Нешчарда (возера)

возера ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Не́шчарда, Няшчэрда[1][2] — возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса, за 12 км у напрамку на ўсход ад гарадскога пасёлка Расоны. Адметнае самай доўгай сярод азёр Беларусі берагавой лініяй (50,18 км).

Хуткія факты Нешчарда, Морфаметрыя ...
Remove ads

Назва

Корань Skard- у літоўскіх гідронімах тыпу Skardis, Skardžius, Skardelis, Skard-upis. Ад літоўскага skardis «круты схіл, бераг», skardyti «адсякаць, адразаць, аддзіраць»[3]. Падобным чынам ад першаформы тыпу *Skara пайшла рачная назва Шчара.

З дапамогай прыстаўкі Ne- аформленыя назвы задзвінскіх азёраў Нявежа, Няклея, Нядружна і інш. Яна ж у літоўскіх гідронімах тыпу Nestrėvis «Нецякучае (возера)» (ад strėvus «плыткі, цякучы»)[4].

Remove ads

Апісанне

Плошча паверхні возера 24,62 км². Даўжыня 12,05 км, найбольшая шырыня 4,72 км, даўжыня берагавой лініі 50,18 км. Найбольшая глыбіня 8,1 м, сярэдняя — 3,4 м. Аб’ём вады ў возеры 84,72 млн м³.

Катлавіна возера падпруднага тыпу і адрозніваецца складанай будовай, аб чым сведчыць найбольш выцягнутая сярод азёр Беларусі звілістая берагавая лінія (даўжыня 50,18 км), а таксама мноства заліваў і 2 вострава. Берагі амаль на ўсім працягу нізкія, забалочаныя і пакрытыя кустамі; на асобных участках паўднёва-ўсходняй і ўсходняй частцы сплавінныя. Толькі на поўначы і поўдні да возера набліжаюцца марэнныя пагоркі вышынёй да 10—15 м.

Найбольшыя глыбіні возера знаходзяцца па цэнтры абодвух плёсаў, на якія возера дзеліцца вузкім перашыйкам. Найбольшая глыбіня (8,1 м) знаходзіцца ў паўночным плёсе, у той час як у паўднёвым не сустракаецца глыбінь больш за 7 м.

Возера эўтрофнае. Шэсць ручаёў і рака Атлайская ўпадаюць у возера. З возера выцякае рака Нешчарда. Пратокамі злучана з азёрамі Доўгае, Круглае і Межна.

Remove ads

Раслінны свет

Агульная плошча зарастання возера невялікая — 22 %, што тлумачыцца нізкай празрыстасцю вады і вузкай літараллю. Асноўную долю ў зарастанні граюць паўпагружаныя віды, такія як трыснёг, чарот, маннік водны. Расліннасць з плаваючым лісцем шырока распаўсюджаная ў атуленых і мелкаводных залівах паўночнага плёса.

Жывёльны свет

Іхтыяфаўна возера ляшчова-судаковага тыпу. Водзяцца лешч, судак, шчупак, плотка, гусцяра, вугор, сазан, язь, краснапёрка. Вадаём перыядычна зарыбляецца. Вядзецца прамысловая лоўля рыбы.

У гісторыі і культуры

На беразе возера выяўлены археалагічныя помнікі Старыца — два гарадзішчы. На месцы гарадзішчы-2 — Гарадок — пасля захопу Полацка ў 1563 годзе загадам вялікага князя маскоўскага Івана IV пабудавалі крэпасць Нешчарду, якую пасля вызвалення Полацка ў 1579 годзе ўзялі і зруйнавалі вялікалітоўскія войскі.

У фальварку Мурагі каля возера нарадзіўся пісьменнік Ян Баршчэўскі. На беразе возера яму пастаўлены помнік.

На паўднёвым беразе возера знаходзіцца сядзіба пана Завальні са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Баршчэўскага. Таксама аўтар прыводзіць паданне пра горад, што нібыта знаходзіўся на паўвыспе на паўднёвым беразе возера, а цяпер, са слоў Баршчэўскага, у тым месцы знаходзяць старыя манеты, упрыгожанні і зброю. Паводле падання, горад быў знішчаны волатам Княжам, за што Бог пакараў усю яго дружыну чумой. Як піша аўтар, памяць пра гэтыя падзеі захавалася, і дагэтуль у тым месцы жыхарам вядомы курган з назвай Магіла Княжа.

Remove ads

Зноскі

  1. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 301.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 229.

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads