Радашковічы

гарадскі пасёлак у Беларусі, да 1940 г. горад From Wikipedia, the free encyclopedia

Радашковічыmap
Remove ads

Радашко́вічы[4] (трансліт.: Radaškovičy, руск.: Радошковичи), таксама Ра́дашкавічы[⇨]гарадскі пасёлак у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на сутоках рэк Вязынка і Гуйка з Рыбчанкай, на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Цэнтр Радашковіцкага сельсавета (не ўваходзіць у яго склад). Месціцца за 32 км ад Маладзечна, 41 км ад Мінска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Радашковічы; на аўтамабільнай дарозе Мінск — Маладзечна.

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...

У 1549—1940 гадах Радашковічы мелі статус горада (места).

Remove ads

Назва

Распаўсюджаная беларуская назва паселішча — Ра́дашкавічы[5][6][7] (прыметнік — радашкаўскі). У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы[8].

На думку В. Жучкевіча і У. Юрэвіча, назва гарадскога пасёлка Радашковічы ўтворана ад асновы, якая мае значэнне радзець (клапаціцца, турбавацца), радзіцца (раіцца) або радавацца[9][10].

Гісторыя

Дагістарычны час

Thumb
Гарадзішча ў Радашковічах у 2007 годзе.

На ўскраіне Радашковічаў ёсць гарадзішча жалезнага веку з мясцовай назвай Шведская Гара, якое датуюць V—VIII стагоддзямі, што сведчыць пра засяленне гэтых зямель са старажытнасці[11].

Вялікае Княства Літоўскае

Першая згадка пра Радашковічы датавана 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётр Сенька Гедыгольдавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. У розны час мясцовасць належала Вярэйскім, Гаштольдам, каралеве Боне, Глябовічам, Агінскім, Радзівілам. З 1539 года да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Радашковічах на дзень Святой Тройцы штогод праводзілі кірмашы[11].

У 1549 годзе Радашковічы атрымалі статус горада, у іх было 130 двароў, 8 корчмаў, майстэрні. Прыкладна ў гэты час пабудавалі драўляны замак. У Лівонскую вайну ў 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст склікаў пад Радашковічамі агляд і перапіс ваеннаабавязаных. На Попіс сабралася 47 тысяч чалавек, у тым ліку 30 тысяч паспалітага рушэння і 2400 жаўнераў, дасланых з Каралеўства Польскага, гармат налічвалася каля 100 адзінак[12]. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбургскае права. У Баркулабаўскім летапісе ў 1603 годзе адзначаецца, што ў «Радашковічах ...было паветрые вялікае ў пост Філіпаў».

Thumb
Гарадскі герб з прывілею 1792 года

За часамі Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Радашковічах адбыліся перамовы паміж каралём Швецыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе горад складаўся з Новых і Старых Радашкавічаў, было 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны, казённая ўласнасць. 23 лютага 1792 года кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Радашковічам гарадскі герб: «у срэбным полі паясная выява Святога Стэфана, пабітага камянямі»[13]. У адпаведным прывілеі падкрэслівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводскія, старосцінскія, замкавыя, духоўныя і свецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашковіцкага паддаць». Далей у гэтым дакуменце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць».

Пад уладай Расійскай імперыі

Thumb
План горада, 1838 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года Радашковічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі заштатным горадам Вілейскага павета. У час вайны 1812 года пры наступленні французскіх войскаў на Мінск тут на тры дні спыняўся Напалеон Банапарт. Падчас вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў паселішча на пэўны час вызвалілі з-пад расійскай улады. У 1842 годзе Радашковічы сталі цэнтрам воласці Віленскай губерні.

У 1835 годзе была пабудавана праваслаўная мураваная капліца, у 1848 годзе святаром Станкевічам пабудавана праваслаўная Ільінская царква. У 1851 годзе пабудавана праваслаўная Пакроўская царква. Станам на 1859 год тут было 222 будынкі (на 1866 год — 225 будынкаў[14]). У 1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у 1884 годзе вучылася 38 хлопчыкаў. Станам на 1866 год у Радашковічах было 2 пастаялыя двары, піваварны завод, 2 гасцініцы, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, касцёл, царква.

У 1882 годзе ў Траецкім касцёле ахрысцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).

Станам на 1897 год тут было гарадское і рэальнае вучылішчы, царква, касцёл, капліца, малітоўны дом, сінагога, бровар, 13 піцейных і 6 пастаялых двароў, гарбарны завод, раз у тыдзень праводзіліся таржкі, 1 штогадовы кірмаш. Побач з горадам была аднайменная ферма, 1 двор. У 1908 годзе ў горадзе было 30 мураваных і 463 драўляныя пабудовы, мураваны касцёл і сінагога, драўляная царква, 2 казённыя і 83 прыватныя лаўкі, вадзяны млын, 6 пякарняў, гарбарная, каменячосная, 6 абутковых і 2 ганчарна-кафляныя майстэрні, мылаварны завод, 65 рамеснікаў. На той год у горадзе было 8 вуліц: Мінская, Віленская, Дубраўская, Заслаўская, Татарская і іншыя[15].

У 1913 годзе тэатральны гурток у Радашковічах паставіў «Паўлінку» паводле п’есы Янкі Купалы.

Найноўшы час

Thumb
Вуліца Полацкая, 1918 г.

У лістападзе 1917 года бальшавікі захапілі ўладу ў горадзе. 1 (14) снежня 1917 года быў створаны мясцовы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 20 лютага 1918 года горад акупаваны войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут была ўтворана Беларуская рада, жыхары горада атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[16]. Жыхары воласці пісалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад[17]. 14 снежня 1918 года горад заняты Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі тэрыторыя ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны з ліпеня 1919 да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Віленская акруга ГУУЗ).

Thumb
Вучні і выкладчыкі прыватнай беларускай школы, якая дзейнічала год па закрыцці беларускай гімназіі. На здымку бела-чырвона-белы сцяг, «Пагоня» і партрэт Францыска Скарыны аўтарства Язэпа Драздовіча. 4 лютага 1929 г.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Радашковічы апынуліся ў складзе Польшчы, у беларускай гістарыяграфіі землі вядомы пад назвай Заходняя Беларусь. Радашковічы сталі цэнтрам гміны ў Вілейскім павеце, з 1927 года ў Маладзечанскім павеце Віленскага ваяводства.

У 1921 годзе ў горадзе створана адна з першых у Заходняй Беларусі арганізацыя Таварыства беларускай школы[15]. Цягам 1922—1928 гадоў працавала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Францыска Скарыны, закрытая польскімі ўладамі, у 1928—1929 навучальным годзе дзейнічала прыватная беларуская школа, але і яна была закрыта. Існаваў гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры[17]. У горадзе былі паштовае агенцтва, гімназія, электрастанцыя, касцёл і праваслаўная царква.

Thumb
Полацкая вуліца ў чэрвені 1939 г.

У выніку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь з верасня 1939 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з лістапада ў складзе Беларускай ССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадскога пасёлка, які стаў цэнтрам раёна Вілейскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Радашковічы былі пад пад акупацыяй Германіі. У час нямецкай акупацыі былі спалены 233 двары, забіты 1393 жыхары[15].

З 20 верасня 1944 года цэнтр раёна Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 года ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.

Радашковічы былі адзіным буйным населеным пунктам Беларусі (апрача Мінска), дзе мясцовыя ўлады яшчэ ў 1990 годзе ўсталявалі над будынкам адміністрацыі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг побач з сцягам БССР[18]. У 2004 годзе ў склад Радашковічаў увайшла вёска Сярэбранка. У падпарадкаванні Радашковіцкага пасялковага Савета знаходзілася вёска Удранка, якая 29 снежня 2009 года ўвайшла ў склад Радашковіцкага сельсавета[19].

Remove ads

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе: 1859 год — 1223 чал.; 1866 год — 1225 чал.; 1897 год — 2615 чал.[20], з 44,4 % пісьменных[21].
  • XX стагоддзе: 1995 год — 6,2 тыс. чал.[20]; 1999 год — 6099 чал.
  • XXI стагоддзе: 2006 год — 5,7 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2016 год — 5789 чал.[22]; 2017 год — 5807 чал.[23]; 2019 год — 6371 чал.[24]

Эканоміка

Прадпрыемствы па вытворчасці керамічных вырабаў, харчовай і лёгкай прамысловасці. Санаторый «Хваёвы Бор», санаторый-прафілакторый «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Цэнтр ганчарнага рамяства[25].

Культура і адукацыя

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатр. У Радашковічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.

Медыцына

Медыцынскія паслугі падаюць пасялковая бальніца і паліклініка.

Славутасці

Thumb
Траецкі касцёл у Радашковічах, 2023 г.
Thumb
Старыя яўрэйскія могілкі, 2024 г.

Страчаная спадчына

Remove ads

Галерэя

Вядомыя асобы

Вядомыя жыхары

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads