Беларускі цэмэнтны завод
прамысловае прадпрыемства ў Касьцюковічах From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Беларускі цэмэнтны завод» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1996 году ў Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць).
На 2024 год быў адным з найбольшых вытворцаў будаўнічых матэрыялаў у Беларусі. Вырабляў пескаваты, тампанажны, клінкерны і сульфатастойкі цэмэнт. Меў падразьдзяленьні: «Воршабудматэрыялы» (Віцебская вобласьць), «Менскі камбінат сылікатных вырабаў» і «Цэмагра» ў Нізьках (Касьцюковіцкі раён). На прадпрыемстве разам з падразьдзяленьнямі працавала 2600 чалавек[10], большасьць якіх пражывала ў асобным мікрараёне Касьцюковічаў, а рэшта ў Новых Саматэвічах[11]. Сярод іншага, вырабляў будаўнічую вапну і молатую крэйду для камбікармоў, а таксама ў падразьдзяленьнях сылікатную цэглу, бэтонныя блёкі і жалезабэтон[12]. «БЦЗ» уваходзіў у 5-ку найбольшых прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці[13]. Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт меў на прадпрыемстве падразьдзяленьне катэдры[14]. На «БЦЗ» таксама разьмяркоўвалі выпускнікоў Электратэхнічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту (Гомель)[15] і Факультэту горнай справы і інжынэрнай экалёгіі БНТУ[16].
Remove ads
Вырабы
На 2024 год «Беларускі цэмэнтны завод» вырабляў:
- 19 гатункаў портляндцэмэнту, у тым ліку шлакапортляндцэмэнт (з 6—20, 21—35 і 36—65 % грануляванага даменнага шлаку), сульфатастойкі (з трохкальцыевым алюмінатам да 3, 3,5 і 5 %), высокатрывалы (з сульфатам да 4 % і іёнам хлёру да 0,1 % для мастоў і тунэляў), тампанажны (для нізкай тэмпэратуры), хуткацьвярдзельны (з паленай магнэзіяй да 5 % і серкавым газам да 4 % для водных збудаваньняў) і пескаваты (з кварцавым пяском да 45 % для пенабэтону)[17];
- 6 гатункаў будаўнічай надзьмутай нягашанай вапны, у тым ліку парашковую і камавую недрабнёную[18];
- 2 гатункі молатай крэйды для корму[19].
Remove ads
Мінуўшчына
15 чэрвеня 1994 году ў Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць) заснавалі ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі цэмэнтны завод»[20]. 11 верасьня 1996 году на «Беларускім цэмэнтным заводзе» пусьцілі 1-ю вытворчую лінію, дзе ўпершыню ў Беларусі ўкаранілі «сухі» спосаб вытворчасьці цэмэнту зь вільготнай крэйды. У жніўні 2000 году запусьцілі лінію ўпакоўкі магутнасьцю 225 000 тонаў цэмэнту за год, упакаванага ў папяровыя мяхі вагой 25 і 50 кг, а таксама ў мяккія пакункі па 800 грамаў і 1,5 кг. У жніўні 2002 году запрацавалі 4 дадатковыя модулі да расфасавальнай машыны цэмэнту, што дазволіла павялічыць пастаўкі за мяжу. У 2003 годзе да прадпрыемства далучылі недабудаваны «Клімавіцкі вапнавы завод», які 15 сакавіка 2004 году пераўтварылі ў цэх магутнасьцю 100 000 тонаў надзьмутай нягашанай вапны за год, у тым ліку камавую і парашкападобную 2-га і 3-га гатункаў. 25 сьнежня 2003 году ўкаранілі газавую турбіну магутнасьцю 16 мэгаватаў для таньнейшай вытворчасьці 60 % электраэнэргіі. Адыходзячыя ад яе газы скарысталі для сушкі сыравіны[10].
2 красавіка 2005 году да «БЦЗ» далучылі калгас «Ленінскі шлях» (Нізькаўскі сельсавет), які пераўтварылі ў падразьдзяленьне «Цэмагра» ў складзе 7 фэрмаў і машыннага двара. На малочна-таварнай фэрме ў Нізьках для вырошчваньня цялятаў да 20 дзён усталявалі даільную сыстэму «Елачка». На фэрме ў Негіне паставілі абсталяваньне саматужнага выпойваньня цялятаў. Адбудавалі фэрмы ў Валаськоўні (Пралетарскі сельсавет) і Забычаньні, а таксама цялятнік фэрмы ў Мурыным Бары (Забычанскі сельсавет), машынна-трактарныя майстэрні і 12 сянажных ямаў. Пабудавалі дамы жывёлавода ў Нізьках і Мурыным Бары, а таксама запусьцілі збожжасушылку[21]. У 2005 годзе дабудавалі мэханічны транспарт сыравіннай мукі 2-х сыравінных лініяў, што скараціла выдатак электраэнэргіі на вытворчасьць сьціснутага паветра і выкіды пылу. У сьнежні 2007 году ў цэху абпалу запусьцілі вярчальную печ прамерам 3,6х110 м зь лядоўняй, што дазволіла дадаткова выпускаць 200 000 тонаў цэмэнту за год. У лютым 2008 году пачалі выкарыстоўваюць аўтамабільныя шыны ў якасьці паліва пры абпале клінкеру, каб замясьціць частку завазнога газу. У студзені 2009 году запусьцілі ролікавы прэс для папярэдняга памолу клінкеру, каб павысіць выніковасьць цэмэнтных млыноў і панізіць энэргавыдаткі пры памоле. У жніўні 2009 году адчынілі кар'ер Каніцкага радовішча будаўнічага пяску і грунту для будоўлі 2-й вытворчай лініі заводу. У лютым 2010 году ўвялі 2-ю газавую турбіну ГТЭ-15Ц[10], што цалкам забясьпечыла прадпрыемства ўласнай электраэнэргіяй і панізіла сабекошт вырабаў на 6 %. Для супрацоўнікаў узьвялі 8 каапэратыўных дамоў, у тым ліку па 2 у 2009 і 2010 гадох[21].
30 жніўня 2011 году печ № 2 перавялі на пылавугальнае паліва з прыроднага газу пры вытворчасьці клінкеру. Поўны перавод пры спажываньні 30 000 тонаў вугалю за месяц меў заашчаджаць 2,4 млн даляраў і падвоіць магутнасьць вытворчасьці. Абсталяваньне паставіла і запусьціла «Кітайская міжнародная даверна-інвэстыцыйная кампанія»[22]. 13 студзеня 2012 году ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі цэмэнтны завод» пераўтварылі ў адкрытае акцыйнае таварыства[20]. 30 чэрвеня 2012 году скончылі будаўніцтва 2-й лініі вытворчасьці цэмэнту сухім спосабам і вуглепадрыхтоўчага аддзяленьня зь пераводам дзейнай лініі вытворчасьці клінкера на вугаль магутнасьцю 1,8 млн тонаў цэмэнту за год[10]. 30 жніўня 2013 году заснавалі холдынг «Беларуская цэмэнтная кампанія», галаўным прадпрыемствам якога ў 2014—2019 гадох быў «БЦЗ»[23][24].
23 красавіка 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 324, згодна зь якой Міністэрства энэргетыкі Беларусі мела вылучыць «БЦЗ» 6,99 млрд рублёў (430 тыс. $) на ўкараненьне торфабрыкетаў у вытворчасьці[25]. У сьнежні 2015 году запусьцілі лінію падрыхтоўкі торфу для спальваньня ў гарэлках дэкарбанізатара, што дазволіла на 40 % замясьціць каменны вугаль брыкетам[10]. 1 студзеня 2016 году да прадпрыемства ў якасьці падразьдзяленьня далучылі «Воршабудматэрыялы» (Віцебская вобласьць). У 2016 годзе ўвялі лінію спальваньня здробненага каменнага вугалю ў печы цэху вапны ў Клімавічах. На чыгунцы пры пагрузцы ў Касьцюковічых усталявалі вагі. 1 сьнежня 2016 году да «БЦЗ» далучылі ў якасьці падразьдзяленьня «Менскі завод сылікатных вырабаў»[21].
У кастрычніку 2019 году запусьцілі кацельню на мясцовым паліве, што панізіла выдаткі на цеплаэнэргію і гарачае водазабесьпячэньне[10]. За 2014—2020 гады пэрсанал заводу скараціўся на 17 % з 2764 да 2354 чалавек[26]. На ліпень 2021 году «БЦЗ» меў 5 падразьдзяленьняў: «Цэмагра» (Нізькаўскі сельсавет), «Менскі завод сылікатных вырабаў», «Магілёўжалезабэтон», «Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў» (Менская вобласьць) і «Воршабудматэрыялы». Агульны лік супрацоўнікаў разам з падразьдзяленьнямі перавышаў 2600 чалавек[27]. Па выніках 2021 году вытворчасьць цэмэнту ўпершыню перавысіла 2 млн тонаў за год[28].
3 студзеня 2022 году Савет міністраў Беларусі выдаў Пастанову № 1, згодна зь якой меў выплаціць «Беларусбанку» адсотак па пазыцы для «БЦЗ», якая складала 70 млн даляраў[29]. 14 траўня 2022 году Ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 305, якой павялічыў долю Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі ў «БЦЗ» на суму аказанай у 2021 годзе падтрымкі на 9,344 млн рублёў (3,566 млн даляраў)[30][31]. У 2022 годзе «Беларуская цэмэнтная кампанія» павялічыла продажы цэмэнту на «Беларускай ўнівэрсальнай таварнай біржы» ад імя «БЦЗ» зь менш як 5 да 25 % ад агульнай вытворчасьці[32]. Па выніках 2022 году «Беларускі цэмэнтны завод» увайшоў у 5-ку найбольшых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці[33]. За 2008—2022 гады ў завод уклалі 233 млн даляраў. За 2022 год чыстыя страты склалі 15,6 млн даляраў[34].
За 2023 год на «Беларускім цэмэнтным заводзе» вырабілі 2,002 млн тонаў цэмэнту[35]. Чыстыя страты за год зьменшыліся на 16 % да 34,36 млн рублёў[36]. На заводзе ў Касьцюковічах, дзе дзейнічала 2 лініі вытворчасьці цэмэнту сухім спосабам, працавала 1553 чалавекі[37].
Кіраўнікі
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads