Такарня
вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Така́рня[1] (трансліт.: Takarnia, руск.: Токарня) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Голацкага сельсавета. Месціцца за 36 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 29 км ад Мінска, правым беразе Свіслачы.
Remove ads
Назва
Назва, хутчэй за ўсё, звязана з апрацоўкай дрэва тачэннем[2].
Гісторыя
Ранняя гісторыя

Вядома прынамсі з 1511 года, калі адносілася да маёнтка Грэбень, шляхецкая ўласнасць[3]. У XVII стагоддзі сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць Віленскага біскупства[4][5], належала да ключа Лешніца[6].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У час раздачы земляў колішняй Рэчы Паспалітай фаварытам Кацярыны II, у 1796 годзе Такарня дасталася генералу Папову[6]. У 1800 годзе ў Такарні была вінакурня і царква.
У XIX стагоддзі ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Пазней уласнасць перайшла да Іскрыцкіх. Генерал Аляксандр Іскрыцкі меў з жонкай Антанінай Мянжынскай сына Андрэя. Дачка Андрэя Іскрыцкага, Алімпіяда Жылінская[7], выйшла замуж за Івана[8] Бунге, такім чынам маёнтак праз вена перайшоў да Бунге[6]. У 1858 годзе былі сядзіба і вёска Такарня.
З другой паловы XIX стагоддзя ў Пярэжырскай воласці.
Паводле апісанняў Аляксандра Ельскага, у другой палове XIX стагоддзя ў Такарні была прыгожая рэзідэнцыя Бунге, каля двара невялікая царква з пахаваннямі Іскрыцкіх, фруктовыя сады, вялікая вінакурня з правам прапінацыі (вырабу і продажу алкаголю), млыны[6]. Да маёнтка Такарня таксама адносілася Бардзілаўка Такарынская (цяпер у межах вёскі Бардзілаўка)[9].

У 1895 годзе на млыне ў Такарні працавалі 4 рабочыя. У 1897 годзе ў маёнтку былі крухмальны завод, вадзяны млын. У пачатку XX стагоддзя вёска злілася з вёскай Пярэжыр, застаўся толькі маёнтак Такарня, уласнасць Алімпіяды Андрэеўны Бунге[10].
Найноўшы час
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Пярэжырскай воласці атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[11]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Праведзена нацыяналізацыя маёнтка, створаны саўгас, у якім былі вадзяны млын, крупадзёрка, сукнавалка. У 1921 годзе адкрыта школа 1-й ступені.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі.
У 1960 годзе населены пункт меў статус участка.
Да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Пярэжырскага сельсавета[12].
Remove ads
Насельніцтва
- 1800 год — 38 двароў, 208 жыхароў
- 1858 год — сядзіба, 93 жыхары; вёска, 139 жыхароў
- 1897 год — вёска, 40 двароў, 246 жыхароў; маёнтак, 9 двароў, 92 жыхары
- 1917 год — маёнтак, 147 жыхароў, з іх 120 беларусаў і 27 палякаў[13]
- 1960 год — 151 жыхар
- 2002 год — 13 гаспадарак, 25 жыхароў
- 2007 год — 10 гаспадарак, 21 жыхар
- 2010 год — 8 гаспадарак, 18 жыхароў
- 2012 год — 8 гаспадарак, 15 жыхароў[14]
- 2019 год — 16 жыхароў[15]
Славутасці

- Рэшткі капліцы з пахаваннямі Іскрыцкіх
Страчаная спадчына
- Сядзібна-паркавы ансамбль Бунге (XIX ст.)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads