From Wikipedia, the free encyclopedia
Койданаўскі кальвінскі збор — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Койданаве. Знаходзіўся на Гаштольдавай гары, каля Плябанскай вуліцы. Твор архітэктуры готыкі.
Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры | |
Койданаўскі кальвінскі збор | |
Койданаўскі кальвінскі збор, каля 1900 г. | |
Краіна | Беларусь |
Места | Койданаў |
Каардынаты | 53°41′26.71″ пн. ш. 27°07′39.89″ у. д. |
Канфэсія | кальвінізм |
Архітэктурны стыль | готыка |
Заснавальнік | Крыштап Мікалай Радзівіл «Пярун» |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Дата скасаваньня | 1945 |
Койданаўскі кальвінскі збор | |
Койданаўскі кальвінскі збор на Вікісховішчы |
Утвараў адзіны ансамбль з мураваным замкам. На тэрыторыі збору знаходзіўся 1-павярховы мураваны будынак плябаніі, накрыты гонтавым дахам, на асобным падворку — драўляныя будынкі 2-кляснай кальвінскай школы, шпіталя, жылыя і гаспадарчыя пабудовы[1]. У 1930—1950-я гады помнік дашчэнту зьнішчылі савецкія ўлады.
У 1564 годзе ў Койданаве пасярод замка на сродкі князя Мікалая Радзівіла «Рудога» збудавалі драўляны кальвінскі збор. Паводле гісторыка архітэктуры Юрыя Якімовіча[2], мураваны збор збудавалі ў 1613 годзе з фундацыі Крыштапа Мікалая Радзівіла «Перуна». Гэтае датаваньне грунтуецца на тым, што пры абсьледаваньні Гаштольдавай гары ў 1920-я гады краязнаўца Міхась Адзярыха знайшоў у вежы збору ўмураваную бляшаную шыльдачку з надпісам: «1613 год»[3]. Тым часам у інвэнтары Койданаўскага замка за 1621 год значыцца, што збор у ім «новы мураваны»[4]. З гэтай прычыны гісторык архітэктуры Тамара Габрусь мяркуе, што збор будаваўся паміж 1613—1621 гадамі[5].
Паводле сьведчаньня Ўладзіслава Сыракомлі, сынод гельвецкага веравызнаньня, які адбыўся ў 1691 годзе ў Вільні, прыняў пастанову, каб кожны чацьверты год усеагульны зьезд літоўскіх кальвіністаў ладзіўся ў Койданаве[6]. У зборы захоўвалася Берасьцейская Біблія 1563 году.
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Койданаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, збор працягваў дзеяць. Дя сярэдзіны XIX ст. пры зборы працавала кальвінская школа. У 1866 годзе сюды перавезьлі арган з адабранага расейскімі ўладамі ў каталікоў Менскага касьцёла бэрнардынак. У 1884 годзе будынак рэканструявалі.
Койданаўская кальвінісцкая парафія існавала да 1913 году. У пачатку XX ст. яна ахоплівала 3 паветы (Менскі, Ігуменскі, Наваградзкі) і налічвала каля 200 парафіянаў.
Збор пацярпеў у савецка-польскую вайну. У 1920-я гады ў ім разьмяшчаліся бальшавісцкія вайсковыя склады. У 1930-я гады савецкія ўлады пачалі разьбіраць помнік на патрэбы новага будаваньня, у 1950-я гады — збор і замак канчаткова зьнішчылі.
Помнік архітэктуры готыкі. Гэта была 3-нэфавая базыліка з 5-граннай алтарнай апсыдай, да якой далучаліся дзьве закрысьціі. У аб’ёмнай кампазыцыі будынка дамінавала 4-ярусная (два ніжнія ярусы — чацьверыкі, астатнія — васьмерыкі) вежа-званіца. Асноўны аб'ём накрываўся 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Бакавыя сьцены ўмацоўваліся контрфорсамі[7]. і праразаліся аркавымі аконнымі праёмамі. Вежа-званіца з гадзіньнікам і вялікім звонам у верхнім ярусе завяршалася шатром, яе сьцены праразаліся высокімі аркавымі вокнамі і круглымі байніцамі. Уваход у вежу знаходзіўся з паўднёвага боку.
Асноўны аб'ём падзяляўся чатырма 8-граннымі слупамі, якія ў аснове мелі амаль квадратную форму (1,9—1,75 м), на тры нэфы. Бакавыя былі вузейшыя за цэнтральны нэф, які адпавядаў шырыні апсыды. Нэфы і алтарную частку перакрывалі зорчатыя скляпеньні, уласьцівыя гатычнай архітэктуры. Бакавыя адцінкі нэрвюраў і падпружных арак абапіраліся на кранштэйны, зробленыя ў сьценах. Асноўны аб’ём злучаўся з прэзьбітэрыюмам аркай сьпічастай формы, якая трымала ўсходні франтон, а таксама часткова скляпеньні асноўнай і алтарнай частак. Збор асьвятляўся праз вокны, якія завяршаліся перамычкай паўцыркульнай формы. Каля алтара разьмяшчалася разная дубовая катэдра. У другім ярусе вежы былі хоры, якія выходзілі ў галоўны нэф бальконам з размаляванай балюстрадай. Да іх, а таксама ў вежу і на паддашак збору вялі ўсходы, разьмешчаныя ў заходняй сьцяне.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.