Мерачоўшчына
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Мерачо́ўшчына — урочышча, былы фальварак за 1,5 км на паўночны захад ад мястэчка Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі.

Назва
Назва Мерачоўшчына другаснага паходжання, прынесеная з поўдня цяперашняй Літвы і за першакрыніцу мае назву мястэчка Мерач (літ. Merkinė, ад назвы ракі Merkys, старабел. Мерач).
Гэтая мясціна паміж Косавам і Ружанамі характарызуецца канцэнтрацыяй назваў балцка-літоўскага антрапанімічнага паходжання: Даргужы, Ёдчыкі, Мілейкі, Юндзілы, Мізгіры, Таўцвілы (ад старалітоўскіх аднаасноўных імёнаў тыпу Dargužis, Juodys, Mileika, Jundila, двухасноўных Misgiras, Tautvilas), таксама этнанімічныя Жамайдзякі (ад літоўскага žemaitis «жамойт, жыхар заходнелітоўскай Жамойці»).
Такія назвы — тапанімічныя сляды рассялення літоўскага баярства (надзялення іх землямі) на поўдні і ўсходзе, якое найімаверней датуецца першай паловай XV стагоддзя і ішло з мэтай умацавання вялікалітоўскай дзяржавы[1].
Канцэнтрацыям такіх адыменных назваў звычайна спадарожнічаюць тапонімы, утвораныя ад назваў месцаў паходжання: Ашмянцы і Мерачы на поўначы ад Менска («Меречи» фіксуюцца на карце 1797 г.), Бешанковічы (< Бешанкі пад Лідай), Радунь паміж Лепелем і Бешанковічамі, Смаргоні каля Мёраў, і інш.
Remove ads
Гісторыя
Першыя пісьмовыя згадкі пра Мерачоўшчыну датуюцца 1529 годам, калі фальварак быў ва ўласнасці Храптовічаў. У 1577 князі Сангушкі прадалі Косава разам з Мерачоўшчынай берасцейскаму ваяводзе Андрэю Ляшчынскаму[2].
У першай палове XVIII стагоддзя Мерачоўшчына была ўласнасцю Сапегаў. У 1733 годзе яна пераходзіць да мечніка берасцейскага Людвіка Касцюшкі ў заставу. У 1746 годзе тут нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Па смерці Людвіка фальварак перайшоў да яго жонкі, якая прадала Мерачоўшчыну ў 1764 годзе ўласніку Косава Юрыю Флемінгу і пераехала ў Сяхновічы. З гэтай пары Мерачоўшчына становіцца неад’емнай часткай косаўскага маёнтка.
У 1821 годзе Косаўскі ключ набыў Войцех Пуслоўскі, маршалак шляхты Слонімскага павета, які распачаў аднаўленне сядзібы Касцюшкаў. Рэстаўрацыя была скончаная ў 1857 годзе[3].
За польскім часам Мерачоўшчына знаходзілася ў складзе гміны Косава Косаўскага павета Палескага ваяводства.
Хата, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, была знішчаная ў часе Другой сусветнай вайны. Яе выгляд вядомы толькі з малюнкаў Міхаіла Кулешы (1845) і літаграфіі Напалеона Орды (1871).
У 1999 годзе на месцы былога фальварка быў усталяваны мемарыяльны камень, а ў верасні 2004 адкрыта адноўлена хата, дзе цяпер размяшчаецца сядзіба-музей Касцюшкі.
Непадалёк знаходзіцца палац Пуслоўскіх.
Remove ads
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads