Вольна
вёска ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Во́льна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Рудзіцы. Цэнтар сельсавету Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 678 чалавек. Знаходзіцца за 30 км на паўночны ўсход ад Баранавічаў, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы; на аўтамабільнай дарозе Сталавічы — Мір.
Вольна — старажытная вёска на гістарычнай Наваградчыне. Да нашага часу тут захаваліся сядзібна-паркавы комплекс Сьлізняў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў, і царква Сьвятой Тройцы ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся манастыр базылянаў (XVIII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі, і палац Сьлізьняў (XIX ст.), зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню ўпамінаецца ў сярэдзіне XVI ст. як сяло Вольнае. У 1567 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Юрыя Хадкевіча, які выстаўляў у войска 4 коньнікі. У 1571 годзе Вольна перайшла да Соф’і Слуцкай, а пазьней да Астафея Валовіча. У гэты час на тэрыторыі сядзібы былі 4 дамы, скляпы («піўніцы»), бровар, іншыя гаспадарчыя будынкі. Каля маёнтку разьмяшчаліся царква, млын і карчма.
У 1632 годзе ўладальнікі Вольна стольнік наваградзкі Крыштап Каменскі і яго жонка Алена Друцкая-Горская фундавалі ў вёсцы царкву і манастыр базылянаў[2]. У 1768 годзе базыляне збудавалі ў Вольне мураваную царкву Сьвятой Тройцы. Пры базылянскім манастыры існавала школа, у якой навучаўся мастацтвазнавец, архітэктар і скульптар Рафал Сьлізень.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Вольна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чэрніхаўскай воласьці Наваградзкага павету. Некаторы час у маёнтку працаваў паэт Ян Чачот.
У 1839 годзе расейскія ўлады ліквідавалі манастыр базылянаў. У яго будынкі ў 1840 годзе перавялі жаночы манастыр Маскоўскага патрыярхату з Наваградку, які праіснаваў да 1873 году. У 1879 годзе мясцовы прыход налічваў каля 5 тыс. вернікаў (зь іх 5 % пісьменных). На 1886 год у сяле Вольне быў 61 двор, дзеяла царква, працавала народная вучэльня (адкрылася ў 1863 годзе), побач зь сялом — вінакурны завод і млын. У 1890 годзе адкрылася царкоўна-прыходзкая школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Вольне было 99 двароў, дзеяла царква, працавалі народная вучэльня (у 1900 годзе 100 хлопчыкаў, настаўніца Г. Тарановіч), хлебазапасны магазын, кузьня, шынок; існаваў помнік у гонар вызваленьня сялянаў ад прыгоннай залежнасьці. На 1909 год — 107 двароў.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вольна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Вольна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Чэрніхаўскай гміне Баранавіцкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час тут было 125 двароў, побач зь вёскай існаваў аднайменны фальварак (7 двароў). 27 сьнежня 1925 году Вольна стала цэнтрам гміны.
У 1939 годзе Вольна ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Гарадзішчанскага раёну, з 25 сьнежня 1962 году Баранавіцкага раёну Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 году Берасьцейскай вобласьцяў. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
На 1970 год у Вольне было 336 двароў, на 1992 год — 341, на 1998 год — 370, на 2005 год — 316. У 2000-я гады Вольна атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
- Вольна на старых здымках
- Сядзіба. Т. Барэці, да 1894 г.
- Палац. Т. Барэці, да 1894 г.
- Царква. Т. Барэці, да 1894 г.
- Царква, каля 1900 г.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1886 гады — 470 чал.; 1897 год — 341 чал.;
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 724 чал. у вёсцы Вольне і 35 чал. у фальварку Вольне; 1939 год — 941 чал.; 1959 год — 641 чал.; 1970 год — 519 чал.[4]; 1992 год — 898 чал.[5]; 1996 год — 861 чал.[6]; 1998 год — 854 чал.[7]; 1999 год — 808 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 764 чал.[8]; 2010 год — 678 чал.
Інфраструктура
У Вольне працуюць сярэдняя школа, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Remove ads
Эканоміка
Цэнтар экспэрымэнтальнай базы «Вольна-Чэрніхава».
Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура
Дзее Вольнаўскі краязнаўчы музэй (адкрыўся ў 1995 годзе пры школе). Будынак дома культуры ўпрыгожвае мэмарыяльная дошка ў памяць скульптара Рафала Сьлізьня.
Славутасьці
- Бровар (1830)
- Капліца прыдарожная (1930-я)
- Сядзіба Сьлізьняў (XVIII—XIX стагодзьдзі)
- Царква Сьвятой Тройцы (1768; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
- Манастыр базылянаў (XVIII ст.)
- Палац Сьлізьняў (XIX ст.)
Remove ads
Галерэя
- Краявіды Вольна
- Траецкая царква
- Царква, фрагмэнт
- Інтэр’ер царквы
- Дом культуры, збудаваны з палаца
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads