Дэлістаў
колішні населены пункт у Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці БССР From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дэлістаў (з 1930-х гадоў Зялёны Гай) — былы пасёлак у Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіў у склад Навасёлкаўскага сельсавету.
Remove ads
Гісторыя




Ці не ўпершыню фальварак Дэлістаў згаданы ў рэвізіі 1811 году, у сьпісе неаселай шляхты, якая знаходзілася на службе ў Хвойніцкім маёнтку абывацеля Караля Прозара, былога абознага літоўскага і кавалера. Тутэйшым эканомам названы 38-гадовы Людвік Аллінгер[1]. Надалей з інвэнтара маёнтку Юзафоў 1844 году, які належаў Юзафу, сыну Караля, Прозару, вядома, што да фальварку Дэлістаў была прыпісаная вёска Навасёлкі з 68 сялянскімі дварамі[2].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 5 жыхароў мужчынскага і 7 жаночага полу з фальварку Дэлістаў былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[3].
На 1886 год у сядзібе Дэлістаў, што за 12 вёрст ад валаснога цэнтру Хвойнікі, працавалі вінакурня і вятрак[4]. У лістападзе 1887 году апошні з нашчадкаў абознага К. Прозара ў рэгіёне Канстанцін прадаў абцяжараны даўгамі маёнтак Хвойнікі-Дэлістаў расейскім купцам з Арлоўскай губэрні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну за 580 000 рублёў серабром. З атрыманай сумы аддаў даўгі Маскоўскаму зямельнаму банку па маёнтку Хвойнікі 221 027 рублёў 6 капеек, па маёнтку Дэлістаў — 54 121 рубель 69 капеек[5].
На 1909 год у Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні названы аднадворны хутар Дэлістаў з 28 жыхарамі[6].
З кастрычніка 1914 году апальнікам і пасыльным у канторы маёнтку Дэлістаў працаваў 13-гадовы Мікалай Селіваноўскі[a]. У лістападзе 1917 — канцы 1919 году[b] ён быў канторшчыкам саўгасу Дэлістаў[7].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэлістаў, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуў ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[8].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Дэлістаў — у складзе Навасёлкаўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году — у Гомельскай акрузе. Недзе ў пачатку 1930-х гадоў пасёлак быў перайменаваны ў Зялёны Гай. З 20 лютага 1938 году — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку Зялёны Гай налічвалася 25 двароў, а ў іх — 121 жыхар. У чэрвені 1943 году баявая група В. Шымана ў ходзе буйной апэрацыі супраць партызанаў цалкам спаліла паселішча[c] і загубіла жыцьці 102 чалавек[9]. Пасьля трагедыі Зялёны Гай так ніколі і не адрадзіўся[10].
Remove ads
Заўвагі
Крыніцы
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads