Грамадства

супольнасць асоб, стала звязаных рознымі адносінамі From Wikipedia, the free encyclopedia

Грамадства
Remove ads

Грамадства — сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой галоўную ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гістарычных формах і тыпах. Грамадства — шматзначнае паняцце, якое ў агульнапрынятым сэнсе азначае групу людзей, што характарызуецца агульнымі інтарэсамі і можа мець адрозненні ў культуры і адмысловыя ўстановы. Грамадства таксама можна азначыць як арганізаваную групу людзей, звязаных разам у рэлігійных, дабрачынных, культурных, навуковых, палітычных, эканамічных і іншых мэтах.

Thumb
Thumb
Thumb
Па гадзіннікавай стрэлцы з левага верхняга кута: сям’я ў Саванакхеце (Лаос); натоўп пакупнікоў у штаце Махараштра (Індыя); ваенны парад на нацыянальным свяце ў Іспаніі.

Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства.

У гісторыі філасофіі, сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Інтэлектуалы Н. Макіявелі, Т. Гобс бачылі ў грамадстве сродак сацыяльнага кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд буржуазных рэвалюцый у Заходняй Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г. Гроцый, Д. Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г. Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У другой палове XIX ст. ўзнікла матэрыялістычная тэорыя грамадства (К. Маркс, Ф. Энгельс, У. Ленін, Г. Пляханаў). Яна аспрэчвае тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыялістычным разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутраную структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах.

У апошняй трэці XX ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навукова-тэхнічны прагрэс і выкліканыя ім сацыяльна-эканамічныя вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асноўнай крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусветнай сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сацыяльна-эканамічнымі версіямі індустрыяльнага грамадства з’яўляюцца тэорыя дабрабыту і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустрыяльнага грамадства з’яўляюцца тэорыі постындустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Грамадства — асноватворная катэгорыя філасофіі і сацыялогіі. Філасофска-тэарэтычны аналіз грамадства магчымы толькі на базе даследавання яго ідэальнай мадэлі. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываўся пастаянны пошук гэтай мадэлі і спробы яе апісаць.

Remove ads

Канцэпцыі

У біялогіі

Thumb
Сацыяльная эталогія мурашак: Мурашкі з’яўляюцца эўсацыяльнымі насякомымі, то-бок ім уласціва кааператыўны догляд за патомствам, сумяшчэнне ў адной калоніі некалькіх пакаленняў і падзел працы. Існаванне ў сацыяльнай групе дае яе членам перавагі, якія былі б недаступныя для іх паасобку.

Чалавек, разам са сваімі найбліжэйшымі сваякамі — баноба і шымпанзэ, — з’яўляецца высокасацыяльнай жывёлай. Гэты біялагічны кантэкст мяркуе, што сацыяльнасць, неабходная для фарміравання грамадства, закладзена ў прыродзе чалавека на фундаментальным узроўні[1]. Чалавечае грамадства вылучаецца высокім узроўнем кааперацыі і істотна адрозніваецца ад груп шымпанзэ і банабо па шэрагу ключавых прыкмет. Да іх адносяцца: удзел самцоў у выхаванні патомства[2][3], выкарыстанне вербальнай мовы для зносін[1], падзел працы[4] і схільнасць да стварэння «гнёздаў» (паселішчаў для некалькіх пакаленняў, такіх як стаянкі, пасёлкі і гарады)[4].

Некаторыя біёлагі, у тым ліку энтамолаг Э. О. Уілсан, адносяць людзей да эўсацыяльных відаў, ставячы іх у адзін шэраг з мурашкамі на найвышэйшую прыступку сацыяльнай арганізацыі ў эталогіі жывёл, хоць іншыя навукоўцы з гэтым не згодныя[4]. Мяркуецца, што жыццё ў сацыяльных групах магло развіцца ў людзей у выніку групавога адбору ва ўмовах асяроддзя, якія ўскладнялі выжыванне[5].

У сацыялогіі

Падрабязней гл. таксама: Сацыялогія

У заходняй сацыялогіі існуюць тры дамінуючыя парадыгмы ў разуменні грамадства: структурны функцыяналізм, тэорыя канфлікту і сімвалічны інтэракцыянізм[6].

З пункту гледжання Карла Маркса[7], людзі па сваёй сутнасці, па неабходнасці і па вызначэнні з’яўляюцца сацыяльнымі істотамі. Яны не проста «статкавыя істоты», а істоты, якія не могуць выжыць і задаволіць свае патрэбы інакш як праз сацыяльнае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва. Таму іхнія сацыяльныя якасці ў значнай ступені з’яўляюцца аб’ектыўнай дадзенасцю, закладзенай з нараджэння і падмацаванай у ходзе сацыяльнай адаптацыі. Паводле Маркса, у працэсе вытворчасці і ўзнаўлення свайго матэрыяльнага жыцця людзі непазбежна ўступаюць у вытворчыя зносіны, якія «не залежаць ад іхняй волі».

У адрозненне ад Маркса, сацыёлаг Макс Вебер[7] вызначае дзеянне чалавека як «сацыяльнае», калі ў сілу таго суб’ектыўнага сэнсу, які дзеючы індывід укладвае ў яго, яно «суадносіцца з дзеяннямі іншых людзей і арыентуэцца на іх».

Структурны функцыяналізм

Паводле функцыяналісцкага падыходу, індывіды ў грамадстве ўзаемадзейнічаюць падобна да органаў у арганізме, ствараючы эмерджэнтныя паводзіны, якія часам называюць калектыўнай свядомасцю[8]. Сацыёлагі XIX стагоддзя, такія як Агюст Конт і Эміль Дзюркгейм, лічылі, што грамадства ўяўляе сабой асобны «ўзровень» рэчаіснасці, адрозны як ад біялагічнага, так і ад неарганічнага рэчыва. Таму тлумачэнні сацыяльных з’яў варта было шукаць менавіта на гэтым узроўні, а індывіды з’яўляюцца толькі часовымі носьбітамі параўнальна стабільных сацыяльных роляў[9].

Тэорыя канфлікту

Тэарэтыкі сацыяльнага канфлікту прытрымліваюцца супрацьлеглага пункту гледжання і сцвярджаюць, што індывіды і сацыяльныя класы ўнутры грамадства ўзаемадзейнічаюць на аснове канфлікту, а не згоды. Адным з галоўных тэарэтыкаў гэтага кірунку з’яўляецца Карл Маркс. Ён разглядаў грамадства як сістэму, што дзейнічае на эканамічным «базісе» з «надбудовай» у выглядзе дзяржавы, сям’і, рэлігіі і культуры. Маркс сцвярджаў, што эканамічны базіс вызначае надбудову і што на працягу ўсёй гісторыі рухаючай сілай сацыяльных змен быў канфлікт паміж працоўнымі і ўласнікамі сродкаў вытворчасці[10].

Сімвалічны інтэракцыянізм

Сімвалічны інтэракцыянізм — гэта мікрасацыялагічная тэорыя, якая факусуецца на індывідах і на тым, як яны ўзаемадзейнічаюць з грамадствам[11]. Прыхільнікі гэтага падыходу вывучаюць, як людзі выкарыстоўваюць агульную мову для стварэння агульных сімвалаў і сэнсаў[12]. Гэтая сістэма паняццяў выкарыстоўваецца для разумення таго, як індывіды, узаемадзейнічаючы, ствараюць сімвалічныя светы і, у сваю чаргу, як гэтыя светы фарміруюць паводзіны саміх індывідаў[13].

У другой палове XX стагоддзя тэарэтыкі пачалі разглядаць грамадства як сацыяльна выбудаванае[14]. У гэтым ключы сацыёлаг Петэр Л. Бергер апісвае грамадства як «дыялектычны» працэс: грамадства ствараецца людзьмі, але гэтае тварэнне, у сваю чаргу, стварае або фарміруе саміх людзей[15].

Незаходнія канцэпцыі

Сацыялагічны акцэнт на функцыяналізме, тэорыі канфлікту і сімвалічным інтэракцыянізме крытыкаваўся як еўропацэнтрычны[16]. Напрыклад, малазійскі сацыёлаг Саед Фарыд аль-Атас сцвярджае, што заходнія мысляры ў першую чаргу цікавяцца наступствамі мадэрну, і таму іхні аналіз незаходніх культур абмежаваны ў сваёй паўнаце[16]. Як прыклад незаходніх мысляроў, якія прымянялі сістэмны падыход да разумення грамадства, аль-Атас згадвае Ібн Хальдуна (1332—1406) і Хасэ Рысаля (1861—1896)[16].

Ібн Хальдун, арабскі мысляр XIV стагоддзя, разглядаў грамадства, як і ўвесь сусвет, як сістэму, якая мае «асэнсаваную канфігурацыю», дзе ўяўная выпадковасць падзей тлумачыцца схаванымі прычынамі. Ён вылучаў дзве фундаментальныя формы сацыяльнай структуры: качавую і аселую. Качавое жыццё, на ягоную думку, адрозніваецца высокай сацыяльнай згуртаванасцю (asabijja «асабія»), якая, як сцвярджаў Хальдун, узнікае праз роднасныя сувязі, агульныя звычаі і неабходнасць сумеснай абароны. Аселае жыццё, з пункту гледжання Хальдуна, вызначалася секулярызацыяй, аслабленнем сацыяльнай згуртаванасці і ростам імкнення да раскошы[17].

Хасэ Рысаль — філіпінскі нацыяналіст, які жыў напрыканцы іспанскага каланіяльнага перыяду і распрацоўваў тэорыю каланіяльных грамадстваў. Рысаль сцвярджаў, што гультайства філіпінцаў, якое іспанцы выкарыстоўвалі для апраўдання сваёй каланіяльнай улады, насамрэч было выклікана самім каланіяльным рэжымам. Ён параўноўваў дакаланіяльную эпоху, калі філіпінцы кіравалі гандлёвыя шляхі і праяўлялі высокую эканамічную актыўнасць, з часам каланіяльнага праўлення і даказваў, што эксплуатацыя, эканамічны хаос і каланіяльная палітыка, якая перашкаджала развіццю сельскай гаспадаркі, прывялі да зніжэння цікавасці да працы[18].

Remove ads

Віды грамадства

Сацыёлагі, як правіла, класіфікуюць грамадствы па ўзроўні іхняга тэхналагічнага развіцця, вылучаючы тры асноўныя катэгорыі: даіндустрыяльныя, індустрыяльныя і постіндустрыяльныя[19].

Далейшы падзел гэтых катэгорый можа вар’іравацца, але часцей за ўсё ён грунтуецца на ўзроўні тэхналогій, спосабах камунікацыі і тыпе эканомікі. Адным з прыкладаў такой класіфікацыі з’яўляецца тыпалогія сацыёлага Герхарда Ленскі, які вылучаў: 1) грамадствы паляўнічых і збіральнікаў; 2) садоўніцкія (агародніцкія); 3) аграрныя; і 4) прамысловыя (індустрыяльныя). Акрамя таго, ён згадваў і спецыялізаваныя грамадствы (напрыклад, рыбалоўныя або жывёлагадоўчыя)[20].

З цягам часу некаторыя культуры развіваліся ў бок больш складаных форм арганізацыі і кіравання. Гэтая культурная эвалюцыя аказала глыбокі ўплыў на структуру супольнасцей. Плямёны паляўнічых-збіральнікаў з часам асядалі вакол сезонных крыніц ежы, ператвараючыся ў земляробчыя паселішчы. Вёскі вырасталі ў пасёлкі і гарады. Гарады станавіліся гарадамі-дзяржавамі і нацыянальнымі дзяржавамі. Аднак важна адзначыць, што гэтыя працэсы не з’яўляюцца аднанакіраванымі і незваротнымі[21].

Даіндустрыяльныя грамадствы

У даіндустрыяльным грамадстве асноўнай эканамічнай дзейнасцю з’яўляецца вытворчасць ежы, што ажыццяўляецца з выкарыстаннем ручной і жывёльнай працы. Гэтыя грамадствы можна падзяліць на падтыпы ў залежнасці ад узроўню тэхналогій і спосабу здабычы пражытку. Да іх адносяцца грамадствы паляўнічых-збіральнікаў, жывёлагадоўчыя, садаводчыя і аграрныя[20].

Паляўнічыя-збіральнікі

Thumb
Людзі з народа сан у Батсване распальваюць агонь уручную.

Асноўнай спосабам вытворчасці ежы ў такіх грамадствах з’яўляецца штодзённы збор дзікарослых раслін і паляванне на дзікіх жывёл. Паляўнічыя-збіральнікі ўвесь час перамяшчаюцца ў пошуках ежы[22]. Праз гэта яны не будуюць пастаянных паселішчаў і не ствараюць вялікай разнастайнасці артэфактаў. Неабходнасць мабільнасці таксама абмяжоўвае памер такіх грамадстваў, і яны звычайна ўтвараюць невялікія групы, такія як праабшчыны і плямёны[23], якія, як правіла, налічваюць менш за 50 чалавек[24][23].

Такія групы адносна эгалітарныя, і рашэнні ў іх прымаюцца на аснове агульнай згоды (кансэнсусу). У іх адсутнічаюць фармальныя палітычныя пасады, надзеленыя рэальнай уладай; правадыр з’яўляецца толькі ўплывовай асобай, а лідарства заснавана на асабістых якасцях[25]. Сям’я з’яўляецца асноўнай сацыяльнай адзінкай, дзе большасць членаў звязаны роднаснымі сувязямі па нараджэнні або праз шлюб[26].

Антраполаг Маршал Салінз назваў паляўнічых-збіральнікаў «першабытным грамадствам дастатку» праз вялікую колькасць вольнага часу: паводле ягоных ацэнак, дарослыя ў такіх грамадствах працуюць ад трох да пяці гадзін у дзень[27][28]. Гэты пункт гледжання быў аспрэчаны іншымі даследчыкамі, якія ўказвалі на высокую смяротнасць і пастаянныя войны ў грамадствах паляўнічых-збіральнікаў[29][30][31]. Прыхільнікі поглядаў Салінза, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што агульны дабрабыт людзей у грамадствах паляўнічых і збіральнікаў ставіць пад сумнеў меркаваную сувязь паміж тэхналагічным развіццём і прагрэсам чалавецтва[32][33].

Жывёлагадоўчае грамадства

Thumb
Мужчыны масаі выконваюць адуму, традыцыйны скачковы танец.

У адрозненне ад штодзённага пошуку ежы, члены жывёлагадоўчага грамадства задавальняюць свае патрэбы ў пражытку за кошт свойскіх статкавых жывёл, займаючыся пастушаствам. Жывёлаводы звычайна вядуць качавы лад жыцця, перамяшчаючы свае статкі з адной пашы на другую[34].

Памер асобнай абшчыны ў жывёлагадоўчых грамадствах падобны да груп паляўнічых-збіральнікаў (каля 50 чалавек). Аднак, у адрозненне ад апошніх, жывёлагадоўчыя грамадствы звычайна складаюцца з мноства такіх абшчын, і іхняя агульная колькасць можа дасягаць некалькіх тысяч чалавек. Гэта тлумачыцца тым, што жывёлаводы, як правіла, пражываюць на адкрытых прасторах, дзе лёгка перамяшчацца, што спрыяе палітычнаму яднанню[35]. У жывёлагадоўчых грамадствах, як правіла, утвараецца лішак ежы, што прыводзіць да з’яўлення спецыялізацыі працы[19] і высокага ўзроўню сацыяльнай няроўнасці[35].

Садоўніцка-агародніцкае грамадства

У садоўніцка-агародніцкім грамадстве асноўнай крыніцай ежы служаць садавіна і гародніна, якія вырошчваюцца на дзялянках, расчышчаных ад джунгляў або лесу. Гэтыя грамадствы маюць падобны ўзровень тэхналогій і складанасці з грамадствамі жывёлаводаў[36].

Садоўніцкія грамадствы, разам з жывёлагадоўчымі, узніклі каля 10 000 гадоў таму пасля тэхналагічных змен Неалітычнай рэвалюцыі, якія зрабілі магчымым вырошчванне сельскагаспадарчых культур і гадоўлю жывёл[36]. Прадстаўнікі такіх грамадстваў выкарыстоўваюць ручную працу і простыя прылады для апрацоўкі зямлі на працягу аднаго або некалькіх сезонаў. Гэты тып земляробства часта называюць падсечна-агнявым. Калі глеба высільваецца, яны расчышчаюць новую дзялянку, а старую пакідаюць для натуральнага аднаўлення. Праз некалькі гадоў яны могуць вярнуцца на ранейшае месца і пачаць працэс нанова. Дзякуючы такой ратацыі дзялянак, яны могуць заставацца на адной тэрыторыі на працягу доўгага часу, што дазваляе ім будаваць пастаянныя або паўпастаянныя паселішчы[37].

Як і ў жывёлагадоўчых грамадствах, лішкі ежы прыводзяць да больш складанага падзелу працы. Да спецыялізаваных роляў у такіх грамадствах адносяцца рамеснікі, шаманы (рэлігійныя лідары) і гандляры[37]. Гэтая спецыялізацыя дазваляе ствараць разнастайныя артэфакты. Дэфіцыт рэсурсаў, якія можна абараняць, можа прыводзіць да маёмаснай няроўнасці ў палітычных сістэмах садоўніцкіх грамадстваў[38].

Аграрнае грамадства

Thumb
Ворыва валамі ў XV стагоддзі

Аграрныя грамадствы выкарыстоўваюць тэхналагічныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы для апрацоўкі вялікіх плошчаў зямлі. Паводле Герхарда Ленскі, ключавым адрозненнем аграрных грамадстваў ад садоўніцкіх з’яўляецца выкарыстанне плуга[39]. Дзякуючы ўдасканаленым тэхналогіям аб’ём вырабляемай ежы павялічваецца, што дазваляе аграрным паселішчам быць значна буйнейшымі за садоўніцкія. Значныя лішкі харчавання прыводзяць да ўзнікнення гарадоў, якія становяцца асяродкамі гандлю. Развіццё гандлю, у сваю чаргу, вядзе да паглыблення спецыялізацыі працы. З’яўляюцца кіруючы клас, а таксама настаўнікі, рамеснікі, купцы і рэлігійныя дзеячы, якія не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў вытворчасці ежы[40].

Аграрныя грамадствы асабліва вядомыя сваёй ярка выяўленым сацыяльным расслаеннем і вельмі нізкай сацыяльнай рухавасцю[41]. Паколькі зямля з’яўляецца асноўнай крыніцай багацця, сацыяльная іерархія выбудоўваецца на аснове землеўладання, а не працоўнага ўкладу. Сістэма стратыфікацыі вызначаецца трыма асноўнымі супрацьпастаўленнямі: кіруючы клас — народныя масы; гарадская меншасць — сялянская большасць; пісьменная меншасць — непісьменная большасць. Гэта прыводзіць да стварэння дзвюх розных субкультур: гарадской эліты і сялянскіх мас. Больш за тое, гэта азначае, што культурныя адрозненні ўнутры аграрных грамадстваў былі больш значнымі, чым адрозненні паміж імі[42].

Землеўладальніцкія пласты, як правіла, аб’ядноўваюць урадавыя, рэлігійныя і ваенныя інстытуты для апраўдання і абароны сваёй уласнасці, а таксама для падтрымання высокага ўзроўню спажывання. Лёс асноўнага вытворцы ў такіх грамадствах — гэта, як правіла, рабства, прыгоннае права, пеанаж або паншчына. Кіраўнікі аграрных грамадстваў часта кіруюць сваімі дзяржавамі не дзеля агульнага дабра або ў грамадскіх інтарэсах, а як сваёй асабістай уласнасцю[43]. Каставыя сістэмы, якія гістарычна існавалі ў Паўднёвай Азіі, цесна звязаны з аграрнымі грамадствамі, дзе пажыццёвая сельскагаспадарчая праца залежала ад жорсткага пачуцця абавязку і дысцыпліны. Навуковец Дональд Браўн мяркуе, што акцэнт[en] на асабістых свабодах у сучасным заходнім свеце шмат у чым стаў рэакцыяй на глыбокае і жорсткае расслаенне аграрных грамадстваў[44].

Індустрыяльнае грамадства

Thumb
Прамысловы транспарт, у прыватнасці чыгункі, спрыяў стабілізацыі эканомікі і прыводзіў да росту насельніцтва.

Індустрыяльныя грамадствы ўзніклі ў XVIII стагоддзі ў выніку Індустрыяльнай рэвалюцыі. Іхняя эканоміка заснавана на масавай вытворчасці тавараў з дапамогай машын, якія прыводзяцца ў рух знешнімі крыніцамі энергіі[45][46]. Калі ў даіндустрыяльных грамадствах асноўная частка працы была засяроджана ў першасным сектары эканомікі (здабыча сыравіны: сельская гаспадарка, рыбалоўства, горназдабыўная прамысловасць і г.д.), то ў індустрыяльных грамадствах праца сканцэнтравана на перапрацоўцы сыравіны ў гатовую прадукцыю[47]. Сучасныя грамадствы адрозніваюцца па ступені індустрыялізацыі: адны выкарыстоўваюць пераважна новыя крыніцы энергіі (напрыклад, вугаль, нафту, атамную энергію), у той час як іншыя па-ранейшаму спадзяюцца на працу людзей і жывёл[48].

Індустрыялізацыя цесна звязана з дэмаграфічным выбухам і ростам гарадоў. Рост прадукцыйнасці працы і стабільнасць, забяспечаная развіццём транспарту, прыводзяць да зніжэння смяротнасці і, як вынік, да павелічэння колькасці насельніцтва[49]. Цэнтралізацыя вытворчасці на фабрыках і зніжэнне патрэбы ў сельскагаспадарчай працы вядуць да ўрбанізацыі — масавага перасялення людзей у гарады[46][50].

Індустрыяльныя грамадствы часта з’яўляюцца капіталістычнымі. Для іх уласцівы высокі ўзровень як сацыяльнай няроўнасці, так і сацыяльнай рухавасці, паколькі прадпрымальнікі выкарыстоўваюць рынкавыя механізмы для накаплення велізарных багаццяў[46]. Умовы працы на фабрыках, як правіла, былі цяжкімі і строга рэгламентаванымі[51]. Рабочыя, усвядоміўшы агульнасць сваіх інтарэсаў, пачалі аб’ядноўвацца ў прафесійныя саюзы для іх абароны[52].

У цэлым, індустрыяльныя грамадствы характарызуюцца ўзрастаннем магутнасці чалавецтва. Тэхналагічныя дасягненні прывялі да росту патэнцыялу для вядзення разбуральных войнаў. Урады пачынаюць выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі для ўзмацнення кантролю над насельніцтвам. Акрамя таго, значна ўзрастае ўздзеянне індустрыяльных грамадстваў на навакольнае асяроддзе[53].

Постіндустрыяльныя грамадствы

Постіндустрыяльныя грамадствы — гэта грамадствы, у якіх дамінуюць інфармацыя і сфера паслуг, а не вытворчасць тавараў[54]. Пераход да постіндустрыяльнага грамадства характарызуецца зрушэннем акцэнту з прамысловай вытворчасці на сектар паслуг. Сектар паслуг уключае ў сябе такія сферы, як адукацыя, ахова здароўя, фінансы і іншыя[55].

У рамках постіндустрыяльнага грамадства вылучаюць дзве асноўныя канцэпцыі: інфармацыйнае грамадства і грамадства ведаў.

Інфармацыйнае грамадства

Thumb
Сусветны саміт па інфармацыйным грамадстве, Жэнева

Інфармацыйнае грамадства — гэта грамадства, у якім выкарыстанне, стварэнне, распаўсюджванне, апрацоўка і інтэграцыя інфармацыі з’яўляюцца значнай эканамічнай і культурнай дзейнасцю[56].

Прыхільнікі гэтай канцэпцыі сцвярджаюць, што сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі аказваюць глыбокі ўплыў на ўсе ключавыя формы сацыяльнай арганізацыі, уключаючы адукацыю, эканоміку, ахову здароўя, дзяржаўнае кіраванне, ваенную справу і ўзровень дэмакратыі[57]. Хоць сама канцэпцыя інфармацыйнага грамадства абмяркоўваецца з 1930-х гадоў, у нашы дні яна амаль заўсёды прымяняецца ў кантэксце ўплыву інфармацыйных тэхналогій на грамадства і культуру. Такім чынам, гэтае паняцце ахоплівае ўплыў камп’ютараў і тэлекамунікацый на побыт, працоўныя месцы, школы, дзяржаўныя органы, розныя супольнасці і арганізацыі, а таксама ўзнікненне новых сацыяльных форм у кіберпрасторы[58].

Грамадства ведаў

Thumb
Пункт кіравання парталам «Cyworld», Сеул.

З ростам доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў на пачатку XXI стагоддзя асаблівая ўвага пачала надавацца пераходу ад інфармацыйнага грамадства да грамадства ведаў.

Грамадства ведаў стварае, распаўсюджвае і робіць даступнымі для ўсіх сваіх членаў веды, якія могуць быць выкарыстаны для паляпшэння ўмоў жыцця чалавека[59]. Ключавое адрозненне грамадства ведаў ад інфармацыйнага грамадства заключаецца ў тым, што яно не проста стварае і распаўсюджвае «сырыя даныя» (інфармацыю), а пераўтварае гэтую інфармацыю ў рэсурсы (веды), якія дазваляюць грамадству прымаць эфектыўныя рашэнні і дзейнічаць[60].

Remove ads

Характарыстыкі грамадства

Нормы і ролі

Сацыяльныя нормы — гэта стандарты прымальных паводзін, якія падзяляюцца групай[61][62]. Сацыяльныя нормы могуць існаваць як у выглядзе нефармальных правіл, што рэгулююць паводзіны членаў грамадства, так і ў выглядзе кадыфікаваных правіл і законаў[63]. Яны з’яўляюцца магутным чыннікам, які вызначае паводзіны чалавека[64].

Сацыяльныя ролі — гэта сукупнасць норм, абавязкаў і мадэлей паводзін, звязаных з пэўным сацыяльным статусам індывіда[65]. З пункту гледжання функцыяналізму, індывіды, займаючы сацыяльныя ролі, фарміруюць структуру грамадства[9]. Паводле сімвалічнага інтэракцыянізму, індывіды выкарыстоўваюць сімвалы для арыентацыі ў ролях і іх трансляцыі[66]. Ірвінг Гофман выкарыстаў тэатральную метафару для распрацоўкі свайго драматургічнага падыходу, паводле якога сацыяльныя ролі даюць людзям «сцэнарыі», што кіруюць іх сацыяльнымі ўзаемадзеяннямі[66].

Гендар і сваяцтва

Thumb
Егіпецкая сям’я на возе, запрэжаным аслом, 2019 год. Сямейна-сваяцкія адносіны з’яўляюцца адным з найважнейшых арганізуючых прынцыпаў у многіх грамадствах.

Падзел людзей на мужчынскія і жаночыя гендарныя ролі культурна выяўляецца ў адпаведным падзеле норм, практык, адзення, мадэлей паводзін, правоў, абавязкаў, прывілеяў, статусу і ўлады. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што гендарныя ролі натуральным чынам вынікаюць з біялагічных палавых адрозненняў, якія вядуць да падзелу працы, дзе жанчыны бяруць на сябе рэпрадуктыўную працу і іншыя хатнія абавязкі[67]. Гендарныя ролі мяняліся на працягу гісторыі, і ў многіх грамадствах неаднаразова ўзнікалі рухі, якія аспрэчвалі дамінуючыя гендарныя нормы.[68][69].

Усе чалавечыя грамадствы арганізуюць, прызнаюць і класіфікуюць сацыяльныя адносіны на аснове сувязей паміж бацькамі, дзецьмі і іншымі нашчадкамі (кроўная роднасць) і сувязей, што ўзнікаюць праз шлюб (сваяцтва). Існуе і трэці тып сямейных сувязей, які прымяняецца да хросных бацькоў або прыёмных дзяцей (фіктыўнае, або сацыяльнае, сваяцтва). Гэтыя культурна вызначаныя адносіны называюцца сістэмамі сваяцтва. У многіх грамадствах сваяцтва з’яўляецца адным з найважнейшых прынцыпаў сацыяльнай арганізацыі і адыгрывае ключавую ролю ў перадачы статусу і спадчыны[70]. Ва ўсіх грамадствах існуе табу на інцэст, паводле якога шлюбы паміж пэўнымі катэгорыямі сваякоў забароненыя. У той жа час у некаторых грамадствах існуюць правілы ўпадабаных шлюбаў з іншымі катэгорыямі сваякоў[71].

Этнас і этнічнасць

Этнічныя групы (або этнасы) — гэта сацыяльныя групы, члены якіх ідэнтыфікуюць сябе адзін з адным на аснове агульных прыкмет, што адрозніваюць іх ад іншых груп. Такімі агульнымі прыкметамі могуць быць традыцыі, паходжанне, мова, гісторыя, культура, нацыянальная самасвядомасць, рэлігія або асаблівасці сацыяльнага становішча на тэрыторыі пражывання[72][73].

Не існуе агульнапрынятага вызначэння таго, што ўяўляе сабой этнічная група[74]. Акрамя таго, людзі валодаюць здольнасцю адносна лёгка мяняць сваю прыналежнасць да сацыяльных груп, у тым ліку пакідаць групы, з якімі ў іх раней былі трывалыя сувязі, калі гэта абяцае асабістыя выгады[75]. Этнічнасць варта адрозніваць ад паняцця расы, якое заснавана на фізічных характарыстыках, хоць абодва гэтыя паняцці з’яўляюцца сацыяльнымі канструктамі[76].

Вызначэнне этнічнай прыналежнасці насельніцтва — складаная задача, паколькі нават у межах аднаго этнасу можа існаваць мноства падгруп, а склад этнічных груп можа з часам мяняцца як на калектыўным, так і на індывідуальным узроўні[77]. Этнічныя групы могуць адыгрываць важную ролю ў фарміраванні сацыяльнай ідэнтычнасці і салідарнасці этнапалітычных утварэнняў. Этнічная ідэнтычнасць была цесна звязана са станаўленнем нацыянальнай дзяржавы як пераважнай формы палітычнай арганізацыі ў XIX і XX стагоддзях[78][79][80].

Дзяржава і палітыка

Thumb
Штаб-кватэра Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку, дзе размяшчаецца адна з найбуйнейшых сусветных палітычных арганізацый.

Дзяржавы і ўрады ствараюць законы і вызначаюць палітыку, якія ўплываююць на жыццё людзей, што знаходзяцца пад іх кіраваннем. На працягу гісторыі чалавецтва існавала мноства форм праўлення, якія адрозніваліся спосабамі размеркавання ўлады, а таксама ўзроўнем і метадамі кантролю над насельніцтвам[81]. На ранніх этапах гісторыі размеркаванне палітычнай улады шмат у чым вызначалася наяўнасцю прэснай вады, урадлівых глеб і ўмеранага клімату ў той ці іншай мясцовасці[82]. Па меры таго як земляробчае насельніцтва аб’ядноўвалася ў больш буйныя і шчыльныя супольнасці, узаемадзеянне паміж рознымі групамі ўзмацнялася, што прыводзіла да далейшага развіцця сістэм кіравання як унутры супольнасцей, так і паміж імі[83].

Паводле даных часопіса «The Economist» на 2022 год, 43 % краін свету з’яўляліся дэмакратыямі, 35 % — аўтакратыямі, а 22 % спалучалі ў сабе элементы абодвух рэжымаў (гібрыдныя рэжымы)[84]. Многія краіны аб’ядналіся ў міжнародныя палітычныя арганізацыі і саюзы, найбуйнейшай з якіх з’яўляецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН), што налічвае 193 дзяржавы-члены[85][86].

Гандаль і эканоміка

Thumb
Далёкія гандлёвыя шляхі па Шаўковым шляху (зялёны) і іншыя маршруты (чырвоны) каля I стагоддзя н. э.

Гандаль — добраахвотны абмен таварамі і паслугамі — з даўніх часоў з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечых грамадстваў. Яго разглядаюць як адну з характарыстык, што адрознівае чалавека ад іншых жывёл[87]. Некаторыя даследчыкі лічаць гандаль практыкай, якая дала Homo sapiens вырашальную перавагу над іншымі гамінідамі. Наяўныя даныя сведчаць, што раннія H. sapiens выкарыстоўвалі гандлёвыя шляхі на вялікія адлегласці для абмену таварамі і ідэямі. Гэта прыводзіла да «культурных выбухаў» і забяспечвала дадатковыя крыніцы ежы ў перыяды, калі паляванне было няўдалым. У вымерлых неандэртальцаў падобных гандлёвых сетак не існавала[87][88].

Ранні гандаль уключаў у сябе абмен на кароткія адлегласці матэрыяламі для вырабу прылад, такімі як абсідыян[89]. У процілегласць гэтаму, у антычнасці і ў Сярэднія вякі па найважнейшых гандлёвых шляхах на далёкія адлегласці перавозілі харчаванне і прадметы раскошы, напрыклад, у рамках гандлю спецыямі[90].

Раннія чалавечыя эканомікі, хутчэй за ўсё, былі заснаваныя на дараабмене, а не на бартарнай сістэме[91]. Першыя грошы мелі таварную форму; найстаражытнейшай з іх была жывёла (скот), а найбольш распаўсюджанай — ракавіны кауры[92][93]. З таго часу грошы эвалюцыянавалі ў дзяржаўныя чаканеныя манеты, папяровыя і электронныя грошы[94][95]. Эканоміка як навука — гэта сацыяльная дысцыпліна, якая вывучае, як грамадствы размяркоўваюць абмежаваныя рэсурсы паміж людзьмі[96]. У размеркаванні багацця паміж людзьмі існуе велізарная няроўнасць. Па стане на 2018 год у Кітаі, Еўропе і ЗША дзясятая частка самых багатых людзей валодала больш чым 70 % усяго сукупнага багацця гэтых рэгіёнаў[97].

Канфлікт і гвалт

Thumb
Адступленне Напалеона пасля няўдалага ўварвання ў Расію ў 1812 годзе (карціна Адольфа Нортэна, 1851, алей).

Гатоўнасць людзей да масавага забойства прадстаўнікоў свайго віду падчас арганізаваных канфліктаў (г.зн. да вайны) даўно з’яўляецца прадметам навуковых спрэчак:

  • Адзін з пунктаў гледжання заключаецца ў тым, што вайна ўзнікла як сродак ліквідацыі канкурэнтаў, а схільнасць да гвалту з’яўляецца прыроджанай рысай чалавека. Людзі ўжываюць гвалт у дачыненні адзін да аднаго з частатой, супастаўнай з іншымі прыматамі (хоць для людзей уласцівы адносна высокі ўзровень забойстваў дарослых асобін і нізкі ўзровень інфантыцыду — забойства дзяцей)[98].
  • Іншы пункт гледжання мяркуе, што вайна — гэта адносна нядаўняя з’ява, якая з’явілася ў выніку змянення сацыяльных умоў[99]. Хоць канчатковага адказу няма, наяўныя на сёння даныя сведчаць пра тое, што ваяўнічыя паводзіны сталі распаўсюджанымі толькі каля 10 000 гадоў таму, а ў многіх рэгіёнах — яшчэ пазней[99].

Філагенетычны аналіз прадказвае, што 2 % смерцяў сярод людзей павінны быць выкліканы забойствамі, што прыкладна адпавядае ўзроўню забойстваў у грамадствах праабшчыннага тыпу (лакальных групах паляўнічых-збіральнікаў)[100]. Аднак узровень гвалту моцна вар’іруецца ў залежнасці ад сацыяльных норм. У грамадствах з развітымі прававымі сістэмамі і моцнымі культурнымі ўстаноўкамі супраць гвалту ўзровень забойстваў складае каля 0,01 %[100][101].

Remove ads

Грамадства ў літаратуры і кіно

У рамане Рэя Брэдберы «451 градус па Фарэнгейце» апісана грамадства масавага спажывання, якое абапіраецца на масавую культуру і спажывецкае мысленне, у якім усе кнігі, што прымушаюць задумвацца пра жыццё, падлягаюць спаленню.

Падобнае грамадства апісана ў рамане Олдаса Хакслі «Дзівосны новы свет». Члены гэтага грамадства размаўляюць лозунгамі, якія заклікаюць выкідаць старое і купляць новае: «Дзіркі латаць — бяднець і гараваць», «Лепш новае набыць, чым старое чыніць». А ў выпадку праблем прымаецца наркотык пад назвай сома: «Сомы грам — і ніякіх драм!» Адметныя рысы гэтага грамадства — каставая сістэма і штучнае нараджэнне людзей.

У рамане Джорджа Оруэла «1984» разглядаецца грамадства татальнай несвабоды, асновай якога з’яўляецца ўтрыманне людзей у страху. Нават калі ў чалавека ўзнікае дрэнная думка пра ўладу, ён трапляе ў засценкі «мінілюба», дзе яго з дапамогай катаванняў ператвараюць у зомбі, які верыць усяму, што яму кажуць. Калі ж той ці іншы чалавек быў пакараны смерцю, яго абвяшчаюць такім, што ніколі не існаваў.

Remove ads

Гл. таксама

Remove ads

Зноскі

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads