Пагоннае

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Пагоннае[1] — былая вёска ў Беларусі. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзілася за 48 км на поўдзень ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Даўляды — Хвойнікі; на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Міхайлаўскі Залатаверхі манастыр. Сучасны выгляд.

Найранейшую згадку пра паселішча[a] ўтрымлівае памятны запіс 1526 году ігумена Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского две службе, у-въ Оревицкой волости[b] Лысковщину а Погоны[c], дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошеи серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошеи и сорокъ копъ грошеи Литовское личбы». І ў пацьвярджальнай грамаце манастыру караля Жыгімонта Старога, датаванай 30 днём сьнежня 1543 году, сказана: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти, у Воревичохъ, на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей за сто копъ грошеи Литовское монеты у толмача нашого Макара Орменина...». Ігумену і чарняцам спатрэбіўся адмысловы каралеўскі ліст, бо хутка пасьля набыцьця прывілей на ўладаньне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч «до скарбу своего взялъ», а прызначаны пазьней ігумен Падапрысьвет «мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ». Дзякуючы сведчаньню спраўцы ваяводзтва Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямянаў, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакумэнтаў, кароль пацьвердзіў манастыру яго права на валоданьне службамі Лыскаўшчынай і Пагоннай[3].

Аднак, 10 жніўня 1544 году ваявода кіеўскі князь Януш Гальшанскі вымушаны быў асобным дэкрэтам пацьведзіць выключнае права ігумена Філарэта і чарняцоў на валоданьне згаданымі службамі. Зяць талмача Макара Івашкавіча, дзесятнік роты кіеўскай Лаўрын, адмаўляючы продаж цесьцем-нябожчыкам Лыскаўшчыны і Пагоннага манастыру, «моцно кгвалтом побрал» зь іх даніну мядовую на ўласны пажытак. Сьцьвярджаў, нібы мае права рабіць тое і надалей. Але ваявода, сабраўшы аргумэнты бакоў, «дали были есмо то на вырок всих их листи панов рад гспдрских Великого князства Литовского». Паны радныя «игумена михайловского Филарета правост знашли, а Лаврина винного и тое имене, вышей реченное, к манастыру Свтго Михайла Золотоверхого вечне держати присудили»[4].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Пагоннае з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[5].

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб Hołobok роду Барэцкіх мітрапаліта Іова.

4 чэрвеня 1570 году каралём Жыгімонтам Аўгустам выдадзена чарговая пацьвярджальная грамата Міхайлаўскаму манастыру: «...ижъ две службы людей на Припяти у въ Оревичахъ на имя Лысковщину и Погонную, то есть вышеймененое селищо и землицу[d] у волости Сороцкой игуменъ святого Михаила Золотоверхого, небожчикъ Макарей, купилъ…»[7].

На 1628 год вёскі Ліскоўшчына (Liszkowsczyzna) і Пагоннае (Pohorne) манастыра Сьвятога Міхаіла Залатаверхага ў асобе яго дазорцы і ігумена, мітрапаліта кіеўскага і ўсёй Русі Іова Барэцкага, як і раней, мелі кожная 2 дымы, зь якіх выплачвалася па 3 злотыя[8]. 29 лістапада 1646 году кароль Уладыслаў Ваза на вальным сойме пацьвердзіў манастыру граматы Жыгімонта Старога 1516 і 1543 гадоў, адпаведна на «sieliszcze Łynkowszczyznę i ziemicę Nagonną» і «dwie służby ludzi… na imie Łyńkowszczyżnę i Pohonną»[9]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 5 дымоў вёскі Пагоннае (Podhonne) манастыра Сьвятога Міхаіла ў Кіеве мусіла выплачвацца 3 злотых [10]. 12 сакавіка 1685 году кароль Ян Сабескі сваім прывілеем забараніў усім войскам спыняцца на пастой у добрах духоўных, сярод якіх «Моłoczki, Pohonoie, Łyski… w wojewodztwie Kijowskim, powiecie Owruckim, za rzeką Prypiecią pod Brahyniem leżące[e]»[11]. Згадана Пагоннае ў рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак, прыналежных Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[12]. 30 сакавіка 1688 году кароль Ян выдаў прывілей, паводле якога вёскі Малочкі, Рудка і Пагоннае, раней прыналежныя Міхайлаўскаму манастыру, аддаваліся «на вечныя часы» (пры ўмове нясеньня вайсковай службы) шляхцічу Стэфану Крыніцкаму. Згодна з умовамі «вечнага міру» (1686) паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй, левабярэжная Украіна і Кіеў заставаліся за апошняй, і Крыніцы, дзедзічны маёнтак С. Крыніцкага, дасталіся Міхайлаўскаму манастыру. Манарх і кампэнсаваў шляхцічу яго страту падараваньнем былых манастырскіх вёсак[13]. Але папярэднія пасэсары епіскап львоўскі Іосіф Шумлянскі, адміністратар Кіева-Пячэрскай архімандрыі, і брат яго Самуіл Шумлянскі, чашнік падольскі, не сьпяшаліся ад іх адступацца. Таму, калі Ст. Крыніцкі з панамі шляхтай Аляксандрам Казінскім, Янам Грыўскім і чэлядзю 12 чэрвеня заехалі ў падараваныя каралём вёскі[f] і па-гаспадарску ў тых сялянаў, якіх не разагналі адразу, забралі збожжа, спустошылі борці, даніну і чынш, належныя епіскапу прыўласьнілі, староста Беласароцкай воласьці Ян Пэнскі 19 жніўня 1688 году, ад імя епіскапа і чашніка Шумлянскіх, падаў скаргу ў Оўруцкі гродзкі суд[14].

11 чэрвеня 1706 году оўруцкі гродзкі рэгент Даніэль Ляўкоўскі падаў скаргу ў суд на кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага. Апошні, трымаючы ў пасэсіі Шэпеліцкі маёнтак, у складзе якога былі і Пагоннае з Малочкамі і Дронькамі, аддаў яго Ляўкоўскаму ў трохгадовую (ад сьвята нараджэньня Яна Хрысьціцеля 1705 г.) арэнду за немалую суму – 4047 злотых у талерах бітых і ў чырвоных злотых. Але надалей сам Манецкі, яго слугі і чэлядзь, таксама і сужэнцы Пясецкія ўсяляк перашкаджалі Ляўкоўскаму атрымліваць з той арэнднай пасэсіі належныя прыбыткі. А яшчэ і палкоўнікі Стэфан Трашчынскі і Герцык, сотнік Дайнэка з сваімі казакамі, ідучы з-за Дняпра да Літвы, вялікія шкоды пачынілі ў добрах падаўца скаргі[15]. 16 днём чэрвеня 1707 году датаваная скарга падчашага Крыштафа Манецкага на кіраўніка маёнткаў берасьцейскага харунжага князя Дамініка Шуйскага Зыгмунта Шукшту за зьбіцьцё ім разам з падданымі князя сялянаў падаўца скаргі, рабаўніцтва іх маёмасьці, патраву палёў, захоп паташу і інш. у сёлах Пагоннае, Малочкі і Дронькі на рацэ Прыпяці, нарэшце, за наезд узброенага адзьдзелу ў 500 чалавек зь сялянаў, стральцоў і казакоў Д. Шуйскага на сяло Варахобавічы, за зьбіцьцё і параненьне казака і слуг пацярпелага, за намер забіць яго самога[16]. 11 студзеня 1723 году актыкаваны застаўны запіс кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага мельніцкаму войскаму Аляксандру Бандынэлі на тры сяла маёнтку Шэпелічы – Малочкі, Дронькі і (пустое селішча) Пагоннае[17].

На 1734 год вёска Пагоннае (Pohonne) знаходзілася ў пасэсіі ў Кімбараўскага кляштару айцоў-цыстэрцыянаў[18].

У 1754 годзе з 6 двароў вёскі Пагоннае выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 3 злотых і 18 грошаў[19]. 11 жніўня 1756 году ў кнігах Оўруцкага гродзкага суда актыкаваны запіс аб уводзе абата мясцовых базылянаў Андрэя Бянецкага ў валоданьне добрамі Шэпелічы Старыя і Новыя, Пагоннае, Малочкі, Дронькі і інш.[20].

Расейская імпэрыя

Thumb
Фальварак і вёска Пагоннае (Пагонка) на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пагоннае апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[21]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Пагоннае належала Оўруцкаму абацтву базылянаў у асобе іх галавы Юзафа Ахоцкага[22].

У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Паганянскага казённага маёнтку была ўтворана воласьць[g] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 208 дзяржаўных сялянаў, 2 вольных чалавекі, 5 пасяленцаў «разного звания»[23]. На 1850 год у Пагонным 16 двароў, 123 жыхары, вёска — уласнасьць казны[2]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 116 жыхароў Пагоннага зь ліку казённых сялянаў абодвух полаў былі прыхаджанамі царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Аравічах[24].

У парэформавы пэрыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласьці. У 1866 годзе дзеля выхаваньня тутэйшых дзяцей, а разам і іх бацькоў у духу вернасьці расейскай манархіі, у Пагонным адкрыта народная вучэльня[25]. На пачатак 1870 году ў вёсцы — 58 мужчынскіх душ зь ліку былых дзяржаўных сялянаў, прыпісаных да сельскага таварыства[26]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Пагоннае заставалася ў прыходзе Аравіцкай царквы[27]. У 1886 годзе ў вёсцы 23 двары, 174 жыхары, школа[28]. У 1889 годзе надворны саветнік Міхаіл Васільеў Яльніцкі меў у Пагонным 123 дзесяціны ўгодзьдзяў[h][29].

Згодна зь перапісам 1897 году, у Пагонным было 47 двароў з 290 жыхарамі, дзейнічалі народная вучэльня, у якой на 1906/1907 год навучаліся 26 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, хлебазапасны магазын[2]. У 1909 годзе паселішча налічвала 64 двары, 333 жыхары[30].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пагоннае ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[31].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Thumb
Радзін і Пагоннае на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Пагоннае — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Аравіцкага сельсавету. З 20 лютага 1938 году вёска ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Пагонным было 80 двароў, 256 жыхароў. У траўні 1943 году акупанты спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў[32]. 89 жыхароў зь вёсак саўгаса «Перамога сацыялізму» загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.

З 8 студзеня 1954 году Пагоннае — у складзе Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году, у вёсцы было 1322 жыхары. У 1976 годзе ў вёску перасяліліся жыхары пасёлку Баравіца. Цэнтар саўгасу «Перамога сацыялізму». Дзейнічалі лесапільня, млын, механічная майстэрня, павільён раённага камбінату бытавога абслугоўваньня, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, дзіцячыя ясьлі-сад, лякарня, адзьдзяленьне сувязі, сталовая, 3 крамы[2].

8 студзеня 1987 году тэрыторыя былога Аравіцкага сельсавету далучана да Стралічаўскага сельсавету[33].

Remove ads

Забудова

Плян Пагоннага складаецца з 6 паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.[34].

Заўвагі

  1. Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2].
  2. Воласьць тая, пэўна, — Беласароцкая, бо Аравіцкай ніколі не існавала.
  3. 1 службу складалі 2 двары і болей, а значыць у Лыскаўшчыне і Пагонах было, прынамсі ня менш, як 4 двары.
  4. У дакумэнце дзіўным чынам спалучаныя «селищо и землица» зь дзьвюма службамі. Пра першыя вялося ў лісьце караля Жыгімонта Старога, датаваным яшчэ 14 днём траўня 1516 году[6]:
    ......Бил нам чолом арменин киевскии, толмач н(а)шь татарскии Макар Ивашкович и поведил перед нами, што мы перво сег(о) дали были ему землю пустовскую у Киевском повете в Белосороцкои волости на имя Лемешовщину, и пан воевода киевскии, пан Андреи Немирович, доведавши ся тог(о), иж тая земля шкодно отдати от замку н(а)шог(о), и против тог(о) дал ему в тои же волости Белосороцкои селище на имя Лынсковщину а землицу нагонную, со всим с тым, што здавна к тому прислухало, и листъ пана Андреев Немировича на то перед нами вказывал, и бил нам чолом, абыхмо ему тое селищо и землицу потвердили н(а)шим листом на вечность. Ино мы, з ласки н(а)шое… для его к нам верное службы, которую ж он нам заслуговал пилне ездячи до Орды частокрот в делех н(а)ших и земских и на его чоломбите то вчинили: тое селищо Лысковщину и землицу нагонную с пашными землями, и з сеножатми, и з лесы, и з бортною землею, и с озеры, и з реками, и з езы, и з ловы звериными и пташными, и со всим с тым, што к тому с стародавна прислухало, потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком. А он мает нам с тог(о) земскую службу служити...
    Але ў 1526 і 1543 гадох ужо размова — пра дзьве службы. Гэткі вось анахранізм трапіў да тэксту позьняга ліста караля Жыгімонта Аўгуста.
  5. Арыенціры даўніх часоў. Ад тых вёсак да Брагіна больш за паўсотню кілямэтраў.
  6. Тут, акрамя згаданых у каралеўскім прывілеі, названыя яшчэ і Дронкі (Дронькі).
  7. Ня варта блытаць з валасьцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павету — парэформавага часу.
  8. У энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» непісьменна сьцьвярджаецца, нібы Пагоннае ўваходзіла «ў склад аднаймённага маёнтка памешчыка Яльніцкага»[2], без увагі на тое, што пэрыяд — парэформавы, а раней вёска была казённай, яшчэ раней манастырскай.
Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads