Смалегаў

былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Смале́гаў[1] (трансліт.: Smaliehaŭ, руск.: Смолегов) — былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Завайцянскага сельсавета.

Хуткія факты Краіна, Вобласць ...

Вёска была ліквідавана 21 верасня 2010 года[2].

Remove ads

Назва

Назва вёскі на працягу гісторыі ў пісьмовых крыніцах пісалася па-рознаму: Смалегавічы, Смалігавічы, Смольгавічы, Смалегава, Смалегаў.

Гісторыя

Па пісьмовых крыніцах вёска Смалегаў вядомая з XVI ст. як сяло ў Мазырскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Смалегаў (як вёска Мазырскага павета) згадваецца 20 ліпеня 1604 г. у дэкрэце судовых актаў Кіеўскага ваяводства, калі шляхціц Лукаш Сапега (каля 1552  1626) абвінаваціў суседа — шляхціца Януша Збаражскага — у гвалтоўным насланні сваіх слуг і баяраў з маёнтку Валодаркі (цяперашнія Ляўковічы) на сапежынскія землі (вёскі Завайць і Нароўля) і забранні нямалалікіх стагоў сена, у нападзе на ўгоддзі сапежынскай вёскі Смалігавічы (Смалегаў) і ўгоне коней, валоў і інш.[3]

Thumb
Згадка пра вёскі Нароўля, Завайць і Смалігавічы (Смалегаў), якія належалі шляхціцу Лукашу Сапегу. (з апублікавання дакумента ад 1604 г. у зборніку дакументаў «Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym» (1894))

Вераемна, вёска Смалегаў у тыя часы ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Антонаў, які належаў Лукашу Сапегу, бо 21 красавіка 1607 г. датаваны судовы дэкрэт, у якім шляхціц Юзаф Будзіла, мазырскі харунжы, абвінаваціў шляхціца Лукаша Сапегу і яго жонку Сафію ў гвалтах, якія ўчынілі сяляне сапежынскага маёнтка Антонаў з вёсак Нароўлі і Смалегавічаў (Смалегава) у маёнтку Юзафа Будзілы, а менавіта ў вёсцы Багуцічы (Мазырскі павет)[4].

Імаверна, пасля смерці Лукаша Сапегі (які з пачатку 1600-х гг. падпісваўся як «граф на Чарнобылі») вёска Смалегаў у 1626 г. перайшла ў валоданне віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегі (1557—1633), якому Лукаш Сапега завяшчаў усе свае маёнткі.

10 лістапада 1682 г. Смалегаў згадваецца ў гродскай кнізе мазырскага гродскага суда запісам аб падзеле зямель паміж рэчыцкім старостам, полацкім ваяводам (1686—1713) Дамінікам Міхалам Слушкам (каля 1655  1713), уладальнікам маёнткаў Антонава, Смольгавічы (Смалегаў) і Нароўля, і Кіеўскім езуіцкім калегіумам, уладальнікам маёнткаў Вярбковічы і Канатоп[5].

У 1750 г. на Мазырскі павет з Кіеўскага ваяводства пачаліся наезды атрадаў гайдамакаў. Заклікі гайдамакаў да мясцовых жыхароў падштурхнулі да паўстання на Нараўляншчыне (1750—1751), удзельнікамі якога сталі сяляне вёсак Вербавічы, Завайць, Смалегаў і мястэчка Нароўля[6]. Адбываліся рабаўніцтвы і гвалты. (Выбухі сялянскага паўстання тут адбываліся і ў 1760—1770-ыя гг.).

У канцы XVIII ст. вёска ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Барбароў, які належаў Аскеркам.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ў складзе Расійскай імперыі. Пасля канфіскацыі маёнткаў у паўстанца Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796) у расійскі скарб, у 1794 г. расійская імператрыца (1762—1796) Кацярына II падарыла буйны маёнтак Барбароў (да якога ў тым ліку належала вёска Смалегаў) правадзейнаму тайнаму саветніку Якаву Яфімавічу Сіверсу (1731—1808) у спадчыннае валоданне[7]. Сам Сіверс у Барбарове (ці на Нараўляншчыне) не пражываў, а кіраваў маёнткам яго адміністратар-камісар Станіслаў Левановіч.

Thumb
Вёска Смалегаў (Смалегавічы) на схематычнай карце-плане Рэчыцкага павета 1800 г. (фрагмент карты-плана)

У 1795 г. у вёсцы дзейнічала царква. З 1808 г. маёнтак Барбароў (разам з вёскай Смалегаў) стаў зямельнай уласнасцю дваран фон Гольстаў. У 1826 г. маёнтак Барбароў (разам з вёскай Смалегаў) паводле куплі перайшоў ад фон Гольстаў ва ўласнасць дваран Горватаў. Пры падзеле сямейнай спадчыны паміж чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764 — каля 1826) вёска Смалегаў (гэтак жа як і Смалегаўская Рудня) стала ўваходзіць у склад буйнога маёнтка Галоўчыцы, які атрымаў Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884).

Паводле сялянскай рэформы 1861 г. у Расійскай імперыі сяляне атрымалі вызваленне ад прыгонніцтва і права на частку зямель маянткоўца Станіслава Ігнатавіча Горвата (1804—1884).

Паводле перапісу 1897 г. у вёсцы дзейнічаў хлебазапасны магазін, а вёска адносілася да Нараўлянскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У канцы XIX ст. у вёсцы было створана сельскагаспадарчае таварыства, якое ў 1905 г. налічвала 33 гаспадаркі і мела 1178,06 дзесяцін зямлі[8].

У 1930 г. у вёсцы арганізаваны першы калгас «Шлях сацыялізму», працавала кузня[8]. З 1934 г. дзейнічала школа[8].

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях за вёску загінулі 10 савецкіх салдат (пахаваныя ў брацкай магіле на могілках). 43 жыхары загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. вёска ў складзе калгаса «Чырвоны Баец» (цэнтр — вёска Завайць). Меўся фельчарска-акушэрскі пункт, клуб. У 1963 г. у вёсцы быў устаноўлены абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў[8].

Да 26 мая 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Галоўчыцкага сельсавета[9], пасля — у склад Нараўлянскага сельсавета, які 26 красавіка 1962 года перайменаваны ў Завайцянскі. Вёска была ліквідавана 21 верасня 2010 года[2].

Remove ads

Насельніцтва

  • 1795 год — 187 жыхароў, 28 двароў
  • 1834 год — 42 двары
  • 1897 год — 199 жыхароў[10], 49 двароў
  • 1909 год — 406 жыхароў, 65 двароў[8]
  • 1924 год — 396 жыхароў, 84 двары[11]
  • 1959 год — 620 жыхароў
  • 1996 год — 69 жыхароў, 39 двароў[8]
  • 2004 год — 8 жыхароў, 6 двароў (гаспадарак)
  • 2012 год — 2 двары (гаспадаркі)

Крыніцы

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads