравозы. Гэты порт злучаны з мацерыком праз 32-кілямэтровы мост Дунхай. Зважаючы на тое, што порт знаходзіцца ў падпарадкаваньні Шанхайскай міжнароднай партовай групы пры ўрадзе Шанхаю, адміністрацыйна ён належыць акрузе Шэньсі правінцыі Чжэцзян[56]. Абышоўшы порт Сынгапуру ў 2010 годзе[57], порт Шанхаю стаў самым загружаным портам у сьвеце паводле кантэйнэрных перавозак. Акрамя грузаў, шанхайскі порт абслугоўвае круізныя лайнэры[26].
Шанхай уважаецца часткай Марскога шаўковага шляху XXI стагодзьдзя, які праходзіць ад кітайскага ўзьбярэжжа на поўдзень ускрайкам Індыі да Мамбасы, а адтуль у Міжземнае мора, дзе злучаецца з паўночнаітальянскім вузлом у Трыесьце й чыгуначкай з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай[58][59][60].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads