Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў
беларускі савецкі палітычны дзеяч (1896—1940) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дзмі́трый Філімо́навіч Прышчэ́паў, таксама Змі́цер Прышчэ́паў (9 (21) лістапада 1896, Калодніца, цяпер Крупскі раён, Мінская вобласць — 31 студзеня 1940, Мінск, БССР) — беларускі савецкі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924—1929 гадах.
Праводзіў у 1920-х гадах аграрную палітыку пад лозунгам «Беларусь — чырвоная Данія», якая складалася ў свабодзе выбару сялянамі формаў землекарыстання, размяшчэнні сялянскіх гаспадарак на хутарах. Узяў удзел у першым узбуйненні тэрыторыі БССР.
Remove ads
Біяграфія
Раннія гады
Нарадзіўся 9 лістапада 1896 года ў вёсцы Калодніца Сенненскага павета. Бацька — беззямельны селянін — быў парабкам. У дзяцінстве Дзмітрый, як старэйшы ў сям’і, працаваў пастухом. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, потым — у земскай школе ў Чарэі (цяпер — Чашніцкі раён Віцебскай вобласці), пасля заканчэння якой экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Працаваў па спецыяльнасці нядоўга: у 1915 годзе быў прызваны ў армію, удзельнік Першай сусветнай вайны. Прайшоў паскораны курс Віленскага ваеннага вучылішча і атрымаўшы чын прапаршчыка адпраўлены спачатку ў запасны полк, а праз некаторы час — на Заходні фронт камандзірам роты 698-га Шаргарадскага пяхотнага палка. У кастрычніку 1917 года быў абраны салдатамі камандзірам палка і старшынёй палкавога ваенна-рэвалюцыйнага камітэта[2].
З наступнага года працягнуў службу ў Чырвонай Арміі, дзе камандаваў 2-м Смаленскім палком, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію, потым — намеснікам старшыні Сенненскага павятовага выканкама. У 1918 годзе ўзначаліў антыбальшавіцкае паўстанне супраць харчразвёрсткі ў Сянне[3].
На савецкай службе

З’яўляўся старшынёй Веліжскага павятовага рэўкама. У 1922—1923 гадах — старшыня Аршанскага павятовага выканкама. З пачатку 1924 года — намеснік старшыні Віцебскага губвыканкама, член Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б) па пытанні ўзбуйнення тэрыторыі БССР. У сакавіку 1924 года разам з Язэпам Адамовічам падпісаў акт пра далучэнне Віцебскай губерні да БССР. З сакавіка 1924 да кастрычніка 1929 гг. старшыня савета Беларускага цэнтральнага саюза сельскагаспадарчых і прамысловых таварыстваў[4]. У 1924—1929 гадах — намеснік наркама, наркам земляробства БССР, старшыня сельскагаспадарчай секцыі (аддзела) Інбелкульта[5].

Падчас свайго знаходжання на пасадзе наркама земляробства праводзіў аграрную палітыку, галоўнай адметнасцю якой было «забяспечэнне ўсіх магчымасцяў для выбару сялянствам формаў землекарыстання». Згодна з гэтым планам, які быў разлічаны на пяць гадоў, на хутары і пасёлкі ў беспрымусовым парадку меркавалася перасяліць 130 тысяч сялянскіх гаспадарак. Ужо ў 1925 годзе чвэрць беларускіх сялян была хутаранамі. Пасля паездкі ў Данію ў 1927 годзе апублікаваў артыкул «Сельская гаспадарка Даніі і Усходняй Прусіі ў параўнанні з беларускай». У ім Дзмітрый Прышчэпаў прыйшоў да высновы аб неабходнасці моцнага развіцця сельскай гаспадаркі, яе вытворчай кааперацыі і індустрыялізацыі. На яго думку, Беларусь мусіла браць прыклад не з усходніх суседзяў, дзе існаваў спрадвечны абшчынны парадак жыцця, што «прыдушыў гаспадарчую ініцыятыву сялянства», а з Даніі, якая хоць «бедная па прыродзе, як і наша Беларусь, але так пабагацела ад сялянскай прамысловасці»[2][6].
У 1927 годзе ўсесаюзны план па збожжанарыхтоўках у БССР быў выкананы толькі на 70 %, што стала падставай для пачатку ўсеагульнай калектывізацыі. У верасні 1929 года Прышчэпаў, які з траўня таго ж года быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай планавай камісіі і членам Эканамічнай нарады БССР, быў абвінавачаны ў правым ухіле і зняты з пасады наркама, а таксама выключаны з партыі за «правядзенне варожай справе сацыялізму палітыкі, якая выяўлялася ў патуранні кулацтву, прымусовай хутарызацыі». Быў прызначаны кіраўніком Палескай вопытнай станцыяй у Скрыгалаве (цяпер — у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці)[2].
Рэпрэсіі. Смерць

Арыштаваны ў менскім Першым Доме Саветаў 19 ліпеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пасля катаванняў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але паўжывы быў дастаны з пятлі. 18 сакавіка 1931 года прыгавораны калегіяй АДПУ БССР за «дапамогу кіраўніцтву „СВБ“ у правядзенні контррэвалюцыйных мерапрыемстваў» да 10 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі лагер АДПУ Карэла-Фінскай АССР, потым — у Паўночна-Усходні лагер НКУС Далёкаўсходняга краю. Вызвалены ў чэрвені 1937 года[2].

У жніўні 1937 года зноў арыштаваны ў Магадане і ў студзені 1939 года этапаваны ў Менск, дзе ў лістападзе быў асуджаны да расстрэлу. Памёр у турэмнай бальніцы Мінска ад паралічу сэрца.
Рэабілітаваны па другім прысудзе ў 1956 годзе, па першым — у 1988 годзе[2].
Remove ads
Сям’я
Быў жанаты, меў дачку.
Ацэнкі
На думку дэкана гістарычнага факультэта БДУ Сяргея Ходзіна, Дзмітрый Прышчэпаў сапраўды разглядаў захаванне абшчынных адносін у вёсцы як пэўны перажытак часу, аднак ён не ідэалізаваў ні хутарскую, ні калектыўную форму вядзення гаспадаркі. Да адной з галоўных заслуг Прышчэпава таксама быў аднесены ўдзел у распрацоўцы зямельных кодэксаў БССР 1924 і 1925 гадоў, якія, у адрозненні ад расійскіх, былі складзены з улікам беларускай спецыфікі землекарыстання. Па меркаванні Ходзіна, Прышчэпаў застанецца ў беларускай гісторыі «прыкладам годнага кіраўніка і адказнага грамадзяніна»[7].
Бібліяграфія
- Сельское хозяйство Белорусской ССР и мероприятия по его восстановлению : Сборник / Нар. комиссариат земледелия БССР; Под общ. ред. Д.Прищепова. — Мн. : Изд. Наркомзем БССР, 1925. — 76 с.
- Крестьянка в сельском хозяйстве / Д.Прищепов. — Мн. : Изд. ЦК КП(б)Б, 1925. — 20 с.
- Сельская гаспадарка і сялянка / З. Прышчэпаў. - Менск : Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1927
- Беларускі навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя У. І. Леніна пры СНК БССР. 1927 : першы год працы / [складальнікі: З. Х. Прышчэпаў і інш.]. — 1927
- За калектывізацыю, за ўздым ураджайнасці / Зм. Прышчэпаў. — Мн. : Звязда, 1928. — 16 с.
Remove ads
Гл. таксама
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads