Масаны

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Масаны
Remove ads

Масаны́[1] — адселеная вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Найбліжэйшае да Чарнобыльскай АЭС паселішча Беларусі. У вёсцы працуе назіральная станцыя біякліматычных дасьледаваньняў і нагляду радыяцыйнай абстаноўкі[2].

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Сабор Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра сёньня. Здымак Nick Grapsy.
Thumb
Герб Бродзіч шляхты Францкевічаў-Радзімінскіх.

Ці не ўпершыню паселішча названае ў памятным запісе 1526 году ігумена Макарыя пра сёлы і ўгодзьдзі, купленыя Кіеўскім Сьвята-Міхайлаўскім (Залатаверхім) манастыром альбо падараваныя каралём Жыгімонтам Старым. У ім сказана, што «зъ Масановича земле две ведре меду идетъ»[3]. Напэўна, Масановіч, чалавек-першапасяленец у той мясьціне, быў адным з манастырскіх даньнікаў, які жыў, аднак, на дзяржаўных землях. У апісаньні Чарнобыльскага замка 1552 году вялося ўжо пра сяло Масановічы, што належала да Беласароцкай нядзелі[a][4]. Уладальнік яго не ўказаны. Але недзе каля сярэдзіны XVI ст. Масаны сталі ўласнасьцю шляхецкага роду Францкевічаў-Радзімінскіх гербу Бродзіч[5].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Масаны з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].

Карона Каралеўства Польскага

У першыя гады пасля заключэньня Люблінскай уніі Масаны былі ўласнасьцю Міхала Францкевіча, полацкага падкаморага[5]. На 1581 год, калі Масанамі валодаў яго сын Мікалай[b], надворны харунжы літоўскі, у вёсцы налічвалася 9 дымоў асадных сялян (×6 — каля 78 чалавек), зь якіх выбіралася па 15 грошаў, і 1 агароднік (≈6 чал.), зь якога, у залежнасьці ад акалічнасьцяў, — 4 альбо 6 грошаў падатку[8].

20 сьнежня 1603 году пан Мікалай Харлінскі[c] і ігумен Сьвята-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра Іосіф Міроўскі, дамаўляючыся наконт спрэчных угодзьдзяў сяла шляхецкага Краснасельля і сяла манастырскага Лыскоўцаў, зазначылі, што на поўдні яны пачыналіся ад мяжы сяла Масаны, а на поўначы — ад мяжы сяла Аравічы[9]. 25 красавіка 1607 году Лукаш Сапега, уладальнік Чарнобыльскіх добраў, падаў судовую скаргу на Мікалая Францкевіча за гвалтоўны напад на грунтах Шэпеліцкіх, калі той ехаў па дарозе паміж Чарнобылем і Антонавам, што ў Кіеўскім ваяводзтве. Тады ж Л. Сапега судзіўся з М. Францкевічам, як спадчыньнікам вёскі Масаны, з-за адмовы выдаць яму ўзнагароду за абарону ад суседзяў, найперш, ад Мікалая Харлінскага, пра што яны дамаўляліся зь нябожчыкам-бацькам панам Міхалам, які на той час знаходзіўся ў далёкіх краях. 16 траўня 1618 году М. Харлінскі праз суд патрабаваў ад М. Францкевіча-Радзімінскага выдачы сялян, зьбеглых да Масаноў зь яго вёскі Стралічаў. 29 траўня т. г. Ян, брат Мікалая, Францкевіч-Радзімінскі заявіў у судзе пра тое, што падданыя сужэнства Станіслава і Барбары з Хадкевічаў Харлінскіх забралі коней у Масанах і перагналі іх да Гастомля[10].

Thumb
Герб уласны Нячай-Грузевічаў[11].

Згодна з тарыфам падымнага падатку 1628 года, з 5 дымоў сяла Масаны пана Мікалая Францкевіча-Радзімінскага скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 4 агароднікаў яшчэ 6 зл., усяго — 21 злоты[12]. У 1634 годзе ўласьнікам Масаноў названы кіеўскі мечнік Іпаліт Радкевіч[5]. Але яшче да складаньня тарыфу падымнага 1640 году Масанамі і Баршчоўкай завалодаў кіеўскі войскі Іван Нячай-Грузевіч[13].

15 чэрвеня 1655 году, у самы цяжкі пэрыяд вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, гэтман Багдан Хмяльніцкі выдаў унівэрсал[14], у якім запісаў:

Всемъ вобецъ и кождому зособна.., всей старшине и черни Войскъ его царского величества Запорозкихъ.., до ведомости доносим, ижъ на потребу войсковую взялисмо осьмъ тысячей золотыхъ полскихъ у пана Павла Яновича Хмелницкого, за которую суму пустилисмо ему в спокойное уживаня маетности п[ана] Грузевича, то есть чотиры села: Бугаювку, Берково, а за Припетю рекою две села, то есть Масани и Борщувку з млинами, ставами, полями, сеножатми и зъ даню медовою, и зъдеревом бортным и зо всеми кгрунтами и пожитками до тихъ селъ чотырохъ належачими и з поддаными на кгрунтах тамошныхъ седячими, и зъ дворомъ у Киеве стоячимъ, якъ небожчикъ п[ан] Грузевичъ держал и уживалъ и все пожитки належніе отбиралъ.

Праз чатыры гады ігумен Феадосій і чарняцы Міхайлаўскага манастыра выкарысталі зручны момант, каб завалодаць шляхецкімі добрамі, білі чалом маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. 31 сьнежня 1659 году манарх выдаў пажаданую для іх грамату[15]:

...И мы, великий гсдр цр и великий княз, Алексий Михайлович всея Великия и Малыя и Белыя Россиі самодержец, Михайловского мнстра игумена Феодосия з братиею пожаловали теми шляхетскими маетностями: Бородянкою, Новою Греблею, Загалцами, да на Полесю за Припетю двема деревенками: Мосанами и Красносельем со всеми доходи буде те маетности нне впусте и никто ими не владеет и впредь о тих маетностях спору и челобитя от казаков не будет велели владеть им и на те маетности велели им дат ншу великого гсдря жаловалную грамоту за ншею гсдрскою печатью и по ншей гсдрской милости Михайловского мнстра игумену Феодосию з братиею и хто по нем иний игумен и братия будут тими маетностями, селцом Бородянком доходи всякия збирать попрежнему, как имано напред сего.

Дана ся нша царскаго величества жалованная грамота в ншем црстующем граде Москве лета от создания миру 7168 мсца декабра 31 дня.

У хуткім часе тое маскоўскае падараваньне пацьвердзіў унівэрсалам украінскі гэтман Юрый Хмяльніцкі[16]:

...Всей старшине и черни Войска его царского вел: Запор: и всякого стану людем, которым колвекъ о томъ ведати належит. Іжъ яко его царское вел. изволил з побожности своей, пожаловавши на монастыр святого Золотоверхого Михайла Киевский, надал повагою своею царскою оной для выживленя братіи маетности лядскіе, называемыи Бородянку, Новую Греблю и Загальце, а на Полесю за Припетю, Мосаны и Красноселля: так и мы не в чом воле и наданя его царского вел: не нарушаючи, ведлуг грамоты царской, мы иж вновъ наданыи маетности вышменованыи от его царского вел: сим нашим варуемъ уневерсаломъ, абы нехто з старшины и черни Войска его царского вел: Запорозкого и всякого стану людей помененым законникам моныстыра Золотоверхо[го] Михайловского Киевского в обнятю вышъменованых маетностий в спокойном держаню и пожитковъ з ных уживаню найменшею не был перешкодою и нехто в тые маетности не втручался, под срокгим каранем войсковым и повторе напоминаемъ. З Чигрина, 22 фебруаріа, року 1660. Юрей Хмелницкий, рукою власною.

Пасьля вайны Масаны, аднак, вярнуліся да нашчадкаў кіеўскага войскага Івана і Алены з дому Звалінскіх Грузевічаў, падданых Рэчы Паспалітай. У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва на 1683 год засьведчана, што з 12 дымоў уладаньня Масаны і Баршчоўка пана Грузевіча да скарбу выплачваліся 2 злотых[17].

Згаданыя Масаны ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1707, 1711 і 1714 гадоў. 31 жніўня/23 кастрычніка 1716 году датаваная судовая справа, якая скончылася ўзаемным пагадненьнем кіеўскага земскага каморніка Аляксандра і навагародзкага лоўчага Базыля Нячай-Грузевічаў аб сумесным валоданьні атрыманымі па бацьку сёламі Масаны і Баршчоўка, карыстаньні ўсялякімі прыбыткамі пароўну, за вылікам расходаў на ўтрыманьне іх сястры Зузанны, на наём адміністратара, на патрэбы царквы і сьвятара[18]. Актам ад 6/27 чэрвеня 1723 году засьведчаны падзел сялян вёсак Масаны і Баршчоўка паміж братамі Аляксандрам і Базылём Нячай-Грузевічамі[19]. 18 днём траўня 1725 году пазначаная позва ў трыбунальскі суд оўруцкага падстолія Аляксандра Нячай-Грузевіча, абвінавачанага братам Базылём Нячай-Грузевічам у наезьдзе на яго сяло Масаны і зьбіцьці сялян[20]. У 1734 годзе зь вёскі Масаны, прыналежнай пану Базылю Грузевічу, лоўчаму навагародзкаму, да скарбу выплачваліся ўсяго 1 злоты і 7 з паловай (pułośma) грошаў, а гэта значыць, што ў ёй было хіба 8, магчыма, 9 двароў[d][21].

Thumb
Зьвестка пра пароха і верных царквы ў Масанах на 1723-1743 гг.

Згодна з матэрыяламі Генэральнай візыты Брагінскага дэканату, на 1743 год уніяцкую царкву Сьвятой Вялікамучаніцы Параскевы ў сяле Масаны паноў Аляксандра і Базыля Грузевічаў яшчэ ад 1723 году ўзначальваў сьвятар Марк Швабоўскі. Тады ў прыходзе налічвалася 48 двароў, у якіх дапушчаных да споведзі — каля 219 душ верных[22].

Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Масаны былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[23]. 20 кастрычніка 1750 году гайдамацкі ватажка Іван Падаляка паведаміў у Кіеўскім гродзкім судзе (у Жытоміры)[24]:

… той жа Сьцяпан з Брагіня… калі паведаміў ім, што ў ваколіцах Кімбараўкі няма вялікіх лясоў, то вярнуліся і ўдаліся да Масаноў; там у яго міласьці[e] пана Грузевіча ўзялі рублёў шэсць, сукмані і яго самога, зь якім пайшлі да ракі Прыпяці і, пераправіўшыся, прыйшлі да Старых Шэпелічаў; там узялі чалавека Пятра і жыда, а Сьцяпана і пана Грузевіча перад Прыпяцю адправілі...

У 1754 годзе з 13 двароў[f] (каля 78 жыхароў) вёскі Масаны выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 2 злотыя і паўгроша, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 8 зл. і 2 гр.[25]

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Thumb
Масаны на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 году.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Масаны апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[26]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што сяло Масаны было ўласнасьцю пана Аляксандра Грузевіча[27]. Паводле мэтрычнай кнігі 1795 году прыходзкай царквы Сьвятой Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў Масанах, калі яна была павернутая да расейскага праваслаўя, у прыходзе нарадзіліся 7 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак, асьвечана 2 шлюбы, пахаваныя 5 мужчын і 2 жанчыны. Наглядчыкам названы беласароцкі сьвятар Георгій Драганецкі. У 1796 годзе настаяцелем быў Антоній Кміта, у 1798 і 1799 гадох — Грыгорый Еліноўскі[g]. 24 сакавіка 1796 года складзены вопіс царквы[28].

Thumb
Масаны на мапе 1846 г. А. К. Фіцінгофа.

У рэвізіі 1811 году сказана, што дыяканам ў названай царкве быў Рыгор Іосіфаў Скараход, панамаром — Хвілімон Мікалаеў Чачот[29]. 12 чэрвеня 1831 году ў бітве пад Вугламі быў паранены, трапіў у няволю паўстанец Геранім, сын Рафала, Грузевіч з маёнтку Масаны і Баршчоўка. Паводле выраку Кіеўскай губэрнскай сьледчай камісіі, аддадзены ў рэкруты[30]. На 1844 год у Масанах і Баршчоўцы існавалі маёнткі паноў Грузевіча, Араноўскай і Мазеўскага, дзеля чаго былі складзены адпаведныя інвэнтары. У частцы добраў Рафала, сына Аляксандра, Грузевіча ў 6 дварах Масаноў і 3 дварах Баршчоўкі жылі 15 мужчын і 13 жанчын, у 3 дварах Масаноў і 4 дварах Баршчоўкі Раісы, дачкі Іосіфа, Араноўскай было 19 мужчын і 17 жанчын зь ліку прыгонных[31].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 108 жыхароў сяла Масаны зьяўляліся прыхаджанамі Параскевіцкай царквы, 2 мужчыны і 1 жанчына з фальварку былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[32].

У парэформавы пэрыяд Масаны належалі да Дзёрнавіцкай воласьці. На 1864 год у сяле яшчэ існавала прыходзкая Параскевіцкая, 5-га класу, драўляная царква[33]. У пачатку 1870 году у Масанах разам з Баршчоўкай — 118 мужчынскіх душ сялян-уласьнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 1 аднадворац, прыпісаны да воласьці[34]. З абшарнікаў Менскай губэрні на 1876 год названыя селянін[h] Рафал, сын Аляксандра, Грузевіч, які меў у Масанах і Баршчоўцы 278 дзесяцін угодзьдзяў, дваранін Ян, сын Фелікса, Грузевіч, што валодаў у Масанах 269 дзесяцінамі, дваранка Марыя, дачка Казімера, Стравінская — спадчыньніца 380 дзесяцін зямлі тут жа ў Масанах[35]. У сьпісе прыходаў і прычтаў Менскай епархіі на 1876 год сярод паселішчаў, прыналежных да прыходу Баршчоўскай Праабражэнскай царквы, названыя і Масаны[i][36]. Так і ў «Описании церквей и приходов Минской епархии» 1879 году[37]. У 1889 годзе землеўласьнікаў у Масанах ужо нашмат болей: сын псаломшчыка Анісім Аляксееў Васінскі (23 дзесяціны), мешчанін Аляксандр, сын Франца, Гержыдовіч (20 дз.), сялянка Барбара, дачка Рафала, Глінская (60 дз.), мяшчане Мікалай і Базыль, сыны Юзафа, Грузевічы (264 дз.), дваранін Ян, сын Фелікса, Грузевіч (160 дз.), селянін Валерыян Фадзееў Міхалоўскі (15 дз.), селянін Антон Маісееў Савілаў (44 дз.), дваранка Марыя, дачка Казімера, Стравінская (150 дз.), сялянка Ульляна Пятрова Фількова (30 дз.), селянін Еўдакім Васільеў Фількоў (40 дз.), селянін Пётр Ларыёнаў Худобнікаў (30 дз.), казак Цімафей Яўціхееў Шуман (33 дз.), казак Мікалай Яўціхееў Шуман (24 дз.)[38].

Паводле перапісу 1897 году, у вёсцы Масаны — 21 двор, 146 жыхароў, на хутары — 8 двароў, 43 жыхары. На 1909 год у вёсцы налічвалася 26 двароў, 154 жыхары[39]. У 1913 годзе маёнткамі ў Масанах валодалі Марыя Стравінская (258 дзесяцін), Антоній Гержыдовіч (120 дз.), Міхал Грузевіч (112 дз.), Ігнацый Грузевіч (112 дз.), Тэадор Грузевіч (112 дз.), Юзаф Грузевіч (112 дз.), Сяргей Шчурын (160 дз.), Канстанцін Васіленка (100 дз.)[40].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Масаны ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[41].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Thumb
Масаны і Баршчоўка на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасьля ўзьяднаньня з БССР, ад 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году вёска — цэнтар Масаноўскага сельсавету Камарынскага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Баршчоўскага сельсавету. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Ударнік», працавалі кузьня, вятрак, конная крупарушка. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Масанах было 72 двары з 385 жыхарамі. У жніўні 1943 году акупанты спалілі вёску і зьнішчылі 214 жыхароў[42]. 29 вяскоўцаў загінулі на франтах.

З 8 студзеня 1954 году Масаны ў Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, у Масанах налічвалася 160 жыхароў. Вёска ўваходзіла ў склад калгасу «Новае жыцьцё» (цэнтар — вёска Радзін). 25 сьнежня 1962 году Масаны ўвайшлі ў склад Хвойніцкага раёну.

20 лютага 1964 году Баршчоўскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавету[43]. У яго складзе вёска заставалася да 8 студзеня 1987 году[44].

У 1994 годзе ў Масанах створана досьледная станцыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка.

Remove ads

Заўвагі

  1. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
  2. У хвойніцкай кнізе «Памяць» беспадстаўна сьцьвярджаецца, нібы ў 1570 — 1580 гг. Масаны належалі Кіеўскаму Міхайлаўскаму манастыру[7]; тое паўторана і ў энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі».
  3. У крыніцы паведамляецца пра «szesnastku» дыму, які складаўся з 120 двароў (г. зн. 7,5), ды пра «астатнія халупы». Агульная ж плата роўная той, што зьбіралася з адной толькі «szesnastki» ў вёсцы Ёлча.
  4. Гэта выраз судовага пісара, а не гайдамака; яго патрабаваў тагачасны этыкет.
  5. Усяго ў вёсцы налічвалася «puł szesnastki» дыму i «chałup trzy», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
  6. Пісьмовая даведка іерэя Расьціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэньня Гасподняга ў вёсцы Сялец Брагінскага раёну.
  7. У 1844 г. гэты «селянін» валодаў маёнткам з амаль 3-ма дзясяткамі прыгонных. Яшчэ больш зьдзіўляе тое, што яго сын Геранім, паўстанец 1831 г., якому давялося адбываць рэкрутчыну, названы дваранінам і спадчынным уладальнікам 130 дзесяцін угодзьдзяў у Баршчоўцы. Але трапіць у рэкруты магла хіба асоба, пазбаўленая дваранства. Ці не пераблытаны ў даведніку статус бацькі і сына?..
  8. Раней Баршчоўка належала да прыходу Масаноўскай Параскевіцкай царквы.
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads