Дронькі
былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дро́нькі[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Найранейшай згадкай пра Дронькі ўважаецца зьвестка яшчэ за часоў караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ў акце абмежаваньня Брагінскай воласьці ад 7 сакавіка 1512 году[a] пра памежны зь ёй востраў: «...у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам бельлю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку...»[3][b].
У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года, што да Беласароцкай нядзелі[c], адразу пасьля патужнікаў зь ліку жыхароў сёлаў Масановічы і Кажушкавічы названы нейкі Андрон[d][5]. Магчыма, ён быў з тых Дронкаў, ад якіх паселішча і атрымала назву.
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Дронькі з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].
Карона Каралеўства Польскага
Згодна з тарыфам падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1628 года, у вёсцы Дроны, прыналежнай да Сьвята-Мікольскага Пустынскага манастыра ў Кіеве, было ўсяго два дымы – асаднага селяніна і агародніка[7].
30 сакавіка 1688 году кароль Ян Сабескі выдаў прывілей, паводле якога вёскі Малочкі, Рудка і Пагоннае, раней прыналежныя Сьвята-Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру ў Кіеве, аддаваліся на вечныя часы, пры ўмове нясеньня вайсковай службы, шляхцічу Стэфану Крыніцкаму. Згодна з умовамі «вечнага міру» 1686 года паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй, левабярэжная Украіна і Кіеў заставаліся за апошняй. Крыніцы, дзедзічны маёнтак С. Крыніцкага, дасталіся Міхайлаўскаму манастыру. Манарх і кампэнсаваў шляхцічу яго страту падараваньнем былых манастырскіх вёсак[8]. Але папярэднія пасэсары епіскап львоўскі Іосіф Шумлянскі, адміністратар Кіева-Пячэрскай архімандрыі, і брат яго Самуіл Шумлянскі, чашнік падольскі, не сьпяшаліся ад іх адступацца. Таму, калі С. Крыніцкі з панамі шляхтай Аляксандрам Казінскім, Янам Грыўскім і чэлядзю 12 чэрвеня заехалі ў падараваныя каралём вёскі[e] і па-гаспадарску ў тых сялянаў, якіх не разагналі адразу, забралі збожжа, спустошылі борці, даніну і чынш, належныя епіскапу, прыўласьнілі, староста Беласароцкай воласьці Ян Пэнскі 19 жніўня 1688 году, ад імя епіскапа і чашніка Шумлянскіх, падаў скаргу ў Оўруцкі гродзкі суд[9].
11 чэрвеня 1706 году оўруцкі гродзкі рэгент Даніэль Ляўкоўскі падаў скаргу ў суд на кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага. Апошні, трымаючы ў пасэсіі Шэпеліцкі маёнтак, у складзе якога былі і Дронькі з Пагонным, Малочкамі, аддаў яго Ляўкоўскаму ў трохгадовую (ад сьвята нараджэньня Яна Хрысьціцеля 1705 г.) арэнду за немалую суму – 4047 злотых у талерах бітых і ў чырвоных злотых. Але надалей сам Манецкі, яго слугі і чэлядзь, таксама і сужэнцы Пясецкія ўсяляк перашкаджалі Ляўкоўскаму атрымліваць з той арэнднай пасэсіі належныя прыбыткі. А яшчэ і палкоўнікі Стэфан Трашчынскі і Герцык, сотнік Дайнэка з сваімі казакамі, ідучы з-за Дняпра да Літвы, вялікія шкоды пачынілі ў добрах падаўца скаргі[10]. 16 днём чэрвеня 1707 году датаваная скарга падчашага Крыштафа Манецкага на кіраўніка маёнткаў берасьцейскага харунжага князя Дамініка Шуйскага Зыгмунта Шукшту за зьбіцьцё ім разам з слугамі князя сялян падаўца скаргі, рабаўніцтва іх маёмасьці, патраву палёў, захоп паташу і інш. у сёлах Дронькі, Пагоннае, Малочкі на рацэ Прыпяці, нарэшце, за наезд узброенага адзьдзелу ў 500 чалавек зь сялянаў, стральцоў і казакоў Д. Шуйскага на сяло Варахобавічы, за зьбіцьцё і раненьне казака і слуг пацярпелага, за намер забіць яго самога[11]. 11 студзеня 1723 году актыкаваны застаўны запіс кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага мельніцкаму войскаму Аляксандру Бандынэлі на тры сяла маёнтку Шэпелічы – Дронькі, Малочкі і (пустое селішча) Пагоннае[12].
На 1734 год вёска Дронькі (Drunki) знаходзілася ў пасэсіі ў Кімбараўскага кляштару айцоў-цыстэрцыянаў[13].
У 1754 годзе з 7 двароў (каля 42 жыхароў) вёскі Дронькі (Drunki) выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 злотыя і 6 грошаў[14]. 11 жніўня 1756 году ў кнігах Оўруцкага гродзкага суда актыкаваны запіс аб уводзе абата мясцовых базылянаў Андрэя Бянецкага ў валоданьне добрамі Шэпелічы Старыя і Новыя, Пагоннае, Малочкі, Дронькі і інш.[15].
Расейская імпэрыя
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дронькі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[16]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Дронькі належала Оўруцкаму абацтву базылянаў у асобе іх галавы Юзафа Ахоцкага[17].
У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 151 жыхар вёскі Дронькі зь ліку казённых сялянаў абодвух полаў быў прыхаджанінам царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Аравічах[18].
У парэформавы пэрыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў Дроньках — 87 мужчынскіх душ зь ліку былых дзяржаўных сялянаў, прыпісаных да аднаймённага сельскага таварыства[19]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Дронькі заставаліся ў прыходзе Аравіцкай царквы[20]. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы Дронькі было 54 двары з 356 жыхарамі[2]. У 1909 годзе ў паселішчы налічваўся 61 двор і 491 жыхар[21].
Найноўшы час
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Дронькі ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[22].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Remove ads
Заўвагі
- Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2].
- Поўны запіс: Андрон у Гатчыну (Гатчыпу). П. Г. Кляпацкі[4] ўважаў, што вядзецца пра патужніка Андрона ў Гажыну. Але Гажын мог належаць хіба да Оўруцкай нядзелі, побач з Антонавічамі, Смалігавічамі, Белым Берагам, а не да Беласароцкай. Магчыма, ў тэксьце публікацыі зьвестка памылкова зрушаная.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads