Бачэйкава

аграгарадок у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Бачэйкаваmap
Remove ads

Бачэ́йкава[2] (трансліт.: Bačejkava, руск.: Бочейково) — аграгарадок[3], цэнтр Бачэйкаўскага сельсавета ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі.

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...
Remove ads

Геаграфія

Размешчаны на Уле, прытоку Дзвіны. За 21 км на паўночны захад ад Бешанковічаў, 75 км ад Віцебска, 21 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі, на скрыжаванні аўтадарог Віцебск — Лепель і Чашнікі — Ула. Праз Бачэйкава праходзіць аўтамабільная дарога М3 (Мінск — Віцебск).

За 1 км на паўночны ўсход ад вёскі знаходзіцца Бачэйкаўскае радовішча глін. Пластовы паклад стужачных глін звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі. Гліны прыдатныя на вытворчасць цэглы і чарапіцы.

Remove ads

Назва

Назва Бачэйкава, магчыма, паходзіць ад балцкага (літоўскага) антрапоніма Bakas або Bačeika (корань звязаны з літ. bakinti «тыкаць, тузаць» і памяншальны суфікс -eik-), як і назвы многіх паселішчаў паблізу, напрыклад, Бешанковічаў ад імя Bešys або Bešėnas, Люлюкоў ад Leliušas, Тарантова ад Taranta (корань звязаны з літ. tarti «мовіць» і суфікс -nt-), колішніх Толміншчыны, Барэйчына і Рапшына ад Tolminas (двухасноўнае, toli «далёка» і mintis «думка»), Bareika і Rapšys. Магчыма, да гэтай групы паселішчаў належаць Баяры (раней некалькі хутароў) і Ліцвякі.[4] З’яўленне такіх назваў можа быць звязана з наданнем зямель у гэтай мясцовасці баярам літоўскага паходжання. Паводле ж Вадзіма Жучкевіча, напрыклад, назва Бешанковічы паходзіць проста ад прозвішча Бешанковіч.

Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Згадваецца ў 1460 годзе як сяло, уласнасць князя Юшкі Ямантавіча, пазней належала яго пляменніку князю Сямёну Ямантавічу-Падбярэзскаму (гл. Ямантавічы). Пасля смерці князя Сямёна, Бачэйкава разам з іншымі маёнткамі было прадметам судовых спрэчак паміж яго ўдавой Федкай і сястрой Юліяніяй. У 1542 годзе Юліянія адсудзіла Сямёнавы маёнткі, у т.л. Бачэйкава на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. У тыя часы маёнтак складаўся з «двара» ў Бачэйкаве, паселішча побач і воласці, куды ўваходзілі вёскі Плескунова, Стрыжава і іншыя. Пры падзеле ўладанняў паміж братамі, Бачэйкава дасталася Рыгору (пачынальніку шляхецкага роду Падбярэзскіх), а Стрыжава з навакольнымі вёскамі — Івану (пачынальніку шляхецкага роду Стрыжаўскіх). Частка Бачэйкава належала і А. Н. Цеханавецкаму, роднасныя адносіны якога з іншымі ўладальнікамі не высветленыя. Пасля смерці Рыгора Падбярэзскага (пасля 1585) Бачэйкава цалкам перайшло ва ўладанне А. Н. Цеханавецкага з сынам Станіславам і да пачатку XX ст. заставалася ва ўласнасці Цеханавецкіх.

Thumb
Мястэчка і палац. А. Адам, 1812

У час Лівонскай вайны (1563—1580) Бачэйкава спустошана. У 1626 годзе маёнтак складаўся з Бачэйкаўскага двара, умацаванага частаколам і ровам, і мястэчка пры ім з 79 жыхарами мужчынскага полу, а таксама воласці з вёскамі Астраўляны, Высакагора (цяпер Высокая Гара), Жарнасекі (цяпер Жарнасекава), Забелле, Клешчыно. У 1626 годзе Станіслаў Цеханавецкі даў маёнтак у заставу (арэнду) князю Э. Кантакузену. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у 1654 годзе Бачэйкава спалена. У 1692 годзе — 45 мяшчанскіх сем’яў і 13 прымакоў, да воласці належалі вёскі Адамашкава, Дзятлы, Жарнасекі, Забелле-Баярскае, Клешчыно, Сенькаўшчына, Старынкі, Філіпенкі. У 1769 годзе пабудаваны новы панскі дом і закладзены парк, у мястэчку жыло каля 50 мяшчанскіх сем’яў. У канцы XVIII ст. дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, даховачны, ганчарны, вінакурны, піваварны заводы.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бачэйкава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці Лепельскага павета Полацкай, з 1802 года Віцебскай губерні.

У 1852 годзе да маёнтка Бачэйкава, які знаходзіўся ў валоданні Цеханавецкіх[5], належалі 136 душ мужчынскага полу і 14 вёсак: Багданава, Валькоўшчына, Грыцькаўка, Дзятлы, Дубровы, Жарнасекі, Забелле, Клешчыно, Навасёлкі, Промыслы, Прыгожае, Сенькаўшчына, Тарантова, Шыпулі і 4 засценкі: Займішча, Касмыры, Сушытна, Талвіншчына. На 1886 год у мястэчку было 250 жыхароў, 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны заводы, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год. Паводле перапісу 1897—722 жыхары.

Найноўшы час

Thumb
Палац у Бачэйкаве, пашкоджаны ў час баявых дзеянняў. Ліпень 1941 года.

15 сакавіка 1918 года нямецкія войскі знаходзіліся за 6 вёрст ад Бачэйкава і неўзабаве акупіравалі населены пункт. 25 сакавіка 1918 года паводле Трэцяй Устаўной граматай Бачэйкава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года паводле пастановы I з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР. У 1923—1924 гадах — цэнтр Бачэйкаўскага павета Віцебскай губерні. У 1924 годзе Бачэйкава вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета. Неўзабаве статус паселішча панізілі да вёскі. З 1930-х — цэнтр калгаса «Бачэйкава».

Перад 2-й сусветнай вайной у вёсцы жыло 432 чалавек у 92 дварах[6].

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў кастрычніку 1943 года акупанты спалілі 87 дамоў[6].

У 1970 годзе — 918 жыхароў, 238 двароў. У 1992 годзе — 1164 жыхароў. У 2005 годзе — 1817 жыхароў, 853 двары; камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, магазіны.

У 1988 годзе Бачэйкава наведаў Анджэй Цеханавецкі, нашчадак колішніх уладальнікаў.

Remove ads

Насельніцтва

  • 1626 год — 79 муж.
  • 1838 год — 323 чал. (157 муж. і 166 жан.), з іх духоўнага саслоўя каталіцкага 1 муж., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 2 жан., мяшчан-іўдзеяў 52 муж. і 53 жан., сялян зямянскіх 95 муж. і 110 жан., аднадворцаў 3 муж., адстаўных салдат 4 муж. і 1 жан.[7];
  • 1852 год — 156 муж.;
  • 1886 год — 250 чал.;
  • 1897 год — 722 чал.
  • 1970 год — 918 чал.;
  • 1992 год — 1164 чал.[8];
  • 1995 год — 1160 чал.[9];
  • 1999 год — 1049 чал.
  • 2005 год — 1817 чал.;
  • 2010 год — 865 чал.;
  • 2019 год — 731 чал.
Remove ads

Інфраструктура

У Бачэйкаве працуюць сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка.

Славутасці

Страчаная спадчына

  • Палац Цеханавецкіх (XVIII ст.)
  • Царква Праабражэння Гасподняга (1675)
Remove ads

Вядомыя асобы

  • Станіслаў Аляксандр Цеханавецкі (1853—1918) — дыпламат.
  • Гектар Янавіч Лапіцкі (1829/1830—1904), паўстанцкі начальнік Мінскага ваяводства ў часы Студзеньскага паўстання (1863—1864)
  • Юліян Янавіч Лапіцкі (1829—1894) — крытык, публіцыст і эканаміст, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads