Бярозкі (Брагінскі раён)
вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бяро́зкі[1]. — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Новаялчанскага сельсавету.
Remove ads
Геаграфія
Размяшчэнне
За 42 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 3 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Чарнігаў[a]), 161 км ад Гомеля.
Водная сыстэма
На ўсходзе возера Кулічоўка і пойма ракі Дняпро.
Транспартная сыстэма
Побач аўтадарога Камарын — Брагін.
Пляноўка складаецца з просталінейнай вуліцы, блізкай да мэрыдыянальнай арыентацыі, да якой з захаду далучаецца ледзь выгнутая шыротная вуліца. Забудаваная драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Карона Каралеўства Польскага
7 кастрычніка 1596 году складзены судовы дэкрэт, што да захаваньня панам Войцехам Сасьніцкім службаў у Ёлчы і Бярозках, нададзеных каралём у пажыцьцёвую пасэсію пану Івану Лобасу, мужу названай у крыніцы Тацяны Лобасавай. У 1614 годзе чарговы пасэсар Рыгор Зван, са згоды караля, саступіў Ёлчу і Бярозкі на тых жа ўмовах князю Сямёну Лышко (Лычко) і яго жонцы пані Катарыне Каменскай[3]. У Бярозках[b] на 1616 год было 3 службы, зь якіх штогод разам зьбіралася 22 злотых, 15 грошаў, жыта 4 з паловай бочкі, кожная па злотаму, разам складалі 4 злотыя, 15 грошаў; меўся млын.[4]. Паселішча месьцілася тады на землях Любецкага староства Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага.
Паводле тарыфа падымнага падатку 1628 году, з маёнтку пана Яна Мікалая Яніцкага Ёлчы і Бярозак з 12 дымоў скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 18 агароднікаў па паўтары злотыя, са сьвятара 6 злотых, з кола млыновага 3 злотыя[5]. Тая пасэсія была пацьверджана каралеўскім прывілеем ад 12 сакавіка 1631 году. Валодаў М. Яніцкі Бярозкамі і ў 1636 годзе[6].
14 сьнежня 1656 году каралеўскім прывілеем Ёлча і Бярозкі (Berezki) перададзеныя ў пажыцьцёвае валоданьне пану Лукашу Бялабжэскаму. 20 сакавіка 1659 году тыя ж добры пажыцьцёва падараваныя пану Юрыю Нячаю (Грузевічу[7]) і жонцы яго пані Даміцэлі з Хадыкаў. 22-м траўня 1660 году датаваны прывілей, якім пацьверджана пажыцьцёвае права на Ёлчу і Бярозкі сужэнства Лукаша і Ганны зь Сілічаў Бялабжэскіх. Але новымі каралеўскімі прывілеямі 1662, 1667, 1668 гадоў вёскі былі замацаваныя за панамі Нячаямі; адначасова скасаваныя ўсе папярэднія наданьні[8].
У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году засьведчана, што з 13 дымоў вёскі Бярозкі пана Нячая да скарбу выплачваліся 2 злотыя[9].
Згаданыя Бярозкі (Beruzki) ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1711 і 1714 гадоў. У 1734 годзе ў Бярозках налічвалася крыху больш за 20 двароў, зь якіх выплачваліся 2 злотыя і 11 з паловай грошаў[c][10]. Паводле тарыфа 1754 году, з 40 двароў[d] (×6 — каля 240 жыхароў) вёскі Бярозкі[e] «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 6 злотых, 7 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 25 злотых[11]. У апошніх двух выпадках прыналежнасьць паселішча пазначаная як спрэчная (in controverso). Але, нарэшце, уладальнік названы ў датаваным 15 лютага 1754 году запісе «wieczystego prawa darownego» на добры Ёлча, Бярозкі, Савічы, Грушна «і іншых», відавочна, прыналежных да Ёлчанскага ключа[f], ад падканцлера літоўскага графа Міхала Сапегі войскаму ашмянскаму пану Францішку Ракіцкаму, за подпісам вялікага канцлера літоўскага князя Міхала Чартарыйскага, замацаваным вялікай пячаткай[g][12].
Расейская імпэрыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бярозкі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году — Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[13]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёскі Бярозкі, Савічы, Галкі і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (відавочна, зноў жа застаўным правам[h]) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[14]. Ад 27 жніўня 1799 году аднаасобным уладальнікам Ёлчанскага ключа (і Бярозак) стаў пан Людвік Ракіцкі[15].

Паводле ведамасьці Ёлчанскай Сьвята-Міхайлаўскай царквы за 1818 год, прыналежнай да яе прыходу вёскай Бярозкі працягваў валодаць былы маршалак Менскай губэрні, стацкі саветнік пан Людвік Ракіцкі[16]. У 1850 годзе — уласнасьць паноў Прозараў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 253 жыхары вёскі Бярозкі зьяўляліся прыхаджанамі Ёлчанскай Сьвята-Міхайлаўскай царквы, 3 мужчыны і 3 жанчыны зь ліку жыхароў фальварку Бярозкі былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[17].
У парэформавы пэрыяд — у Ёлчанской воласьці. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Бярозкі заставаліся ў прыходзе Ёлчанскай царквы[18]. На 1909 год у Бярозках налічвалася 77 двароў, 635 жыхароў[19].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бярозкі ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[20].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля ўзьяднаньня з БССР, ад 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году вёска — цэнтар Бярозкаўскага сельсавету Камарынскага раёну Рэчыцкай акругі (з 9 чэрвеня 1927 году — Гомельскай акругі). У 1930 годзе арганізаваны калгас «Дняпроўскі араты», працавалі гамарня, вятрак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны у верасьні 1943 году нямецкія карнікі спалілі 140 двароў, забілі 21 жыхара. Вызвалена 24 верасьня 1943 году 15-м стралковым корпусам 13-й арміі Цэнтральнага фронту. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 68 жыхароў, памяць пра якія ўвекавечвае абэліск, пастаўлены ў 1968 годзе ў цэнтры вёскі.
У складзе саўгаса «Краснае» (цэнтар — вёска Краснае.
Remove ads
Насельніцтва
Дынаміка
- 1834 год — 56 двароў.
- 1850 год — 271 жыхар.
- 1897 год — 87 двароў, 618 жыхароў (паводле перапісу).
- 1908 год — 635 жыхароў.
- 1940 год — 180 двароў, 821 жыхар.
- 1959 год — 655 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — 87 двароў, 153 жыхары.
Заўвагі
- Не Палтава, як у С. В. Марцэлева[2]
- Інакш кажучы, Бярозкі другой паловы XVIII ст. былі вёскай у складзе прыватнаўласніцкага маёнтку, а не дзяржаўнага, як тое паказана ў Вялікім гістарычным атлясе Беларусі: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122, 191.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads