Баршчоўка (Хвойніцкі раён)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Баршчоўка (Хвойніцкі раён)
Remove ads

Баршчо́ўка[1] — вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. У выніку Чарнобыльскай катастрофы была адселена.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню вёска названая ў памятным запісе 1526 году ігумена Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «Возле Борщовки поле Михайловское звечное»[2].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Баршчоўка з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[3].

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб уласны Нячай-Грузевічаў[4].

Паводле прафесара гісторыі Натальлі Якавенка, пан Іван Грузевіч, на момант наданьня яму 28 верасьня 1638 году пасады кіеўскага войскага[5], ужо пасьпеў набыць сярод іншых добраў і Баршчоўку з Масанамі[6].

15 чэрвеня 1655 году, у самы цяжкі для Рэчы Паспалітай пэрыяд вайны з Маскоўскай дзяржавай, украінскі гэтман Багдан Хмяльніцкі сваім унівэрсалам аддаў Баршчоўку, Масаны і іншыя сёлы памерлага пана Грузевіча ў трыманьне кіеўскаму палкоўніку Паўлу Хмяльніцкаму-Яненку, у якога пазычыў быў 8 тысяч польскіх злотых[7]:

Всемъ вобецъ и кождому зособна.., всей старшине и черни Войскъ его царского величества Запорозкихъ.., до ведомости доносим, ижъ на потребу войсковую взялисмо осьмъ тысячей золотыхъ полскихъ у пана Павла Яновича Хмелницкого, за которую суму пустилисмо ему в спокойное уживаня маетности п[ана] Грузевича, то есть чотиры села: Бугаювку, Берково, а за Припетю рекою две села, то есть Масани и Борщувку з млинами, ставами, полями, сеножатми и зъ даню медовою, и зъдеревом бортным и зо всеми кгрунтами и пожитками до тихъ селъ чотырохъ належачими и з поддаными на кгрунтах тамошныхъ седячими, и зъ дворомъ у Киеве стоячимъ, якъ небожчикъ п[ан] Грузевичъ держал и уживалъ и все пожитки належніе отбиралъ.

Пасьля вайны, 30 кастрычніка 1671 году, калі яшчэ існавала надзея вярнуць Кіеў, кароль Міхал Вішнявецкі выдаў прывілей-пацьверджаньне Сьвята-Міхайлаўскаму Залатаверхаму манастыру на валоданьне шэрагам добраў, сярод якіх «…w Połesiu nad Czarnobiłem, nad rzeką, nazwaną Przepieć, wsi Rudki, Mołoczki, Dronki, Barszowka wie[ś]…»[8]. Але манастыр, падобна, ня здолеў скарыстаць з таго прывілею. Ужо за тры гады да падпісаньня Вечнага міру Баршчоўка вярнулася да нашчадкаў кіеўскага войскага Івана і Алены з дому Звалінскіх Грузевічаў, падданых Рэчы Паспалітай. У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва на 1683 год засьведчана, што з 12 дымоў уладаньня Масаны і Баршчоўка пана Грузевіча да скарбу выплачваліся 2 злотых[9].

Згаданая Баршчоўка разам з Масанамі ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1711 і 1714 гадоў. 31 жніўня/23 кастрычніка 1716 году датаваная судовая справа, якая скончылася ўзаемным пагадненьнем кіеўскага земскага каморніка Аляксандра і навагародзкага лоўчага Базыля Нячай-Грузевічаў аб супольным валоданьні атрыманымі па бацьку сёламі Масаны і Баршчоўка, карыстаньні ўсялякімі прыбыткамі пароўну, за вылікам расходаў на ўтрыманьне іх сястры Зузанны, на наём адміністратара, на патрэбы царквы і сьвятара[10]. У выпісцы з гродзкіх кніг Кіеўскага ваяводзтва ад 23 сакавіка 1720 году засьведчана, што калі сяляне кіеўскага харунжага, старосты жытомірскага і ўладзімерскага, палкоўніка Казімера Стэцкага ехалі па дарозе з Баршчоўкі да Радзіна, каля балота Тужар іх сустрэў кіеўскі падчашы Крыштаф Маржэцкі і моцна скалечыў зброяй некалькі чалавек[11]. Актам ад 6/27 чэрвеня 1723 году аформлены быў падзел сялян вёсак Масаны і Баршчоўка паміж братамі Аляксандрам і Базылём Нячай-Грузевічамі[12]. У 1734 годзе зь вёскі Баршчоўка да скарбу выплачваліся ўсяго 1 злоты і 7 з паловай (pułośma) грошаў, а гэта значыць, што ў ёй было хіба 8, магчыма, 9 двароў[a][13].

Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Баршчоўка была сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[14]. У 1754 годзе з 16 двароў[b] (×6 — каля 96 жыхароў) вёскі Баршчоўка выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 2 злотыя і 14 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 9 зл. і 26 гр.[15]

Габрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Баршчоўцы адпаведна 10, 5 і 7 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), якія належалі да Чарнобыльскага кагалу[16]. Значнае ўбываньне насельнікаў-габрэяў у вёсцы магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе.

Расейская імпэрыя

Thumb
Панскі двор і вёска Баршчоўка на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Баршчоўка апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[17]. Паводле рэвізіі 1795 году, вёска Баршчоўка знаходзілася ў арэндзе ў Кіпрыяна, сына Казімера, Стоцкага, судзьдзі гродзкага мазырскага, эканомам у якога служыў па кантракту шляхціч Андрэй, сын Сымона, Драздоўскі[18]. У крыніцы 1796 году сказана, што Баршчоўка належала пані Зофіі Стоцкай[19].

Thumb
Двор і вёска Баршчоўка з 30 гаспадаркамі на мапе 1846 г. А. К. Фіцінгофа.

12 чэрвеня 1831 году ў бітве пад Вугламі быў паранены, трапіў у няволю паўстанец Геранім, сын Рафала, Грузевіч з маёнтку Масаны і Баршчоўка. Паводле выраку Кіеўскай губэрнскай сьледчай камісіі, аддадзены ў рэкруты[20]. На 1844 — 1846 гады ў Баршчоўцы існавалі маёнткі паноў Дмішэвіча, Рыхвальскай, Міхалоўскага[21]; у Масанах і Баршчоўцы — маёнткі паноў Грузевіча і Араноўскай. У частцы добраў Рафала, сына Аляксандра, Грузевіча ў 6 дварах Масаноў і 3 дварах Баршчоўкі жылі 15 мужчын і 13 жанчын, у 3 дварах Масаноў і 4 дварах Баршчоўкі Раісы, дачкі Іосіфа, Араноўскай было 19 мужчын і 17 жанчын зь ліку прыгонных[22].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 182 жыхары вёскі Баршчоўка належалі да прыходу Масаноўскай Параскевіцкай царквы[23].

У парэформавы пэрыяд Баршчоўка належала да Дзёрнавіцкай воласьці. У пачатку 1870 году у Баршчоўцы разам з Масанамі — 118 мужчынскіх душ сялян-уласьнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 1 аднадворац, прыпісаны да воласьці[24]. З абшарнікаў Менскай губэрні на 1876 год названыя Рафал, сын Аляксандра, Грузевіч, які меў у Масанах і Баршчоўцы 278 дзесяцін угодзьдзяў, астатнія ў Баршчоўцы: Геранім, сын Рафала, Грузевіч — спадчынны уладальнік 130 дз., Адольф, сын Караля, Дмішэвіч — 433 дз., Вікторыя Іванава Яленская — 250 дз.[25]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Праабражэнскай прыходзкай царквы названыя настаяцель а. Аляксандр Шахно, в. а. штатнага псаломшчыка Дзьмітрый Пігулеўскі. Да прыходу, акрамя Баршчоўкі, належалі Масаны, Радзін, Уласы і Малочкі[26]. На 1879 год царкоўны прыход налічваў 1019 душ верных абодвух полаў[27]. У 1886 годзе ў сяле 29 двароў, 178 жыхароў, вадзяны млын[28]. У сьпіс уласьнікаў зямлі ў Баршчоўцы 1889 году ўвайшлі адстаўны вахмістар Анатоль Густаваў Белагорскі (5 дзесяцін), дваране Юзаф і Караль, сыны Адольфа, Дмішэвічы (479 дз.), селянін Міхаіл Герасімаў Паўлавец (450 дз.), мешчанін Сабеслаў, сын Стэфана, Піатроўскі (142 дз.) і адстаўны унтэр-афіцэр Фёдар Філіпаў Шчураў (280 дз.)[29].

Згодна зь перапісам 1897 году, у Баршчоўцы было 47 двароў, 276 жыхароў, дзейнічалі царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазын, карчма. На 1909 год у сяле налічвалася 67 двароў, 425 жыхароў, у маёнтку 3 двары, 13 жыхароў[30]. У 1913 годзе маёнткамі ў Баршчоўцы валодалі Адольф Дмішэвіч (450 дзесяцін), Юзаф Дмішэвіч (165 дз.), Караль Дмішэвіч (166 дз.), Вікторыя Яленская (450 дз.), Сабеслаў Піатроўскі (447 дз.)[31].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Баршчоўка ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[32].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Thumb
Баршчоўка і Масаны на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасьля ўзьяднаньня з БССР, ад 8 сьнежня 1926 году вёска — цэнтар Баршчоўскага сельсавету Камарынскага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет пашыраны за кошт тэрыторый скасаваных Масаноўскага і Уласоўскага сельсаветаў. У 1929 годзе ў вёсцы арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Баршчоўцы было 105 двароў з 389 жыхарамі. У жніўні 1943 году акупанты спалілі вёску і загубілі 4 жыхароў[33]. 88 чалавек зь вёсак Баршчоўка і Малочкі загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.

З 8 студзеня 1954 году Баршчоўка ў Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, у вёсцы налічвалася 411 жыхароў. Цэнтар калгасу «1 Мая». Дзейнічалі 8-гадовая школа, клюб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветучастак, адзьдзяленьне сувязі, крама.

25 сьнежня 1962 году Баршчоўка ўвайшла ў склад Хвойніцкага раёну. 20 лютага 1964 году сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавету[34].

Remove ads

Асобы

  • Раіса Кашэльнікава (1904 — 1980) — беларуская актрыса.

Заўвагі

  1. Як і ў выпадку з Масанамі, у крыніцы паведамляецца пра «szesnastku» дыму, які складаўся з 120 двароў (г. зн. 7,5), ды пра «астатнія халупы». Агульная ж плата роўная той, што зьбіралася з адной толькі «szesnastki» ў вёсцы Ёлча.
  2. Усяго ў вёсцы налічвалася «puł szesnastki» дыму i «chałup sześć», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads