Камарын
мястэчка ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Камары́н[4] (таксама Кама́рын[4]) — мястэчка ў Беларусі, на правым беразе Дняпра каля Камарынскага возера. Цэнтар сельсавету Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2020 год — 2100 чалавек[5]. Знаходзіцца за 52 км ад Брагіна, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (лінія Оўруч — Чарнігаў), на захад ад граніцы з Украінай. Аўтамабільная дарога злучае мястэчка з Брагінам; рачная прыстань.
Remove ads
Гісторыя
На Генэральнай мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі Камарын разам зь Ёлчай і Бярозкамі пазначаны ў Ёлчанскім старостве[b], якое месьцілася на тэрыторыі Оўруцкага павету[6] Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага[7][c].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) паселішча апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[8]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёскі Камарын, Бярозкі, сёлы Ёлча, Грушна, вёскі Савічы, Галкі і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (відавочна, ізноў жа застаўным правам[d]) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[9].
Паводле энцыкляпэдыі Гарады і вёскі Беларусі, у 1856 годзе ў Камарыне было 98 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засьведчана, што 100 жыхароў мястэчка Камарын абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Ёлчанскай Сьвята-Міхайлаўскай царквы, а 2 мужчыны і 3 жанчыны былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяьцця Найсьвяцейшай Панны Марыі[10].
У парэформавы пэрыяд мястэчка належала да новастворанай Ёлчанскай воласьці. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Камарын заставаўся ў прыходзе Ёлчанскай царквы[11]. На 1886 год тут было 26 двароў, 128 жыхароў[12]. Згодна зь перапісам 1897 году ў Камарыне 550 жыхароў, царква, 2 скураапрацоўчыя майстэрні, 12 лавак. З 1899 г. працавала паштовае адзьдзяленьне. На 1909 год у мястэчку налічвалася 104 двары, 614 жыхароў[13].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Камарын у складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[14].
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Ад 9 мая 1923 года Камарын – цэнтр воласьці ў Гомельскай губэрні.
8 сьнежня 1926 году Камарын вернуты БССР, стаў цэнтрам раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі. У 1929 годзе дзейнічалі 2 школы, хата-чытальня, бібліятэка, лекарскі ўчастак і ветэрынарны пункт, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Серп і молат», працавалі маслазавод, кузьня, друкарня (з 1931), шавецкая і кравецкая майстэрні, будаўнічая арцель, хлебапякарня, вятрак, конны млын, сенапрэсавальны завод, ваўначоска. Выходзіла раённая газэта «Чырвоны сьцяг».
29 лютага 1938 году Камарынскі раён увайшоў у склад Палескай вобласьці.
У Вялікую Айчынную вайну з 28 жніўня 1941 да 23 верасня 1943 году Камарын акупаваны германскімі войскамі. Быў першым у Беларусі раённым цэнтрам, вызваленым ад захопнікаў.
8 студзеня 1954 году Камарын стаў раённым цэнтрам Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года ў Камарыне, які з 17 лістапада набыў статус гарадзкога пасёлка, налічвалася 1608 жыхароў.
25 снежня 1962 году Камарынскі раён скасаваны, а тэрыторыя далучана да Брагінскага раёна.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XIX стагодзьдзе: 1856 год — 98 чал.; 1897 год — 550 чал.
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 614 чал. у мястэчку Камарыне і 5 чал. ува ўрочышчы Камарыне; 1959 год — 1608 чал.; 1971 год — 1,6 тыс. чал.; 1997 год — 2,3 тыс. чал.[15]; 1998 год — 2,4 тыс. чал.[16]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 2,2 тыс. чал.; 2009 год — 2051 чал.[17] (перапіс); 2016 год — 1804 чал.[18]; 2017 год — 1777 чал.[19]; 2018 год — 1804 чал.[20]
Адукацыя
У Камарыне працуюць сярэдняя школа і дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэкі.
Remove ads
Забудова
Плян мястэчка квартальны, вуліцы простыя, забудова пераважна драўляная сядзібнага тыпу. У 1987—1994 гадах будаваліся мураваныя дамы на 96 кватэраў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных месцаў у выніку Чарнобыльскай катастрофы.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, лясная гаспадарка.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Да Камарыну можна даехаць маршрутным аўтобусам ад Гомелю[21]. Спыніцца можна ў гасьцініцы.
Славутасьці
- Могілкі юдэйскія
Страчаная спадчына
- Царква (1911)
Галерэя
- Краявіды Камарына
- Вуліца мястэчка
- Дняпро
- Лякарня
- Гасьцініца
- Царква
- Школа
- Прыпынак
- Кавярня
Асобы
- Віктар Шматаў (1936—2006) — беларускі мастак, мастацкі крытык і гісторык мастацтва
Заўвагі
- У арыгінальных крыніцах тое ўладаньне называлася Ёлчанскім ключом пры Ракіцкіх (1771 г.: Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 1) альбо нават і Ёлчанскім «графствам» пры Страшэвічах (з прычыны недаросласьці Людвіка і Алаізія Рафала Ракіцкіх, 1784 г.: Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. – Вильна, 1914. Т. XXXVIII. Инвентари староств, имений, фольварков и деревень XVIII века. (1720 – 1798). С. 24, 25), таму што было не дзяржаўным, а прыватнаўласьніцкім маёнткам.
- Ёлча і Бярозкі згаданыя ў крыніцах шматразова; Ёлча пачынаючы ад 1571 г. у складзе Любецкага староства (Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 30), Бярозкі — ад 1596 г. разам зь Ёлчай у пажыцьцёвай пасэсіі пана Івана Лобава, ад 1614 г. — князя Сямёна Лышко і яго жонкі пані Катарыны Каменскай. Пасьля абодва паселішчы пераходзілі да розных асобаў (Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 301—302; Кондратьєв І. Любецьке староство (XVІ — середина XVII ст.). — Чернігів: Видавець Лозовий В., 2014. С. 300, 310—311). Камарын паказаны і на Гэнэральнай мапе «Беларускія землі ў XVI ст.» (Ёлча тут ёсьць, Бярозак няма), але, падобна, зроблена гэта без апоры на пісьмовыя крыніцы, таму якія-небудзь дадатковыя зьвесткі, акрамя прыналежнасьці да Кіеўскага ваяводзтва Кароны, у паказальніку адсутныя, гл.: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 149. На адпаведнай мапе М. Ф. Сьпірыдонава, якую прынялі за аснову ўкладальнікі атлясу, Камарына няма, хоць, што праўда, адсутная і Ёлча: Спиридонов М. Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV — XVI вв.) — Минск: Наука и техник, 1993 (Приложение. Карта «Беларусь в конце XVI в.» 1 : 1 000 000. Объяснительная записка и указатель населённых пунктов (вкладыш).
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads