Гісторыя Шчучына
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Шчучын (часам насіў дадатковыя азначэньні — Шчучын Літоўскі[1] або Шчучын Лідзкі) — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), лякальны цэнтар асьветы, навукі і дабрачыннасьці[2]. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму комплекс кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, могілкавая капліца і палац Друцкіх-Любецкіх, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя, а таксама эклектычная забудова гістарычнага Рынку.
Remove ads
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Шчучын датуецца 1436 (або 1430[3]) годам, калі ваявода троцкі Пётар Лелюш разам з А. Вязовічам і І. Прасьціловічам заснаваў тут драўляны касьцёл Сьвятога Якуба. У XV—XVIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва.
У другой палове XV — XVI стагодзьдзях Шчучын знаходзіўся ў валоданьні Кучукаў, Кішкаў, Радзівілаў, з пачатку XVII ст. — Лімантаў[3]. У 1-й трэці XVI ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У 1537 годзе Шчучын упамінаецца ў Літоўскай мэтрыцы ў зьвязку з тым, што мясцовы жыхар Станіслаў Альшанскі пераехаў у Масты, якія ў той час знаходзіліся ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы. Мястэчка значна пацярпела ад маскоўскіх войскаў І. Хаванскага і казацкіх загонаў В. Залатарэнкі ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[3], а таксама ад войскаў Карла XII у Вялікую Паўночную вайну (1700—1721).
У XVIII ст. Шчучын перайшоў у валоданьне маршалка дворнага Юзэфа Сцыпіёна. 23 траўня 1761 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў паселішчу Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная манаграма I(gnatus) S(cipion) пад залатой каронай»[4]. У 1726 годзе ў Шчучыне адкрыўся калегіюм манаскага ордэну піяраў. Заснавальнікам навучальнай установы лічыцца полацкі войт Юры Хлябніцкі-Юзэфовіч. Некаторы час тут працавала сэмінарыя для ордэнскай моладзі (ці навіцыят), дзе выкладалі ў тым ліку ўсходнія мовы. У 1755 годзе калегіюм узначальваў рэктар Лукаш Расоцкі, выкладалі Кант Выкоўскі (прафэсар усходніх моваў і гісторыі), Юзэф Шаняўскі (тэалёгія), Яўстах Куроўскі (філязофія і этыка), Вінцэнт Клос (прыродазнаўчыя дысцыпліны), Юзэф Кентржынскі (лёгіка і мэтафізыка), Войцех Камароўскі (паэзія і красамоўства). У 1773—1775 гадох з утварэньнем у Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіі, што праводзіла рэфармаваньне сыстэмы асьветы, Шчучынскую піярскую навучальную ўстанову рэарганізавалі ў 3-клясную падакруговую школу. У 1782—1783 гадох яна налічвала 119 вучняў, 5 настаўнікаў. У 1785—1786 гадох у школе выкладаў Станіслаў Юндзіл, пазьней доктар філязофіі, прафэсар батанікі і заалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. У 1742 годзе ў Шчучыне адкрыўся шпіталь, а ў 1773 годзе — аптэка. У другой палове XVIII ст. на паўночнай ускраіне мястэчка збудавалі палац. У 1785 годзе Станіслаў Юндзіл заклаў школьны батанічны сад, адзін зь першых на Беларусі.
Remove ads
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шчучын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сьпярша ўваходзіў у склад Лідзкага павету Літоўскай, потым Гарадзенскай (з 1801), а з 1843 году — Віленскай губэрняў. У 1803 годзе ў выніку чарговай рэарганізацыі школа піяраў атрымала статус 6-кляснай павятовай з гімназічным курсам навук і ўвайшла ў Віленскую навучальную акругу. У 1822—1828 гадох (паводле іншых зьвестак у 1826—1829) у Шчучыне збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Тэрэзы. На 1829 год у мястэчку было 47 будынкаў (17 хрысьціянскіх і 30 юдэйскіх).
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі школу ў Шчучыне разам зь іншымі піярскімі навучальнымі ўстановамі. На 1833 год у мястэчку было 40 будынкаў, на 1863 год — 94, на 1866 год — 123 двары, валасная ўправа, касьцёл, капліца, царква, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, 2-клясная школа (адкрылася ў 1833 годзе; у 1885 годзе навучаліся 78 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак), вінакурня, цагельня і прадпрыемства вырабу вапны, 29 крамаў, 5 піцейных дамоў. Праз Шчучын праходзілі гандлёвыя шляхі на Наваградак і Ліду. У 1888 годзе пачаў працаваць дрэваапрацоўчы завод, які вырабляў паркет, фанэру, шпон (на 1890 год — 30 работнікаў, зьявілася паравая машына).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 году Шчучын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Remove ads
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шчучын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[5].
Увосень 1918 году сфармавалася Шчучынская самаабарона — мясцовая вайсковая арганізацыя, якой мэтай была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Арганізаваў яе старшы лейтэнант Баляслаў Лісоўскі[6]. Самаабарона пасьпяхова зьнішчала бальшавіцкую актыўнасьць у навакольлі Шчучына. Хоць у пачатку 1919 году мястэчка занялі бальшавікі, аднак неўзабаве яго адбіла польскае войска. 7 чэрвеня 1919 году Шчучын увайшоў у склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[a]. Улетку 1920 году мястэчка зноў занялі бальшавікі, але ўжо ў верасьні яго зноў адбілі польскія войскі. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Шчучын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 239 будынкаў, побач знаходзіўся фальварак Шчучынак (5 пабудоваў). У 1931 годзе Шчучын атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету, у гэты час тут працавалі лякарня, настаўніцкая сэмінарыя і пошта.
Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР (1939 год) Шчучыну скасавалі статус места, а 15 студзеня 1940 году ён стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У гэты час працавалі электрастанцыя (магутнасьць 36 кВт), паравы млын, фабрыкі вырабу крупы і фанэры, лесапільны завод (тартак), лякарня на 70 ложкаў, радзільня на 25 ложкаў, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, аптэка, кінатэатар, пошта і тэлеграф, гімназія, ліцэй, 3 няпоўныя сярэднія школы. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 20 верасьня 1944 году Шчучынскі раён увайшоў у склад Гарадзенскай вобласьці. 31 жніўня 1962 году Шчучын зноў атрымаў статус места.
Галерэя
Палац
- Сядзіба Друцкіх-Любецкіх
- XX ст.
- 1917 г.
- 1917 г.
- 1917 г.
- 1930-я гг.
- да 1939 г.
- да 1939 г.
- Гаспадарчая пабудова, 1917 г.
Касьцёл і кляштар піяраў
- Касьцёл Сьвятой Тэрэзы і кляштар піяраў
- каля 1900 г.
- 1916 г.
- 1917 г.
- 1929 г.
- 1929 г.
- 1930-я гг.
- 1930-я гг.
- да 1939 г.
Вежа з гадзіньнікам
- Вежа з гадзіньнікам
- 1916 г.
- да 1919 г.
- 1929 г.
- 1930-я гг.
- 1930-я гг.
Рынак
- Рынак
- да 1915 г.
- да 1915 г.
- да 1915 г.
- 1915 г.
- 1915 г.
- 1917 г.
- да 1919 г.
- 1920-я гг.
- 1929 г.
- 1929 г.
- 1930-я гг.
- да 1939 г.
Вуліца Гарадзенская
- Гімназія
- 1929 г.
- 1935 г.
- 1938 г.
Іншае
- Іншае
- Царква
- Рака Тураўка
- Сынагога (у Шчучыне Падляскім)
- Сынагога
Remove ads
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads