Кажушкі (Гомельская вобласьць)

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Кажу́шкі[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Прыпяці. Уваходзяць у склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзяцца за 28 км на паўднёвы захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі на Ламачы; на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.

Хуткія факты
Remove ads

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Герб Даліва роду Андрушэвічаў біскупа кіеўскага Яна.
Thumb
Герб Газдава роду Пацаў біскупа Мікалая.

У акце абмежаваньня Брагінскай воласьці ад 7 сакавіка 1512 году названы сумежны зь ёй востраў Кажушкі – «...у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам бельлю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку...»[2]. Напэўна, бліжэй да ракі Прыпяць існавала ўжо і аднаімённае сяло. У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года згаданыя «Кожушковцы на Припети Бискупа Киевскаго[a] и иншие села по всемъ повете Чорнобыльскомъ...». У іншым месцы назва паселішча з указаньнем прыналежнасьці яго да Беласароцкай нядзелі[b] прыведзена ў форме «Кожушковичи»[3].

26 верасьня 1568 году ў Кіеўскім замкавым судзе актыкаваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, харунжага кіеўскага, з нагоды адабраньня грунту яго вёскі Навасёлкі і прылучэньня да ўгодзьдзяў вёскі Кажушкі[c] біскупа кіеўскага Мікалая Паца[d][5].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Кажушкі з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].

Карона Каралеўства Польскага

Thumb
Герб Бібэрштайн роду Казімерскіх біскупа Крыштафа.

7 днём верасьня 1572 году датаваны ліст біскупа кіеўскага Мікалая Паца вознаму, у якім той паведаміў, што загадаў падданым сваім кажушкаўскім, каб да вострава Замошша, прыналежнага да вёскі Навасёлкі, «nie wdzierali się». 3 жніўня 1578 году біскуп М. Пац зьвярнуўся да пана Шчаснага Харлінскага, абы той забараніў свайму ўрадніку і падданым навасёлкаўскім чыніць крыўды яго кажушкаўцам і забірацца ў іх грунты. 26 днём лютага 1579 году пазначана разьмежаваньне ўгодзьдзяў вёсак Кажушкі біскупа М. Паца і Навасёлкі пана Ш. Харлінскага, выкананае «przez sędziow obranych»[5].

На 1581 год у сяле Кажушкавічы каталіцкага біскупа кіеўскага[e] налічвалася 26 дымоў асадных сялянаў (×6 — каля 156 чалавек), зь якіх выбіралася па 15 грошаў, і 4 агароднікі (≈24 чал.), зь іх — па 6 грошаў падатку[8].

14 жніўня 1609 году ксёндз Крыштаф Казімерскі, біскуп кіеўскі, распачаў судовую справу ў дачыненьні да пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, за насланьне падданых сваіх на грунт біскупскі Кажушкаўскі, што пры беразе Прыпяці ніжэй Лысай гары месьціўся ў востраве паміж новым рэчышчам і старыцай, ды ўчыненьне там рабункаў. 1 чэрвеня 1618 году біскуп Крыштаф з капітулай выступілі ў судзе з пратэстам супраць пана Міхала Ратомскага за наезд да вёску Кажушкавічы, касьцёлу прыналежную[9].

Thumb
Герб Окша роду Радашэўскіх біскупа Багуслава.

Пры размежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 гадоў сяло Kożuszkiewicze Кіеўскага біскупства паны камісары згодна запісалі прыналежным да ваяводзтва Кіеўскага[10]. Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1628 году, зь сяла Кажушкавічы біскупства Кіеўскага ў асобе ксяндза-біскупа Багуслава Бокшы-Радашэўскага, з 9 дымоў мусіла выплачвацца па 3 злотыя, з 13 агароднікаў па 24 грошы, з 1 каморніка яшчэ 24 грошы[11]. 11 чэрвеня 1649 году палонны казак Мацьвей Шумейка, схоплены дома ў Брагіне, паведаміў на допыце пра казацкі загон блізка ў тысячу чалавек, што перапраўляўся праз Прыпяць каля Кажушак ці да Бабічаў, ці яшчэ куды[12].

Thumb
Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году сярод добраў біскупа кіеўскага[13] геаграфічна ізаляваныя ад іх Кажушкі не названыя. 9 лістапада 1723 году кіеўскі афіцыял Войцех Сяньніцкі падаў скаргу на князя Мікалая Шуйскага за тое, што падданыя яго сяла Навасёлкі зьмянілі мяжу з біскупскім сялом Кажушкі[14]. У тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў Кажушкі адсутныя, бо ўжо сталі часткай Нараўлянскіх добраў роду Аскеркаў, а тыя месьціліся ў Мазырскім павеце, на карысьць якога і выплачвалі падымнае. У 1744 годзе Сьвята-Траецкая царква ў сяле Кажушкі мазырскага маршалка пана Рафала Аскеркі, была павернутая да уніі кіеўскім біскупам Самуэлем Озгай[15].

Thumb
Кажушкі ў Цешкаўскім прыходзе. 1780 г.

Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаньнем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету[16]. Але 13 і 15 лістапада 1773 году, паводле актаў Оўруцкага гродзкага суда, узнавіліся памежныя канфлікты што да ўгодзьдзяў вёсак Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх (апекуноў Людвікі Шуйскай), старостаў ніжынскіх, і Кажушкі Нараўлянскага маёнтку войскага мазырскага Яна Мікалая, сына Рафала, Аскеркі. Пачаліся яны з пасечанага і папаленага хвойніцкага (навасёлкаўскага) лесу. 28 лютага 1778 году ў оўруцкія кнігі было нават занесена разьмежаваньне часоў біскупа М. Паца і харунжага Ш. Харлінскага (1579 г.). 12 лютага 1778 году ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Цешкаўскай царквы, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, сказана, што ў вёсцы Кажушкі было 35 хат. Тут жа — апісаньне Траецкай капліцы, прывязанай да прыходзкай царквы[17].

8 лютага, 19 красавіка і 30 чэрвеня 1787 году датаваныя судовыя абвінавачваньні сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі Яна Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, у тым, што насланыя ім кажушкаўцы навасёлкаўцаў зьбілі-скалечылі, зьнішчылі межы, пакапалі капцы ды новыя, выгодныя для сябе насыпалі. 23 лютага 1793 году ў Оўруцкім гродзе «przez ugodę wieczystą» была зацьверджана мапа пазначанай капцамі мяжы паміж вёскамі Кажушкі[f] стражніка Аскеркі і Навасёлкі абозных Прозараў[19].

Расейская імпэрыя

Thumb
Кажушкаўцы хіба праз шлюбы з ламачоўцамі згадваліся ў кнігах Цешкаўскай царквы. 1795 г.
Thumb
Кажушкаўцы ў прыходзе Тульгавіцкай царквы. 1796 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кажушкі — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[20]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, Кажушкі названы ў пераліку паселішчаў, адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году[21]. Падчас канфіскацыі, Кажушкі, адзінай прылегласьцю якіх была вёска Ламачы, выступалі нібыта асобным маёнткам, у якім налічвалася 379 душ[22]. Згодна з мэтрычнымі кнігамі Тульгавіцкай Сьвята-Георгіеўскай царквы 1796 — 1802 гадоў, фальваркам і сялом Кажушкі валодаў пан Пётар Грахольскі[23]. Ламачы стаўшы ўласнасьцю графа Якава Сівэрса, уладальніка большай часткі маёнтку Нароўля, засталіся ў прыходзе Цешкаўскай царквы.

30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста. Wieś Kożuszki ў тым дакумэнце выступала, як attinencya Barborowszczyzny, а яе ўгодзьдзі разьмяжоўваліся з грунтамі хвойніцкіх Навасёлак, Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[24].

Thumb
Герб Побуг роду Горватаў.
Thumb
Двор і сяло Кажушкі на мапе А. Фіцінгофа 1846 г.

1 верасьня 1816 году маёнтак Нароўля А. фон Гольста, у складзе якога фальварак Кажушкі з аднаімённым сялом, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром Ігнацый Горват. У 1825 годзе гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігнацыя (†1820) дасталася сыну Даніэлю Горвату[25].

З кліравой ведамасьці Тульгавіцкай царквы за 1847 год вынікае, што ў 32[g] дварах сяла Кажушкі жылі 128 верных мужчынскага і 148 жаночага полу[26].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 200 жыхароў вёскі Кажушкі абодвух полаў былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы ў Тульгавічах, 5 жыхароў двара Кажушкі зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[27].

У парэформавы пэрыяд сяло належала да Юравіцкай воласьці. Каля 1864 году маёнткам Нароўля (і фальваркам Кажушкі) завалодаў Артур, сын Даніэля, Горват[25]. У тым жа 1864 годзе згаданая прыпісная да прыходу Тульгавіцкай царквы прыналежная Кажушкаўская Сьвята-Троіцкая царква[28]. Паводле кліравой ведамасьці за 1869 год, у 27 і 2/4 двара сяла Кажушкі на зямлі пана Даніэля Горвата — 110 мужчын і 134 жанчыны[29]. На пачатак 1870 году ў Кажушках — 93 мужчынскія душы зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 4 аднадворцы, прыпісаныя да воласьці[30]. У даведніку за 1879 год паведамляецца, што прыпісная Троіцкая царква выконвала ролю прыходзкай, бо царква ў Тульгавічах колькі гадоў перад тым згарэла[31]. У 1886 годзе ў сяле 41 двор, 210 жыхароў, царква, млын[32]. На 1889 год сярод шматлікіх службаў маёнтку Нароўля (33 500 дзесяцін) Артура Горвата названы і фальварак Кажушкі[33].

Паводле перапісу 1897 году, у Кажушках — 334 жыхары, працавалі школа граматы, хлебазапасны магазын, вятрак. У аднаімённым фальварку — 57 жыхароў. 20 ліпеня 1898 году Артур Горват перадаў права валоданьня маёнткам Нароўля сыну Эдварду[25]. У 1909 годзе у вёсцы налічвалася 89 двароў, 667 жыхароў, у аднадворным фальварку — 31 жыхар.[34]. На 1913 год маёнтак Нароўля (з фальваркам Кажушкі) складаў 16 678 дзесяцін угодзьдзяў[35].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Кажушкі ў складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[36].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Thumb
Кажушкі на мапе РККА 1926 г.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 сьнежня 1926 году Кажушкаўскі (Кажушкінскі) сельсавет — у Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 году сельсавет узбуйнены праз далучэньне тэрыторыі скасаванага Кухнаўшчынскага сельсавету. У 1930 годзе вёска — цэнтар калгасу імя А. Р. Чарвякова, працавалі паравы млын, дзьве кузьні. З 8 ліпеня 1931 году Кажушкі ў складзе Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Кажушках было 230 двароў, 872 жыхары. У траўні 1943 году акупанты спалілі вёску і загубілі 92 жыхароў[37]. 98 вяскоўцаў загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.

З 8 студзеня 1954 году Кажушкі — у Гомельскай вобласьці[38]. У вёсцы, згодна зь перапісам 1959 году, налічвалася 869 жыхароў. Цэнтар калгасу імя XXII зьезду КПСС. Дзейнічалі 8-гадовая школа, клюб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, адзьдзяленьне сувязі, крама.

8 студзеня 1987 году Кажушкаўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Тульгавіцкага сельсавету[39]. На момант скасаваньня сельсавет налічваў 4 населеныя пункты: вёскі Кажушкі, Навакухнаўшчына, Новапакроўск, Слабада.

Remove ads

Забудова

Плян Кажушкаў складаецца з доўгай крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Да гэтай вуліцы з поўначы далучаецца кароткая вуліца. Забудова двухбаковая, Дамы драўляныя, сядзібнага тыпу[40].

Заўвагі

  1. Вядзецца пра каталіцкага кіеўскага біскупа, якім у 1546—1555 гадох быў Ян Андрушэвіч.
  2. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
  3. Форма назвы Кажушкі, ужываная ў вопісах з Аrchiwum Рrozorów і Jelskich, выкарыстоўвалася ў XVIII ст. і пазьней.
  4. На гэтую пасаду кароль Жыгімонт Аўгуст прызначыў Мікалая Паца ў 1557 годзе, але папа рымскі яго не зацьвердзіў. Тым не меней, М. Пац кіраваў біскупствам да 1582 году і, нават стаўшы кальвіністам, займаў біскупскае месца ў сэнаце[4].
  5. У хвойніцкай кнізе «Памяць» памылкова сьцвярджаецца, нібы ў 1570 — 1580 гг. Кажушкі належалі Кіеўскай мітраполіі[7]; тое паўторана і ў энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі».
  6. Кажушкі маглі выступаць нібыта і асобным маёнткам, як падчас канфіскацыі пасьля паўстаньня 1794 г., калі ў ім налічвалася 379 душ[18].
  7. Як паведаміў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, тут меліся на ўвазе не вясковыя сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads