Шчучын
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Шчу́чын — места ў Беларусі, на рацэ Тураўцы. Адміністрацыйны цэнтар Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 475 чалавек[1]. Знаходзіцца за 57 км на ўсход ад Горадні, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка (лінія Ваўкавыск — Ліда).
Remove ads
Шчучын — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), лякальны цэнтар асьветы, навукі і дабрачыннасьці[2]. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму комплекс кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, могілкавая капліца і палац Друцкіх-Любецкіх, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя, а таксама эклектычная забудова гістарычнага Рынку.
Remove ads
Назва
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Шчучын утварыўся ад прозьвішча Шчука[3].
У розныя часы дзеля адрозьненьня ад аднайменнага места на Падляшшы насіў прыдомкі Шчучын Літоўскі[4], Шчучын Лідзкі, Шчучын Наваградзкі.
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Шчучынъ (1553 год)[5].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўпамін пра Шчучын датуецца 1436 (або 1430[6]) годам, калі ваявода троцкі Пётар Лелюш разам з А. Вязовічам і І. Прасьціловічам заснаваў тут драўляны касьцёл Сьвятога Якуба. У XV—XVIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва.
У другой палове XV — XVI стагодзьдзях Шчучын знаходзіўся ў валоданьні Кучукаў, Кішкаў, Радзівілаў, з пачатку XVII ст. — Лімантаў[6]. У 1-й трэці XVI ст. паселішча атрымала статус мястэчка. У 1537 годзе Шчучын упамінаецца ў Літоўскай мэтрыцы ў зьвязку з тым, што мясцовы жыхар Станіслаў Альшанскі пераехаў у Масты, якія ў той час знаходзіліся ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы. Мястэчка значна пацярпела ад маскоўскіх войскаў І. Хаванскага і казацкіх загонаў В. Залатарэнкі ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[6], а таксама ад войскаў Карла XII у Вялікую Паўночную вайну (1700—1721).
У XVIII ст. Шчучын перайшоў у валоданьне маршалка дворнага Юзэфа Сцыпіёна. 23 траўня 1761 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў паселішчу Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная манаграма I(gnatus) S(cipion) пад залатой каронай»[7]. У 1726 годзе ў Шчучыне адкрыўся калегіюм манаскага ордэну піяраў. Заснавальнікам навучальнай установы лічыцца полацкі войт Юры Хлябніцкі-Юзэфовіч. Некаторы час тут працавала сэмінарыя для ордэнскай моладзі (ці навіцыят), дзе выкладалі ў тым ліку ўсходнія мовы. У 1755 годзе калегіюм узначальваў рэктар Лукаш Расоцкі, выкладалі Кант Выкоўскі (прафэсар усходніх моваў і гісторыі), Юзэф Шаняўскі (тэалёгія), Яўстах Куроўскі (філязофія і этыка), Вінцэнт Клос (прыродазнаўчыя дысцыпліны), Юзэф Кентржынскі (лёгіка і мэтафізыка), Войцех Камароўскі (паэзія і красамоўства). У 1773—1775 гадох з утварэньнем у Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіі, што праводзіла рэфармаваньне сыстэмы асьветы, Шчучынскую піярскую навучальную ўстанову рэарганізавалі ў 3-клясную падакруговую школу. У 1782—1783 гадох яна налічвала 119 вучняў, 5 настаўнікаў. У 1785—1786 гадох у школе выкладаў Станіслаў Юндзіл, пазьней доктар філязофіі, прафэсар батанікі і заалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. У 1742 годзе ў Шчучыне адкрыўся шпіталь, а ў 1773 годзе — аптэка. У другой палове XVIII ст. на паўночнай ускраіне мястэчка збудавалі палац. У 1785 годзе Станіслаў Юндзіл заклаў школьны батанічны сад, адзін зь першых на Беларусі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шчучын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сьпярша ўваходзіў у склад Лідзкага павету Літоўскай, потым Гарадзенскай (з 1801), а з 1843 году — Віленскай губэрняў. У 1803 годзе ў выніку чарговай рэарганізацыі школа піяраў атрымала статус 6-кляснай павятовай з гімназічным курсам навук і ўвайшла ў Віленскую навучальную акругу. У 1822—1828 гадох (паводле іншых зьвестак у 1826—1829) у Шчучыне збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Тэрэзы. На 1829 год у мястэчку было 47 будынкаў (17 хрысьціянскіх і 30 юдэйскіх).
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі школу ў Шчучыне разам зь іншымі піярскімі навучальнымі ўстановамі. На 1833 год у мястэчку было 40 будынкаў, на 1863 год — 94, на 1866 год — 123 двары, валасная ўправа, касьцёл, капліца, царква, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, 2-клясная школа (адкрылася ў 1833 годзе; у 1885 годзе навучаліся 78 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак), вінакурня, цагельня і прадпрыемства вырабу вапны, 29 крамаў, 5 піцейных дамоў. Праз Шчучын праходзілі гандлёвыя шляхі на Наваградак і Ліду. У 1888 годзе пачаў працаваць дрэваапрацоўчы завод, які вырабляў паркет, фанэру, шпон (на 1890 год — 30 работнікаў, зьявілася паравая машына).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 году Шчучын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шчучын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[8].
Увосень 1918 году сфармавалася Шчучынская самаабарона — мясцовая вайсковая арганізацыя, якой мэтай была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Арганізаваў яе старшы лейтэнант Баляслаў Лісоўскі[9]. Самаабарона пасьпяхова зьнішчала бальшавіцкую актыўнасьць у навакольлі Шчучына. Хоць у пачатку 1919 году мястэчка занялі бальшавікі, аднак неўзабаве яго адбіла польскае войска. 7 чэрвеня 1919 году Шчучын увайшоў у склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[a]. Улетку 1920 году мястэчка зноў занялі бальшавікі, але ўжо ў верасьні яго зноў адбілі польскія войскі. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Шчучын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 239 будынкаў, побач знаходзіўся фальварак Шчучынак (5 пабудоваў). У 1931 годзе Шчучын атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету, у гэты час тут працавалі лякарня, настаўніцкая сэмінарыя і пошта.
Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР (1939 год) Шчучыну скасавалі статус места, а 15 студзеня 1940 году ён стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У гэты час працавалі электрастанцыя (магутнасьць 36 кВт), паравы млын, фабрыкі вырабу крупы і фанэры, лесапільны завод (тартак), лякарня на 70 ложкаў, радзільня на 25 ложкаў, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, аптэка, кінатэатар, пошта і тэлеграф, гімназія, ліцэй, 3 няпоўныя сярэднія школы. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 20 верасьня 1944 году Шчучынскі раён увайшоў у склад Гарадзенскай вобласьці. 31 жніўня 1962 году Шчучын зноў атрымаў статус места.
- Места на старых здымках
- Рынак, 1929 г.
- Рынак. Вежа з гадзіньнікам, 1930-я гг.
- Рынак. Касьцёл піяраў, 1929 г.
- Калегіюм піяраў, каля 1900 г.
- Палац, 1917 г.
- Вуліца Гарадзенская. Гімназія, 1938 г.
- Рака Тураўка, 1920-я гг.
Remove ads
Насельніцтва
Дэмаграфія

- XIX стагодзьдзе: 1829 год — 190 чал., у тым ліку 70 хрысьціянаў і 120 юдэяў[10]; 1833 год — 327 чал.[11]; 1860 год — 570 чал.[12]; 1863 год — 575 чал.; 1866 год — 1088 чал.[4][13]; 1897 год — 1742 чал.[13], у тым ліку 1356 юдэяў
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 3815 чал.; 1921 год — 1539 чал.[13]; 1940 год — 3,5 тыс. чал.[14]; 1959 год — 6,5 тыс. чал.[13]; 1970 год — 10,3 тыс. чал.[13]; 1991 год — 14,4 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 16,3 тыс. чал.[15]; 2006 год — 15,8 тыс. чал.; 2009 год — 15 042 чал. (перапіс)[16]; 2016 год — 15 538 чал.[17]; 2017 год — 15 511 чал.[18]; 2018 год — 15 475 чал.[1]
Адукацыя
У Шчучыне працуюць 3 сярэднія школы, 6 дашкольных установаў.
Культура
Дзеюць 2 бібліятэкі, 2 дамы культуры.
Мас-мэдыя
Выдаецца раённая газэта «Дзянніца».
Забудова
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Ражанкаўскі гасьцінец Ражанкаўская вуліца Чыгуначная вуліца | |
Гагарныа вуліца | Загарадная вуліца | |
Гастэлы вуліца | Ражанкаўская вуліца | Эдварда Рыдз-Сьміглы вуліца Варашылава вуліца |
Горкага вуліца | Шкляная Горка вуліца | |
Камсамольская вуліца | Плянтоўская вуліца Плянцікі вуліца | |
Кастрычніцкая вуліца | Паштовая вуліца | |
Леніна вуліца | Гарадзенскі гасьцінец (заходняя частка) Жалудоцкі гасьцінец (усходняя частка) Гарадзенская вуліца[19] (заходняя частка) Віленская вуліца (усходняя частка) | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Лермантава вуліца | Папярэчная вуліца | |
Мічурына вуліца | Зацішша завулак | |
Першамайская вуліца | Польная вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца |
Пушкіна вуліца | Гандлёвая вуліца | 11 лістапада вуліца |
Свабоды плошча | Рынак пляц | |
Фрунзэ вуліца | Польная вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца[20] |
Remove ads
Эканоміка
Прадпрыемствы машынабудаваньня, сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудаваньня, харчовай прамысловасьці.
- ААТ «Аўтапровад»
- ААТ «Шчучынскі масласырзавод»
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
Шчучын уваходзіць у турыстычна-экскурсійны маршрут «Літаратурныя шпацыраваньні над Нёманам»[21]. Працуе музэй баявой славы (у будынку ПТВ № 198).
- Гатэлі: «Паўлінка», «Элен» і інш.
- Помнікі: А. Пашкевіч (Цётцы)
Славутасьці
- Вайсковы аэрадром «Точный» (1950-я; закінуты[22][23])
- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст,; фрагмэнты)
- Ешыбот (XIX ст.)
- Капліца могілкавая (XIX ст.)
- Касьцёл Сьвятой Тэрэзы і кляштар піяраў (XVIII ст., 1826—1829)
- Палац Друцкіх-Любецкіх (канец XIX — пачатак ХХ ст.)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1865; мураўёўка)
Страчаная спадчына
- Сынагога (XVII/XVIII ст.)
Remove ads
Галерэя
- Краявіды Шчучыну
- Капліца могілкавая
- Будынак лясьніцтва
- Рынак
- Гімназія
Месты-сябры
Шчучын мае 3 месты-сябры ў некалькіх краінах.
Асобы
- Мікалай Нікалаеў (нар. 1955) — беларускі гісторык і грамадзкі дзяяч
- Ануфры Петрашкевіч (1793—1863) — беларускі і польскі паэт
- Фелікс Стацкевіч (1879—1967) — беларускі грамадзка-культурны дзяяч
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads