Гронаў
вёска ў Беларусі, уваходзіць у склад Вепрынскага сельсавету Чэрыкаўскага раёну From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Гро́наў[1], Геранімаў — вёска ў Беларусі, каля ракі Сажа. Уваходзіць у склад Вепрынскага сельсавету Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 334 чалавекі. Знаходзіцца за 7 км на ўсход ад Чэрыкава, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў (лінія Ворша — Клімавічы); каля аўтамабільнай дарогі Краснапольле — Чэрыкаў.
Гронаў — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, таксама вядомае пад назвай Геранімаў ў гонар Гераніма Флярыяна Радзівіла.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У 1726 годзе, відаць, Ганна Кацярына Радзівіл з князёў Сангушкаў заснавала ў Крычаўскім старостве Амсьціслаўскага ваяводзтва, ува ўрочышчы Камені мястэчка Геранімаў, якое атрымала сваю назву ў гонар Гераніма Флярыяна Радзівіла, сына заснавальніцы[2]. Паводле інвэнтару Крычаўскага староства 1747 году, аснову плянавальнай структуры мястэчка складаў Рынак, адзін з бакоў якога выходзіў на раку Сож. З астатніх бакоў Рынку адыходзілі вуліцы Манастырская, Вушакоўская і Вепрынская. Апроч таго, інвэнтар упамінае незабудаваныя завулкі Крычаўскі і Зорскі, якія вялі з Рынку ў бок Сажа. У мястэчку было толькі 18 жылых дамоў, зь якіх 6 месьціліся на Рынку; 8 дамоў і 34 пляцы стаялі парожнімі. Сярод местачкоўцаў было 5 алейнікаў (зь іх 3 купцы), 2 купцы, 2 кушнеры, ганчар і пастух.
У 1753 годзе ў Геранімаве было 6 алейнікаў. У 1770 годзе мястэчка атрымала права на таргі ў серады[3].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Геранімаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дубравіцкай вобласьці Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні. Відаць, у гэты час паселішча атрымала назву Гронаў. На 1777 год вёска знаходзілася ў валоданьні І. Галынскага, тут было 14 двароў. На 1785 год — 23 двары, на 1811 год — 26.
Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Гронаве было 50 двароў, непадалёк існаваў заезны двор. На 1909 год — 58 двароў, працавала школа граматы.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гронаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Гронаў вярнулі БССР, у Чэрыкаўскі раён Калінінскай акругі. На 1926 год у вёсцы было 98 двароў. У 1931 годзе савецкія ўлады стварылі ў Гронаве калгас. 20 лютага 1938 году вёска ўвайшла ў склад Магілёўскай вобласьці. На 1940 год тут было 363 двары. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 30 верасьня 1943 году Гронаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1958 годзе Гронаў радыёфікавалі, у 1963 годзе — электрафікавалі. 16 верасьня 1959 году вёска ўвайшла ў склад Крычаўскага, 25 сьнежня 1962 году — Краснапольскага, 6 студзеня 1965 году — зноў Крычаўскага, 30 ліпеня 1966 году — Чэрыкаўскага раёну. На 1989 год у Гронаве было 143 двары, на 2007 год — 138.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія
Інфраструктура
У Гронаве працуюць бібліятэка, дом культуры, фэльчарска-акушэрскі пункт.
Remove ads
Забудова
Плян складаецца з крывалінейнай, амаль шыротнай арыентацыі вуліцы і паралельнай да яе просталінейнай вуліцы, злучаных у цэнтры завулкам. Забудова пераважна двухбаковая, шчыльная, традыцыйная драўляная сядзібнага тыпу. На паўночным захадзе разьмяшчаецца вытворчы сэктар.
Эканоміка
Дрэваапрацоўчы камбінат, цэх-лесапільня Чэрыкаўскай лясной гаспадаркі, лесапункт.
Турыстычная інфармацыя
Славутасьці
Каля Гронава захаваліся 2 археалягічныя стаянкі. На адной зь іх выявілі крамянёвыя вырабы і фрагмэнты ляпнога посуду эпохі позьняга нэаліту, раньняга бронзавага і жалезнага вякоў (на яе месцы пазьней было селішча зарубінецкай культуры). На другой стаянцы верхнедняпроўскай культуры знайшлі рэчы раньняга і позьняга бронзавага веку[6].
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads