Банкаўскі працэсінгавы цэнтар
прадпрыемства безнаяўных разьлікаў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» — прадпрыемства безнаяўных разьлікаў Беларусі, заснаванае ў жніўні 2002 году найбольшымі банкамі і прамысловымі прадпрыемствамі краіны.
На 2022 год «БПЦ» аказваў паслугі: пацьверджаньня разьлікаў з выкарыстаньнем банкаўскіх аплатных картак, вядзеньня базаў зьвестак гэтых картак, банкаматаў і аплатных тэрміналаў, вызначэньня картак і разьліку з карткамі аплатных сыстэмаў, падлучэньня і абслугоўваньня банкаматаў і тэрміналаў у крамах. «БПЦ» падтрымліваў карткі 6 аплатных сыстэмаў: «Белкарт» і «Амэрыкан Экспрэс», «Віза» (ЗША) і «Майстаркард» (ЗША), «Мір» (Расея) і «ЮніёнПэй» (Кітай)[6].
Remove ads
Будова
На 2022 год «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» меў:
- 5 абласных аддзяленьняў у абласных цэнтрах Беларусі;
- 16 мясцовых прадстаўніцтваў ва ўсіх 6 абласьцях — па 3 у Берасьцейскай (Баранавічы, Бяроза і Пінск) і Віцебскай (Ворша, Глыбокае і Полацак), 3 у Гарадзенскай (Ваўкавыск, Ліда і Смаргонь) і 2 у Гомельскай (Жлобін і Мазыр), 2 у Магілёўскай (Бабруйск і Крычаў) і 3 у Менскай (Барысаў, Вялейка і Слуцак)[7].
Remove ads
Мінуўшчына
20 жніўня 2002 году найбуйнейшыя банкі і прамысловыя прадпрыемствы Беларусі стварылі адкрытае акцыйнае таварыства «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» («БПЦ») для разьвіцьця безнаяўных разьлікаў з выкарыстаньнем банкаўскіх плястыкавых картак і разьвіцьця інфраструктуры абслугоўваньня трымальнікаў гэтых картак. На 2011 год «БПЦ» абслугоўваў большасьць банкаматаў і інфакіёскаў у Беларусі. Пры гэтым, «БПЦ» пацьвярджаў карткавыя грашовыя пераводы і вёў базы зьвестак гэтых картак, банкаматаў і аплатных тэрміналаў, а таксама вызначэньне картак і разьлік імі праз аплатныя сыстэмы. Урэшце, падлучаў і абслугоўваў банкаматы і аплатныя тэрміналы ў крамах[8]. У 2012 годзе «БПЦ» упершыню правёў грашовы перавод бескантактнай карткай пры дапамозе зносінаў блізкага поля(hr) (ЗБП)[9]. У жніўні 2013 году «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» і «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк» і «Белінвэстбанк» заключылі Дамову аб стварэньні закрытага акцыйнага таварыства «Белкарт». На той час на долю «Белакарт» прыпадала 46 % аплатных картак Беларусі ў абарачэньні. Удзельнікамі гэтай аплатнай сыстэмы былі 20 банкаў Беларусі[10]. На ліпень 2014 году карыстальнікамі паслугаў «БПЦ» былі «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», «Белінвэстбанк» і «БПБ-Ашчадбанк», а таксама «Прыёрбанк»[11].
На сакавік 2016 году карыстальнікамі паслугаў «БПЦ» сталі больш як 10 банкаў Беларусі, у тым ліку «Белгазпрамбанк» і «Парытэтбанк»[12]. 1 чэрвеня 2016 году «БПЦ» укараніў праграмны модуль «Прадухіленьне махлярства», які пры дапамозе статыстычнага анлайн-аналізу адмаўляў у правядзеньні грашовага пераводу пры спробе махляра выкарыстаць банкаўскую картку[13]. Праграмны модуль «Прадухіленьне махлярства» адмаўляў у плацяжы, калі той быў незвычайным паводле месца і краіны, вялікай колькасьці выплатаў за дзень і памеру, а таксама пры зьняцьці ўсіх грошай з банкаўскага рахунку[14]. На кастрычнік 2016 году «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» абслугоўваў каля 10 млн банкаўскіх картак праз амаль 70 000 прадпрыемстваў гандлю, а таксама звыш 2500 банкаматаў і каля 3000 інфакіёскаў[15].
На травень 2017 году «БПЦ» абслугоўваў звыш 9,6 млн картак праз 71 200 прадпрыемстваў гандлю і паслугаў, звыш 112 000 аплатных тэрміналаў, 2600 банкаматаў і каля 2800 інфакіёскаў[16]. На люты 2018 году абслугоўвалі каля 10 млн картак праз больш як 76 000 прадпрыемстваў гандлю, 3100 банкаматаў і звыш 2700 інфакіёскаў[17]. За 2003—2018 гады «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» пашырыў ахоп сваімі паслугамі з 761 700 да 9,434 млн банкаўскіх картак і з 2,23 млн да 113 млн фінансавых разьлікаў за месяц, з 558 да 71 451 прадпрыемства гандлю і з 3148 да 122 109 аплатных тэрміналаў, з 350 да 2446 банкаматаў і з 53-х да 2512 інфакіёскаў. Па выніках 2018 году 95 % незаконных разьлікаў прыпала на выкарыстаньне выдадзененых махлярам рэквізытаў аплатных картак у абслугоўваньні «БПЦ» (тэлефоннывішынг). Яшчэ 3 % прыпала на падробленыя карткі і 2 % на згубленыя і скрадзеныя карткі, па якіх 68 % скімінгу ажыцьцявілі ў Санкт-Пецярбургу. Рэшта прыпадала на Ўкраіну і Турэччыну, Італію і Вялікабрытанію, а таксама Баўгарыю. Пры гэтым, за 2018 год лік махлярскіх разьлікаў зьнізіўся на 13 % дзякуючы апавяшчэньню праз аплатныя сыстэмы і банкі пра небясьпечнасьць паведамленьня пры тэлефанаваньні такіх зьвестак, як: поўны нумар банкаўскай аплатнай карткі і тэрмін яе дзеяньня, 3-лічбавы код праверкі карткі (КПК) на адваротным баку карткі і аднаразовы смс-код пацьверджаньня аплаты[18].
У лютым 2019 году лік грашовых пераводаў бескантактнымі карткамі пры дапамозе зносінаў блізкага поля (ЗБП) зраўняўся зь пераводамі па мікрачыпе, бо доля такіх пераводаў павялічылася да 31 %. За папярэднія 12 месяцаў лік бескантактных пераводаў вырас у 2,8 разы, а сума такіх пераводаў — у 2,7 разы. Доля бескантактных картак сярод вызначаных «БПЦ» дасягнула 77 % у сувязі з пашырэньнем дадаткаў для аплаты смартфонам і інфраструктуры прыёму бескантактных картак[9]. На сакавік 2019 году абслугоўвалі звыш 9,4 млн картак праз 80 000 прадпрыемстваў, 122 000 тэрміналаў, звыш 2400 банкаматаў і 2500 інфакіёскаў[19]. У 2019 годзе апрацавалі 11-кратна больш такенізаваных разьлікаў у сувязі з укараненьнем дадаткаў аплаты на смартфонах «Самсунг» (Паўднёвая Карэя) і «Эпл» (ЗША). У сакавіку 2020 году доля аплаты бескантактнымі банкаўскімі карткамі пры дапамозе зносінаў блізкага поля (ЗБП) вырасла ў 2,5 разы да звыш 50 %. 9 красавіка 2020 году «БПЦ» павысіў магчымасьць аплаты бескантактнымі карткамі праз тэрміналы без уводу пэрсанальнага ідэнтыфікацыйнага нумару (ПІН) з 20 да 80 рублёў. Доля бескантактных картак у абслугоўваньні «БПЦ» перавысіла 90 %. Такія карткі выпускалі 4 аплатныя сыстэмы: «Белкарт» і «Віза» (ЗША), «Майстаркард» (ЗША) і «Мір» (Расея) праз 5 банкаў — «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», «БПБ-Ашчадбанк» і «Беларуска-швайцарскі банк», а таксама «Прыёрбанк». У выніку абнаўленьня тэрміналаў на прадпрыемствах гандлю для прыёму бескантактных картак доля адпаведных тэрміналаў склала каля 80 %[20].
На красавік 2020 году «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» абслугоўваў каля 9,4 млн картак праз амаль 85 000 прадпрыемстваў гандлю і 97 500 аплатных тэрміналаў, 2440 банкаматаў і 2550 інфакіёскаў[21]. 23 красавіка 2020 году «БПЦ» укараніў паслугу «Наяўныя кодам» у банкаматах «Беларусбанка», што дазваляла зьняць наяўныя грошы без выкарыстаньня банкаўскай карткі і наведваньня банкаўскага аддзяленьня, у тым ліку іншай асобе. Наяўныя кодам заказвалі праз інтэрнэт-банкінг і банкамат шляхам уводу сумы і нумара мабільнага тэлефона атрымальніка. Код з 2-х частак дастаўляўся 2-ма спосабамі і быў сапраўдны цягам 24-х гадзінаў для аднаго зьняцьця наяўных грошай[22]. 13 траўня 2020 году Сходы пайшчыкаў «БПЦ» і «Белкарт» ухвалілі Рашэньне аб далучэньні ЗАТ «Белкарт» да «БПЦ». Паі «Белкарт» абменьвалі на дадаткова выпушчаныя звычайныя паі «БПЦ», якія разьмяркоўвалі сярод пайшчыкаў «БПЦ». Па 2 паі атымлівалі «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», а таксама «Белінвэстбанк». На 1 красавіка 2020 году аплатная сыстэма «Белкарт», створаная ў 1994 годзе, мела звыш 4,95 млн картак у абарачэньні[23].
На люты 2021 году «БПЦ» абслугоўваў 11 банкаў Беларусі: «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», «Беларускі народны банк» і «Белінвэстбанк», «БПБ-Ашчадбанк» і «БТА Банк», «Парытэтбанк» і «Рашэньне», «Франсабанк» і «Цэптар Банк»[24], а таксама «Беларуска-швайцарскі банк». На сакавік 2021 году абслугоўвалі звыш 8,7 млн картак праз больш за 75 000 прадпрыемстваў гандлю і 121 200 аплатных тэрміналаў, звыш 2500 банкаматаў і 2400 інфакіёскаў[25]. На красавік 2022 году «БПЦ» абслугоўваў 9,6 млн картак праз 76 600 прадпрыемстваў і 125 000 тэрміналаў, 2500 банкаматаў і каля 2000 інфакіёскаў[26]. 11 жніўня 2022 году «БПЦ» запусьціў дадатак «Белкарт» для бескантактнай аплаты з дапамогай смартфона празь лічбавы код. Паслуга стала даступнай трымальнікам картак 6 банкаў: «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», «БТА Банк» і «Парытэтбанк», «Рашэньне» і «Цэптар Банк». Дадатак працаваў на апэрацыйнай сыстэме «Андроід» (ад вэрсіі 6.0) пры дапамозе зносінаў блізкага поля (ЗБП). Для ўліку карткі ў дадатку патрабавалася падлучэньне да Сеціва[27].
18 кастрычніка 2022 году кіраўнік «БПЦ» Аляксандар Сотнікаў паведаміў пра даступнасьць плацяжоў для «Белкарт» у Расеі ў выніку спалучэньня з аплатнай сыстэмай «Мір», пра якое дамовіліся ў лютым 2019 году. Выдаткі «Белкарт» на сынхранізаваньне аплаты склалі 180 000 эўра. Пры гэтым, плацяжы празь беларускія карткі ў Расеі сталі даступнымі і анлайн, але без грашовага пераводу між карткамі беларускай і расейскай аплатных сыстэмаў[28]. На кастрычнік 2022 году «Банкаўскі працэсінгавы цэнтар» абслугоўваў звыш 9,2 млн аплатных картка праз 74 200 падлучаных прадпрыемстваў гандлю і паслугаў, 125 000 аплатных тэрміналаў, каля 2400 банкаматаў і каля 1700 інфакіёскаў[29]. На травень 2023 год ураду Беларусі належала 38 % паёў «БПЦ»[30].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads