Грэцкая энэргія
прамысловае прадпрыемства Грэцыі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Грэцкая энэргія» — прамысловае прадпрыемства Грэцыі, заснаванае ў 1958 годзе ў якасьці «Грэцкага нафтаперапрацоўчага заводу Аспропіргасу».
На 2025 год мела 3 нафтаперапрацоўчыя заводы ў Грэцыі і звыш 2000 аўтазаправачных станцыяў у Грэцыі і 5 іншых краінах Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, у тым ліку звыш 300 зарадных станцыяў для электрамабіляў у Грэцыі, а таксама электрастанцыі агульнай магутнасьцю звыш 4-х гігаватаў[5]. У 2023 годзе за мяжу паставілі 8,3 млн тонаў паліва, што складала 54 % вытворчасьці[6]. Вываз тавараў і паслугаў «Грэцкай энэргіі» за мяжу склаў 6,14 млрд эўра, а выплаты падаткаў у Грэцыі — 2,91 млрд эўра[7]. Прадпрыемства перапрацавала 87 % сваіх адкідаў[8] і налічвала 3640 супрацоўнікаў[9].
У 2024 годзе вырабіла беспапярэднія 17,2 млн тонаў нафтапрадуктаў, а магутнасьць аднаўляльных крыніцаў энэргіі ў Грэцыі склала 494 мэгаватаў[3].
Remove ads
Вытворчасьць
На 2025 год «Грэцкая энэргія» ажыцьцяўляла нафтаперапрацоўку праз даччынае прадпрыемства «Грэцкая нафта», якой належалі 3 нафтаперапрацоўчыя заводы ў Аспропіргасе (акруга Заходняя Атыка), Тэсалёніках (вобласьць Цэнтральная Македонія) і Элефсіне (Заходняя Атыка) агульнай магутнасьцю 344 000 бочак за содні, што складала 65 % магутнасьці ў Грэцыі. Гэтыя НПЗ мелі сховішчы для нафты і паліва на 6,65 млн кубамэтраў. Хімічная вытворчасьць улучала поліпрапілен, літую плёнку і распушчальнікі. На «Грэцкую энэргію» прыпадала 50 % хімічнай вытворчасьці ў краіне, 70 % вырабаў якой накіроўвалі за мяжу ў Турэччыну і Італію, на Балканы і Пірэнэйскі паўвостраў. За 2022 год прадалі 15,5 млн тонаў нафтапрадуктаў, зь якіх 54 % паставілі за мяжу.
- Аспропіргаскі НПЗ. Пабудаваны ў 1958 годзе. У 1986 годзе ўкаранілі вадка-каталітычнае расшчапленьне для вытворчасьці бэнзіну. Содневая магутнасьць перапрацоўкі складала 146 000 бочак. Ёмістасьць сховішча складала 1,4 млн кубамэтраў. Індэкс складанасьці Нэльсана для заводу быў на высокім узроўні 9,7.
- Тэсалёніцкі НПЗ. Выкарыстоўваў гідраачыстку, таму меў індэкс Нэльсана на ўзроўні 5,8. Содневая магутнасьць складала 90 000 бочак, а ёмістасьць сховішча 1,4 млн м³. Быў адзіным НПЗ на поўначы Грэцыі, які пастаўляў нафтапрадукты ў іншыя краіны Паўднёва-Ўсходняй Эўропы.
- Элефсінскі НПЗ. Меў магутнасьць у 106 000 бочак за содні. У 2012 годзе ў ходзе перабудовы коштам 1,5 млрд эўра ўкаранілі гідракрэкінг і каксаваньне для вытворчасьці дызэльнага паліва. У выніку індэкс Нэльсана вырас да 12, што зрабіла завод адным з найбольш сучасным у Міжземнамор'і. Памер сховішчаў складаў 4,1 млн м³, што ўлучала нафтасховішча «Мэгара»[10].

Збыт ажыцьцяўлялі праз уласную сетку з 2000 аўтазаправачных станцыяў «Грэцкай энэргіі», сярод якіх 300 дзейнічала за мяжой у 5 краінах Паўднёва-Ўсходняй Эўропы: у Баўгарыі, на Кіпры, у Паўночнай Македоніі, Сэрбіі і Чарнагорыі. У Грэцыі займалі 30 % рынку нафтапрадуктаў. Пры лётнішчах Грэцыі працавала 24 авіязаправак[11]. Даччынае прадпрыемства «Грэцкі ўздым» мела выключнае права на выведку і распрацоўку 6 марскіх нафтарадовішчаў пераважна на захад ад Грэцыі ў Іянічны моры:
- № 2 на захад ад вострава Керкіра (25 %) — «Энэргеан» (Вялікабрытанія) меў 75 %;
- «Іянічнае» на поўдзень ад Керкіры (100 %);
- № 10 на захад ад Пэляпанэсу (100 %);
- «Заходнекрыцкае» на захад ад Крыту (30 %) — «Эксан-Мобіл» (ЗША) меў 70 %;
- «Паўднёва-заходнекрыцкае» на паўднёвы захад ад Крыту (30 %) — «Эксан-Мобіл» меў 70 %;
- «Тракійска-марское» ў Тракійскім моры (25 %) — «Сьвідравінныя паслугі Калфрак» (Канада) мелі 75 %[12].
«Грэцкі ўздым» меў супольніцтвы зь 10 замежнымі прадпрыемствамі і 4-ма ўнівэрсытэтамі Грэцыі. За 2022—2023 гады правялі 7 сэйсьмічных дасьледаваньняў коштам 30 млн эўра на 2 дзейных і 3-х будучых радовішчах[12]. Даччынае прадпрыемства «ГН-Эдысан» мела электрастанцыі на прыродным газе магутнасьцю 840 Мват[13]. Сярод іншага, «Грэцкая энэргія» мела звыш 200 зарадных станцыяў для электрамабіляў магутнасьцю да 150 кіляват пры аўтазапраўках, а таксама зарадныя прылады магутнасьцю да 22 кіляватаў пры гандлёвых цэнтрах[14]. Даччынае прадпрыемства «Аспрофас» мела звыш 160 інжынэраў у 25 тэхнічных аддзелах, якія ўзводзілі цягам 2022 году звыш 120 нафтаперапрацоўчых вытворчасьцяў і электрастанцыяў у 20 краінах коштам 12,3 млн эўра[15].
Remove ads
Замежная прысутнасьць
На 2025 год «Грэцкая энэргія» мела даччыныя прадпрыемствы ў 9 краінах Эўропы, у тым ліку 3 па-за паліўнай галіной:
- «Міжнародная грэцкая энэргія» (Аўстрыя). Холдынг для ўкладаньняў за мяжой[6].
- «Фінансы Грэцкай энэргіі» (Вялікабрытанія). Заснаванае ў 2005 годзе для разьмяшчэньня эўрааблігацыяў на «Люксэмбурскай біржы»[16].
- «ГН-Эдысан» (Нідэрлянды). Сумеснае прадпрыемства мела 2 электрастанцыі ў Грэцыі[17].

Даччыныя прадпрыемствы паліўна-энэргетычнай галіны пераважна працавалі на Балканах.
- «Эка Баўгарыі». У 2002 годзе ў Баўгарыі стварылі сетку аўтазаправак, празь якую прадавалі паліва, звадкаваны нафтавы газ і змазачныя алівы. Сетка была 4-й паводле велічыні ў краіне пры 95 аўтазапраўках у 90 % акругаў, на 41 зь якіх працавалі пякарні, а на 8 — аўтамыйні[18].
- «Эка Кіпру». Ад 2002 году на Кіпры мелі гандлёвую сетку «Эка» з 98 АЗС. Празь яе таксама прадавалі дызэльнае паліва, топачную мазуту, газу і рэактыўнае паліва[19].
- «Окта» (Паўночная Македонія, засн. 1978). У 1999 годзе набылі прадпрыемства, якое мела нафтаперапрацоўчы завод магутнасьцю 2,5 млн тонаў і найбольшую ў краіне сетку з 25 АЗС. Сярод іншага, прадпрыемства валодала таварняй на 350 000 кубамэтраў паліва, дзе таксама захоўвалі флёцкую мазуту і звадкаваны прыродны газ. НПЗ «Окты» быў злучаны трубаправодам даўжынёй 213 км з грэцкім НПЗ у Тэсалёніках. Урэшце, працавала 5 сонечных электрастанцыяў магутнасьцю 440 кіляватаў[20].
- «Грэцкія аднаўляльнікі» (Румынія). Мела сонечныя электрастанцыі магутнасьцю 800 МВат[21].
- «Эка Сэрбіі» (Бялград). Заснаванае ў 2002 годзе. Мела сховішча на 2000 кубамэтраў паліва і сетку зь 57 аўтазаправак, на 49 зь якіх працавалі кавярні[22].
- «Югапэтрол» (Чарнагорыя, засн. 1947). Найбольшае нафтававае прадпрыемства Чарнагорыі, якое набылі ў 2002 годзе. У 2014 годзе галаўную сядзібу перанесьлі з прыморскага Котару ў сталічную Падгорыцу. Паямі прадпрыемства гандлявалі на «Чарнагорскай біржы». Мела сховішча паліва на 110 000 кубамэтраў у прыморскім Бары, 46 аўтазаправак і 23 аўтацыстэрны, 3 яхтавыя заправачныя станцыі і 2 тэрміналы рэактыўнага паліва для самалётаў[23].
Remove ads
Уласьнікі
На 2025 год найбольшымі пайшчыкамі «Грэцкай энэргіі» былі:
- «Усеэўрапейскі нафтапрамысловы холдынг» (Кіпр; сям'я Ёаніса Лаціса) — 40 %;
- «Грэцкае прадпрыемства паёў і маёмасьці» (урад Грэцыі) — 31 %[24].
Рэштай паёў «Грэцкай энэргіі» ў вольным абарачэньні гандлявалі на «Біржы Атэнаў», а таксама ў выглядзе на глябальных дэпазытарных расьпісак (ГДР) на «Лёнданскай фондавай біржы» (Анегльшчына). Аблігацыі прадпрыемства за мяжой прадавалі празь «Люксэмбурскую біржу»[24].
Мінуўшчына
У 1955 годзе ўрад Грэцыі заключыў кантракт на будаўніцтва ў Аспропіргасе першага ў Грэцыі нафтаперапрацоўчага заводу (НПЗ), якое распачалі ў 1956 годзе. У 1958 годзе завод адчынілі. У 1966 годзе грэцкі прадпрымальнік Томас Пападопулас (1899, Філіятра — 1988) адчыніў НПЗ «Эса Папас» на захадзе Тэсалёнікаў. У 1971 годзе холдынг Ёаніса Лаціса (1910, Катакала — 2003) адчыніў НПЗ «Бэнзін Грэцыі» ў Элефсіне. У 1975 годзе ўрад Грэцыі заснаваў АТ «Грамадзкае нафтавае прадпрыемства» («ГНП») і набыў АТ «Грэцкі НПЗ Аспропіргасу». У выніку ўрад апанаваў нафтаперапрацоўку ў краіне[25].
У 1981 годзе ўрад Грэцыі набыў НПЗ «Эса Папас», які перайменавалі ў «Эка». У 1985 годзе стварылі «ГНП-Экі» для выведкі нафтарадовішчаў. У 1988 годзе заснавалі «Грамадскае прадпрыемства газазабесьпячэньня», якое «Грамадзкае нафтавае прадпрыемства» набыло для збыту нафтапрадуктаў у Грэцыі. «Грэцкі НПЗ Аспропіргасу» заснаваў дасьледчае прадпрыемства «Аспрофас». У 1991 годзе «Грамадзкае нафтавае прадпрыемства» набыло холдынг «Эка», таму нафтаперапрацоўку пашырылі за кошт магутнасьці заводу «Эка Эльчыдымак». Да 1997 году «ГНП-Экі» правяла выведку на захадзе Грэцыі з удзелам кансорцыюмаў «Трытон» (Атэны) і «Прадпрыемства»[25].
У 1998 годзе «Грамадзкае нафтавае прадпрыемства» перайменавалі ў «Грэцкую нафту» («ГН») з далучэньнем даччыных прадпрыемстваў. Паі прадпрыемства разьмясьцілі на «Фондавай біржы Атэнаў» і «Лёнданскай фондавай біржы» (Ангельшчына). У далейшым «Грэцкая нафта» пашырыла дзейнасьць на Македонію, Альбанію, Кіпр, Сэрбію і Чарнагорыю ды Баўгарыю. У 2003 годзе далучылі «Бэнзін Грэцыі» з НПЗ у Элефсіне. Пасьля будаўніцтва газатурбіннай устаноўкі з камбінаваным цыклем магутнасьцю 390 мэгаватаў у Тэсалёніках прыступілі да гандлю электраэнэргіяй. Да 2007 году стварылі даччыныя прадпрыемствы «Дыяксон» у Каматынях і «Аднаўляльныя крыніцы энэргіі Грэцкай нафты». У 2007 годзе для вытворчасьці электраэнэргіі стварылі сумеснае прадпрыемства «ГН-Эдысан» з удзелам італьянскага прадпрыемства «Эдысан» (Мілян)[25].
У 2009 годзе набылі вытворчасьць паліва «Брытанскай нафты» ў Грэцыі. У выніку экспарт 3-х НПЗ у Аспропіргасе, Тэсалёніках і Элефсіне перавысіў 50 % агульнага абсягу продажаў. У 2011 годзе запусьцілі газатурбінную электрастанцыю з камбінаваным цыклем магутнасьцю 420 МВат у Тысьбе (акруга Бэотыя) з удзелам «ГН-Эдысан». У 2013 годзе выпусьцілі эўрааблігацыі на 500 млн эўра. У наступныя гады выпусьцілі аблігацыі на яшчэ 1 млрд эўра, у выніку чаго «Грэцкая нафта» стала найбольшым іх эмітэнтам у краіне. У 2022 годзе запусьцілі найбольшую ў Грэцыю сонечную электрастанцыю ў Казанях коштам 135 млн эўра. 20 верасьня 2022 году Агульны сход холдынгу зьмяніў назву прадпрыемства на «Грэцкая энэргія», даччыным прадпрыемствам якога стала АТ перапрацоўкі, пастаўкі, продажу нафтапрадуктаў і нафтахіміі (АТ ПППНН) «Грэцкая нафта», за якім пакінулі нафтаперапрацоўку і продаж нафтапрадуктаў. Холдынг «Грэцкая энэргія» засяродзіўся на распрацоўцы аднаўляльных крыніцаў энэргіі магутнасьцю 3,2 гігаваты, зь якіх 1 гігават увялі да 2025 году. Для гэтага ўступілі ў супольніцтва зь нямецкім прадпрыемствам «Райнска-Вэстфальскія электрастанцыі» (Эсэн). Таксама распачалі разбудову сеткі зь 10 000 зарадных станцыяў для электрамабіляў[25].
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads