From Wikipedia, the free encyclopedia
Ігар Фёдаравіч Страві́нскі (17 чэрвеня 1882, Араніенбаўм — 6 красавіка 1971, Нью-Ёрк; пахаваны ў Венецыі на могілках Сан-Мікеле) — расійскі кампазітар, дырыжор і піяніст, адзін са значнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі (1934) і ЗША (1945).
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Ігар Стравінскі нарадзіўся ў 1882 годзе на Швейцарскай вуліцы ў Араніенбаўме. Яго бацька, Фёдар Ігнатавіч Стравінскі — оперны спявак, саліст Марыінскага тэатра. Паходзіў з беларускай шляхты — Стравінскіх герба «Суліма», абывацеляў Менскага ваяводства. Яго маці, піяністка і спявачка Ганна Кірылаўна Холадаўская (11.08.1854 — 7.06.1939), была сталым канцэртмайстарам на канцэртах мужа[5]. У доме Стравінскіх у Пецярбургу прымалі музыкантаў, артыстаў, пісьменнікаў, у ліку якіх быў і Ф. М. Дастаеўскі.
З дзевяці гадоў Стравінскі браў прыватныя ўрокі фартэпіяна, у 19 гадоў пасля сканчэння гімназіі Гурэвіча[6], па патрабаванні бацькоў, паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, адначасна прыступіўшы да самастойнага вывучэння музычна-тэарэтычных дысцыплін. З 1904 па 1906 год Ігар Стравінскі браў прыватныя ўрокі ў М. А. Рымскага-Корсакава, які прапанаваў Стравінскаму заняткі два разы на тыдзень, паралельна з яго ўрокамі ў В. П. Калафаці.
У 1906 годзе Стравінскі ажаніўся з Кацярынай Гаўрылаўнай Носенка, сваёй кузінай[7]. У 1907 годзе нарадзіўся іх першы сын, мастак Фёдар Стравінскі, у 1910 годзе — другі сын, кампазітар і піяніст Святаслаў Суліма-Стравінскі. У 1900—1910-е сям’я Стравінскіх жыла падоўгу ў сваім маёнтку ва Усцілугу Валынскай губерні (цяпер там мемарыяльны музей І. Ф. Стравінскага).
Пад кіраўніцтвам Рымскага-Корсакава былі напісаны першыя творы — скерца і саната для фартэпіяна, сюіта для голасу з аркестрам «Фаўн і пастырка» і г.д. На прэм’еры апошняй быў Сяргей Дзягілеў, які высока ацаніў талент маладога кампазітара. Праз некаторы час Дзягілеў прапанаваў яму напісаць балет для пастаноўкі ў «Рускіх сезонах» у Парыжы. Цягам трох гадоў супрацы з трупай Дзягілева Стравінскі напісаў тры балеты, якія прынеслі яму сусветную вядомасць — «Жар-птушка» (1910), «Пятрушка» (1911) і «Вясна святая» (1913). У гэтыя гады (галоўным чынам, у сувязі з пастаноўкамі Дзягілева) Стравінскі неаднаразова ездзіў у Парыж.
Напачатку 1914 года, напярэдадні Першай сусветнай вайны, выехаў з сям’ёй у Швейцарыю. З прычыны распачатай вайны Стравінскія ў Расію не вярнуліся. З вясны 1915 года кампазітар жыў з сям’ёй у Маржы блізу Лазаны, з 1920 — пераважна ў Парыжы.
Сярод твораў гэтага часу — опера «Салавей» па аднайменнай казцы Андэрсена (1914) і «Гісторыя салдата» (1918). Гэтым жа часам датуецца збліжэнне Стравінскага з французскай «Шасцёркай».
Яшчэ ў 1913 годзе Стравінскі пазнаёміўся з кампазітарам Эрыкам Саці, якога вызначаў як «самага дзіўнага чалавека, якога калі-небудзь ведаў», але ў той жа час называў яго «самым выдатным» і «нязменна дасціпным»[8]. Як лічыць даследнік творчасці Саці Ю. Ханон, некаторыя творы Саці, асабліва балет «Парад» (1917) і сімфанічная драма «Сакрат» (1918), значна паўплывалі на творчасць Стравінскага[9]. На думку Г. Філенка, паварот у рашэнні антычнай тэмы, архаізацыя музычнай мовы і прынцыпова новыя метады музычнай канструкцыі ў «Сакраце» апынуліся плённымі для іншых кампазітараў і амаль на дзесяць гадоў апярэдзілі будучы неакласіцызм «Антыгоны» Онегера (1924), а таксама «Апалона Мусагета» і «Цара Эдыпа» Стравінскага (1929—1930 гг.), загадзя акрэсліўшы ўсе асноўныя рысы новага стылю[10].
Сам жа Ігар Фёдаравіч адклікаўся пра «Сакрата» Саці, як і пра прафесійныя вартасці яго аўтара, скептычнае і стрымана:
Не думаю, каб ён добра ведаў інструментоўку і аддаю перавагу «Сакрата» ў тым выглядзе, у якім ён гуляў мне [на фартэпіяна], няскладнай аркестравай партытуры. Я заўсёды лічыў творы Саці абмежаванымі «літаратуршчынай». Загалоўкі ў іх літаратурныя, але тады як назвы карцін Клее, таксама ўзятыя з літаратуры, не сціскаюць яго малярства, у Саці, мне здаецца, гэта здараецца, і пры паўторным праслухоўванні яго рэчы губляюць вялікую дзель цікавасці. Бяда «Сакрата» ў тым, што ён надакучвае адным сваім метрам. Хто можа вынесці гэту аднастайнасць? Тым не менш музыка смерці Сакрата чуллівая і па-свойму шляхетная.— Стравінскі. Дыялогі[11]
«Як Шасцёрка адчувала сябе свабоднай ад сваёй дактрыны, тое і ніякай групы яна не складала. „Вясна свяшчэнная“ вырасла магутным дрэвам, адціскаючы наш хмызняк, і мы збіраліся было прызнаць сябе пераможанымі, як раптам Стравінскі неўзабаве сам далучыўся да нашага кола прыёмаў, і невытлумачальнай выявай у яго творах нават адчуваўся ўплыў Эрыка Саці.»[12]
— Жан Както, «да юбілейнага канцэрта Шасцёркі ў 1953 годзе»
Пасля сканчэння вайны Стравінскі прыняў рашэнне не вяртацца ў Расію і праз некаторы час пераехаў у Францыю. У 1919 годзе кампазітар на заказ Дзягілева напісаў балет «Пульчынела», пастаўлены праз год.
У 1922 годзе маці кампазітара Ганна Холадаўская выехала з Расіі і жыла ў доме сына ў Парыжы. Памерла ў 1939 годзе, пахавана на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа. Ігар Стравінскі прысвяціў ёй песню «Незабудачка-кветачка» з «Двух вершаў К. Бальмонта для голасу і фартэпіяна».
Стравінскі жыў у Францыі да 1940 года. Тут адбыліся прэм’еры яго оперы «Маўра» (1922), танцавальнай кантаты (балета са спевам) «Вяселейка» (1923) — выніковага твора рускага перыяду, а таксама оперы-араторыі «Цар Эдып» (1927), якая азначала сабой пачатак новага перыяду ў творчасці кампазітара, які прынята зваць «неакласічным».
У 1924 годзе адбыўся дэбют Стравінскага ў якасці піяніста: ён выканаў уласны канцэрт для фартэпіяна і духавога аркестра пад кіраваннем Сяргея Кусявіцкага. Як дырыжор Стравінскі выступаў з 1915 года. 1926 год адзначаны першым зваротам кампазітара да духоўнай музыкі — «Ойча наш» для хору a capella. У 1928 годзе з’яўляюцца новыя балеты — «Апалон Мусагет» і «Пацалунак феі», а праз два гады — знакамітая і грандыёзная «Сімфонія псалмоў» на лацінскія тэксты Старога запавету.
У пачатку 1930-х гадоў Стравінскі звяртаецца да жанру канцэрта — ён стварае канцэрт для скрыпкі з аркестрам і канцэрт для двух фартэпіяна. У 1933—1934 гадах на заказ Іды Рубінштэйн супольна з Андрэ Жыдам Стравінскі піша меладраму «Персефона». Тады ж ён канчаткова вырашае прыняць французскае грамадзянства (атрымана ў 1934 годзе) і піша аўтабіяграфічную кнігу «Хроніка майго жыцця».
Пазней Стравінскі ўспамінаў парыжскія гады як самы нешчаслівы час яго жыцця. У 1938 памерла яго старэйшая дачка Людміла, у 1939 годзе — яго жонка (пахавана ў Парыжы на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа) і яго маці. 9 сакавіка 1940 года Стравінскі ажаніўся зноў — з Верай Артураўнай Судзейкінай (быў знаёмы з ёй з 1922 года).
З 1936 года Стравінскі перыядычна ездзіў з гастролямі ў ЗША, падчас якіх умацаваліся яго творчыя сувязі з гэтай краінай. У 1937 годзе ў нью-ёркскім тэатры Метраполітэн-опера быў пастаўлены балет «Гульня ў карты», праз год быў выкананы канцэрт «Дамбартан-Окс». Стравінскага запрасілі прачытаць курс лекцый у Гарвардскім універсітэце. У сувязі з пачаткам вайны Стравінскі прыняў рашэнне пераехаць у ЗША. Спачатку ён пасяліўся ў Сан-Францыска, а потым у Лос-Анджэлесе. У 1945 годзе ён атрымаў амерыканскае грамадзянства. Творы гэтага перыяду: опера «Прыгоды валацугі» (1951), якая стала апафеозам неакласічнага перыяду, балеты «Арфей» (1948), Сімфонія in C (1940) і Сімфонія ў трох частках (1945), Эбані-канцэрт для кларнета і джаз-аркестра (1946). У студзені 1944 года, у сувязі з выкананнем незвычайнага аранжавання гімна ЗША ў Бостане, мясцовая паліцыя арыштавала Стравінскага і папярэдзіла, што існуе адказнасць у выглядзе штрафу за перакручванне гімна[13][14][15]. Існуе фатаграфія, зробленая ў пастарунку пры арышце. Мяркуючы па здымку, Стравінскі пры арышце быў збіты. Сам Стравінскі пасля падаваў гэтую гісторыю як міф[16].
З пачатку 1950-х гадоў Стравінскі пачаў сістэматычна выкарыстоўваць серыйны прынцып. Пераходным творам стала Кантата на вершы англійскіх ананімных паэтаў, у якой пазначылася тэндэнцыя татальнай паліфанізацыі музыкі. Першым серыйным творам стаў Сэптэт (1953). Серыйным творам, у якім Стравінскі зусім адмовіўся ад танальнасці, сталі «Threni» (Плач прарока Ераміі, 1958). Твор, у якім серыйны прынцып абсалютны, — «Рухі» для фартэпіяна з аркестрам (1959) і Варыяцыі памяці Олдаса Хакслі для аркестра.
Кульмінацыяй серыйнага перыяду Стравінскага лічыцца Requiem Canticles («Задушныя спевы», Рэквіем) для кантральта і баса сола, хору і аркестра (1966):
"«„Задушныя спевы“ завяршылі ўсю маю творчую карціну…», «…Рэквіем у маім веку занадта кранае за жывое…», «…ствараю шэдэўр сваіх апошніх гадоў»" — Стравінскі.
На працягу дзесяцігоддзяў Стравінскі актыўна гастраляваў як дырыжор (пераважна ўласных твораў) у Еўропе і ЗША. Адрозніваючыся надзвычайнай патрабавальнасцю да трымання наказаных ім выканальніцкіх нюансаў (тэмпу, дынамікі, акцэнтаў і пр.), Стравінскі надаваў вялікае значэнне аўдыязапісу. У 1950-х і пачатку 1960-х гг. пад кіраваннем аўтара на лэйбле Columbia Records была запісана пераважная большасць яго твораў[17]. Аўтарскія аўдыязапісы Стравінскага-дырыжора дагэтуль служаць важным арыенцірам для ўсіх новых выканальніцкіх інтэрпрэтацыяў яго музыкі.
Увосень 1962 года ўпершыню пасля доўгага перапынку ён прыязджаў на гастролі ў СССР, дырыжаваў сваімі творамі ў Маскве і Ленінградзе. Апошні завершаны яго твор — апрацоўка для камернага аркестра дзвюх духоўных песень Хуга Вольфа (1968). Няскончанымі засталіся аркестроўкі чатырох прэлюдый і фуг з ХТК Ё. С. Баха (1968—1970), таксама захаваліся эскізы нейкага твора для фартэпіяна.
Стравінскі памёр 6 красавіка 1971 года ад сардэчнай недастатковасці. Пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі (Італія), на так званай «расійскай» іх частцы, недалёка ад магілы Сяргея Дзягілева. У 1982 годзе каля магілы Стравінскага была пахавана яго жонка Вера Артураўна.
Для І. Стравінскага характэрны яскравы талент, нацыянальнае творчае мысленне, наватарства ў сістэмнай арганізацыі музычнага матэрыіялу. У сваёй творчай эвалюцыі пераходзіў ад захаплення рускай тэматыкай і музычным фальклорам, стварэння музыкі на аснове стылізацыі розных музычных з’яў мінулага да неакласіцызму. Аддаўшы даніну амаль усім плыням сучаснага музычнага мастацтва, розным мастацкім сістэмам, стварыў уласны стыль, які выяўляецца ў формаўтварэнні, тэматызме, метрарытміцы, інструментоўцы і інш.
Сярод твораў: оперы «Салавей» (паст. 1914), «Маўра» (паст. 1922), «Прыгоды гулякі» (паст. 1951), опера-араторыя «Цар Эдып» (паст. 1927; 2-я рэд. 1948); балеты і харэаграфічныя сцэны, у т.л. «Жар-птушка» (паст. 1910), «Пятрушка» (паст. 1911), «Вясна святая» (паст. 1913), «Гісторыя салдата» (паст. 1918), «Пульчынела» (паст. 1920), «Байка пра Лісу, Пеўня, Ката ды Барана» (паст. 1922), «Вяселейка» (паст. 1923), «Апалон Мусагет» і «Пацалунак феі» (абодва паст. 1928), «Гульня ў карты» (паст. 1937), «Арфей» (паст. 1948), «Агон» (паст. 1957); Сімфонія псалмоў для хору і аркестра (1930), 3 сімфоніі (1907, 1940, 1945); творы для камернага аркестра, асобных інструментаў з аркестрам, камерна-інструментальная, для голасу з суправаджэннем і інш.
На працягу жыцця Стравінскі ўвесь час перапрацоўваў уласныя і чужыя творы (аўтарскія кампазіцыі, музыку праваслаўнага ўжытку, народныя песні). Найчасцей апрацоўка Стравінскага ўяўляла сабою перакладанне свайго ж ранняга твора для іншага (у параўнанні з зыходным) iнструмента або складу iнструментаў (прыкладам, многія вакальныя творы рускага перыяду, напісаныя для голасу і фартэпіяна, пазней аранжаваныя для голасу з ансамблем iнструментаў). У некаторых выпадках апрацоўцы спадарожнічала пераробка арыгінальнай музыкі (скарачэнне, вар’іраванне, радзей пашырэнне, абнаўленне гарманізацыі), у такіх выпадках кажуць пра «рэдакцыю» (дзве рэдакцыі фартэпіяннага Танга — для скрыпкі і фартэпіяна і для скрыпкі і інструментальнага ансамбля). Прыкладам можа служыць музыка да балета «Пятрушка», да якой кампазітар вяртаўся неаднаразова. Твор скончаны ў 1911 (так званая «першая рэдакцыя», ці «арыгінальная рэдакцыя») і падпала надалей пад разнастайную перапрацоўку: у 1921 (апрацоўка трох нумароў для фартэпіяна), у 1932 (апрацоўка «Рускага танца» для скрыпкі і фартэпіяна), у 1947 (другая рэдакцыя балета, перааркестроўка), у 1947 (сюіта з балета для сімфанічнага аркестра), у 1965 (трэцяя рэдакцыя балета). Некаторыя апрацоўкі Стравінскага ўражваюць парадаксальнасцю. Так, кананічныя праваслаўныя тэксты (на царкоўнаславянскай мове) у невялікіх хоравых творах «Ойча наш» (1926), «Знак веры» (1932) і «Багародзіца Дзева, цешся» (1932) кампазітар у 1949 замяніў кананічнымі тэкстамі каталікоў (на лаціне; адпаведна Pater noster, Credo і Ave Maria) без нiякай змены (зусім рускай па стылі) музыкі.
Сачыненні іншых кампазітараў і народную музыку Стравінскі апрацоўваў у тых жа вельмі шырокiх межах — ад «простай» інструментоўкі (духоўныя песні Гуга Вольфа, мадрыгалы Карла Джэзуальда, руская народная песня «Дубінушка») да поўнамаштабнага аўтарскага пераасэнсавання («Пульчынела» на музыку Дж. Б. Пергалезі).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.