Настольле
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Настольле — гістарычная мясцовасьць Хвойнікаў, разьмешчаная ў заходняй частцы места.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

У рэвізіі Мазырскага староства 1560 года, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, паведамляецца, што мяжа сёлаў Загальле і Клівы ад рэчкі Рабца даходзіла да селішча Настольля, а шырыня таго грунту ад Рабца да Настольля ўздоўж на паўтрэці мілі, упоперак да Каменкі і да Просічы на мілю[b][3].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводзтва было далучана да Кароны Польскай[4]. Настольле ў складзе Мазырскага павету засталося ў Вялікім Княстве Літоўскім, але стала часткай ужо Менскага ваяводзтва.

Паводле А. Банецкага, у 1607 годзе маёнтак Настольле пана Себасьціяна Дзьмітрыевіча Іскарастынскага набыў маршалак мазырскі Сьцяпан Васілевіч Лозка[5]. Але пры разьмежаваньні Кіеўскай зямлі Кароны і Мазырскага павету ВКЛ у сьнежні 1621 — студзені 1622 года, паны камісары чамусьці запісалі «sieło i dwór Na(s)tole» Мазырскага павету прыналежнымі пану Іскарастынскаму[6].
Ад пачатку XVIII ст. Настольле названа нягродавым староствам, але выступала асобным уладаньнем і раней. У яго складзе — аднаіменныя двор і невялічкая вёска[7]. Сярод габрэяў мястэчка Хвойнікі, якія ня мелі дамоў і падатак плацілі толькі з камораў, у рэвізыі 1716 году названы Ёсь Настольскі[8]. Ці ня першым у гэты час вядомым з імя старостам настольскім быў Ян Славінскі, падчашы добжынскі. 27 траўня 1720 году кароль Аўгуст ІІ перадаў староства пану Барталямею Мараўскаму. У 1766 годзе Павал Колб выплачваў з Настольля 100 злотых і 3 грошы кварты, 15 зл. гібэрны[9]. У мэтрычнай кнізе Астраглядавіцкага касьцёлу 2 верасьня 1772 года пан староста настольскі Павал Колб названы сярод кумоў пры таямніцы хросту Ганны і Марыяны, дзяцей судзьдзі гродзскага мазырскага Адама і Антаніны Стоцкіх[10]. 8 лютага 1776 года Антоні, сын Барталямея, Мараўскі выдаў квітанцыю Стэфану Славінскаму, у якой запісаў, што калісьці яго бацька, быўшы ня ў стане кіраваць староствам, саступіў яго Стэфану, сыну Яна Славінскага, папярэдняга старосты настольскага[11]. Паводле запісу ў мэтрычнай кнізе Юравіцкага касьцёлу ад 27 верасьня 1783 года, у той дзень быў ахрышчаны Маўрыцый Мацей, сын Станіслава і Людвікі з Казлоўскіх Бялавецкіх, пасэсараў настольскіх; кумамі выступілі Фларэнцый Аскерка, харунжыч мазырскі, і Антаніна Стоцкая, жонка судзьдзі мазырскага. Яшчэ villa Nastole ў той жа кнізе згаданая ў кастрычніку 1785 году, калі ахрышчаныя былі Ёанна, дачка сужэнства Бялавецкіх, і Мацей Маўрыцый, сын Юзафа і Розы з Казлоўскіх Кучынскіх[12]
У сувязі з чаканым перапісам габрэйскага насельніцтва, у 1784 годзе 25 чалавек (głów) з суседніх Хвойнікаў Оўруцкага павету Кароны, каб не плаціць пагалоўшчыну да скарбу, былі схаваныя (і прынятыя) ў Настольлі Мазырскага павету ВКЛ[13].
Расейская імпэрыя

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Настольле — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 года Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. Паводле расейскай рэвізіі 1795 года, «сяльцо» Настольле мела 6 двароў з 20 душамі мужчынскага і 18 жаночага полу прыгонных сялянаў[15], належала пажыцьцёва старосьце настольскаму Паўлу Колбу, ротмістру Пінскага павету, але знаходзілася ў пасэсіі ў адстаўнога ротмістра Юзафа, сына Франца, Скакоўскага[16]. У 1811 годзе фальварак і вёску Настольле з 20 душамі мужчынскага полу (разам — староства) трымаў, згодна з кантрактам на арэнду, Рыгор Завітневіч, каморнік Рэчыцкага павету[17].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 23 жыхары абодвух полаў зь вёскі Настольле былі прыхаджанамі Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, а 14 жыхароў — парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[18]. У пачатку 1870 года ў Настольлі было 9 гаспадароў зь ліку былых дзяржаўных сялянаў, прыпісаных да Небытаўскага сельскага таварыства, 12 аднадворцаў, прыпісаных да Хвойніцкай воласьці[19]. У ведамасьці Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год сказана, што да яе прыходу належалі 19 асобаў мужчынскага і 23 асобы жаночага полу, якія жылі ў 4 дварах вёскі Настольле[20].
У 1909 годзе ў вёсцы Настольле 33 двары, 181 жыхар[21].
Найноўшы час

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Настольле і Хвойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[22]. 1 студзеня 1919 году, паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Настольскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 12 і 18 вучняў[23].
8 сьнежня 1926 года Настольле з Хвойнікамі вярнулі БССР. На 1929 год 63% жыхароў Настольля складалі каталіцкія або «польскія» сем'і (26)[24].
У гады Вялікай Айчыннай вайны двое жыхароў Настольля падарваліся на мінах, 39 вяскоўцаў загінулі і прапалі бязь вестак на франтах[25].
У 1989 годзе, пасьля далучэньня вёскі да Хвойнікаў, у месьце зьявілася вуліца Настольская, але аўтобусны прыпынак захаваў назву Настольле.
Remove ads
Асобы
- Іван Цішкевіч (1919—2001) — правазнавец, доктар юрыдычных навук, прафэсар БДУ. Заслужаны юрыст БССР (1971)[26]
Заўвагі
- Прынамсі, рэчка названая Вябцом у кірылічным дакумэнце 1568 г., заснаваным на зьвестках рэвізіі 1560 г.[1]
- У тэксьце згаданай крыніцы назвы рэчкі і паселішча перайначаныя пазьнейшымі перапісчыкамі або яшчэ і першымі ўкладальнікамі рэвізіі[a] — «Wiabec», «do sieliszcza Stali» «do sieliszcza na Stali». Але ў копіях рэвізіі, што захоўвалі ў сябе трымальнікі Загальскага староства, паселішча названае Настольлем, хоць рэчка — усё яшчэ Вябцом. У больш падрабязным люстрацыйным інвэнтары ад 27 верасьня 1789 г., у якім Загальскае староства разьмяжоўвалася з Хвойніцкімі добрамі паноў Прозараў, з Барысаўшчынай і Старчам паноў Аскеркаў, і рэчка выступае пад сваёй сапраўднай назвай Рабец, і староства названае Настольскім[2]
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads