Паташня (Гомельская вобласьць)
вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Пата́шня[1] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Віці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2021 год — 43 чалавекі. Знаходзіцца за 11 км на захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Мазыр.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае

Адна з найранейшых пісьмовых зьвестак пра вёску Запаташня з 4 дварамі ў добрах староства Загальскага сустрэтая ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Загальскай Сьвята-Траецкай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. У мэтрычных кнігах Юравіцкага парафіяльнага касьцёлу захаваўся запіс ад 24 лютага (ст. стылю) 1785 года, паводле якога айцец Дыянізы Крэткоўскі, настаяцель царквы ў Загальлі, віцэ-дэкан мазырскі, ахрысьціў Мацея, сына шляхетных сужэнцаў пана Эліяша і Марціяны Парыкевічаў, абывацеляў аколіцы Запаташні Загальскага староства, а кумамі былі шляхетны пан Стэфан Віслаух і дачка сьвятара Еўдакія, пан Антоні Казлоўскі і панна Багуміла Піатроўская з Запаташні[2]. У візытацыі, выкананай Загальскай царквы 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, Запаташні налічвала ўжо 6 двароў[3].
Расейская імпэрыя

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Паташня апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[4]. У крыніцы, грунтаванай на зьвестках рэвізіі 1795 года, ізноў жа згаданае паселішча з назвай Запаташна[5], з 1797 года — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. У мэтрычным запісе Юравіцкага касьцёлу, датаваным 5 красавіка 1796 года, паведамляецца аб хросьце айцом-дамініканінам Бруна Лявіцкім немаўляці Феліцыяна, сына шляхетных Георгія і Юліяны з дому Скарадэцкіх Дубікоўскіх, кумамі былі шляхетныя Мікалай Навіцкі і Тэадозія Завітневічаўна; усе яны з Паташні (de villa Potasznia)[6]. «Запоташный Застенок» паказаны на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 года.
Аколіцы Паташня і Сачкоў (Шацкоў, Шачкоў), іх насельнікі зь ліку чыншавай шляхты на зямлі Загальскага староства, якое трымаў часовы ўладальнік пан Тадэвуш Солтан, прысутныя таксама ў шляхецкай рэвізыі 1811 года[7]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 109 жыхароў «Слободки Поташни» былі парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[8].

У парэформавы пэрыяд Паташня вядомая як паселішча (у розных крыніцах засьценак ці аколіца, а таксама вёска) у Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. У 1864 годзе паташэнцы зьвярнуліся да Яго Эксцэленцыі мітрапаліта Станеўскага са скаргай на зьнішчэньне рыма-каталіцкай парафіі і руйнаваньне Юравіцкага касьцёлу дзеля ўладкаваньня праваслаўнай царквы[9]. З другой паловы 1860-х гадоў яны сталі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Найбольш раньнімі і пашыранымі ў паташэнцаў прозьвішчамі былі Казлоўскія, Арлоўскія, Цішкевічы, Яворскія, Міхалоўскія, Сакалоўскія, Дубікоўскія, Скаратэцкія, Тамковічы, Навіцкія.
У кліравой ведамасьці Загальскай Сьвята-Траецкай царквы 1869 году сказана, што за 1 вярсту ў 3/4 двара[b] аколіцы (!) Паташня жылі 3 мужчыны і 1 жанчына зь ліку яе прыхаджанаў[10].
На пачатак 1870 года тут налічвалася 27 мужчынскіх душ былых аднадворцаў, прыпісаных да воласьці, 10 душ аднадворцаў, прыпісаных да Загальскага сельскага таварыства, 6 душ былых казённых сялянаў[11]. Паводле перапісу 1897 году 36 двароў, 212 жыхароў. На 1909 год 30 двароў з 210 жыхарамі[12].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паташня ў складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[13].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Хвойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Паташні працавала школа першай ступені адпаведна з 20 і з 37 вучнямі[14].
З 8 сьнежня 1926 да 23 жніўня 1937 году цэнтар Паташненскага нацыянальнага польскага сельсавету (да 30 сьнежня 1927 года — Паташненскі сельсавет) Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 года Гомельскай акругі БССР. У 1920—1930-х гадох існавалі вёскі Паташня і Новая Паташня. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Паташня, у якой 100% жыхароў складалі каталіцкія альбо «польскія» сем'і (60 сямей, 312 душ[c]). Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Паташні меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[15]. У 1930 годзе меліся школа, хата-чытальня. У 1931 годзе арганізаваны калгас «ОСОАВИАХИМ», працавала кузьня. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала патрыятычнае падпольле (кіраўнік Юліян Мечыслававіч Цішкевіч). 26 жыхароў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года 419 жыхароў. Вёска ў складзе саўгасу «Хвойніцкі» (цэнтр в. Казялужжа).
Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Казялужскага сельсавету[16]. У 2009 годзе перададзена ў склад Дварышчанскага сельсавету, які тады ж быў перайменаваны ў Судкоўскі сельсавет.
Remove ads
Насельніцтва
- 2004 год — 37 двароў, 88 жыхароў
- 2021 год — 17 двароў, 43 жыхароў[17]
Асобы
- Леанід Цішкевіч (нар. 1960) — былы расейскі ваеначальнік, камандуючы войскамі апэратыўна-стратэгічнага камандаваньня паветрана-касьмічнай абароны (2009—2010), генэрал-маёр.
Заўвагі
- На Генэральнай мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі, пазначаны засьценак Запа(та)шны Загальскага староства. Вядома, што ўкладальнікі абапіраліся на крыніцы, папярэднія падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г., гл.: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122, 232
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads