Таварыства шубраўцаў

From Wikipedia, the free encyclopedia

Таварыства шубраўцаў
Remove ads

Таварыства шубраўцаў (польск.: Towarzystwo Szubrawców, літаральна — Таварыства нягоднікаў) — віленскае легальнае маральнае літаратурна-грамадскае аб’яднанне ліберальнай інтэлігенцыі[3] сатырычна-гумарыстычнага ўхілу. Арганізоўвалася на ўзор масонства[4], або хутчэй як пародыя на масонскія рытуалы. Дзейнічала ў 1817—1822 гадах[4] з мэтамі ўраўнавання правоў усіх грамадзян, паляпшэння становішча сялян і барацьбы з забабонамі, цемрашальствам і невуцтвам[5]. Пазней адноўлена і дзейнічала ў 1899—1914 гадах (неашубраўцы).

Хуткія факты Таварыства шубраўцаў, Краіна ...

Дзейнасць таварыства ў Расійскай імперыі стала магчымай пасля Венскага кангрэсу 1815 года, калі імператар Аляксандр І імкнуўся падтрымліваць максімальна ліберальны імідж. Але ўжо ў 1822 годзе, занепакоены размахам, які набыла дзейнасць масонскіх лож і нефармальных гурткоў, і пад уплывам рэакцыянераў у сваім атачэнні, імператар пачаў рэпрэсіі і таварыства было вымушана згарнуць дзейнасць.

Remove ads

Гісторыя

Пачыналася таварыства з суполкі, якая рыхтавала выданне «Wiadomości Brukowe» («Вулічныя навіны», пазней друкаваны штотыднёвік таварыства), першы нумар якіх выйшаў 21 жніўня 1816 года намаганнямі Ігнацыя Эмануіла Лахніцкага і Казіміра Контрыма, пры фінансавай падтрымцы троцкага павятовага маршалка Казіміра Стравінскага. Першы нумар меў падтытул «Zbiór nowin i wydarzeń słyszanych lub zachodzących na brukach, czyli ulicach Wilna i w bliższych jego okolicach» («Збор навін і падзей, якія прагучалі або адбыліся на бруку, або на вуліцах Вільні і яе бліжэйшых ваколіц»). Першыя нумары былі невялікімі сатырычнымі бюлетэнямі накладам да 3000 асобнікаў. Пазней выданне выходзіла рэгулярна, двойчы на ​​тыдзень. Сярод аўтараў былі Якуб Шымкевіч, Енджэй Снядэцкі, Міхал Балінскі і Ян Багуслаў Рыхтар. Тэксты публікавалі пад псеўданімамі. Найбольш папулярным аўтарам быў Снядэцкі, стваральнік сатырычных серый, у якіх крытыкаваў звычаі жыхароў Вільні і Літвы.[6] Дасціпнасць і аўтарытэт Снядэцкага былі ключом да поспеху бюлетэню, што падштурхнуў яго супрацоўнікаў да ідэі стварэння больш шырокага і стала дзейнага таварыства.

Заснавальнікі таварыства — Міхал Балінскі, Леан Бароўскі, Юзаф Завадскі, Антоні Марціноўскі, Захарыяш Нямчэўскі, Якуб Шымкевіч і некаторыя іншыя.

Асноўныя прынцыпы структурнай арганізацыі і кірункі дзейнасці таварыства вызначаны ў так званым «Кодэксе шубраўскім», які распрацоўвала спецыяльная камісія ў складзе Казіміра Стравінскага (кіраўнік), Міхала Балінскага і Казіміра Koнтрыма (прыняты 30 чэрвеня 1817, апублікаваны 7 лютага 1819) і дадатку да яго «Пра рустыканаў», а таксама ў артыкулах «Прамовы да шубраўства» і «Дадатак да „Вулічных навін“» Снядэцкага (студзень 1818).

Сябрамі («содалісамі») таварыства (розных узроўняў) былі выкладчыкі (значна радзей студэнты) Віленскага універсітэту, чыноўнікі губернскіх устаноў, супрацоўнікі выдавецтваў, курыі Віленскай дыяцэзіі і іншыя, у прыватнасці: Ігнацы Ходзька, Ян Ходзька, Антоні Гарэцкі, Міхал Юзаф Ромер, Станіслаў Ворцэль, Юзаф Сянкоўскі, Тамаш Зан, Ігнацы Фонберг, Станіслаў Баніфацы Юндзіл, Ян Гяцэвіч, Францішак Гжымала, Мікалай Мяноўскі, Канстанты Парцянка, Ігнацы Шыдлоўскі, Юзаф Эмануэль Працлаўскі, Філіп Галаньскі, Юзаф Карчэўскі і Вінцэнт Карчэўскі.

Поўны склад вызначыць цяжка, бо некаторыя аўтары, што эпізадычна або аднойчы публікаваліся ў «Wiadomościach Brukowych», фармальна не былі сябрамі.

Большасць сяброў належалі таксама да розных масонскіх лож Літвы і мелі жартоўныя псеўданімы, многія з якіх (магчыма, пад уплывам Контрыма) бралі з літоўскай міфалогіі (з «De Diis Samogitarum» Яна Ласіцкага[7], а таксама з «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага), некаторыя са скандынаўскай міфалогіі, або парадзіравалі «міфалогію агулам», у прыватнасці:

  • Якуб Шымкевіч, вядомы лекар, першы прэзідэнт Таварыства — Perkunas[8] (Пяркунас[7])
  • Казімір Контрым, другі прэзідэнт Таварыства — Паклюс[7]
  • Енджэй Снядэцкі, трэці прэзідэнт Таварыства — Sotwaros (Сатварас[7], паводле адной з версій, бог быдла, паводле іншай — Сонца і дзённага святла)[8] і Bogumił Uważnicki[6]
  • Ігнацы Эмануіл Лахніцкі — Dzidzis Lada (вялікае жаноцкае боства, аналагічнае славянскай Ладзе)[8]
  • Міхал Балінскі — Auszlawis (Аўшлявіс[7]; боства рэканструяванай літоўскай міфалогіі, адказнае за хворых і лекараў, часам выяўлялася ў выглядзе вялікай змяі)[8]
  • Ігнацы Ходзька — Wayzgantos (боства льну)[8]
  • Тамаш Зан — Gongilis або Goniglis (Ганігліс[7]; боства статкаў і пастухоў)[8]
  • Ваўжынец Путкамер — Krumieniu Pradziu (боства каласоў)[8]
  • Тадэвуш Булгарын — Derfintos (Дэрфінтас[7]; боства з незразумелай функцыяй)[8]
  • Станіслаў Ворцэль — Gryzomir Tukan[6]
  • Казімір Стравінскі — Бубілос[7] (боства пчаляроў, медавараў і півавараў)
  • Адам Завадскі — Свейтэсцікс[7]
  • Антоні Марціноўскі — Патэла[7]
  • Ян Багуслаў Рыхтар — Сэймі[7]
  • Леан Бароўскі — Пергрубюс[7]
  • Францішак Гжымала — Гурхо[7]
  • Антоні Гарэцкі — Варпу[7]
  • Ігнацы Шыдлоўскі — Гульбі[7]
  • Юзаф Сянькоўскі — Вайзгантас[7][удакладніць: камент.]
  • Ян Ходзька — Вайзгантас[7]
  • Ігнацы Ходзька — Віршайтас[7]

Шубраўцы дзяліліся на правадзейных членаў, так званых «урбанаў» — аўтарытэтных жыхароў Вільні колькасцю не больш як 40 чалавек і ўзростам не маладзей за 25 гадоў; ганаровых членаў, так званых «рустыкан» 1-й катэгорыі — сельскіх жыхароў, і членаў-карэспандэнтаў, так званых «рустыкан» 2-й катэгорыі; колькасць «рустыкан» не абмяжоўвалася. Рустыкан 1-й катэгорыі выбіралі з асоб, вядомых публікацыямі ў сферы літаратуры і мастацтва; у рустыкан 2-й катэгорыі выбіралі высокаадукаваных людзей, зацікаўленых у развіцці навукі, або з моладзі, здатнай да літаратурнай працы.[3]

Пасаду прэзідэнта паслядоўна займалі: Якуб Шымкевіч (да сваёй смерці 6 лістапада 1818), Казімір Контрым (лістапад 1818 — красавік 1819) і Енджэй Снядэцкі (травень 1819—1822).[3]

Мэта таварыства — у адпаведнасці з «Кодэксам шубраўскім» — выкрыць агіднасць тых заган і залежнасцей, якія па сваёй прыродзе нельга абмежаваць законам. Шубраўцы крытыкавалі цемрашальства, п’янства, азартныя гульні, бессэнсоўнае перайманне моды, некрытычную апантанасць уласнай нацыянальнасцю, бяздзейнасць шляхты і яе стаўленне да сялянства. Непасрэднай прычынай заснавання Таварыства стала зрослая папулярнасць месмерызму ў Вільні, і ў прыватнасці ў творчасці Ігнацыя Эмануіла Лахніцкага.

Галоўныя мэты шубраўцаў — пошукі новых кірункаў сацыяльна-эканамічнага і духоўнага аздараўлення грамадства, сатырычна-гумарыстычная характарыстыка грамадскіх і асобасных заган. На думку шубраўцаў, сродкам маральнага ўдасканалення грамадства было трапнае друкаванае слова. Асновай сацыяльна-маральнага прагрэсу яны лічылі асвету, узгадаваную на айчынным грунце і накіраваную для дабра народу. Таварыства адстойвала роўнасць людзей перад законам, настойліва даводзіла неправамернасць падыходу да асветы як прывілеі толькі заможных пластоў грамадства, даводзіла неабходнасць фарміравання кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі. Па некаторых пытаннях сацыяльна-палітычнага і літаратурнага жыцця шубраўцы заставаліся на кансерватыўных пазіцыях. Перанос сатырычнага акцэнту з агульных заган на канкрэтна ўплывовых асоб стаў падставай для закрыцця штотыднёвіка, а пасля і самога таварыства.[3]

Таварыства публікавала сатырычныя артыкулы ў «Wiadomości Brukowe» і «Tygodnik Wileński», абапіраючыся на антыклерыкальныя традыцыі эпохі Асветніцтва. Галоўнай зброяй шубраўцаў былі сатыра, іронія і кпіны. Усе творы мусілі быць напісаны «ў лёгкім і гумарыстычным стылі, або шубраўскім». Такім чынам, яны імкнуліся «выправіць разбэшчаную маральнасць праз смех».[9] У 9-м нумары ​​ад 7 лютага 1817 года апублікаваны ананімны тэкст «Чароўная лапата», аўтар апісвае, як знайшоў драўляную лапату для хлеба з магічнымі ўласцівасцямі — шляхціц, які сядзеў на ёй, станавіўся нябачным, мог перамяшчацца з неабмежаванай хуткасцю на любую адлегласць, нават залятаць у дамы праз коміны, а таксама мог бачыць, чуць і разумець усё[6]. Вобраз «шляхціца на лапаце» стаў своеасаблівым сімвалам Таварыства, а «стражнікам лапаты» быў прызначаны Міхал Балінскі.

Дзейнасць таварыства аб’ектыўна спрыяла ажыўленню цікавасці да літоўскай міфалогіі, але шырэй — і да гісторыі і культуры Літвы. У 1842 годзе адзін з былых шубраўцаў, Юзаф Эмануэль Працлаўскі ўспамінаў, што ў «залаты век» Віленскага ўніверсітэту многія студэнты, прасякнуліся літвінізмам («przejąwszy się litwinizmem») і на вакацыях прапагандавалі яго ў родных мясцінах[10]. У 147-м нумары «Wiadomości Brukowych» апублікаваны «Ліст з Варшавы», падпісаны псеўданімам «Варшаўскі Прыяцель», у якім чытач выражаў заклапочанасць «літоўскім сепаратызмам» выдання: «Нягледзячы на жартоўнасць і вульгарнасць вашай назвы, вы ўсё-ж такі тут маеце шмат прыхільнікаў, каторыя цэняць вашую арыгінальнасць, а асабліва ваш шляхетны намер выкараняць краёвыя хібы. Праўда, іншы раз нават вашы прыхільнікі скардзяцца, што для палякаў вы пішаце „па-кітайску“, што яны ня могуць разумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для Кароны. Вы менш клапоціцеся аб тым, ці зразумее вас Варшава, абы толькі зразумелі вас Вільня і Літва»[11].

Таварыства спыніла сваю дзейнасць праз указ Аляксандра І ад 1 жніўня 1822 года, які забараняў дзейнасць масонскіх лож на тэрыторыі імперыі («шубраўцаў» палічылі адгалінаваннем масонаў). Абышлося без значных рэпрэсій, у адрозненне ад сфабрыкаванага неўзабаве працэсу над Таварыствам філаматаў у 1823—1824 гадах, які зламаў лёс многім яго сябрам. Агулам за 1816—1822 гады выйшла 287 нумароў «Wiadomości Brukowych». Іх гумарыстычную традыцыю часткова працягнуў пецярбургскі часопіс «Bałamut» (1830—1836). «Wiadomości Brukowe» чыталі не толькі ў Вільні, але і ў Варшаве, Львове, на Валыні і Падоллі — па чутках, іх чытаў і імператар Аляксандр I, бо выданне было ўнікальным у маштабе імперыі, адлюстроўвала непаўторную атмасферу Віленскага ўніверсітэту ў яго «залатым веку». Паводле некаторых звестак, адным з аўтараў выдання быў і Адам Міцкевіч, так Марыля Путкамер у лісце да паэта ў 1828 годзе са здзіўленнем адзначала, што прачытала некаторыя яго публікацыі там, хаця ўвогуле не вельмі шанавала «Wiadomości»[12]. Урэшце, у 1820 годзе ў лісце да Тамаша Зана Міцкевіч выказаўся нежаданне пісаць для бюлетэня шубраўцаў — яго раздражняў масавы характар шубраўскай «пошасці»[13].

У 1899 годзе масон Тадэвуш Урублеўскі аднавіў у Вільні Таварыства шубраўцаў (неашубраўцаў), якое збіралася на кватэры Урублеўскага (вул. Універсітэцкая, 9), як яны казалі, у «Gospodzie pod Rakarzem». Арганізацыя расфарміравана ў 1914 годзе.

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads